epub
 
падключыць
слоўнікі

Язэп Пушча

Людвіся

1
2
  * * *
3
  * * *
  * * *
4
  * * *
5
  * * *
  * * *
  * * *
6
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *


 

Нясем народам вызваленне,

Фашызму смерць, вайне канец.

Не раз успомняць пакаленні

І Асвянцім і Трасцянец.

 

 

1

Цераз поле хмаркі неслі

Маладзік — свой серп зубчаты,

І звінелі ў сэрцах песні,

І ўсміхаліся дзяўчаты.

Каля рэчкі, на узгорку,

Заклікалі песняй зорку:

 

Усміхніся, зорка, зорцы,

Адгукніся, сэрца, сэрцу.

Дзе вы сёння, дзе вы, хлопцы?

З вамі хочацца сустрэцца.

Надыходзіць час жаданы,

Прыйдзе любы і каханы.

 

Лічым, лічым і не злічым,

Колькі ў небе зорак ясных.

Сваю зорку песняй клічам,

Ці засвеціць, ці пагасне?

Ў небе зоранька мігае,

Сэрца горача кахае.

 

Ой ты, рэчанька, бруіся,—

Хваля ўлетку маладзее.

Адгукніся, усміхніся,

Наша радасць і надзея.

Хочацца спяваць, смяяцца,—

Расцвітае кветка шчасця.

 

Зашумі, зялёны кусцік,

Мы вяночкаў назвівалі;

Ў рэчаньку вяночкі пусцім,

Хай плывуць па светлай хвалі.

Запытайцеся у ночкі,

Як плылі, плылі вяночкі.

 

Падхапіў сярдзіты стрыжань,

І вяночкі разышліся;

Нават ластаўка са стрыжэм

З сваіх гнёздаў узняліся.

Не сышліся, разышліся,

Засмуцілася Людвіся.

 

«Быць не можа! Што такое?

Нават сэрца ледзянее.

Хіба здрадзіў? Не, ніколі!

На цябе мая надзея.

Хваляй, рэчанька, засмейся,

Ўскалыхніся ціхай песняй!»

 

Спахмурнелі і сяброўкі,

І сасонкі на палянцы,

І пагаслі ў хвалях зоркі

На той рэчаньцы Трасцянцы.

І вяночкі ў тую ночку

Не сышліся, разышліся.

 

«Ой вы, хлопцы, паглядзіце,

Ці не ростань нас чакае?

Памуцілася вадзіца,

Шчасце ўпрочкі уцякае.

Радасць, зоркай усміхніся

І дзяўчатам і Людвісі».

 

Агарнула ўсіх трывога,

Песень болей не спявалі,

Быццам гнаў хто ад парога.

Па Трасцянцы беглі хвалі,

Набіралі гону, сілы,

Ўцехі, радасці прасілі:

 

Ой ты, месяц! Ой ты, ясны!

Ходзіць долам смутак з горам.

З рэчанькі туман узняўся

І прыкрыў сабой узгорак;

Сее росы, быццам слёзы,

На алешнік, вербалозы.

 

Не ў суботу, а ў нядзелю

Сонейка ўставала рана,

Ў лузе туманы радзелі

І крычала нема кáня.

І раптоўна гул ганебны

Уварваўся ў наша неба.

 

І раптоўна гул паўторны

Палыснуў і сінь разрэзаў.

Дым угору бухнуў чорны,

Ўстрапянулася жалеза,

Заскрыпела, затрымцела,

Аж мароз прабег па целе.

 

Не спыніць і не усцішыць:

Гром вайны — здалёк і зблізку.

Бомбы мур на шчэбень крышаць,

Зарава ўстае над Мінскам.

Ранак чэрвеньскі крывавы,

На Трасцянцы плачуць травы.

 

Страшны дзень вайны і смерці

Сыпле свежыя курганы.

«Хлопцы родныя, сустрэньце

Куляй ворагаў паганых,

Громам гневу прагрыміце

І навалу разганіце.

 

Вораг сэрцаў не разніме,

Хоць і цяжкі лёс бязмерна.

І каханню і Радзіме

Прысягаема на вернасць.

Вернасці вы нашай верце,—

Прыгарніся, сэрца, к сэрцу».

 

2

Семнаццаць год было Людвісі,

Калі нахлынула вайна,

Калі над Мінскам ў зорнай высі

Пачула грозны гул яна.

 

У школе толькі ёй учора

Дырэктар выдаў атэстат.

Любіла выйсці на пагорак

І песняй весяліць дзяўчат.

 

Любіла у далоні спляснуць,

Каб ліўся спеў яшчэ званчэй.

Смяяўся ўлетку сонцам ясным

Блакітны дзень яе вачэй.

 

Ляжаў загар на смуглым твары,

А вусны сок вясны пілі...

Любіла часам і памарыць —

І думкі ўдаль плылі, плылі.

 

Студэнткай быць яна хацела,

Ў медінстытут экзамен здаць,

Але з вайной ўсё адляцела.

І зоркі ў небе не відаць.

 

 

* * *

Каціўся заклік палымяны:

«Хто смерць нясе, таго карай!

Ідзі, народ, у партызаны,

Ратуй савецкі родны край!»

 

У смутку ліпеньскае сонца,

У горы людзі на зямлі,

І камуністы, камсамольцы

На бой з фашыстамі ішлі.

 

Фашызм страшней чумы і смерці,

Паўзе ад захаду на ўсход,

Сціскае ланцугамі сэрцы

Не першы дзень, не першы год.

 

Звіняць крывавыя кайданы,

Пагібель-смерць нясуць жывым.

Палае сэрцамі Майданак

І лагер смерці Асвянцім.

 

Аплёў Еўропу дрот калючы,

На варце чорнай ночы смерць.

У вір лепш бухнуць з горнай кручы,

Як так пакутаваць, гібець.

 

Прыйшло з фашызмам ліхалецце:

Дым з крэматорыяў відзён,

І Трасцянецкі лагер смерці

Ўстае, як прывід чорных дзён.

 

Людзей глытаў агонь пякельны,

І сэрцы разрываў свінец.

Тут з Мінска, Гамбурга і Кёльна

Ішлі чародамі на смерць.

 

Ішлі з бацькамі разам дзеці,

І дождж аплакаў іх сляды.

Ці сонца тут калі засвеціць,

Ці прыйдзе светлы дзень сюды?

 

3

Мінула з горам лета, восень,

За імі — сцюжная зіма;

Прыйшла вясна, ў палях галосіць,

Уцехі, радасці няма.

 

Не грэе сонца і не свеціць,

Паўзуць марудна ў смутку дні.

Як цяжка стала жыць на свеце,—

Цярпенні горкія адны.

 

Людвіся шчыра абяцае,

Дае сабе такі зарок:

У вочы плюнуць паліцаю,

Каб ён людскі не ганьбіў зрок,

 

Каб ён не поўзаў і не лазіў,

Не заглядаў у вокны кат.

Народ зняважыў і абразіў

І выганяе з родных хат.

 

Такі плюгавенькі і рыжы,

А круціць моцную пятлю.

Хоць цяжка жыць, а трэба выжыць,

Каб вызваліць сваю зямлю.

 

Паганы паліцай Гуцэвіч,

Без шчасця мы, пакуль ты тут.

У сэрцы куляй не пацэліш,

Хутчэй табе, чым нам, капут.

 

 

* * *

Часамі вечарам маўклівым

Людвіся выйдзе за сяло:

Над рэчкай журацца каліны,

Іх радасць ветрам аднясло.

 

Прысядзе на вярбе пахілай

І слухае, ці ліст шуміць.

Не б’ецца сэрца палахліва,

Не хіліцца пакорна ніц.

 

«Хачу зямлю абняць аберуч,

Слязой гарачаю абмыць.

У моц свайго народа веру,

Кайданы памагу разбіць».

 

Упаў лісток, упаў кляновы,

Уніз Трасцянкаю плыве.

Заплакаў хтось у Галінове

І праклінае дні свае.

 

А можа, толькі так здалося?

О, не! Не плач, а лямант, енк.

Чыё там сэрца так галосіць?

Так чалавек не плакаў век.

 

 

* * *

У лузе плача ружа-кветка,

А на Трасцянцы салавей.

Бяжыць маленькая Анэтка

Наўцёк ад смерці ад свае.

 

Якраз насустрач ёй Людвіся.

Бяжыць дзяўчынка ўся ў крыві.

— Спыніся, дзетанька, спыніся,

З ліхой дарожанькі звярні!

 

Абняць, сагрэць цябе хачу я,

Галоўку прыгарнуць да шчок.

Бяжыць Анэтка і не чуе,

Усё далей, далей, наўцёк.

 

— Спыніся, дзетанька, спыніся!

Фашыст не мчыцца за табой.

Дагнала ледзь яе Людвіся

Ў даліне, пад старой вярбой.

 

Кроў сочыцца з смяротнай раны,

Дрыжыць Анэтка, як лісток,

З галінкі ветрам адарваны.

— Хачу схавацца у лясок.

 

Там злая смерць з касой не ходзіць.

Не зловіць там фашыст мяне.

— Мая дачушка, плакаць годзе,

Ўсё гэта хутка праміне.

 

— Няўжо мая са мною мама? —

Галоўка хіліцца набок.—

Ой-ой! Ой-ой! Якая яма!

І жоўценькі які пясок! —

 

Разніме, ўзніме ручкі-крылы.

— Во-во!.. Ізноў страляе ён.

І вочы вейкамі прыкрыла,

І забыццё прыйшло, як сон.

 

Нясе Людвіся ў дом Анэтку,

Як матка, туліць да грудзей.

— Спачні, спачні, мая ты дзетка,

Не зловіць болей ліхадзей.

 

Вярба над рэчкай нізка гнецца,

Як матка над дзяцьмі ў бядзе,

І калыханка з болем льецца,

І радасць да людзей не йдзе.

 

— Мама, мама, абнімі

І любі мяне, любі!

— Дзетанька мая, засні,

Люлі-люленькі-люлі.

 

— Мама, во ён, прагані

І Анэтку прыгарні!

— Дзетанька мая, засні,

Люлі-люленькі-люлі.

 

— Мама, слёзы, плач спыні,

Хай смяюцца на зямлі!

— Дзетанька, засні, засні,

Люлі-люленькі-люлі.

 

Анэтка ноч усю навылет

Гарэла ўся, як у агні,

Крычала: — Кроў не выпіў, выліў.

Прасіла: — Браціка вярні!

 

Дзе мама?.. Дзе мой брацік?..

Няма... Крывавая зямля...

Пара дахаты нам збірацца...

Устань жа, мамачка мая!..

 

Людвісю моцна абнімае.

Цалуе і гарыць уся.

— Няўжо... мая са мною мама?..

І не сіротка сёння я...

 

4

Усё, што мелі, адабралі,

З вадой нядоля не сплыла.

Людвіся паглядала ў далі

І вельмі ўзрушанай была.

 

Дзьмуў сівер золкі і калючы,

Што прабіраў аж да касцей.

Данёсся лямант, крык балючы

І паўтарацца стаў часцей.

 

Ад болю войкалі, стагналі,

Не выйшлі родныя сустрэць.

Эсэсаўцы іх, бедных, гналі

У лагер смерці Трасцянец.

 

Ішлі — і з Гамбурга, і з Кёльна —

Касцямі на кастры датлець.

Глядзяць журботна, безнадзейна

На лагер смерці Трасцянец.

 

«Казалі нам: не лагер там,

А дачы і высокі бор...»

Няма, не бачаць, горка плачуць

І шлюць фашыстам свой дакор:

 

«Мы ўсе, усе таўрованы,

Без прозвішч, нумарныя людзі.

Знясілены і змораны,

І нашы рукі, нашы грудзі

Таўрованы, таўрованы.

 

Палаюць крэматорыі,

Чакаюць нас яны уночы.

Мы кленчым перад зорамі,

І слепнуць нашы вочы:

Палаюць крэматорыі».

 

Бязлітасна усіх тут знішчаць.

Які цяжкі, жахлівы лёс!

Мяцеліца мяце і свішча,

Хоць вока выкаль, мутна скрозь.

 

«Няхай мяцеліца прыкрые,

Не хочу кроўю ацякаць.

Ўзніміце, маладыя крылы!

Адзін ратунак — уцякаць.

 

Я жыць хачу, ўзнімаць павекі,

Гатова ўсё зрабіць з сабой»,—

Падумала вось так Равека

І знікла ў гурбу, за вярбой.

 

Яе не знюхалі аўчаркі,

І паўз яе прайшоў канвой...

Плылі і адплывалі хмаркі,

І шум вярбы над галавой.

 

Варушыцца сумёт глыбокі,

Равека разграбае снег...

— О, беларускі край далёкі,

Няўжо ўсё праўда, а не ў сне?

 

Смяяцца з радасці ці з гора?..

Бягу, бягу сустрэць свой лёс.

Бяжыць ад млына на узгорак,

Дзе, ёй здалося, кліча хтось.

 

Як снег скрыпіць, яна не чуе,

Не чуе пад сабою ног.

«Ў каго я сёння заначую

І чый пераступлю парог?»

 

Падбегла. Хатка. Ў хатцы ціха.

Баіцца стукнуць у акно.

— А можа, тут прачнецца ліха

І схопіць зноў мяне яно?

 

Да шыбы вуха прысланяе:

«Паўслова хоць бы улавіць».

Ад голаду ў бакі сланяе...

«Здаецца, ў хатцы хтось не спіць?»

 

Пастукала ледзь-ледзь у дзверы.

Азваўся голас ёй: — Хто там?

Як хочацца і жыць і верыць!

— Ўпусціце, раскажу ўсё вам.

 

Людвіся адчыняе дзверы;

Равека ў хату з ёй ідзе.

Ў Равекі твар бялей паперы.

«Няўжо у добрых я людзей?»

 

Паклон да ног кладзе Людвісі

І просіць: — Дайце мне папіць.

Слязамі вочы наліліся:

— Мой знак-таўро, яго не змыць.

 

— Таўро на целе маладосці,

Каб смерць са свету вас звяла...

Людвіся абнімае госцю

І просіць сесці да стала.

 

— Свае вы падмацуйце сілы,

А потым рушыце далей.

Равека трошкі закусіла,

На сэрцы стала весялей.

 

— А зараз і пара ў дарогу.

— Якраз і спадарожнік ёсць,—

І Стась смяецца з-за парога.

— Заходзь, заходзь, жаданы госць!

 

Знаёмся з новаю сяброўкай.

Сяброўцы цісне Стась руку.

— Я чуў усё з свае каморкі...

Хутчэй!.. Пара нам за раку!..

 

— Гатова я, і сэрцам згодна.

— Хутчэй, хутчэй! Бяжым, бяжым!..

— Мне Беларусь хай будзе роднай,

І лес не будзе хай чужым!

 

Як сёстры, моцна абняліся,

І пацалунак лёг на твар,

І пажадала ёй Людвіся

Аддаць змаганню сэрца жар.

 

Равека просіць прабачэння...

— Які сягоння добры дзень.

— Шчасліва вам!.. Да пабачэння!

І зніклі постаці людзей.

 

 

* * *

— Няма! — крычалі на паверцы.—

— Уцёк 109005!

— Яшчэ, яшчэ й яшчэ праверце!

— Усіх падняць! На смерць сагнаць!

 

І лаянка, і крык, і сварка,

І бегатня, і калатня;

І паліцаі, і аўчаркі,

І ўся фашысцкая гання

Нідзе не знюхалі Равекі,

І след яе прастыў даўно.

А гэтым часам Стась з Равекай

Дайшлі, сваіх знайшлі ў бары.

«Як добра быць зноў чалавекам,

Мае вы родныя сябры!»

 

5

Людвіся выйшла на падворак

І песню заспявала з гора:

 

«Ночанька цёмная, цёмная;

Рэчанька горкіх слёз поўная.

Слёзы і гора народнае

Выплесні, рэчанька родная,

Выплесні хваляй сцюдзёнаю

Ў ночаньку цёмную, цёмную.

Зоранькі хмаркай прыкрыліся;

Людзі ў бядзе не скарыліся.

Сокалы-ветры крылатыя

Б’юцца з навалай праклятаю;

Вернецца ўсё, што утрачана,—

Вер, маё сэрца гарачае!

 

Сонца узыдзе прыгожае,

Цемра адхлыне варожая,

Церні завянуць калючыя,

Раны загоім балючыя.

Вер, маё сэрца гарачае,—

Вернецца ўсё, што утрачана!»

 

 

* * *

Людвісю хмурым майскім ранкам

Наведаў хцівы Яська Смык.

Ён за сабою бразнуў клямкай,

Бо так заходзіць ў дом прывык.

 

Як госць, няпрошаны, ліслівы,

Ён на Людвісю ўсё глядзіць,

Маўчыць і палыкае сліну.

— Як мне і чым ёй дагадзіць?

 

Аберагаў я вас, Людвіся,

Мо больш, як самаго сябе,

Каб не забралі, засталіся

Не для людзей, а для мяне.

 

Кажу так вам і ў вашым доме.

— Дарэмна гэтулькі клапот.

— Мне добра... добра ўсё вядома...

І выступіў у Яські пот,

 

І сорам лёг на хцівым твары;

Не па сабе, не ўзняць вачэй.

— Я вамі жыў і штодзень марыў,

Каб мне дасталіся хутчэй.

 

У сне вас называў я любай,

Жадаў, каб вы былі маёй.

Хачу ў сукенцы белай, шлюбнай

Вас бачыць і назваць сваёй.

 

— Цярпець не ў моцы больш! Даволі!

І паказала на парог.—

Тваёй не буду я ніколі!

Атруты горш мне твой пірог.

 

— Не хочаш ты са мной да шлюбу,

То пойдзеш без мяне на смерць.

Там назавеш сваіх ты любых

І выйдзеш іх слязьмі сустрэць.

 

— Маёй ты беларускай хаты

Ганебным словам не пагань!

На гэтым скончыліся сваты,

І Яська Смык пайшоў, як здань.

 

 

* * *

Ўжо адыходзіў месяц чэрвень,

І не спявалі салаўі.

— Яе на вугаль, попел счэрнім,

Не дачакаецца сваіх.

 

Так абяцалі Яську Смыку,

Ён верыў ім і нат быў рад:

— Не будзе больш на Яську сыкаць

І абзываць: агідны гад.

 

З-за рэчкі, ад пахілых лоз,

Даносіў вецер подых горкі.

Эсэсаўскі канвой падпоўз

І хату ачапіў на ўзгорку.

 

Людвісю людаеды згрэблі,

На смерць вядуць, яна ідзе

Пад вербамі, па вузкай грэблі,

Дзе азярцо, як майскі дзень.

 

Не чуе пад нагамі сцежкі...

Насустрач — ноч цяжкіх пакут.

Звярнулі ўлева, праз алешнік

Вядуць у Галіноўскі кут.

 

Там печы пекла пазяхаюць,

У жэрлы іх людзей жывых

Штурхаюць. Печы іх глытаюць...

«Вам стогнаў не пачуць маіх.

 

У вочы смела плюну смерці,—

Няхай агонь жыцця гарыць...»

— Вы слову нашаму паверце,—

Гаворыць ёй лісліва Фрыц.—

 

Пакой утульны і асобны

Падрыхтавалі мы для вас.

Павінны быць на ўсё вы згодны

У гэты ненадзейны час.

 

Вас просім гэтак мы лагодна,

І зразумейце толькі нас.

Адно скажыце слова: згодна,

І мы адступімся ад вас.

 

Ні слова, ні паўслова Люда,

І слёз ніяк не праглыне.

Пасля: — Ўсё ваша мне не люба.

Не зневажайце больш мяне!

 

Вядзіце ў лагер маладую,

На смерць вядзіце, не на шлюб.

Іду! Сябе я не шкадую.

І здраднік Яська мне не люб.

 

Сачыў за мной і дні і ночы

І адбіраў жыццё ў людзей,

На ўсіх кідаў свой позірк воўчы,

А мне у вочы не глядзеў.

 

Уніз іх апушчаў, як злодзей,

Які украў краіны лёс

І ворагу яго прадаў

За поўны кубак горкіх слёз.

 

— Шмат гневу, безнадзейнай веры.

Ідзі туды, дзе не крычаць.

І рыпнулі і грымнулі

Ў мяшок каменны дзверы.

— Да смерці будзеш там маўчаць.

 

 

* * *

Людвіся, родная Людвіся,

Які цябе чакае лёс?

На ўзгорак выйдзі, падзівіся,

Як слёзы сыплюцца з бяроз.

 

Наўзрыд я плачу разам з імі...

Як мне уратаваць цябе,

Каб ты ўсміхалася Радзіме,

Як сонца ў полі на сяўбе?

 

Над борам, зорка, узніміся,

Прайду Трасцянкаю уброд;

Гукні, адклікніся, Людвіся,

Я раскушу калючы дрот

 

І выведу з-за крат няволі.

З дарогі прэч прагонім смерць,

І зорку раннюю над полем

З Людвісяй выйду я сустрэць.

 

Не пацалуе здрада ў губы,

Ад сполаху не будзем млець.

Ратунак знайдзема ад згубы,—

Такіх, як ты, баіцца смерць.

 

 

6

Людвіся — у мяшку каменным

І без яды, і без вады...

І ўсё ж высокія імкненні

Не гаслі ў сэрцы маладым.

 

Прыйшла жахлівая нядзеля,

Людвісю вывелі з мяшка.

Наручнікаў ёй не надзелі:

Кат не знайшоў, хоць і шукаў.

 

Дубінкай ёмкай аглушыў,

І шыю ланцугом здушыў.

Яна хіснулася, упала,

І ледзь ужо на ногі ўстала.

 

 

* * *

Набояў поўныя абоймы,

Аўчарак цэлая гання;

Пад азярцо, у сырабойню,

Людзей на смерць канвой зганяў.

 

Вядуць знябытых з Галінова —

Датлець касцямі на агні.

Людвіся аддае паклоны

Знаёмым вербам, як радні.

 

Схіляецца над азярцом —

Слязу з лістоў апаласнуць.

«Хачу перад сваім канцом

Пад цёмнай хваляй палыснуць».

 

Прыйшлі ўспаміны дарагія...

Ў ваду кідаецца нырцом.

За ёй памкнуліся другія...

Ратуй Людвісю, азярцо!

 

Ўздагон застракаталі кулі,

Аўчаркі рваліся, плылі;

У сырабойні людзі чулі,

А вырвацца на волю не маглі.

 

Плыве Людвіся пад вадою,

Грабе рукамі жоўты жвір.

«Праб’юся да кустоў сюдою,

А там — схавае цёмны вір.

 

За ім, далей, чарот і явар,

Там я пасцель і пасцялю.

Хай мара стане светлай явай,

Жыццё я так люблю, люблю!»

 

Адхлынула за ёй пагоня,

І кулі не стракочуць больш.

«Няўжо ўратуюся сягоння?

А заўтра будзе лепш, не горш».

 

 

* * *

Бензінны лівень з бочак хлынуў;

Знясіленых сваіх дзяцей

Тулілі маткі да грудзей,

І ў сырабойні праз хвіліну

Глытала полымя людзей.

 

Шыбае полымя угору,

І чорны дым над Трасцянцом,

І далей плыў ужо над борам,

Заслаўшы горам азярцо.

 

Агонь людзей сланяў, штурхаў

І распасцёр над імі крылы,

І з крокваў рухнула страха

І ўсіх прыціснула, прыкрыла.

 

Ад жаху зварухнуўся прысак,

Шкілеты з-пад яго ўстаюць,

Ідуць іх цьмяныя абрысы

І на руках дзяцей нясуць.

 

 

* * *

Людвісю ахапіла скруха:

Халодны пот умыў чало,

Рукой, нагою цяжка рухаць,

І цела зябнуць пачало.

 

«Каб мне хоць крышачку сагрэцца,

Не адубець, зубоў не сцяць.

О, трапяткое маё сэрца,

Вярні надзею да жыцця!

 

Мой сокал, ясны і крылаты,

Ляці, устаць я не магу...

Няўжо, няўжо грымяць гарматы

І набліжаецца іх гул?»

 

Людвісю гэты гул узрушыў,

І пульс затрапятаў жыццём.

«Устаць сябе я ўсё ж прымушу,

На бераг выйду азярцом.

 

Чарот і явар, расступіся,

І, хваля, вынесі мяне».

На бераг выплыла Людвіся,—

Усё нядобрае міне.

 

Ідзе знябытая дахаты,

Ступае ўсё смялей, смялей.

Бягуць савецкія салдаты,

І на душы святлей, цяплей.

 

На захад вораг уцякае,

Усе шляхі крывёй заліў.

Пагібель ворага чакае

На ўласнай на яго зямлі.

 

Трасцянка светлай хваляй льецца

Не зачарпне слёз горкіх коўш.

Гады ліхога ліхалецця

Не вернуцца ніколі больш.

 

 

* * *

Палалі сэрцы соцень тысяч

На страшным вогнішчы вайны.

Хацеў я з сэрцаў іскры высеч,

Каб не пагаслі век яны.

 

Красавік, 1959 г.

 


красавік 1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Пушча Я. Збор твораў. У 2 т. Т. 2. Вершы. Паэмы. Пераклады. Крытычныя артыкулы 1930-1963.- Мн.: Маст. літ., 1994.-462 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан