epub
 
Падключыць
слоўнікі

Язэп Дыла

Сустрэчы з Янам Райнісам

У 1926 г. у Мінск з Латвіі быў запрошаны вялікі друг беларускага народа, славуты пісьменнік і рэвалюцыйны змагар Ян Райніс.

У тыя гады я працаваў у Першым беларускім дзяржаўным тэатры (БДТ-1) і сустрэўся з госцем з Латвіі ў Наркамаце асветы. Намеснік наркома, знаёмячы мяне з Райнісам, сказаў:

— Таварыш Райніс вельмі цікавіцца працаю нашага тэатра, яго рэпертуарам, гісторыяй і прасіў пазнаёміць яго з чакавекам, які даў бы яму дакладную інфармацыю пра нашу тэатральную справу...

У размове з госцем я звярнуўся да Райніса па-руску, пытаючыся, з чаго мы пачнём нашу гутарку.

— Я папрасіў бы вас коратка даць мне гістарычны агляд беларускага тэатра, называючы пераважна даты, факты і людзей, а таксама рэпертуар,— сказаў мне Райніс.— Я хацеў бы ўсё гэта запісаць, бо, вярнуўшыся дамоў, збіраюся змясціць у нашай прэсе шэраг артыкулаў пра сучасную Савецкую Беларусь, адзін з якіх прысвячу, зразумела, беларускаму тэатру — яго мінуламу і сучаснаму стану.

— Між іншым, размаўляйце, калі ласка, са мною па-беларуску,— дадаў ён.— Я добра разумею вашу мову, бо нарадзіўся ў так званай Латгаліі (Усходняя Латвія.— Я. Д.), дзе, як вядома, латвійскія вёскі і хутары стаяць упярэмешку з беларускімі... У мяне з дзіцячых гадоў былі знаёмствы і дружба з беларускай моладдзю, і таму я так добра разумею беларускую мову, і калісьці я добра на ёй і сам гаварыў.

Пры далейшых размовах з Райнісам я карыстаўся ўжо беларускай мовай, і ён, запісваючы тое, што пачуў, у свой блакнот, вельмі рэдка прасіў растлумачыць асобнае беларускае слова.

Зусім коратка я расказаў Райнісу аб відовішчных вытоках беларускай народнай творчасці, звязанай з бытавымі песнямі (асабліва, напрыклад, вясельнымі), гаварыў яму пра з’яўленне на Беларусі скамарохаў-валачобнікаў, затрымаў яго ўвагу на народнай драме «Цар Максімільян», палескі варыянт якой Беларуская тэатральная студыя ў Маскве выкарыстала для пастаноўкі. Творча абагаціўшы і апрацаваўшы народную драму, наша студыйная моладзь пад кіраўніцтвам вопытных настаўнікаў зрабіла «Цара Максімільяна» сваім першым спектаклем і паказвала яго ў маскоўскіх рабочых клубах і цэхах заводаў. Райніс захацеў абавязкова паглядзець гэту пастаноўку студыі, якая ўжо стала к таму часу Другім беларускім дзяржаўным тэатрам (БДТ-ІІ).

Кораценька я пазнаёміў госця з Латвіі таксама з беларускай батлейкай, поўнай народнага гумару і вострай сатыры.

Далей ішла размова пра так званую школьную драму, пра драматычную творчасць Сымона Полацкага, п’еса якога «Камедыя аб блудным сыне» была паказана ў Маскве пры двары цара Аляксея Міхайлавіча.

Хаця Ян Райніс вельмі старанна запісваў мой гістарычны агляд, я, каб забяспечыць дакладнасць пераказаных мною даных, запісаў іх пазней сам і перадаў Райнісу для выкарыстання.

Наша другая гутарка з Райнісам была даўжэйшай, і ён запісаў пра творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча, пра пастаноўку «Сялянкі», пра няўдачу з пастаноўкаю п’есы Ядвігіна Ш. «Злодзей», пра аматарскія пастаноўкі ў розных месцах Беларусі п’ес Крапіўніцкага і Ажэшкі ў 1905—1907 гг.

Асабліва зацікавіўся Райніс спектаклямі першай беларускай трупы Ігната Буйніцкага, яго мастацкім выкананнем беларускіх народных скокаў. Райніс грунтоўна запісаў і пра дзейнасць «Першага таварыства беларускай драмы і камедыі», трупа якога потым стала асновай Першага беларускага дзяржаўнага тэатра.

Ён папрасіў назваць яму рэпертуар, з якім працавалі трупы Буйніцкага і «Першага таварыства», вельмі зацікавіўся п’есаю К. Каганца «Модны шляхцюк», пытаўся, што зараз ідзе з п’ес В. Дуніна-Марцінкевіча. Я назваў Райнісу «Пінскую шляхту» і тут жа запрасіў яго паглядзець гэту п’есу ў пастаноўцы Е. Міровіча на так званай малой сцэне БДТ-І.

— А хіба апрача памяшкання дзяржаўнага тэатра, вялікай сцэны, ён абслугоўвае яшчэ і меншую сцэну? — зацікавіўся Райніс.

— Так! — адказаў я.— Ёсць яшчэ малое тэатральнае памяшканне. Яго да гэтага часу выкарыстоўвала прыватная антрэпрыза, якая не забяспечвала ні належнага рэпертуару, ні мастацкага яго ўвасаблення. БДТ-І выкарыстоўвае малую сцэну без павелічэння свайго артыстычнага складу. Там мы ставім дзвюх- і аднаактовыя п’есы, дадаём аддзяленне дывертысменту... Даём дэкламацыю, сольныя і харавыя спевы, балетныя нумары... Каб расшырыць круг гледачоў, мы зрабілі шырокадаступныя цэны на білеты. Там жа практыкуем пастаноўкі для дзяцей і юнацтва...

— Гэта вельмі рацыянальна вамі зроблена. Ваш тэатр гэтым яшчэ больш павялічыў сваю папулярнасць,— сказаў Райніс.— Я папрашу пазнаёміць мяне з рэпертуарам малой сцэны.

Мы тут жа згаварыліся з Райнісам паглядзець апрача «Пінскай шляхты» яшчэ і «Зялёнага какаду» Шніцлера, пастаўленага рэжысёрам Мікалаем Паповым. Абедзве гэтыя пастаноўкі на Райніса зрабілі самае добрае ўражанне. У антрактах Райніс пазнаёміўся з «карэннымі» артыстамі БДТ-І У. Крыловічам і Г. Грыгонісам у «Пінскай шляхце» і Ф. Ждановічам у «Зялёным какаду», якія бліскуча вялі свае ролі. Райніс нагаварыў ім шчырых кампліментаў, выказаў задаволенасць ігрою і ўсіх іншых артыстаў, занятых у гэтых п’есах.

На «вялікай сцэне» БДТ-І Райніс паглядзеў п’есы Е. Міровіча «Каваль-ваявода» і «Кастусь Каліноўскі», пазнаёміўся з самім аўтарам і пастаноўшчыкам іх, які быў і рэжысёрам-настаўнікам артыстычных сіл БДТ-І, і застаўся вельмі задаволеным як зместам, так і рэжысёрскай выдумкай, і артыстычным выкананнем. У «Кавалі-ваяводзе» ён вельмі хваліў выкананні ролі блазна У. Уладамірскім. Помню яго словы, якія ён сказаў, захоплены ігрою апошняга:

— Які таленавіты артыст!

Ужо пасля знаёмства з Е. Міровічам, пахваліўшы яго п’есу, напісаную на матэрыяле беларускага фальклору, Райніс сказаў пра У. Уладамірскага:

— У асобе артыста Уладамірскага вы знайшлі ідэальнага выканаўцу. Якія ў яго здольнасці пераўвасабляцца! Якая хуткая змена пачуццяў!

Мне Райніс пасля спектакля сказаў:

— Якая багатая артыстычная натура ваш Уладамірскі!

Артыст Г. Грыгоніс у ролі каваля-ваяводы сваёю ігрою таксама цешыў Райніса.

Прагледзеўшы спектакль, Райніс гаварыў Міровічу:

— Вы бліскуча напісалі свайго «Каваля-ваяводу», а паставіць маглі бліскуча толькі маючы такіх двух выдатных выканаўцаў, вядома, разам з такім здольным ансамблем артыстаў. І вы сумесна з імі па праву можаце ганарыцца сваімі поспехамі ў гледача!

П’еса «Кастусь Каліноўскі» таксама вельмі спадабалася госцю, і ён хваліў як змест яе, так і пастаноўку і асабліва артыстычнае выкананне роляў Каліноўскага У. Крыловічам і Мураўёва-вешацеля Г. Грыгонісам.

Калі я праводзіў госця з тэатра ў атэль, дзе ён жыў, ён сказаў мне:

— Ваша вялікая ўдача, што Міровіч аддаў усяго сябе беларускаму тэатру: ён здольны аўтар п’ес, таленавіты і багаты практыкаю рэжысёр і ўмелы настаўнік, які выхаваў дружны і каштоўны калектыў!

Разам з Райнісам пасля акадэмічнай канферэнцыі мы ездзілі ў Віцебск на ўрачыстае адкрыццё БДТ-ІІ, артыстычны склад трупы якога быў сфарміраваны з моладзі, атрымаўшай сцэнічную вывучку ў Беларускай тэатральнай студыі ў Маскве. У сваёй цёплай прамове Райніс вітаў малады беларускі тэатр, зычыў яму вялікіх поспехаў на шляху развіцця роднага беларускага мастацтва.

У гэты прыезд Райніса ў Мінск я атрымаў яго згоду на пераклад на беларускую мову для патрэб клубнай вясковай сцэны яго п’есы з падзей рэвалюцыйнага руху 1905—1907 гг. у Латвіі, якая выйшла ў 1930 г. у Мінску пад назвай «Гірт з Воўчага Логу».

1962




Беларуская Палічка: http://knihi.com