epub
 
Падключыць
слоўнікі

Язэп Дыла

Сустрэча ў Пяцігорску

Увосень 1926 г. (жнівень-верасень) давялося мне лячыць у Кіславодску сваё ператомленае сэрца. Неяк я сустрэў каля нарзаннай галерэі Цішку Гартнага, які тады таксама лячыўся ў Кіславодску.

— Калі у цябе сёння няма ніякіх працэдур,— сказаў ён,— то варта было б паехаць у Пяцігорск, паглядзець, што там за такі Правал, і падняцца на Машук... Ды і домік Лермантава наведаць...

— Вельмі добра! — згадзіўся я.

— Перш заедзем у Есентукі. Пазавём Купалу і Коласа ды паедзем разам у Пяцігорск.

— Хіба яны там?

— Я ўжо быў у іх. Цэлымі днямі абое сядзяць за шахматамі і нават на свае працэдуры позняцца...

Праз паўгадзіны мы ўжо крочылі да іх на кватэру. Заходзім у пакой, а яны абое сапраўды нікнуць над шахматнай дошкай. Цішка закрычаў з абурэннем:

— А каб на вас... Вы ж за шахматамі свету не бачыце!.. Кіньце гульню, паедзем разам у Пяцігорск!..

— Гэх, Цішка, даў бы ты нам паўгадзіны часу, і я падстроіў бы Янку канфузны мат, а то ён вельмі нос задзірае пасля ўчарашніх дзвюх выйграных партый. Разумееш, змарыў мяне вечарам, і я даў маху — адкрыў яму дарогу, а ён і абрадаваўся,— прадаўжаў скардзіцца Колас, але Купала запрапанаваў:

— Слухай, Якубе, дык аб чым гаварыць? Пакінем на дошцы ўсё як ёсць, а вернемся дамоў — дагуляем. Згодзен?

— Добра,— адказаў Колас.

— Яшчэ, браток, пабачым, хто на кім паедзе,— засмяяўся Купала, устаючы з-за стала.

— А хіба пазаўчора я не на васпану ехаў? — жартам абараняўся Колас.

Хутка мы апынуліся ў поездзе. Не паспелі прагледзець купленыя на вакзале свежыя газеты, і ўжо вось ён, Пяцігорск.

Мы выйшлі з вагона. Гара Машук засланіла сабой гарызонт.

— Глядзі ты, які ён, Машук! Рассеўся сабе і свет людзям засціць! — заўважыў, смеючыся, Колас.

Распыталі дарогу да доміка Лермантава.

Домік славутага паэта — аднапавярховы, малы, з некалькімі невялікімі пакойчыкамі; вокны — таксама малыя, як ва ўсіх тутэйшых мазанках. Ён быў калісьці накрыты сухім чаротам, а пазней перакрыты дошкамі.

З глыбокай пашанай да светлай памяці вялікага паэта пераступілі мы парог гэтага доміка. Па сценах у рамачках, дзе пад шклом, а дзе — і незашклёных, віселі, выразаныя з часопісаў і газет, малюнкі да твораў пісьменніка, замалёўкі-партрэты людзей, з якімі жыў, сябраваў або быў знаёмы М. Ю. Лермантаў; тут жа — дзве-тры ілюстрацыі да «Дэмана». Відаць было, што экспазіцыя не прадумана як след, а выстаўлена тое, што апынулася пад рукамі.

Уваходзім у маленькі пакойчык з акном у садок. Ля акна — невялічкі прасторны столік, на ім, пад тоўстым шклом, аркуш пажоўклай паперы з недапісаным вершам. Перад столікам — старое крэсла...

Не памятаю ўжо хто — Купала ці Колас — упаўголаса сказаў:

— Вось якім быў творчы кабінет вялікага паэта.

А нехта дадаў:

— А вось і канапа для адпачынку або творчага роздуму...

Толькі тут мы заўважылі, што ў прасценку над канапаю вісіць вялікі, у багатай раме, пісаны маслянымі фарбамі, партрэт. Хто ж гэты мужчына з пышнаю выпешчанаю барадою, ледзь кранутай сівізной? Які ў яго самазадаволены твар!

Цішка Гартны шукае подпіс пад партрэтам і, знайшоўшы яго, уголас чытае:

— «Дар сям’і Мартынава»!

І адразу ж усе мы на ўвесь голас гукаем:

— Забойца паэта!..

Абышоўшы ўсе пакоі музея, мы ўпэўніліся, што апрача танных алеаграфічных і літаграфічных малюнкаў тут не было ніводнага добрага партрэта М. Ю. Лермантава, які вытрымаў бы параўнанне з пышным партрэтам яго забойцы.

Цішка Гартны адшукаў дзяжурную супрацоўніцу музея і папрасіў кнігу запісаў наведвальнікаў музея.

І мы запісалі ў ёй сваю крыўду за вялікага песняра свабоды, памяць якога шануецца так нядбайна.

Дарэчы, калі праз пару гадоў мне давялося зноў наведаць домік Лермантава, там усё стала інакш. З’явіліся копіі вядомых партрэтаў Лермантава. Падбор экспанатаў стаў багацейшы, і ўсталявалася нейкая сістэма ў экспазіцыі; пышны партрэт саноўнага забойцы апынуўся ў заднім пакоі, дзе захоўваліся старыя металічныя вянкі.

Развітаўшыся з домікам Лермантава, мы выйшлі на пляц і нанялі параконнага рамізніка, каб ён давёз нас да Машука.

Вось нарэшце і славуты Машук. Каб падарожнікі маглі агледзець навакольную мясцовасць і сам Пяцігорск, дарогу на вяршыню Машука правялі так, што яна, як тая спіраль, шырокаю стужкаю абвівае гару. І, сапраўды, цікава і прыгожа было, седзячы ў зручным фаэтоне, любавацца мясцовасцю і бачыць, як паступова расшыраўся краявід па меры таго як мы падымаліся на гару.

І вось мы на вяршыні Машука. З біноклем Цішкі Гартнага добра разгледзелі ўсё кругом, і асабліва дарогу на Мядовы вадапад, куды збіраліся паехаць праз некалькі дзён конна...

З гары парашылі сыходзіць не па «спіральнай» дарозе, а напрасткі. Упарта пёрліся па схіле, праз густы калючы кустарнік, траплялі ў кучы-мурашнікі, падалі, збіралі на сябе павуцінне, пыл і калючкі. Калі нарэшце, змучаныя, дасяглі падэшвы гары, дык апынуліся чуць не за кіламетр ад таго месца, дзе хацелі выйсці. І адразу пачалі прыводзіць сябе ў належны выгляд, чысціць адзін другога ад пылу і павуціння.

Помнік на месцы гібелі М. Ю. Лермантава стаіць ля падэшвы Машука. Гэта — чатырохкантовы абеліск, у тры-чатыры чалавечых росты вышынёю. У ніжняй частцы яго, у круглай нішы, стаіць бюст Лермантава. Вакол шырокага пастамента — зялёны газон і пакрытая гравіем пляцоўка, якую акружае агарожа з каменных слупоў з цяжкім і тоўстым ланцугом паміж імі. Па чатырох кутках агарожы сядзяць на камянях стэпавыя арлы. Мастак-скульптар пасадзіў іх, крыху павярнуўшы да абеліска, месца, дзе ўпаў застрэлены паэт, нібы ўладары паветра хочуць засланіць левымі крыламі спушчаныя нізка ў смутку свае галовы.

Крыху ў бок ад помніка стаіць домік, дзе жыве вартаўнік, у якога захоўваецца кніга запісаў наведвальнікаў.

Акрамя нас, тады нікога больш ля помніка не было. Мы нейкі час пасядзелі моўчкі.

Вартаўнік, даведаўшыся, што мы з Беларусі, прынёс нам кнігу. Адсеўшы ўбок, усе трое нашых паэтаў упісалі ў кнігу вершы, прысвечаныя Лермантаву.

Пасядзеўшы яшчэ крыху ля помніка, мы вярнуліся на пяцігорскі вакзал і раз’ехаліся дамоў: Купала з Коласам — у Есентукі, мы з Цішкаю — у Кіславодск.

 

1959




Беларуская Палічка: http://knihi.com