epub
 
Падключыць
слоўнікі

Язэп Дыла

Пра Цішку Гартнага

Мястэчка Капыль на Случчыне ў 80-я і 90-я гг. мінулага стагоддзя было вядома як адзін з цэнтраў саматужнага гарбарства на тэрыторыі Беларусі. Аднак моладзь з гарбарскіх сем’яў, пазбаўленая магчымасці пракарміцца работай у родным мястэчку, шукала працы па гарбарнях у іншых гарадах Беларусі.

Такую ж горкую долю саматужніка-гарбара спазнаў у маладыя свае гады і Змітро Жылуновіч, якому пасля вывучкі і працы ў гарбарнях Капыля давялося шукаць сабе хлеба па розных мясцінах Міншчыны і Віленшчыны. Трэба сказаць, што працоўная моладзь мястэчка Капыль не была палітычна адсталай: сюды ўжо траплялі «Іскра» і рэвалюцыйныя брашуры, існавала арганізаваная ў складчыну бібліятэка з такімі кніжкамі, як «Авадзень» Войніч і таму падобныя выданні. Пакідаючы родны кут, выходзячы ў «свет», таленавіты хлопец Змітрок Жылуновіч адчуваў сябе палітычна «відушчым», змагаром за лепшую долю для працоўных. Вандруючы па гарбарнях Беларусі, ён пасылаў свае карэспандэнцыі ў адзіную ў той час газету на роднай мове — у «Нашу ніву», што выходзіла ў Вільні. Абраўшы сабе літаратурны псеўданім Цішка Гартны, які падкрэсліваў яго «загартаванасць» да жыцця, Жылуновіч у сваіх вершах і паведамленнях з розных мясцін Беларусі выказваў свае думкі, настроі рабочых. Ён быў незадаволены тым, што рэдакцыя друкавала яго карэспандэнцыі не ў тых словах, якія ён ужываў, а замяняла іх больш далікатнымі або зусім выкідвала такія мясціны, якія не прапускаў цэнзар. Калі мы пазнаёміліся, Жылуновіч расказаў мне, што, трапіўшы ў Вільню, ён лаяўся з-за гэтага ў рэдакцыі, абвінавачваючы рэдактара ў палітычнай «мяккацеласці»... Вядома, ён не ўлічваў тады, што газета, выходзячы «пад цэнзураю», не магла змяшчаць тое, што трэба было б сказаць.

Пазнаёміўшыся завочна з Цішкай Гартным па «Нашай ніве», у 1918 годзе я сустрэўся і пазнаёміўся з ім асабіста. Было гэта ў Маскве, калі туды з Петраграда пераехалі кіруючыя партыйныя і савецкія органы. Па абавязку старшыні Беларускага бежанскага камітэта я быў тады звязаны з Беларускім камісарыятам пры Народным камісарыяце па справах нацыянальнасцей. Цішка ж Гартны якраз працаваў у Беларускім камісарыяце загадчыкам выдавецкага аддзела. Па бежанскіх справах я часта наведваў камісарыят, і, як землякі, мы з Гартным хутка сталі сябрамі.

Са студзеня 1919 года і да стварэння так званай Літбелрэспублікі мы разам працавалі ў Мінску. Трэба тут зазначыць, што гістарычны тэкст Маніфеста ўрада Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі быў напісаны якраз Цішкай Гартным.

Пасля майго паўторнага пераезду на працу ў Мінск у 1923 годзе нам зноў давялося працаваць разам у кааператыўна-выдавецкім таварыстве «Савецкая Беларусь», якое ён узначальваў. Толькі дзякуючы настойлівасці і самаадданасці Цішкі Гартнага гэта выдавецтва дабілася значных поспехаў у падрыхтоўцы шэрага літаратурна-мастацкіх выданняў.

Паколькі своечасова выдаць падручнікі для беларускіх школ тэхнічнымі сродкамі тагачаснай Савецкай Беларусі было немагчыма, а друкарні РСФСР былі перагружаны, прыйшлося арганізаваць выданне школьных падручнікаў за мяжою. І, трэба зазначыць, гэту важную місію Цішка Гартны выканаў своечасова і тэхнічна бліскуча: ён дабіўся ў Берліне адліўкі новых беларускіх шрыфтоў, забеспячэння дабраякаснай паперай, выразнага друку. Гэту працу ён вёў напружана, з той упартасцю, якой быў надзелены сярод іншых асаблівасцей свайго характару. На догляд за друкам ён не шкадаваў ні часу, ні сіл.

Вярнуўшыся з Нямеччыны, Цішка Гартны шмат расказваў мне пра жахлівую беднасць беспрацоўных у Берліне. Яна гнала на вуліцы маладзенькіх дзяўчат, прымушала рабіць злачынствы, абы толькі трапіць на зіму ў турму, дзе, прынамсі, быў цёплы кут і хоць якая сытасць. У маёй памяці захаваліся расказаныя Гартным некаторыя эпізоды барацьбы берлінскага пралетарыяту за свае правы.

За некалькі месяцаў пражывання ў Берліне Гартны настолькі авалодаў нямецкай мовай, што мог чытаць нямецкія газеты. Прывёз ён адтуль выданні твораў Гётэ, Шылера, Гейнэ і іншых класікаў нямецкай літаратуры. Марыў перакласці «Фаўста» і вершы Гейнэ, аднак не пераклаў, бо ўвесь аддаўся сваім апавяданням, у якіх маляваў сваіх землякоў з іх тагачасным побытам і перажываннямі. Усё, што аджывала свой век, ён называў «трэскамі на хвалях» рэвалюцыі. Адсюль і назва зборніка: «Трэскі на хвалях». Больш шырока і глыбока сваіх сучаснікаў Гартны паказаў у рамане «Сокі цаліны».

Добра памятаю, як Цішка Гартны дружыў з нашымі слаўнымі заснавальнікамі новай беларускай літаратуры — Янкам Купалам і Якубам Коласам. Ён высока ставіў абодвух пісьменнікаў: Купалу лічыў таленавітым паэтам з багатай мовай і разнастайнай тэматыкай, Коласа ж — вялікім знаўцам сялянскага жыцця, быту і псіхікі, улюбёным у родную прыроду. У свой час Цішка Гартны падтрымліваў іх, клапаціўся аб паляпшэнні іх матэрыяльнага стану. Я ні разу не заўважыў, каб Гартны выказваў зайздрасць у сувязі з іх літаратурнай творчасцю ці папулярнасцю сярод моладзі і рабочых, каб дазволіў сабе хоць якую насмешку над імі. Між сабою яны ўсе трое былі дружныя, добразычлівыя, на «ты».

Такім я ведаў і такім быў у сапраўднасці Цішка Гартны, пісьменнік, дзяржаўны дзеяч, чалавек.




Беларуская Палічка: http://knihi.com