Сёмка з нецярплівасцю чакаў, калі вернецца з далёкага плавання яго дзядзька Рыгор, штурман-караблявод аднаго з нашых параходаў замежнага гандлю. У сваім апошнім лісце дзядзька напісаў пляменніку, што прывязе яму незвычайны падарунак — прыгожага папугая, птушку такой пароды, якая добра вучыцца чалавечай мове.
І дзядзька Рыгор, як толькі іх карабель прыплыў у прыморскі горад Бразіліі, сапраўды купіў там для Сёмкі маладога папугая з прыгожаю металёваю клеткаю.
З усёй стараннасцю і цярплівасцю марак цяпер пачаў вучыць птушку гаварыць. Любячы яблыкі, арэхі і цукар, здольны малады папугай, як толькі да яго падыходзіў марак, трымаючы ў руках тое, другое ці трэцяе, казаў цяпер яму:
— Дай попку яблычка!.. Дай попку арэшка!.. Дай попку цукуру!
З кожным днём папугай усё лепш гаварыў. Ён ужо ведаў, як трэба вітацца раніцай. І калі марак казаў яму:
— Дзень добры, попка!
Папугай адказваў:
— Дзень добры, Сёма!
Апрача гэтага птушка з асаблівай ахвотай навучылася ад марака высвістваць беларускія народныя танцы — «Юрачку» і «Лявоніху».
А між тым пакуль у Мінску Сёмка нецярпліва чакаў дзядзьку Рыгора, карабель, праходзячы Атлантычны акіян, трапіў у шторм. І як старанна ні замацоўваў дзядзька Рыгор клетку, пры вялікай гайданцы папугая іншы раз зрывала з яго металёвай гушкалкі і кідала ў бакі, так што бедная птушка хапалася дзюбай за пруткі клеткі, каб як-небудзь утрымацца на месцы.
А шторму, здавалася, не будзе канца. І занепакоены станам птушкі марак стараўся як найчасцей спускацца з штурманскай будкі ў сваю каюту, каб праведаць папугая.
Застаючы яго ў прыгнечаным стане, дзядзька Рыгор ўсякі раз казаў папугаю:
— Што, попка, спужаўся?.. Спужаўся?..
І падмацоўваючы сілы папугая цукрам, які ён так любіў, марак дадаваў, бадзёра смеючыся:
— Спужаўся, дурненькі!
За тры дні шторму папугай замучыўся ад бясконцай гайданкі карабля, і калі, можа ў які дзесяты раз, марак сказаў збянтэжанай птушцы:
— Спужаўся... дурненькі!..
Папугай адказаў яму тымі ж словамі:
— Спужаўся... дурненькі!..
І вось мінула ліхая для птушкі пара шторму. Пакуль прыехалі ў Адэсу, здольны папугай ужо добра навучыўся і гаварыць, і насвіставаць танцы.
Па прыбыцці ў Адэсу, пасля здачы грузаў, карабель дзядзькі Рыгора быў пастаўлены на чыстку катлоў і іншы рамонт, а сам дзядзька атрымаў двухтыднёвы адпачынак і прыехаў у Мінск да брата са сваім падарункам пляменніку.
Не было канца радасці Сёмкі, калі дзядзька перадаў у яго рукі клетку з папугаем. Той пачаў паказваць Сёмку і ягоным бацькам усё, чаму навучыўся. Ён і насвістваў танцы, і прасіў цукру, яблыка, арэхаў.
І асабліва ён развесяліў Сёмку, калі на прывітанне хлопчыка:
— Дзень добры, попка!
Адказаў яму:
— Дзень добры, Сёмка!
Пагасціўшы ў бацькоў хлопца і паказаўшы яму, як трэба далей вучыць папугая, марак вярнуўся на свой карабель.
Асаблівую дружбу завёў папугай з улюбёнцам Сёмкі і ўсёй сям’і — з сабакам Шэрым, вёрткім фоксам. Пераймаючы голас Сёмкі, папугай клікаў сабаку:
— Шэры, сюды!
Фокс, пачуўшы голас любага яму хлопчыка, кідаўся ў пакой, адкуль чуўся яго голас і дзе стаяла клетка папугая. Упэўніўшыся, што Сёмкі ў пакоі няма, фоrc здагадваўся, што папугай яго падмануў, падбягаў да століка з клеткай і, упёршыся ў яго пярэднімі лапамі, брахаў на птушку, а папугай гойдаўся сабе на гушкалцы і задаволена пасвістваў...
І трэба ж было аднойчы стацца такой бядзе. Сёмка з бацькамі сядзеў у пакоі, суседнім з тым, дзе была клетка папугая. Апошні быў у вясёлым настроі, гушкаўся і то насвістваў танцы, то балбатаў усё, што ведаў.
Праз некаторы час раптам пачуўся хрыплы яго крык і хлопанне крыллямі... Усе трое кінуліся ў пакой, дзе быў ён, і бачаць: папугай трапіў галавой і завіс на сваёй шыі ў колцы, за якое падчэплена металёвая гушкалка... Спрабуе стаць на яе, але лапкі саслізгваюцца з вельмі гладкай гушкалкі...
Папугай мог задыхнуцца.
Тата Сёмкі схапіў са стала сынаву лінейку, сунуў яе паміж пруткамі клеткі і падставіў лінейку птушцы пад лапкі.
Папугай, пачуўшы стойкую апору, стаў на яе абедзвюма лапкамі і адразу ж аслабаніў сваю галаву з колца...
Ускочыўшы на гушкалку, ён страсянуўся і нечакана для ўсіх крыкнуў:
— Спужаўся... дурненькі!..
Сёмка, здзіўлены гэтымі словамі птушкі, узрадавана сказаў бацькам:
— Татка, мама, ён жа рады, што выратаваўся!.. Які разумны... Думаў, што пагіне, і таму спужаўся!..
Бацькі ж здзівіліся, адкуль папугай ведае гэтыя два новыя словы, якія раптам так дарэчы былі ім ужыты.
Напісалі пра гэта дзядзьку-мараку. А той, успомніўшы свае размовы з папугаем у час лютага шторму, у сваім адказе растлумачыў: «Трапіўшы ў новую для сябе бяду, папугай міжвольна ўспомніў вывучаныя тады ім ад частага ўжывання мною гэтых два словы:
— Спужаўся... дурненькі!..»