epub
 
Падключыць
слоўнікі

Язэп Дыла

Першы прафесійны тэатр

Як з незлічоных рачулак і ручаін утвараецца магутная рака, так і са шматлікіх талентаў лепшых людзей краіны складаецца народнае мастацтва. За гады Савецкай улады імёны многіх выдатных нацыянальных спевакоў, драматычных артыстаў і танцораў сталі вядомы ўсяму савецкаму народу. Аднак, гаворачы пра велічныя здабыткі сучаснай беларускай культуры, варта ўспомніць і тых, хто стаяў ля вытокаў нашага прафесійнага тэатральнага мастацтва.

Яшчэ ў цёмныя гады царызму лепшыя сыны беларускага народа, абуджаныя рэвалюцыйнымі падзеямі 1905 года, пачынаюць задумвацца над стварэннем свайго нацыянальнага прафесійнага тэатра.

У 1909 годзе вакол газеты «Наша ніва» ў Вільні гуртуюцца значныя культурныя сілы беларускай інтэлігенцыі.

Вярнуўшыся з турмы пасля трохгадовага зняволення за рэвалюцыйную дзейнасць, Алесь Бурбіс актыўна бярэцца за арганізацыю беларускага тэатра і хору ў Вільні. У аматарскі драматычны калектыў увайшлі: Алесь Бурбіс, браты Родзевічы, Арлоўскі, Уласенка, Юрэвіч, Манькоўскі, Мікола Шыла, Алесь Ляжневіч, Янкоўскі, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Мурашчанка, Карсачанка, Копаць і інш. У хор было прынята каля ста чалавек.

Так склалася беларуская тэатральная дружына ў Вільні, якая працавала на добраахвотнай аснове. Драматычны калектыў адразу ж пачаў рыхтаваць да пастаноўкі камедыю Крапіўніцкага «Па рэвізіі», а хор — развучваць беларускія народныя песні. Кіраваў хорам малады кампазітар Міхал-Людамір Рагоўскі.

Ішлі напружаныя дні рэпетыцый. І вось нарэшце 12 лютага 1910 года ў Вільні адбылося першае выступленне тэатральнай дружыны. Пасля спектакля «Па рэвізіі» беларускі хор пад кіраўніцтвам Рагоўскага праспяваў народныя песні «Чаму ж мне не пець?», «Ох ты, дуб!», «Прыляцелі гусі», «Ды куды ж ты, дуб зялёны!» і інш. Першая беларуская вечарына ў Вільні знайшла жывы водгук у сэрцах слухачоў і ў прэсе.

Газета «Наша ніва» з захапленнем пісала аб гэтым выступленні:

«Уся зала стала нібы бурным морам народным, уся дрыжала ад крыкаў: «Брава! Брава, беларусы!.. Біс!..» Хору прыйшлося па некалькі разоў спяваць песні, якія больш за ўсё захапілі сэрцы і душы людзей сваімі словамі, музыкай. Так віталі людзі ўсіх нацыянальнасцей беларускую песню, якая да гэтага лілася і разлівалася толькі па палях і пералесках, а цяпер адразу выйшла на свет шырокі. Чуваць былі адусюль словы: «Мы не ведалі, што ёсць беларуская песня і што яна асобная, беларуская, мае сваю душу».

На гэтую вечарыну рэдакцыяй «Нашай нівы» быў запрошаны з Палівачаў і Ігнат Буйніцкі, аб тэатральнай дзейнасці якога ўжо добра ведалі ў Вільні. Буйніцкі паказаў некалькі танцавальных нумароў. З вялікім густам былі выкананы «Лявоніха», «Мяцеліца», «Юрка» і «Верабей». «Трэба прызнацца, што яны ўдаліся на славу,— пісала пра танцы «Наша ніва».— Публіка проста адурэла, усе бясконца крычалі: «Брава, біс!» Па 3—4 разы прыйшлося танцаваць адзін танец. Танцоры, хлопцы і дзяўчаты, пад кіраўніцтвам Буйніцкага падабраліся такія, што аж сцэна грымела ад заліхвацкага тупату і ў вачах мільгацела, як танцавалі «Лявоніху», «Мяцеліцу» або калі дзесяць прыгожа апранутых пар завіваліся даўгім хвастом у «Вераб’і».

Гэта было першае выступленне трупы Ігната Буйніцкага перад гледачамі, і яны далі яго майстэрству найвышэйшую ацэнку.

Віленскі гурток аматараў, акрылёны гэтым поспехам, зразумеў, што зроблен пачатак вялікай справы, што яе абавязкова трэба развіваць і прадаўжаць. І работа ішла далей: былі пастаўлены такія творы, як «У зімовы вечар» Э. Ажэшка, «Пашыліся ў дурні» М. Крапіўніцкага , «Сватанне» А. Чэхава, «Модны шляхцюк» К. Каганца, «Паўлінка» Я. Купалы і інш.

Гурток перапыніў сваю работу толькі ў 1915 годзе, калі Вільня была акупіравана немцамі. Аднак увосень 1916 года ён зноў пачаў працаваць.

Другое выступленне трупы Ігната Буйніцкага адбылося 22 лютага 1910 года. Рыхтаваўся этнаграфічны вечар, мэтай якога было — пазнаёміць наведвальнікаў з тэатральнай культурай народаў Паўночна-Заходняга краю. У вечары прымалі ўдзел хоры, якія выконвалі рускія, украінскія, літоўскія, польскія і яўрэйскія песні. Беларускія песні спачатку не дазвалялі ўключаць у праграму. Кампазітар Рагоўскі спецыяльна для выступлення напісаў музыку на словы выдатнага верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?», віленскія беларусы апрача песень наважылі паказаць на вечары і народныя танцы ў выкананні трупы Ігната Буйніцкага.

«Калі паднялася занавеска і велічна загрымелі словы песні Янкі Купалы «А хто там ідзе ў агромністай такой грамадзе? — Беларусы!» — успамінаў Алесь Бурбіс,— уся набітая паўнюсенькая зала ўстала. Пасля хору выступіў беларускі народны балет пад кіраўніцтвам Ігната Буйніцкага. Адзін за адным ішлі беларускія танцы «Лявоніха», «Мяцеліца», «Юрка», «Гневаш», «Чабор». Танцорам прыйшлося бясконца бісаваць на запатрабаванні публікі. Трэба адзначыць вялікі талент і энергію Ігната Буйніцкага, які ідэальна, па-мастацку апрацаваў беларускія народныя танцы».

Пасля другога і трэцяга выступленняў імя Ігната Буйніцкага стала самым папулярным сярод беларускай народнай інтэлігенцыі.

Поспех трох выступленняў не толькі паклаў пачатак працяглай і больш сталай працы Буйніцкага ў Вільні, але і па-сапраўднаму запаліў яго душу для далейшай дзейнасці ў гэтай галіне. Сапраўдны знаўца і мастак народных танцаў, ён вырашае стварыць сталую беларускую трупу і з ёю вандраваць па Беларусі.

Перад тым як нам падацца ўслед за гэтай трупай у першую гастрольную паездку, кораценька раскажам пра самога Ігната Буйніцкага.

Нарадзіўся ён 22 верасня 1861 года ў Празароцкай воласці Дзісненскага павета ў сям’і Цярэнція Буйніцкага. Скончыўшы Віленскае землямерна-таксатарскае вучылішча, ён як каморнік у маладыя гады працаваў на Ашмяншчыне, Полаччыне, Навагрудчыне і Магілёўшчыне. Дзякуючы энергічнай працы і ашчаднасці ў сваім сямейным жыцці Буйніцкі сабраў пэўную суму грошай і набыў у растэрміноўку невялікі хутар Палівачы на Дзісненшчыне.

Працуючы каморнікам, малады Буйніцкі ўвесь час быў у раз’ездах, гэта дало яму магчымасць добра вывучыць побыт, звычаі, песні і танцы беларускага народа. Жыццярадасны па натуры, ён асабліва захапляўся народнымі танцамі, якія мелі свае багатыя мясцовыя асаблівасці і былі вельмі прыгожыя. У гады першай рэвалюцыі 1905—1907 гг. Буйніцкі прымаў жывы ўдзел у беларускім руху на Дзісненшчыне, наладжваў беларускія вечарыны з дэкламацыяй беларускіх вершаў, з песнямі і танцамі. Адсюль ён і пераймае багацце і прыгажосць народнага танца і сваімі выступленнямі прыносіць гледачам вялікае маральнае задавальненне.

Пасля неаднаразовых вялікіх поспехаў беларускіх спектакляў, народных песень і танцаў Буйніцкі ў канцы лета 1910 года нарэшце атрымлівае ад губернскіх улад дазвол на гастрольную паездку. І перш чым адправіцца ў падарожжа, ён са значнай часткай аматараў (Часлаў і Леапольд Родзевічы, Мікалай Шыла, Арлоўскі, Уласенка, Юрэвіч, Алесь Ляжневіч, Алесь Бурбіс і Алаіза Пашкевіч) прыязджае да сябе ў Палівачы, каб па-сур’ёзнаму падрыхтаваць гастрольны рэпертуар.

Скончыўшы ўборку ўраджаю ў Палівачах і рэалізаваўшы частку яго, каб мець сродкі на падарожжа, Буйніцкі пачынае свае гастролі.

21 жніўня 1910 года ў Народным доме горада Дзісны адбылося выступленне трупы. Яна паказала камедыю Каруся Каганца «Модны шляхцюк». Хор выканаў пяць народных песень. Артыстка Ванда Буйніцкая дэкламавала вершы Альберта Паўловіча, а артыст Часлаў Родзевіч — вершы Янкі Купалы. Канцэрт закончыўся беларускімі народнымі танцамі пад цымбалы, скрыпку і дуду.

«Наш ніва» так пісала пра гэту вечарыну: «Дзісна не памятае такога збору народу. Інтэлігенцыя і просты народ — усе шчыра віталі беларусаў. Калі пачаліся беларускія танцы на сцэне, уся зала стагнала глуха ад хвалявання і крыкаў, а на галовы танцораў сыпаліся кветкі».

Трупа Буйніцкага, наведаўшы Свянцяны, Паставы і іншыя мястэчкі Віленшчыны, прыехала ў Полацк. Для палачан, апрача камедыі К. Каганца «Модны шляхцюк», артысты трупы выканалі песні: «Чаму ж мне не пець?», «Пастушачка», «Ах ты, дуб!», «Гусі», «Баба ракі варыла». Артыст Я. Хвеакціст выканаў «Грайку» (словы Мацея Крапіўкі) і «Вясковыя кабеты». Артыст Швайка прадэкламаваў «Чаго б я хацеў» Янкі Купалы і «Хоць ты, сэрца, лопні, трэсні», а Алесь Бурбіс — вершы «Нёман» Якуба Коласа і «Край ты мой родны» Максіма Багдановіча. Канцэрт завяршылі народнымі танцамі «Юрка», «Мельнік», «Гневаш», «Лявоніха» і «Качан».

16 верасня ў Полацку адбылася другая вечарына. Друк адзначыў, што «...тэатр беларускі становіцца ўжо, дзякуючы клопатам і старанням Ігната Буйніцкага, на цвёрдыя асновы, і паяўляюцца ўсё новыя і новыя сілы. За гэтае старанне і клопат дзякуй яму. Калі-небудзь, калі абудзіцца свядомасць ва ўсяго беларускага народа, памяць Ігната Буйніцкага будзе святой для ўсіх».

Жыхары мястэчка і сяляне, пачуўшы аб прыездзе беларускага тэатра, валам валілі на спектаклі. Стаяла поўная цішыня, каля ішла п’еса, бо ўпершыню са сцэны гучала роднае слова.

Для беларускай правінцыі прыезд беларускай трупы быў справаю новай, і таму паліцэйскае начальства з асаблівай насцярожанасцю прыглядалася да Буйніцкага і яго артыстаў. Але саліднасць кіраўніка трупы, сталы яго ўзрост і срэбра ў валасах, яго такт і ўменне абыходзіцца з паліцэйскім начальствам, прад’яўленне губернатарскага дазволу на раз’езды і цэнзурных экземпляраў п’ес, а таксама беззаганныя паводзіны ўдзельнікаў трупы — усё гэта нават самым прыдзірлівым ураднікам і прыставам не давала магчымасці прычапіцца да чагосьці «незаконнага».

Ігнату Буйніцкаму можна было радавацца вынікам сваёй працы. Аднак матэрыяльны бок справы быў не бліскучы, бо «даступная» плата гледачоў за месцы не пакрывала выдаткаў. Удзельнікі першай гастрольнай паездкі трупы не атрымлівалі нават ніякай платы.

Першы сезон Буйніцкі закончыў з вялікім поспехам. Кіруючыся самымі найлепшымі пачуццямі, ён вырашае выехаць на гастролі ў Пецярбург, дзе ў той час пражывала вялікая колькасць беларусаў і нават існавала беларускае зямляцтва, якое пачынаючы з 1910 года рэгулярна наладжвала беларускія вечарыны.

Першую такую вечарыну, якая адбылася 19 лютага 1910 года, апісаў карэспандэнт «Нашай нівы» Мацей Крапіўка: «Насамперад пайшла камедыя Крапіўніцкага «Па рэвізіі». Пасля хор з 65 чалавек праспяваў некалькі народных песень. Пасля выйшла беларуская паэтка Цётка і вельмі добра гаварыла вершы «Мае думкі», «Грайка» і «Родны край». Далей пекна ігралі на віяланчэлі, на скрыпцы, зноў была дэкламацыя і песні, а закончыўся канцэрт беларускімі народнымі танцамі: добра скакалі «Юрку», «Лявоніху», «Качана». Народу было многа... Найбольш спадабаліся ўсім хор, дэкламацыя і танцы... Але і іншыя нумары праграмы былі вялікай артыстычнай вагі». Пра тое, як нялёгка было наладзіць гэтую вечарынку, газета пісала: «Вось у Пецярбургу, закінутыя далёка ад роднай старонкі, беларусы не мелі нават апраткі сваёй. Дык кожны нёс, што меў, на першае беларускае ігрышча: хто паясок з Магілёўшчыны, хто світку з Віцебшчыны, сарочкі з Гродзеншчыны — і гэта прыгадзілася. І дзіўна было і радасна, што блізка з кожнага куточка Беларусь прыслала свайго сына з дарам».

Калі ж у 1911 годзе пецярбургскія беларусы пачалі зноў рыхтаваць сваю вечарыну, Ігнат Буйніцкі са сваімі танцорамі і музыкамі зноў прыехаў у Пецярбург. Далучыўшы да сваёй трупы аматараў са студэнцкай моладзі, што яшчэ ў мінулым годзе выступалі ў народных танцах, Буйніцкі стварыў танцавальную дружыну, якая мела вялікі поспех у канцэрце. Пра гэтую вечарыну Янка Купала пісаў: «15 лютага ў нас тут, як і ў тыя гады, згулялі беларускую вечарыну... Зал «Пальма» прадстаўляў сабой маленькую часціну Беларусі: беларуская гутарка, беларускія нацыянальныя вопраткі... На пачатак пастаўлена была камедыя Крапіўніцкага «Пашыліся ў дурні». Сыгралі яе вельмі дружна і шчыра. Пасля камедыі пеў хор беларускія песні: «Чаму ж мне не пець?», «Ой, ляцелі гусі», «Вяселле» і інш. Тутэйшы беларускі хор з кожным годам штораз большую і большую здабывае сабе прыхільнасць не толькі сярод беларусаў, але і другія пецярбуржцы шчыра цікавяцца нашай народнай песняй. Хорам кіруе п. С. Шымкус. За хорам ішлі так лоўка пастаўленыя на сцэне Ігнатам Буйніцкім беларускія танцы пад дуду, цымбалы і скрыпку... «Юрка», «Мельнік», «Чабор», «Мяцеліца» і інш., што аж, здаецца, увесь зал ходырам хадзіў... І камедыі, і хору, і танцам публіка дружна і шчыра біла брава і выклікала па некалькі разоў нашых артыстаў... Гледзячы на танцы п. Буйніцкага, мае ўражанні самі сабой выліліся ў вершы:

 

Важна рэй Ігнат Буйніцкі

У танцах нашых водзіць,

Аж здаецца — усё чыста

Ходырам з ім ходзіць.

 

Калі пусціцца скакаці —

Ажно сэрца скача,

Лепшых танцаў і ўвесь Піцер

Бадай што не бачыў.

 

Ці «Мяцеліца», ці «Юрка»,

«Мельнік» ці «Антошка» —

Усё ў яго выходзіць гладка,

Не зманіць ні трошкі.

 

Пад дуду ці пад цымбалы

Топне, прыспявае...

Сцеражыцеся, ўсе людзі:

Беларус гуляе!

 

Не ўпінайся ж і скачы нам,

Покуль сілы хваціць,

Мо пачнуць і думкі нашы

Весялей скакаці!

 

 

Вясной 1911 года Ігнат Буйніцкі атрымаў дазвол мінскага губернатара на паказ беларускіх спектакляў на Міншчыне. І зноў у сваіх Палівачах Буйніцкі фарміруе вандроўную трупу для гастроляў. У яе склад увайшлі, апрача віленскіх удзельнікаў, і шэраг яго дзісненскіх паплечнікаў. З гэтай трупай Буйніцкі пачынае гастрольнае падарожжа па Міншчыне.

30, 31 мая і 1 чэрвеня адбыліся тры вечарыны ў мястэчку Капылі. У спектаклях удзельнічалі і мясцовыя аматары сцэны.

30 і 31 мая ішла камедыя «Пашыліся ў дурні», а 1 чэрвеня — «Модны шляхцюк». На трох вечарынах пасля спектакляў давалі канцэрт з дэкламацыяй, спявалі, танцавалі...

На першы вечар нават прыехалі госці са Слуцка. «Зала была паўнюсенькая, але адчувалася нейкая стрыманасць,— паведамляла «Наша ніва».— Другая вечарына, можна сказаць, была шчыра народная. Відаць была смеласць, свежасць на твары кожнага, хто быў. Трэцяя вечарына паслужыла вянком для першых і для сябе самой. Цэлую ноч — ажно пакуль не скончылася прадстаўленне — у зале не сціхалі бурныя воплескі і радасныя крыкі. Дзесяткі разоў публіка выклікала артыстаў — як прыезджых, так і асабліва капылян-аматараў — і падносіла ім вянкі, пукі кветак і пушкі цукерак. Вясёлымі і пільнымі поглядамі вітала дэкламатараў, харыстаў, танцораў... Буйніцкага віталі найбольш як добрага танцора».

5, 9 і 11 чэрвеня адбыліся спектаклі трупы Буйніцкага ў Нясвіжы. Былі паказаны п’есы «Модны шляхцюк», «Па рэвізіі», «Пашыліся ў дурні».

19 чэрвеня адбыліся выступленні ў Клецку. З Клецка трупа паехала ў мястэчка Ляхавічы і ў Слуцк. Пастаноўкі «Моднага шляхцюка» ў Капылі і ў Нясвіжы былі варожа прыняты польскай шляхтай. Па яе патрабаванню слуцкі павятовы спраўнік, нягледзячы на тое, што Буйніцкі меў дазвол ад мінскага губернатара, забараніў выступленне ў Слуцку і ў павеце. Буйніцкі павінен быў зноў ездзіць па дазвол да губернатара. Хоць дазвол нарэшце і быў атрыманы, але і пасля гэтага былі розныя цяжкасці.

Нарэшце трупа Буйніцкага прыязджае ў Мінск. 25 чэрвеня на сцэне невялікай залы «Парыж» яна паказвае жарт К. Каганца «Модны шляхцюк». У ім едка высмеяны шляхцюк, які, набраўшыся «панскасці», стараецца пафарсіць на вёсцы ў час сватання. Гледачы добра прынялі спектакль. Другі раздзел вечара занялі дэкламацыі і спевы, якія пакінулі вялікае ўражанне.

Пасля кароткага перапынку пад бравурныя гукі цымбалаў, скрыпкі і дуды танцавальная трупа Буйніцкага пачала «Лявоніху», ды з такім агнём, што ўсе ў зале ахнулі, бо да гэтага ніхто і ніколі так разнастайна і імпэтна не выконваў гэты танец. За ўдалае выступленне артыстам падаравалі пышны букет кветак.

27 чэрвеня адбыўся другі спектакль. Яго поспех таксама быў вялікі. Тады ж Буйніцкі сустрэўся з мінскімі аматарамі тэатральнага мастацтва. Павялі размову аб арганізацыі ў Мінску сталага беларускага тэатра, ядро якога павінны былі скласці артысты-беларусы, што працавалі ў той час на польскай сцэне.

Да іх меркавалі далучыць найбольш здольных аматараў з трупы Буйніцкага і мінскіх добраахвотнікаў.

Папоўніўшы на Міншчыне склад трупы свежымі сіламі і правёўшы кароткую падрыхтоўку рэпертуару ў Палівачах, Буйніцкі пад канец ліпеня накіраваўся зноў на гастролі.

30 ліпеня пачаліся выступленні трупы ў Полацку. П’есу «Пашыліся ў дурні» Крапіўніцкага ігралі ў садзе, а 31 ліпеня ў памяшканні гарадскога тэатра паказалі спектакль «У зімовы вечар» паводле Элізы Ажэшка. П’еса карысталася асаблівым поспехам, бо ўсіх захапляла ўмелая і шчырая ігра паэтэсы А. Пашкевіч (Цёткі), якая выконвала ролю старой Насты. 1 жніўня адбыўся трэці паказ, на якім ставілі «Міхалку» Далецкіх і «Сватанне» Чэхава.

13 жніўня трупа Буйніцкага наведала Вілейку, «Наша ніва» паведамляла, што «...віляйчане вельмі горача прывіталі беларускае слова, якое ўпершыню тут пачулі са сцэны... За песнямі ішлі беларускія танцы, і яны так крэпка звязаны з усім нашым жыццём, адбіваюць у сабе ўдумлівасць беларуса, які пільна прыглядаецца да ўсяго, што робіцца навокал... Смех выклікаў у публікі адзінокі Юрка ў скоках, дзе грамада, жартуючы, але спагадаючы, пытаецца ў яго: «Ах ты, Юрачка, што не жэнішся? Прыйдзе зімачка — дзе ты дзенешся?» А дуда далей несла нас на нівы роднай старонкі, у гароды, засаджаныя капустай. «Я качана за лісцінку, качан мяне за хусцінку!»

Пазней трупа Буйніцкага выступае ў Смаргоні і Ашмянах.

Усюды працу трупы суправаджала шчырая атмасфера ўдзячнасці, захапленне бачаным і пачутым, радасны, бадзёры настрой. Наколькі тады жывое роднае слова, пачутае са сцэны ў песні, узрушала і захапляла насельніцтва, сведчаць і такія выпадкі: на спектаклі прыходзілі стогадовыя дзяды, каб самім пачуць родную песню, убачыць хараство народа ў яго вясёлых танцах.

У сезоне 1911 года Буйніцкі плаціў артыстам па марачнай сістэме. Але выдаткі на пераезды, начлегі і харчаванне трупы не пакрываліся зборамі тэатральнай касы. Гастролі 1911 года прынеслі Буйніцкаму такія вялікія страты, што давялося прадаць свае Палівачы, тым больш што і доўг у банку на той час быў яшчэ вялікі. Зразумела, што ў 1912 годзе фарміраваць новую вандроўную трупу Буйніцкі ўжо не мог.

У той жа час гастролі трупы Буйніцкага, якія заўсёды мелі вялікі поспех у простых людзей, пачалі непакоіць царскія ўлады, і ў 1912 годзе Буйніцкаму не далі дазволу на выступленні. Як ратункам для справы Буйніцкага была ў гэты час просьба беларусаў з Пецярбурга прыехаць туды ў снежні 1912 года для выступлення на этнаграфічным вечары, арганізаваным на сродкі выдавецтва часопіса «Вестник знания» з поваду 10-годдзя яго выпуску. Былі запрошаны прафесійныя артыстычныя сілы балета для паказу рускіх, эстонскіх, грузінскіх і іншых нацыянальных танцаў. Нейкі Гальцісон, нібыта кампазітар, рэгент аднаго з пецярбургскіх хораў, каб зарабіць на гэтым, узяўся паказаць беларускую песню. Але, як пісаў карэспандэнт «Нашай нівы» з Пецярбурга, атрымлівалася «поўнае скалечанне беларускай народнай песні», бо Гальцісон, кіруючыся сваім густам, надаў ёй непатрэбныя асаблівасці. Каб выратаваць справу, пецярбургскія беларусы выклікалі танцавальную дружыну Ігната Буйніцкага. І не памыліліся.

Трупа Ігната Буйніцкага выступала перад тысячнай аўдыторыяй на вечары 27 снежня 1912 года. Карэспандэнт «Нашай нівы» так піша пра гэта: «Але як выйшаў пан Буйніцкі са сваімі танцамі і сялянамі-беларусамі: дударом, цымбалістам і скрыпачом, дык гэта адразу прынялі ўсе з захапленнем...

А калі пан Буйніцкі з дачкой пайшоў «Лявоніху», а за ім чарада хлопцаў з дзяўчатамі як пачалі прыстукваць, дык уся публіка ўдарыла ў далоні. Найбольш яна біла брава беларусам за іх народную натуральную прастату. Пану Буйніцкаму паднеслі лаўровы вянок з чырвонай стужкай і каштоўны падарунак».

Рэдакцыя «Вестника знания» ў 1913 годзе выпусціла ў сувязі з 10-годдзем часопіса кніжку «Дзесяцігоддзе культурнай працы часопіса «Вестник знания» (1903—1913 гг.)». У ёй адзін з арганізатараў этнаграфічнага вечара, Н. П. Яўціфееў, пісаў пра выступленне трупы Ігната Буйніцкага: «Мяркуючы па гарачых апладысментах і шматлікіх паўторах на «біс», поспех яго быў надзвычай вялікі». У кніжцы таксама змешчаны фотаздымкі як самога Буйніцкага, так і яго трупы. Вось так высока ацаніла паўночная сталіца мастацкую працу Ігната Буйніцкага.

Трыумф беларускага танца ў Пецярбургу на этнаграфічным вечары «Вестника знания» зноў узняў у Буйніцкага жаданне не сыходзіць з абранага ім шляху. І калі «Беларускае зямляцтва» студэнтаў Варшаўскага універсітэта запрасіла Ігната Буйніцкага прыехаць да іх са сваёю танцавальнай трупай, каб прыняць удзел у беларускай вечарыне 15 лютага 1913 года, Буйніцкі прыехаў у Варшаву з шасцю парамі танцораў, з дударом, цымбалістам і скрыпачом.

Трэба ведаць, што, апрача студэнтаў, гатовых служыць свайму народу, былі і такія, якія марылі аб добрай службовай кар’еры пасля сканчэння універсітэта. Іх тады называлі «белападкладачнікамі», а за пагарду да беларускага руху — «таксама беларусамі». Ім было найбольш важна захаваць у вачах універсітэцкага начальства рэпутацыю «вернападданніцтва» ў сталіцы Польшчы. Вось гэтыя «таксама беларусы» стараліся зрабіць усё, каб «лішне не прабівалася жывая беларусчына». Яны хоць і вымушаны былі друкаваць афішу на беларускай мове, але ніводнага яе экземпляра не вісела ў памяшканні, дзе адбываўся беларускі вечар. Прысланыя ж на продаж беларускія кніжкі ляжалі прыкрытыя ў куточку, прадаваліся толькі «Беларускі каляндар» ды гумарыстычная «Крапіва».

Аднак вечарына прайшла добра. Хор са студэнтаў і курсістак, умела арганізаваны студэнтам М. Тэадаровічам, за кароткі час развучыў і добра выканаў беларускія песні: «А хто там ідзе?», «Чаму ж мне не пець?», «Дуда-весялуха». Вучань Варшаўскай мастацкай школы Павел Гуткоўскі з глыбокім пачуццём прачытаў беларускія вершы. Але, як пісаў карэспандэнт «Нашай нівы», найбольш падабаліся публіцы беларускія народныя танцы. «Трупа Буйніцкага проста захапіла і здзівіла, бо хто ж там бачыў народныя беларускія танцы «Лявоніху», «Мельніка», «Вераб’я», «Юрку», «Мяцеліцу» і інш.».

Кіпучая натура Буйніцкага не дазволіла яму пакінуць мастацкую працу, якая, ён ведаў, так патрэбна была роднаму народу. Ён марыў пра сталы беларускі тэатр і хацеў стварыць яго ў Мінску разам з мясцовымі аматарамі, збіраўся і сам працаваць там са сваімі дочкамі.

Вясной 1914 года Буйніцкі зноў хадайнічае аб дазволе на гастролі і ў маі змяшчае ў газеце «Наша ніва» аб’яву такога зместу:

«Збіраю аб’язную беларускую трупу. Хто хоча далучыцца да яе, прашу ў беларускую кнігарню (Вільня, Завальная, 7) на маё імя паведаміць. Ад артыстаў вымагаецца, каб мелі добры беларускі акцэнт у мове, зналі ўжо сцэну, маглі спяваць і танцаваць на сцэне.

Ігнат Буйніцкі».

Але здзейсніць сваю задуму яму не ўдалося. Пачалася першая імперыялістычная вайна.

Ігнат Буйніцкі не дажыў да тых радасных дзён, калі Кастрычніцкая рэвалюцыя вызваліла беларускі народ ад сацыяльнага і нацыянальнага прыгнёту і стварыла ўсе ўмовы для шырокага развіцця яго культуры. Памёр Ігнат Цярэнцевіч 9(22) верасня 1917 года і пахаваны ў сваіх родных Палівачах.

Шмат сіл і здароўя паклаў гэты выдатны чалавек на развіццё культуры свайго народа. Адзначаючы сотую гадавіну з дня нараджэння Буйніцкага, беларускі народ па праву ганарыцца сваім выдатным сынам, які яшчэ ў далёкія гады царызму залажыў асновы нацыянальнага прафесійнага тэатра.

 

1961




Беларуская Палічка: http://knihi.com