epub
 
Падключыць
слоўнікі

Язэп Дыла

Светлы вобраз

З Якубам Коласам мне давялося пазнаёміцца ў 1921 годзе ў Мінску, калі ў пачатку лета Наркамат асветы прызначыў нас лектарамі ў Слуцк, на настаўніцкія курсы. З Коласам мы дамовіліся ехаць разам і ў другой палове дня апынуліся нарэшце ў Асіповічах.

Тут нас «парадавалі» весткай, што толькі на другі дзень будзе цягнік на Старыя Дарогі і Слуцк. Мы гэтага не чакалі і харчоў з Мінска не ўзялі: ехалі ж у Слуцк, які слыў самым багатым раёнам на Беларусі. Буфета на станцыі яшчэ не было. Знаёмых у Асіповічах у нас таксама не было.

Успомніўшы, што да рэвалюцыі існавалі так званыя «заезды», мы пайшлі ў мястэчка. Нам параілі звярнуцца да аднаго з такіх гаспадароў заезнага дома, у якога заўсёды было чыста і які сумленна карміў прыезджых.

Знайшлі мы яго, але ён замахаў рукамі:

— Што вы! Што вы!.. Мы гэтым больш не займаемся! Не магу вам дапамагчы!..

Мы растлумачылі, што нам не патрэбны асобны пакой, можам паспаць без пасцелей, бо не паны. Пасля ўсіх дыпламатычных перагавораў гаспадар накарміў нас, і праз якую гадзіну мы, спакойныя, што маем начлег, пайшлі знаёміцца з мястэчкам.

Выйшаўшы з гарадка, селі каля лесу і разгаварыліся. Колас расказваў пра сваё жыццё ў Абаяні Курскай губерні. Тут жа я даведаўся, што пісьменнік закончыў вялікую паэму «Новая зямля», але, аднак, усё яшчэ лічыў патрэбным яе шліфаваць. Я выказаў жаданне пачуць хоць урывак. На шчасце, Колас меў пры сабе сшыткі з паэмаю і ахвотна згадзіўся пачытаць.

Цяжка зараз знайсці словы, каб перадаць тое моцнае ўражанне, якое зрабіла на мяне паэма. Гэта быў высокамастацкі твор, якога яшчэ не мела беларуская літаратура. Гэта быў гімн беларускаму лесу, лесу Мікалаеўшчыны, дзе прайшлі дзіцячыя гады Коласа. Паэт перадаў у творы ўсё тое замілаванне роднай прыродай, якім была поўна душа хлапчука, сына лесніка Міхала. Апяваючы «родны кут», пісьменнік паказаў, як бедавала сям’я беззямельнага селяніна, шукаючы выйсця з цяжкога становішча і марачы аб набыцці ўласнага кавалка зямлі.

Мы спынілі чытку паэмы, калі ўжо сцямнела.

Гаспадар наладзіў нам пасцелі.

Я доўга яшчэ гутарыў з Коласам, падбіваючы яго пазнаёміць на курсах настаўнікаў са сваім творам.

На другі дзень мы зноў на ўзлессі чыталі паэму, якую і закончылі перад самым адыходам поезда. Якія цудоўныя вобразы прыроды дадзены ў творы, якімі жывымі паўстаюць ляснік, яго жонка, адданая сям’і маці, верная спадарожніца свайго мужа, якая каларытная фігура дзядзькі Антося!..

Уражанне ад паэмы Коласа так поўніла мне душу, што я зусім не цікавіўся новаю для мяне чыгункаю, якая цяпер была дадзена да майго роднага кутка — да Слуцка.

Калі Якуб Колас на курсах закончыў чытку паэмы, усе сарваліся з месц і ў захапленні бурнымі воплескамі віталі аўтара. Было прапанавана зрабіць абмен думкамі аб паэме, і калі праз пару дзён адбыўся разгляд твора, агульнае захапленне ім было такое моцнае, што ўсе выступленні ператварыліся ва ўсхваленне паэмы, яе вялікай літаратурна-мастацкай вартасці.

Потым мы з Коласам сустракаліся на рабоце ў тэрміналагічнай камісіі. Ён выступаў там рэдка, але заўсёды грунтоўна, і яго заўвагі былі аўтарытэтнымі. Многа часу ў тыя гады паэт аддаваў літаратурнай працы — пісаў вершы, працаваў над паэмай «Сымон-музыка», рыхтаваў да друку «Новую зямлю».

Калі заснаваўся Інстытут беларускай культуры, Колас стаў на чале слоўнікавай камісіі, якой была даручана ўся справа збірання слоўнага матэрыялу для беларуска-рускага слоўніка.

Я зараз не памятаю прозвішча таго збіральніка-аматара, які на працягу сарака гадоў вёў збор беларускіх слоў і ўвесь гэты багаты і каштоўны матэрыял перадаў камісіі, што пачала сваю работу, выкарыстоўваючы слоўнік Насовіча і зборнікі беларускага фальклору Раманава, Нікіфароўскага, Дабравольскага і іншыя публікацыі па вуснай беларускай творчасці. Хоць у слоўнікавай камісіі на папярэдняй тэхнічнай рабоце працавала нямала людзей, на старшыню камісіі клалася вельмі многа. Коласа гэта не спыняла, і ён на гэту работу не шкадаваў свайго часу і сіл.

Калі ж у 1929 годзе ўтварылася Беларуская Акадэмія навук, Колас, стаўшы членам яе Прэзідыума, і далей узначальваў работу слоўнікавай камісіі.

На ўсё жыццё застаўся ў маёй памяці светлы вобраз Якуба Коласа, чалавека плённай працы.

 

1957




Беларуская Палічка: http://knihi.com