epub
 
падключыць
слоўнікі

Язэп Пушча

Вершы

1930
  ДАЧУШКАМ ГАЛІ І ЛЯЛІ. КОЦІК — ВУСАТЫ РОЦІК І МЫШКА-СТРЫЖКА
  ЛІСТ ДА ГАЛІ І ЛЯЛІ
  ЛІСТ ДА ДАЧУШАК
1931
  * * *
  НА СВЕЦЕ БОЛЬ І СМУТАК ЁСЦЬ
  ДАЧУШЦЫ ГАЛІ
  ЛІСТ ПЕРШЫ
1932
  ЛІСТ ДРУГІ
  ДЗЕ ТЫ, ЗОРКА?
  НА ЭТАПЕ
  ПАЎНОЧНАЯ ТАЙГА ШУМІЦЬ
  ПЯСНЯР ЗА КРАТАМІ СЯДЗЕЎ
1933
  ДЗЕКАБРЫСТАМ
1934
  МОЙ ЯСНЫ СОКАЛ!..
  СУРОВЫ ЛЁС
  ЯК Я ЦЯБЕ ЛЮБІЎ!
1935
  ШУМІ, УРАЛЬСКАЯ ТАЙГА
  АНАПСКІЯ НАСТРОІ
1936
  АВІДЗІЙ
  АДАМУ МІЦКЕВІЧУ
    1
    2
  БАЙРАНУ
1942
  ВОСЕНЬ
  ГОНЯЦЬ У НЯВОЛЮ
  ДАМОКЛАЎ МЕЧ
  ПЛАЧ СІРОТАК
  ЯНКУ КУПАЛУ
1943
  ВОЛАТЫ
  ЗАЛАТЫ СТРУМЕНЬ
  МОЙ САКОЛІК ЯСНЫ
  МОЙ ТЫ РОДНЫ, МОЙ СЫНОК
1944
  КУКАВАЛА ЗЯЗЮЛЯ
1947
  ЗЯМЕЛЬКІ ТРЫ ЖМЕНЬКІ
  З РУІНАЎ МІНСК ПАРАНЕНЫ ЎСТАЕ
  ІДУ І ПАДАЮ ПАД КРЫЖАМ
1952
  У КІСЛАВОДСКУ
  РАСІІ СЛАВА
  ЖАДАННЕ
  КОЦІЦЦА ПА ТВАРЫ ДЫ СЛЯЗА ГАРАЧАЯ
  НЕ ЗАБЛУДЗІЎСЯ Я Ў ЦЁМНЫМ ЛЕСЕ
  А. М. РАДЗІШЧАВУ
  СЫНУ
1953
  ПРАСТОРЫ, ПЕСНІ РОДНЫЯ
  СМЕРЦЬ ТЫРАНА
  ХТО СКАЗАЎ?
1954
  Я — НЕ ГАРАЦЫЙ
1955
  ПАЖАР ПАЛАЕ
  ВЫЙДУ, ГЛЯНУ...
  КІПАРЫСЫ
  МОРА
  НА ЎЗМОР’І
  СВЕТЛЫЯ РАДКІ
1956
  У МІНСКУ
  ВУЧНІ
  ГРОМ ВЯСНОВЫ ПРАГРЫМЕЎ
  * * *
  ДЗЕСЯЦІКЛАСНІКІ
    І
    II
  ЯК ХАДЗІЛІ ПА РАДЗІМЕ
    1
    2
    3
    4
  ДЗЕНЬ ДОБРЫ, МІНСК!
  З НАРОДАМ Я
  КАНЦЭРТ
  КРЫНІЦА
  ПАЭЗІЯ МАЯ
  САЛАВЕЙ
  УРАДЖАЙ
  Я ДАКРАНАЮСЯ ДУШОЙ ДА СТРУН
  РЭКВІЕМ
  «РЭКВІЕМ» СПАЗНІЎСЯ
  СЦЯГІ МЫ НЕСЛІ
  ВОСЕНЬ
  СОНЦА
  БЯРУ У РУКІ ЛІРУ...
  ПАД РОДНЫМ НЕБАМ
  ПАД НОВЫ ГОД
  ПАД НОВЫ ГОД
  І, ПЕСНЯ, У СЭРЦЫ НЕ МАЎЧЫ
  * * *
  ІМЧЫ!..
  КРАСУЙЦЕ ВЕЧНА, КІПАРЫСЫ
    * * *
  КУРАНТЫ Б’ЮЦЬ
  НА СОНЕЧНАЙ ЗЯМЛІ
  НАСТАЎНІК
  * * *
  ПРЫЛЯЦЕЛІ ШПАКІ
  СТУДЭНТЫ
  СПОВЕДЗЬ
  * * *
  ЧАЙКІ КЛІЧУЦЬ
  ЯШЧЭ Ў ЮНАЦКІЯ ГАДЫ
1957
  РАВЕСНІКАМ
  БУДАЎНІК
  РАСІІ
  ДАНТЭ АЛІГ’ЕРЫ
  КАСТРЫЧНІК
  РАСХРЫСТАЎ СЭРЦА І ДУШУ...
  ПЕСНЯ ПЕСЕНЬ
    * * *
    * * *
  СЯРГЕЮ ЯСЕНІНУ
  ВЯСНА
  ЛЕТА
  ЛЮБЛЮ
  У.Д.
  СОРАК ЗОРАК
  ФАНТАНЫ
  А.Я.
  * * *
  ЯНУ РАЙНІСУ
  У ШКОЛЕ
  НАВАГОДНІ ЛІСТ ДА СЯБРОЎ.
  ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ
  БУДУ ЖЫЦЬ
  БЯЖЫЦЬ РАКА
  ВІНО ПАЭЗІІ
  ВОСЕНЬ
  ГАДЫ ІДУЦЬ
  ДЗЕНЬ ДОБРЫ!
  * * *
  ЗАЛАТАЯ ВОСЕНЬ
  ЗАШУМІ, ЗЯЛЁНЫ!
  ЗОСЬКА І АНТОСІК
  КРЫТЫКУ
  НА УСХОДЗЕ СОНЦА
  ПАЛЬМЫ СЛАВЫ
  ПЕРАД АПАЛОНАМ
  ПЕРШАКЛАСНІЦЫ
  ПЕСНЯ ЛЕТА
  * * *
  УКЛЕНЧЫ, СЭРЦА, НА ПЯСОК
  ХЛОПЧЫК, ЯК ВЯСЁЛКА
  ШКОЛЬНЫ ЗВАНОК
  ШПАКІ
  ШЧОДРАЕ ЛЕТА
1958
  * * *
  ДЗЕНЬ ДОБРЫ, РАДЗІМА!
  МАЯК ЖЫЦЦЯ
  * * *
  ПРЫПАЎ Я ДА КРЫНІЦЫ
  ШЭФЫ
    1
    2
    3
    4
    5
    * * *
  * * *
  ПЕСНІ СЭРЦА
    1
    2
    3
  ЗОРКА САВЕТАЎ
  ГАСПАДАР-НАРОД
    * * *
    * * *
    * * *
    * * *
  СЛАЎСЯ, РАДЗІМА
  БЯСЕДНАЯ
  СВЯТА
  ЮНАЦТВА
  АДВІТАННЕ
  ДВОЙЧЫ ДВА — ЧАТЫРЫ
  ЗІМА
  * * *
1959
  УСМІХАЕЦЦА ВЯСНА
  * * *
  НА ВОЗЕРЫ
  ЯК ДОБРА!
  А Ў БАРЫ, БАРЫ САСОНКІ
  ВЕРУ І ВЕРЦЕ
  ВІШАНЬКА
  ВОСЕНЬ ЖЫТА СЕЕ
  ЖУРАВІНКА, ЖУРАВІНКА
  КУРЛЫ, КУРЛЫ
  НА БАЛОЦЕ
    1
    2
  У ДАРОЗЕ
  З ДОБРЫМ РАНКАМ, ДЗЕЦІ
  НАСТАЎНІЦА
  У ЧААДАЕВЕ
    1
    2
  МІНСК
  ПЕСНЯ
  УСПАМІНЫ
1960
  НА МІНСКІМ ЗАВОДЗЕ АЎТАМАТЫЧНЫХ ЛІНІЙ
  ЛЕНІН
  ЖАР-ПТУШКА
  ВЯСНА
  НА МІНСКІМ ВОЗЕРЫ
  ХМУРЫНКА СМУТКУ
  БЕЛАВЕЖА
  ПАЧАТАК ЛЕГЕНДЫ
  СВІЦЯЗЬ
  У НАВАГРУДКУ
  КУРГАН БЯССМЕРЦЯ
  У ШЧОРСАХ
  ВАЛУНЫ
  СВЕТЛЫ НЁМАН-ЧАРАДЗЕЙ
  СЁСТРЫ
  НА БЕРАЗЕ ГАДОЎ
  КРАСУЙ, ЖЫВІ!
  ЛІСТ ДА ЧЫТАЧА Ў СУВЯЗІ З ВЫХАДАМ ЗБОРНІКА «ВЕРШЫ І ПАЭМЫ»
  НЕАДАСЛАНЫЯ ЛІСТЫ
1961
  ЧАРАДЗЕЙ ВЯЛІКІ
  МУЗЫКА ВЯСНЫ
  ГІМН СЛАВЫ
  ПАЭТЫ — СУМЛЕННЕ НАРОДА
  НА РАДЗІМЕ ТАК ПРЫГОЖА
  ТЫ — ЯК ПЕСНЯ ТАЯ
  БУДУЕМ
  ЖЫТНІ КОЛАС
  РАНА СОНЕЙКА УСТАЛА
  ГРОДНА
  ДАРОГІ ЮНАЦТВА, ШЛЯХІ МАЛАДОСЦІ
    * * *
  ЗАСЯВАЮ ПОЛЕ ЧЫСТЫМ ЗЕРНЕМ
  КРЫТЫКАМ
  НА ЗЯМЛІ ЛІТОЎСКАЙ
  НЕ ЛЕЗ ПІШЧОМ Я НА ПАРНАС
  СТАЛЕЕ ПЕСНЯ ГОД АД ГОДУ
  УПРОЧКІ ПЕСНЯ НЕ ЗБЯЖЫЦЬ
  ЯШЧЭ Ў ВЯЛІКІМ Я ДАЎГУ
1962
  ЗА ЎСЕ, ЗА ЎСЕ ВАМ ДЗЯКУЙ
  ПРЫЙШЛА ПАРА — ПАСВАТАЛІ
    * * *
  ЛЮБЛЮ
  АДЦВІТАЕ Ў САДЗЕ РУЖА
  ХВІЛІНЫ УРАЧЫСТЫЯ
  НА САЛАЎІНЫ ЛАД
  ОЙ ВЫ, ТРАВЫ, ТРАВЫ-МУРАГІ
  НА ХАРАСТВО НЕ НАДЗІВІЦЦА
  ХАЧУ СПЯВАЦЬ, А НЕ МАЛІЦЦА
  КАЛЕНДАРА Я НЕ ГАРТАЮ
  НА ДАРОГАХ БЕЛАРУСІ
  НАВАГОДНЯЕ ВІНО
  ХАРАСТВОМ ЗЯМЛІ ЛЮБУЮСЯ
  ПАЭТ І САЛАЎІ
  НА СВІСЛАЧЫ
  РАДЗІМА
  СКАЗАЛА ПАРТЫЯ НАРОДУ ПРАЎДУ
  * * *
  ПОПЛЕЧ ПУШКІН І КУПАЛА
  ЗНОЎ СЛУХАЮ ГОМАН
  СЯЎБА
  ДОБРЫ ВЕЧАР, МІНСК ВЯЧЭРНІ
  ДУША ПЯСНЯРСКАЯ ГАРЫЦЬ
    * * *
    * * *
    * * *
  У. Д — КУ
  ДА ТВАІХ ЖЫВЫХ КРЫНІЦ-ГРУДЗЕЙ
  ЯНА, ЯК СОНЕЙКА Ў КРЫШТАЛЕ
  СТАЛІЧНЫ РАНАК
  ЕЛАЧКА
  ІЗНОЎ У КВЕЦЕНІ САДЫ
  НЕ РАЗНЯЦЬ РУК БРАТНІХ
1963
  НАСТАЎНІКАМ ЧААДАЕЎСКАЙ ШКОЛЫ
  У СОНЕЧНЫ ЗІМОВЫ ПОЎДЗЕНЬ
  БЛАКІТНАЕ МОРА
  ДЗЕНЬ ДОБРЫ!
Вершы невядомых гадоў
  ЛЮБІЦЬ МЫ І ТАДЫ УМЕЛІ
  * * *
  * * *
  МУЗЫКА І ТАНЦЫ
  АПЯКУН
  ГРОМ ПЕРШЫ ГУКАЕ
  * * *
  У ЁЛАЧКІ-ІГОЛАЧКІ
  БРЭСТ
    I
    II
  * * *
Экспромты
  * * *
  СМЯРТЭЛЬНЫ ГРЭХ
  * * *
  * * *
  * * *
  АХВОТНА І ВЕСЕЛА
  ЦІ БАЧЫЎ ХТО З ВАС?
  КЛЕНІК
  * * *
  ПАВАЖАНЫ СТАНІСЛАЎ ПЯТРОВІЧ І КАЦЯРЫНА...!
  * * *
  * * *
  * * *
  ГЕОРГІЮ ЗМІТРАВІЧУ ВЫЛЧАВУ
  ВІНШАВАННЕ
  Я ЖЫЦЬ ХАЧУ...
  КАЛІ ГАРАЦЬ ЗАРНІЦЫ
  * * *
  НАД РЭЧКАЮ ТАПОЛЯ МАЛАДАЯ
  * * *
  * * *
  СОНЕЙКА МАЁ, ДЗІВІСЯ
  ЦАЛУЙ І АБНІМАЙ
  КЛЁН ШУМІЦЬ НА ГОРЦЫ
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  КРЫТЫКАМ
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  ФАШЫЗМ
  СОН
  НАМЕСНІКУ ГАЛОЎНАГА РЭДАКТАРА
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  ПЛАЧ
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  МАЙ І САЛАВЕЙ
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  ПРЫВІТАННЕ
  * * *
  * * *
  * * *
  МІКОЛЕ ХВЕДАРОВІЧУ
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *
  * * *


 

 

1930

 

ДАЧУШКАМ ГАЛІ І ЛЯЛІ. КОЦІК — ВУСАТЫ РОЦІК І МЫШКА-СТРЫЖКА

Мышка

 

Дзе ты, коця-коцік,

Мой вусаты роцік?

 

Коцік

 

Тут я, мыю лыжкі,

Мая мышка-стрыжка.

 

Мышка

 

Коцік, хутка ночка;

Дзеткі плюшчаць вочкі.

Ім пара ўжо спаткі,

Мой ты коцік гадкі.

 

Коцік скокі-ўбокі

Праз парог высокі

І бяжыць да мышкі —

Гэтай шэрай стрыжкі.

 

Мышка

 

Ну, каток мой жвавы,

Скакунок вяртлявы,

Глянь, цябе чакае

Твая дзетка Галя;

Адвітайся лапкай

І кладзі ўжо спаткі.

 

Коцік

 

Добра, мышка, добра,

Хвосціка не горбі.

Я Галюнцы любай

Прапяю, што любіць.

(Спявае.)

Не застудзіць ветрык

Вачанятак сонных;

У Галюні-дзеткі

Я за тату сёння.

 

Мя-у, мя-у, мя-я...

Дзетанька мая!

 

Твой харошы тата

Казачку напіша.

Коцік я вусаты —

Не баюся мышак.

 

Му-ур, му-ур, му-ур...

Вочанькі зажмур!

 

Лапкамі-рукамі

Я накрыю вушка.

Татачкі чакае

Галенька-дачушка.

 

Мя-аў, мя-аў, мя-я...

Дзетанька мая!

 

Мышка

 

А я дзетку Лялю

Люлі залюляю.

Песеньку я знаю

І ёй зараз збаю.

 

(Спявае)

Я дурэю трошкі,

Хвосцікам ківаю.

І ў Лялюні-крошкі

Мамаю бываю.

Ці-пі, ці-пі, ці-піць...

Ляленька хай спіць!

 

Хай каток не маніць;

Што ён мышку зловіць,

А Лялюня маму

Ножкамі дагоніць.

 

Ці-ні, ці-ні, ці-ні...

Дзетанька, засні!

 

Дзетку залюляе

Мышка шэрай лапкай.

Будзе мама з Ляляй

Разам жыць і спаткі.

 

Ці-пі, ці-пі, ці-піць...

Ляленька хай спіць!

 

Марш, мой коцік, спаткі

На свае палаткі,

А я скокну ў норку,

Дзе не свеціць зорка.

Тата Язэп

Восень, 1930 г.

 

 

ЛІСТ ДА ГАЛІ І ЛЯЛІ

Каток гуляе,—

Саломку спрытна ловіць ён.

Да Галі, Лялі

Шле тата нізкі свой паклон.

 

Хай гуту-гушкі

Вам мама зробіць многа раз.

Мае дачушкі,

Цалуе тата моцна вас!

Ваш тата Язэп

1930 г.

 

 

ЛІСТ ДА ДАЧУШАК

Ў дачушак міленькіх

Есць мама і дзедзя;

Да любых маленькіх

І тата прыедзе.

З сабою пасадзіць:

Прытуліць, пахваліць,

Галоўкі пагладзіць;

І птушкі-пяюшкі

З лятуцца у хату.

Мае вы дачушкі,

Цалуе вас тата.

Тата Язэп

1930 г.

 

 

1931

 

* * *

Калі у Шадрынск, на Ісець,

Мяне прывезлі пад канвоем,

Я выйшаў сонейка сустрэць

І нізка пакланіўся хвоям.

Лагодна вецер зашумеў,

Цяплей на сэрцы стала мне.

Вядзі мяне, мой канваір,

Я сёння разаб’ю кайданы!

Закіну іх на цёмны вір,

Абмыю чыстай хваляй раны.

Абняўшы горача зямлю,

Аддам людзям любоў сваю.

Я — чалавек, людзям раўня,

І радасна смяюцца вочы:

Ужо без канваіра я,

І маю права вольна крочыць,

І маю права верыць, жыць,

І поўнай чарай сонца піць.

 

1931 г., ліпень.

 

 

НА СВЕЦЕ БОЛЬ І СМУТАК ЁСЦЬ

На свеце боль і смутак ёсць,

За мной снуюць між гэтых сцен.

Мяне пакінуў любы госць,

І мой прытулак апусцеў.

 

Я зноў застаўся сам з сабой

Зару вячэрнюю вітаць.

Мой госць, тваіх дзяцей з табой

У далях зорных не відаць.

 

Далёка сёння з імі ты,

За ўсхонамі Уральскіх гор.

Пішы, мой госць, пішы лісты

На водблісках вячэрніх зор.

 

Я расчытаю іх адсюль

І расцалую ласку слоў.

Паклон табе гарачы шлю,

Хоць сонца радасці зайшло.

 

Гараць тваіх вачэй агні

І асвятляюць зорам даль.

Мой пацалунак ты прымі

І родным дзеткам перадай.

 

10 верасня 1931 г.,

Шадрынск.

 

 

ДАЧУШЦЫ ГАЛІ

Дачуранька мая,

Прыйдзі да таткі ў сад!

Смяхотнага лісця

Навеяў лістапад.

 

Тут шалясціць лісцём

Вялізны жоўты клён.

Галюнечцы сваёй

Татуля буські шле.

 

Было у садзе так

І ў сёмы лістапад.

Крылом узвееў птах —

І быў татуля рад.

 

А мама ноч усю

Чакала гэты дзень,

Каб дзетаньку сваю

Туліць ёй да грудзей.

 

Пяшчотліва туліць

Ў пакоі тым пустым.

Пра гэта сад шуміць

І шалясцяць лісты.

 

Навеялі яны

Мне казку любых слоў.

І сонечнай вясны

Мне сонца узышло.

 

Дачуранька мая,

Прыйдзі ка мне, прыйдзі!

Вітаю сёння я

Шчаслівы дзень Радзін.

 

Сады здалёк шумяць,

І сцеле ліст зямлю.

Цалую моцна я

Галюнечку сваю.

Тата Язэп

Шадрынск, 23/Х-31 г.

 

 

ЛІСТ ПЕРШЫ

Даруйце мне маю віну:

Маўчаў я не адну вясну,

Нікому не пісаў лістоў,

Не варушыў старых пластоў,

Ні леташняй сухой травы.

Калі ляцелі журавы,

Душу кранала іх курлы,

Не аклікалі даль арлы.

Не раз яшчэ курлы кране

Да глыбіні душы мяне.

 

Не першы дзень і не другі

Вакол — суровы шум тайгі,

А недзе — паплавы, стагі...

Я чую, як струмень крыніц

Звініць у зараве зарніц.

Шырэй расходзяцца кругі,

Бліжэй Радзімы берагі.

 

Усё ж надыдзе добры час,

Сіл хопіць, даплыву да вас,

І прыпаду, і прытулю,

Як той Антэй сваю зямлю.

 

Як сын, цябе любіць умеў.

Узгадавала ты мяне,

Дала для песень голас свой:

І шум дубоў, і водар хвой,

І сонца, і блакіт нябёс,

І нат свайго народа лёс.

 

Ніколі у сваёй душы

Агню святога не тушу,

І не азябну з ім я век

На беразе сцюдзёных рэк.

 

Яшчэ такім не быў мой дзень

Ні ў радасці і ні ў бядзе,—

Са мной няма, каго люблю...

Не, гэты ліст не адашлю.

Надыдзе дзень яго жыцця,

Калі устане з забыцця.

 

Урал — Шадрынск, 1931 г.

 

 

1932

 

ЛІСТ ДРУГІ

Агорне часам сум душу,—

Жыву, марнею без красы.

Даўно лістоў я не пішу,

Усе растраціў адрасы.

 

Ніхто і не чакае іх:

Ні родныя і ні сябры.

Не ведаць ім пакут маіх,—

Не данясуць адсюль вятры.

 

Вакол суровая тайга,

Я слухаю нязвыклы шум.

Як злодзей, крадзецца туга

Ў маю знябытую душу.

 

І ўсё ж ёй не зваліць мяне,

Перанясу нягоды ўсе.

Мяне мой лёс не абміне,

Уцехі зорку прынясе.

 

Сустрэну родную сваю

І нізка пакланюся ёй.

Без песні цяжка салаўю,

Як без Радзімы мне сваёй.

 

Крылаты дружа-салавей,

У гай надрэчны прыляці

І смутак крыллямі развей

У маім нярадасным жыцці.

 

Ад гора можна пасівець.

Але не поўзаць... не маліць...

Плыве сцюдзёная Ісець.

А сэрца беднае смыліць:

 

— Скажы мне, рэчанька Ісець,

Ці доўга сэрцу так смылець?

Апаласні з яго ты боль

І з хвалямі пашлі ў Табол.

 

Я тут выгнаннік, а не госць,

І ўсё ж не трачу я надзей.

Народ усюды добры ёсць

І не пакіне у бядзе.

 

Хоць і знябыты я ушчэнт,

І у грудзях займае дух,

Усё ж я здолею яшчэ

Разбіць пачэплены ланцуг.

 

Хоць іскры сыплюцца з вачэй

І прытупіўся трохі плуг,

Усё ж знайду я сіл яшчэ,

Каб узараць дзірван за двух.

 

Адолею па схілу гор

Пяцігадовы шлях прайсці

І там, пад небам ясных зор

Свой скарб утрачаны знайсці.

 

А покуль што пішу лісты,

Ці прачытае толькі хто?

Плыве туман, плыве густы

І засцілае хараство.

 

Я веру: праяснее даль,

Над намі сонца будзе ззяць.

Гарачы сонечны крышталь

Не пабаюся ў рукі ўзяць.

 

І прыгарну, і прытулю,

Каб не азябла сэрца век,

І абніму сваю зямлю,

Як сын, паэт і чалавек.

 

1932 г.

 

 

ДЗЕ ТЫ, ЗОРКА?

Зорка ясная не свеціць,

На скале сасна шуміць,

Неспакойна на Ісеці —

Хваля вірная не спіць,

Ветру хвалі не спыніць.

 

Коціцца на ўсход, спявае:

— Што, саколе, што з табой?

Ой ты, хваля, мая хваля,

Падхапі мяне з сабой,

Плыць з табой хачу ў Табол.

 

Дай свае мне крылы-вёслы —

Пераплыць праз цёмны вір.

Кажуць: на табольскіх плёсах

Не акінуць вокам шыр

І прамыты, чысты жвір.

 

Паплыла, а я застаўся

Песняй зорку заклікаць.

Дзе ты, зорка? — не пытайся,

Трэба зорку адшукаць.

Сосны ласкава шумяць.

 

1932 г.

 

 

НА ЭТАПЕ

Знябыўся я душой

Ад болю, ад тугі,

Як па этапу йшоў

Ад Мінска да тайгі.

 

Бутыркі... каземат...

Турэмны змрочны двор.

Не бачыў я з-за крат

Ні сонца і ні зор.

 

Парашы млосны пах

Нутро маё труціў.

Этапны ўспомню шлях

Не раз я у жыцці.

 

Сталыпінскі вагон

Аж на Урал прывёз.

Там праз ваду, агонь

Са мной прайшоў мой лёс.

 

Хоць быў я малады,

А ў сэрцы пульс нямеў.

Прасіў глыток вады,

І не падалі мне.

 

Свярдлоўск, рака Міас

І залаты пясок.

Успомню я і вас,

І ваш пякучы сок.

 

 

Тут я цагліны клаў

У змрочныя муры

І вокны шкліў без шкла —

Праменнямі зары.

 

Ўначы сядаў за стол

І ўсё лісты пісаў,

І ўсё чакаў лістоў,

Але ніхто не слаў.

 

Плывец я без вясла,

Ці даплыву ў Ісець?

Трывога ўсё расла,

Пачаў туман сівець,

 

Расінкі нёс і трос

На стомлены сівец...

Мяне закінуў лёс

У Шадрынск, на Ісець.

 

Паэт, пішы, твары,

Заглушыць песня боль.

Хай хвалі і вятры

Нясуць спеў у Табол!

 

Шадрынск, 1932 г.

 

 

ПАЎНОЧНАЯ ТАЙГА ШУМІЦЬ

Паўночная тайга шуміць,

І хвошча сівер, дождж калючы.

Не чую гомана крыніц

На дзікай і самотнай кручы.

 

Не літасці прасіў Ян Гус,

Калі душу агню расхрыстаў,

І гэтак сёння беларус

На зорнай сцежцы дзекабрыстаў.

 

На поўнач праляцелі гусі,

На крылах — сонца Беларусі.

 

1932 г. Шадрынск.

 

 

ПЯСНЯР ЗА КРАТАМІ СЯДЗЕЎ

Пясняр за кратамі сядзеў

У змрочнай, зябкай адзіночцы.

Праз краты ўдаль ён не глядзеў,

Дзе колісь з ім спявалі хлопцы.

І дзень, і ноч без зор і сонца,

І гэтак штодзень і бясконца.

 

Дзесяты месяц ўжо ішоў,

Як мардаваўся у цямніцы:

Цярпеў і сэрцам, і душой,

Крапіўся і не падаў ніцам.

Не знаў спагады і патолі —

Дзесяты месяц у няволі.

 

Не веяў вецер з родных ніў,

Пужала ноч людзей астрогам...

Нікога ён не ачарніў,

Хто з ім ішоў адной дарогай,

Хто сілы аддаваў Айчыне

І падпіраў яе плячыма.

 

Марудна поўз, як слізень, час,

Кусаў і сэрца біў на раны...

Пытаўся, думаў ён не раз —

За што так цяжка пакараны?

За што ў цямніцы марна гіне,

Як слова у забытым гімне?

 

Няўжо за тое, што любіў

Народ свой і сваю Радзіму

І за здароўе родных піў

Бальзам у цяжкую гадзіну?

Ён ім, як сонцу напрадвесні,

Аддаў душу і радасць песні.

 

Вядуць на допыт зноў яго,

Ідзе знябыты, невясёлы.

Ў душы гарыць святы агонь,

І ў сэрцы палымнеюць словы:

«Іудам быць не змусіць следчы,

Не будзе подпіс здраду сведчыць!

 

Хай высмакча ўсю кроў павук,

А я не папрашу спагады;

Хай адранцвеюць пальцы рук,

Не падпішу ніколі здрады;

Хай анямеюць і калені,

А не прадам свайго сумлення!

 

Дазнаюцца сыны і ўнукі,

Як меч сціскалі мае рукі».

 

1932 г.

 

 

1933

 

 

ДЗЕКАБРЫСТАМ

Пакінуў шрам жандар і прыстаў,

Гісторыя варушыць боль.

Прайшла дарога дзекабрыстаў,

Дзе хвалямі шуміць Табол.

 

Гады насыпалі курганы,

З якіх відаць зямля уся.

Ляжаць разбітыя кайданы,

На сэрцах нашых не вісяць.

 

Пра вас табольцы склалі песні,

Не сціхла рэха іх, грыміць.

Над скаламі ваш сцяг у снежні

Палярнай зоркаю гарыць.

 

Гады ідуць, і песні славяць

І радасць вашу, і тугу.

Навекі захавала памяць

Суровы шлях ваш праз тайгу.

 

1933 г.

 

 

1934

 

МОЙ ЯСНЫ СОКАЛ!..

Мой сын, твае мужалі сілы,

Ішлі з табой мы да людзей:

Ты быў вясёлы, быў шчаслівы —

Юнацкай песні першы дзень!

 

Шчаслівы быў, як смех дзявочы,

Калі узбройваюць байца...

Зірні ты мне, зірні у вочы

І прытулі свайго айца.

 

Будзь ты маім айцоўскім сынам,—

Як і тады у дні вясны;

Цябе плашчом акрыю сінім

І шумам казачна-лясным.

 

Ўзляту з табой, мой ясны сокал,

Над краем любым, дарагім —

І гоманам сасён высокіх

Там праспяваем сонцу гімн.

 

Наземімся напіцца сокаў

З тваіх, зямля, крыніц-грудзей.

Ляцім, ляцім, мой ясны сокал,

Да сонца, зор і да людзей!

 

17/VI — 1934 г., Шадрынск.

 

 

СУРОВЫ ЛЁС

Суровы лёс, бывай здароў,

Ты светлых не прынёс гадзін:

І ні братоў, і ні сяброў,

Жыву у забыцці, адзін.

 

За што так пакараны я,—

Пытаюся ў цябе, жыццё?

Скажы і ты, мая зямля,

Які віхор атрос лісцё?

 

І ён мяне сарваў, як ліст,

І ўжо каторы носіць год.

Віхроў я чую дзікі свіст

І праклінаю іхні род.

 

Дзе, сонца яснае, твой дзень?

Калі ты ў госці прыйдзеш з ім?

Пашлі свой сонечны прамень,

Каб не было ў жыцці век зім.

 

Яго ў святліцу панясу,

Каб ён ніколі не пагас.

Я моцна веру у вясну,

Яна не абміне наш час.

 

1934 г., Шадрынск.

 

 

ЯК Я ЦЯБЕ ЛЮБІЎ!

Як я цябе любіў, мая Айчына!

Дзіцём піў малако з тваіх грудзей,

У глыбіню тваіх вачэй глядзеў,

І сёння ты стаіш перад вачыма.

 

Ішлі з табой у светлыя прасторы,

Спявалі песні сонечнай вясны,

Не гаслі, а яснелі нашы зоры,

Вясёлкі з сонцам ткалі паясы.

 

Не гас свяцільнік твой, агонь святы,

Пры ім пісаў я да цябе лісты.

 

1934 г., Шадрынск.

 

 

1935

 

ШУМІ, УРАЛЬСКАЯ ТАЙГА

Ляцяць высока журавы,

Шумяць іх крылы над тайгой;

Прынеслі подых баравы

Да гэтых светлых берагоў.

 

Не засціць ясных дзён смуга,

Жыве паэт і чалавек.

Шумі, уральская тайга,

Над кручамі азёр і рэк.

 

На схілах скал тваіх, Урал,

Дзе схован скарб магнітных руд,

Шукаў я страчаны крышталь

І самацветны ізумруд.

 

Штодзень шукаў і ўсё ж знайшоў,

Разведаў грэбні горных скал;

Не ўціхамірыўся душой —

І спеў красе цудоўнай склаў.

 

Не анямець, не адзвінець.

Здружыўся я навек з табой.

Мой беларускі спеў Ісець

На хвалях несла у Табол.

 

 

І нат над Обскаю губой

Суровы вецер не спыняў.

Ад песні той, што нёс Табол,

Цяплеў Паўночны акіян.

 

1935 г.

 

 

АНАПСКІЯ НАСТРОІ

Рукамі сплясні,

Вецер, на узгор’і.

Пад сонцам ясным,

На узмор’і,

Цэдзіць восень

Ў залатую просінь

Вінаградны сок.

 

Іду ўздоўж бухты пляжам.

Шуршыць пясок.

Ля ног часамі хваля ляжа,

«Дзень добры»,— скажа,

А часам поверх хваль нырне

Дэльфін,

Які прынёс з Афін

Легенду-песню Арыёна.

 

Цяпер, як і раней,

Для ўсіх і для мяне

Праменні сонца роніць

І абдае цяплом,

Як песня за сталом,

Калі сям’я пяснярская збярэцца,

Калі агонь святы гарыць

І спеў грыміць

У кожным сэрцы.

 

Марскі прыбой

Шуміць

І кліча ў даль вякоў.

Іду

Дарогаю бацькоў

І радасць за сабой

Вяду.

Яна са мной ідзе,

Як сонца да людзей.

 

Зайду у Джаматэ1:

Там вінаграднікі гараць,

Праменнямі іскрацца сокі.

Хачу на ліры

Заіграць

На свет увесь, раздольны і шырокі.

Лятуць у вырай

Журавы і дрофы

І кранаюць песень строфы.

 

Ой, зашумі, трысцё!

Які цудоўны, зорны вечар,

Як і маё жыццё

У сям’і вялікай чалавечай.

 

Заходзіць параход у порт —

Шчаслівая сустрэча:

Вінаградар Пётр

У госці запрашае

Піць віно каўшамі.

Я чую голас прывітальны,—

Над морам праляцелі гусі.

«Заходзь у сад,

Мой дружа дальні,

Вандроўнік з Беларусі.

Табе я вельмі рад,

Чакае нас такай,

З ім весялосць, паэт, спаткай.

З ім прыйдзе і натхненне

Вечарам асеннім;

Душа з ім не азябне,

Хоць ліст і ападае з яблынь,

Сагрэе кроў яно,

Гарачае віно».

 

Пад гоман хваль на моры

Гараць у небе зоры.

 

Кастрычнік, 1935 г.,

Анапа.

 

 

 

1 Джаматэ – вялікі вінаградарскі саўгас на ўзмор'і, недалёка ад Анапы.

1936

 

АВІДЗІЙ

Ой, рана, рана на Дунаі,

Пад дубам пад старым,

Паэт на ліры не іграе,

Не ўспамінае Рым.

Вісіць цяжкі замок,

На вуснах спеў замоўк.

 

Між хваль у даль плывуць паданні

Не сціхлі галасы:

Авідзій жыў тут у выгнанні,

Маліўся, галасіў.

У роспачы штодзень

У даль на Рым глядзеў.

 

Ніяк паэт не мог сагрэцца

І наракаў на лёс.

Жаллівы спеў яго ад сэрца

Дунай на хвалях нёс.

На поўдзень, дзе сябры

Спяваюць да зары.

 

Ўзываў да літасці тырана,

Маліў яго, прасіў:

«Ты загаі на сэрцы раны,

Я — рымлянін, твой сын.

Пачуй, тыран, пачуй!

Табе я адплачу».

 

Не умаліць слязой тырана,

Хоць колькі ні малі;

Заўсёды будзеш пакараны

На бацькаўскай зямлі,

Спагады не сустрэць,

Пакуль не прыйдзе смерць.

 

Глядзеў журботнымі вачыма

На поўдзень цёплы свой.

«Мая каханая Айчына,

З дзявочаю красой,

Ты голас мой пачуй,

Цябе абняць хачу!

 

У смутку сонца ў небе ясным

І кветкі на зямлі.

Маё жыццё паволі гасне,

Не ўбачыць мне сям’і.

Я высах, як таран.

Праклён табе, тыран!»

 

Не ўбачыў роднага ён дома,

Хоць і прасіў, маліў,

І косці склаў пад дубам Томы

На чужой зямлі.

Вятры адпелі славу

І слёзы ў Рым паслалі.

 

1936 г.

 

 

АДАМУ МІЦКЕВІЧУ

 

 

1

Я не на беразе самотнай Леты,

А на скалістым, ветраным узмор’і.

Чытаю ўголас «Крымскія санеты»,

Ўглядаюся у ясныя сузор’і.

 

На моры неўгамонных хваль усплёсы,

Узнепакоіў вецер белых чаек.

Я слухаю іх спеў рознагалосы

І ўсходу сонца на скале чакаю.

 

У радасным здзіўленні мае вочы.

Здаецца мне: Адам Міцкевіч крочыць,

Ўзыходзіць на скалу, як на Байдары.

 

Ідзе Адам Міцкевіч светлай явай.

Схіляюся перад пяснярскай славай:

Ты жыў на свеце і спяваў не дарам!

 

 

2

Які цудоўны дэсань

Над морам зоры ткуць!

З Анапы да Адэсы

Ў ноч караблі плывуць.

 

Мае за імі думы

Турбуюць даль вякоў;

Бялеюць толькі дзюны

Правеяных пяскоў.

 

Я чую мора голас,

Варушацца пяскі;

Адам Міцкевіч колісь

Тут слухаў гул марскі.

 

Цяплом душы сагрэты,

Пад зорамі стаяў

І песні ўсяму свету

Натхнёна ён спяваў:

 

«Народ, разбі кайданы,

Якія цар скаваў,

Каб вольным стаў падданы,

А цар навек сканаў».

 

Спявалі з ім і ветры,

Ў душы агонь палаў,

А ноч са скал Ай-Петры

Хмурынкаю плыла.

 

Абмыла скалаў грані

І ўпала на зямлю.

Пакуль у гавань рана

Заходзіць караблю.

 

Няхай ідзе у рэйсы

Мой карабель між хваль —

З Анапы да Адэсы

І ў сонечную даль.

 

1936 г.

 

 

 

БАЙРАНУ

Без песень салаўю

Не жыць ў зацішку рэк;

Брытанію сваю

Пакінуў ён навек.

 

Пагардлівы і горды,

Вянок да славы нёс.

«Не жыць, гібець між лордаў, —

Які жахлівы лёс!

 

Іграйце марш, музыкі,

З дарогі, лорды, прэч!»

Паэт-салдат вялікі

Узняў за волю меч.

 

З Балканаў веюць ветры,

Даносяць пах крыві.

«Хутчэй на поўдзень светлы,

Мой карабель, плыві!

 

Хай воля прыйдзе з боем

У сонечны ваш край.

Мая святая зброя,

Тыранаў пакарай!

 

Мужайцеся, спартанцы!

Гартуйце ў ноч мячы.

Да зброі, ў бой, паўстанцы,

Тыранам не ўцячы!

 

Сальюцца нашы рэкі.

Шумі, шумі, прыбой!

Ўставайце смела, грэкі,

З тыранамі на бой!»

 

1936 г.

 

 

1942

 

ВОСЕНЬ

Плача восень удавой,

Да людзей ідзе з бядой

І трасецца над вадой,

Плача над кустамі

Жоўтымі лістамі.

І плывуць ракой лісты,

Дзе навіс туман густы,

Ахінаючы кусты,

Над людской нядоляй.

Ой ты, доля, доля!

Колькі рос і горкіх слёз

Растрасаюць ветры скрозь.

Сыплюцца яны з бяроз

На узгоркі, долы

І на камень голы.

Не злічыць іх, не сабраць,

Ў небе зоркі не гараць,

І няма каму зайграць

Ў нашых родных хатах

Ў будны дзень і ў свята.

Не чуваць вясёлых слоў,

Апусцелі хаты сёл,

Сонейка даўно зайшло,

І цяплом не грэе,

І душа калее.

Плача восень удавой,

Да людзей ідзе з бядой

І трасецца над вадой,

Плача над кустамі

Жоўтымі лістамі.

 

1942 г.

 

 

ГОНЯЦЬ У НЯВОЛЮ

У няволю гналі,

Песень не спявалі,

Вусны ўсіх маўчалі.

Сумнымі вачамі

Часам паглядалі

На усход у далі —

Шчасця стуль чакалі.

 

«Ой вы, далі, далі,

Ведалі, каб зналі,

Як нам цяжка сёння!

На заходзе сонца

Вас чакаем, хлопцы,

На дарогу тую,

Месяц што вартуе.

Брат сястру ўратуе.

 

Мы чакаем, просім.

На траве не росы —

Нашы слёзы стынуць

Кроплямі густымі.

 

Ад радзімых гоняў

Нас на захад гоняць

Па цярністай сцежцы.

У фашысцкіх сенцах,

На крывавым ганку,

Замардуюць зранку.

 

Позна на змярканні,

Рана на світанні —

Стогны, катаванні,

Плач і скавытанні.

Ці ж нам запрапасці

Ад такой напасці?

Дзе ты, наша шчасце?

 

Беларусь-радзіма

Нас на свет радзіла.

Як цябе пакінем?

Дома на мякіне,

Без вады і солі

Дажылі б да волі.

 

Хлопцы, каля пушчы

Чарапы патрушце

Подлым канваірам

І прысыпце жвірам.

 

Хлопцы, меч гартуйце,

Родных уратуйце!»

Не яснелі зоркі.

Стогн і плач той горкі

 

Ў сэрцах нагасціўся,

Ў пушчу дакаціўся

І каціўся далей.

Партызаны ўсталі

І прысягу далі —

Выйсці на дарогу

Родным на падмогу.

 

1942 г.

 

 

ДАМОКЛАЎ МЕЧ

Вісіць на валаску цяжкі дамоклаў меч,

Здаецца, што сарвецца, голаў адсячэ.

А як жадаў, чакаў я радасных сустрэч

На беразе, дзе Свіслач светлая цячэ.

 

Дамоклаў меч фашызм на Беларусь прынёс.

І мачты шыбеніц узнёс аж да нябёс.

Іржавы і крывавы меч пужае нас,

Але адыдзе, праміне жахлівы час.

 

Не літасці у ворага маліць, прасіць,

Хоць і дамоклаў меч над галавой вісіць.

Лязом ён вострым шыі нам не ператне,

Яго мы пакладзём фашыстам на труне.

 

1942 г.

 

 

ПЛАЧ СІРОТАК

Брацік і сястрычка

Просяць у крынічкі:

 

«Напаі, крынічка,

Нас ты, невялічкіх.

 

Ночка. Дзень кароткі.

Сёння мы сіроткі.

 

Дзетак не прытуліць

Родная матуля.

 

Бацька не уцешыць,

Нас фашыст павесіць,

 

Як бацькоў павесіў

Дома, каля весніц.

 

Родная крынічка,

Напаі вадзічкай,

 

Дай нам моц і сілы,

Каб нас не скасілі».

 

Коцяцца слязінкі,

Хіляцца вярбінкі

 

Да сіротак бедных

У кашульках зрэбных.

 

Плачуць сенажаці.

О Радзіма-маці!

 

1942 г.

 

 

ЯНКУ КУПАЛУ

Сачылася жывая кроў з пяра,

І чара сэрца з песняю разбіты.

Не быў народ пры смерці песняра

І не прыкрыў яго вачэй знябытых.

 

У вечар той аклікнуў гром прасторы,

І рэкі паплылі народных слёз.

Нашчадкам не раскажа і гісторык,

Як смутак з горам ў нашы сэрцы поўз.

 

Ад жалю-скрухі людзі камянелі,

Схіляліся ў жалобе на калені

І клікалі радзіму Беларусь:

 

«Прыйдзі, згарні гарачых песень прысак,

Не згаслі ў ім, гараць Купалы рысы,

Ў крупінцы кожнай б’ецца сэрца пульс».

 

1942 г.

 

 

1943

 

ВОЛАТЫ

Паданне

 

Там, дзе водар грэчкі,

Там, дзе Прыпяць-рэчка

І славуты Тураў,

Жыў даўным-даўно

У сям’і адной

Волат наш Батура.

Моцны быў асілак,—

Кроў бацькоў у жылах.

 

Ён любіў Айчыну,

І красу-дзяўчыну,

І народ свой родны.

За сясцёр, братоў

Ўсё аддаць гатоў.

Мужны і дародны,

Як той дуб, плячысты,

Погляд — ясны, чысты.

 

Сілай і адвагай

Заслужыў павагу...

Раз ён у суботу,

Досвіткам, да дня,

Асядлаў каня

І, абуўшы боты,

Правяраць дазоры

Выехаў на ўзгорак.

 

Як на Захад глянуў,—

Стуль данёсся лямант:

Вораг-чужаніца

Ўжо не першы год

Катуе народ.

Зоранька-зарніца

Плача па-над борам

Над народным горам.

 

— Не развее вецер

Наша ліхалецце;

Уставайце, хлопцы,

Станьце ў грозны гурт!

Пад нагамі грунт

Чуем цвёрды, моцны.

Ворага пратурым! —

Загукаў Батура.

 

Пастухі, ратаі

На страмёны сталі.

І сказаў Батура:

— Адстаім зямлю

Родную сваю!

Адстаім свой Тураў! —

І павёў дружыну

На палкі чужыя.

 

Раніцай туманнай

На лясной паляне

Скрыжавалі пікі,

І пачаўся бой.

Кроў цячэ ракой,

Лязгат зброі, крыкі...

Аж зямля гудзе!..

Біліся ўвесь дзень.

 

Ворага касілі,

І радзелі сілы

Нашае дружыны.

— Ці ж ісці ў палон

І аддаць паклон

Мачысе-чужыне?

Не, ніколі! Верце

Ў перамогу сэрцам!

 

Ў цяжкую гадзіну

Ў бітве за Радзіму,

Храбрая дружына,

Хто паможа нам,

Тураўскім сынам?

Застанемся жывы!

Хлопцы, націск дружны! —

Кліча волат мужны.

 

Ясны, родны сокал

Меч узняў высока

За Радзімы долю.

Зноў паганых б’юць,

Кроў лагчыны п’юць.

Хтосьці мчыцца долам,

Аж дрыжыць зямля...

Мурамец Ілья!

 

Ён не спаў дзве ночы,

Гнаў каня што моцы:

Дзе той горад Мурам,

А дзе Тураў той!

Не чакае бой.

— Добры дзень, Батура,

Прынімай падмогу,

Будзе перамога!

 

— Дружа, бітва кліча! —

Шмат было сутычак,

А такіх не знаці.

Як пайшлі глушыць

І мячом крышыць,—

Парадзелі раці.

Дружна хлопцы тураць

Ворага за Тураў.

 

Запявае песні

Вольнае Палессе.

Сонечнай дарогай

Ў родны дом з вайны

Мужныя сыны

Едуць з перамогай.

Сустракаць іх сёлы

Выйшлі з хлебам-соллю.

 

Гуды-перагуды,

Затрубілі трубы:

«Просім у святліцу

За бяседны стол».

Радасць навакол.

Дружна маладзіцы

Песні запяваюць,

Гусляры іграюць.

 

Як на Беларусі —

Белыя абрусы

На сталах, на лавах

Ў бутлях хмельны мёд.

Ў радасці народ

Поўнай чарай славіць

Мурамца Ілью

І яго зямлю:

 

«Славім родную зямлю,

Слава Мурамцу Ілью!

 

Слава! Слава! Вечна слаўся,

Светлы месяц, сокал ясны,

Мурамец Ілья!

 

Славім рускую зямлю!

Слава Мурамцу Ілью!

 

Слава, слава, вечна слаўся,

Месяц светлы, сокал ясны,

Мурамец Ілья!

 

Славяць пушчы і лясы:

Слава волату Русі!

 

Слава, слава, вечна слаўся,

Светлы месяц, сокал ясны,

Мурамец Ілья!»

 

1943 г.

 

 

ЗАЛАТЫ СТРУМЕНЬ

Легенда

 

Шмат легенд і песень

Для старых, малых.

На Падгор’і, ў лесе,

З-пад гары-скалы

Залаты струмень

Бег і ноч, і дзень.

 

Бег зіму і лета,

Восень і вясну.

Ці ж не дзіва гэта,

Што не мае сну?

Ночы ўсе і дні —

Клопаты адны.

 

Быў такім заўсёды

Той струмень жывы.

Колькі асалоды

Мелі журавы,

Як пілі з яго:

О-го-го! О-го-го!

 

Так ужо спрадвеку,

А ні год, ні два,

Паўнаводным рэкам

Ён жыццё даваў.

Залаты струмень

Ясны, як прамень!

 

Быццам той асілак,

Твань з плячэй страсаў;

Весяліла сіла,

З ёю і краса.

Песняй з году ў год

Цешыў свой народ.

 

І аднойчы ў ночы

Лес шуміць, не спіць,

Бачыць: камень хоча

Той струмень спыніць;

Поперак залёг,

Каб той плыць не змог.

 

А струмень нястрымны

Ўсё цурчыць, цурчыць

І, нарэшце, жвірны

Камень прасачыў,

А пасля стаў злым

І ушчэнт размыў.

 

«Каб не быць нядобрым,

Жорсткім у жыцці,

Ляж пясочкам дробным

На шляху-пуці.

Не пужай гарбом,

А жыві дабром,

Светлы дзень сустрэнь»,—

Празвінеў струмень.

 

Прыляцела каня,

Чуе булькат-смех.

Поперак больш камень

Легчы не пасмеў.

Залаты струмень

Зноў звініць ноч-дзень.

«Калі ж гэткі порсткі,—

Думае гара,—

Крышыць камень жорсткі,

Не чакаць дабра.

Я сама яго

Высушу ўсяго.

 

Па якое ліха

Ён усё не спіць?

Лепш хай будзе ціха».

А струмень звініць,

Голас, як жывы.

П’юць зноў журавы.

 

Людзі, птушкі рады,

Лісці шалясцяць.

«Не магу даць рады,

Адабраць жыцця.

Не магу здушыць,

Высушыць душы,

Хоць ваўкоў збірай»,—

Скардзіцца гара.

 

І раптоўна кліча...

Без святла-агня

Ліча і не зліча —

Цэлая гання.

Ставяць тут яны

Пад струмень збаны.

 

Носяць, носяць зранку,

Не хапае сіл.

Носяць безустанку,

Рвуцца з усіх жыл,

А струмень бяжыць.

Хочацца так жыць!

 

Пад гарой-скалою

Возера стаіць,

А вадой жывою

Ўсё струмень звініць.

«О-го-го, які!» —

Думаюць ваўкі.

 

Вобземлю разбілі

Ўсе свае збаны.

«Перакусім жылы,—

Цешацца яны,—

І ўжо без бяды

Спынім пульс тады».

Цяўкаюць і выюць,

Ляскаюць клыкі,

І ніяк не спыняць

Той струмень ваўкі.

Разбірае злосць,—

Праглынуць лепш косць.

 

І пайшлі ў балота

Трохі адпачыць.

Заляглі ў чаротах,

А струмень цурчыць,

Звоніць у вушах.

Вые, не маўчыць

Воўчая душа.

 

І бяжыць пявучы

Між дубоў, бяроз.

Пра струмень жывучы

Слава ходзіць скрозь.

Залаты струмень

Ясны, як прамень.

 

1943 г.

 

 

МОЙ САКОЛІК ЯСНЫ

Сонейка не свеціць,

Зоранькі не спяць.

Ой, калі на свеце

Будзе дзень світаць?

 

Сонейка узыдзе,

Ночанька міне.

Мой саколік выйдзе

З пушчы да мяне.

 

Я рукамі сплясну

На шляху-пуці.

Мой саколік ясны,

Ў садзік прыляці!

 

Прынясі ты волю,

Радасць у сям’ю.

Заспявай, саколік,

Песеньку сваю,

 

Як спяваў калісьці

Ў роднай хаце ты.

З кім у садзік выйсці,

Сынку дарагі?

 

Ты мая уцеха,

Любы, родны мой!

Весяліў і цешыў

Ўлетку і зімой.

 

Поплавам зялёным

Рэчанька плыве;

Мой сынок вясёлы

Прыйдзе да мяне.

 

1943 г.

 

 

МОЙ ТЫ РОДНЫ, МОЙ СЫНОК

Мой ты родны, мой сынок,

Мой блакітны Васілёк,

Адгукніся маме, дзе ты,

І разуты, і раздзеты?

 

Мае вочы горка плачуць:

Васілька даўно не бачаць.

Ці не ўбачу больш ніколі?

Дзе ты, родны мой саколік?

 

Нашы кубкі з горкім сокам:

Ходзіць гора каля вокан.

Гора плача і галосіць,

Нашы сілы гора косіць.

 

Горкімі слязамі гора

Коціцца ў людское мора.

Мора бурнае бушуе,—

Гнеў і боль нясцерпны ў шуме.

 

Гора ў моры захлынецца,

Радасць людзям усміхнецца.

 

Прыйдзе родны мой сынок,

Мой блакітны Васілёк,

Заспявае ў роднай хаце,

Дзе сумуе сёння маці.

 

1943 г.

 

 

1944

 

 

КУКАВАЛА ЗЯЗЮЛЯ

Кукавала зязюля

У дуброве рана:

Нас раздзелі, разулі

І на целе раны.

Ой, раны! Ой, раны!

 

Кукавала зязюля,

І лічылі хлопцы:

Узыходзіць, красуе

На усходзе сонца.

Ой, сонца! Ой, сонца!

 

Расчынялі матулі

Дзверы, вокны насцеж.

Кукавала зязюля

Беларусі шчасця.

Ой, шчасця! Ой, шчасця!

 

Сустракалі матулі

Родных у няволі.

Кукавала зязюля

Аб народнай долі.

Ой, долі! Ой, долі!

 

У зялёным шуме

Сумаваць даволі.

Кукавала зязюля

Беларусі волю.

Ой, волю! Ой, волю!

 

1944 г.

 

 

1947

 

ЗЯМЕЛЬКІ ТРЫ ЖМЕНЬКІ

Зямелькі тры жменькі

Падняў я з руінаў у Мінску

У вечар асенні.

Засею шчаслівым насеннем;

Узыдзе вясной, закрасуе

Над светлаю рэчкай,

Пад сонцам Радзімы савецкай.

За гэта душа галасуе.

 

У вечар той вецер у Мінску

Не веяў, суціх,

А дожджык папырскаў

На прысак настрояў маіх.

— Настроям ніяк не астыць! —

Шапталі на клёнах лісты.

 

Сціскалася сэрца ад болю,

Прасілася сэрца на волю

Напіцца вадзіцы

З крыніцы

Радзімай зямлі,

Прасілася сэрца

Сагрэцца

У роднай савецкай сям’і.

 

Пусцілі у хату пагрэцца.

Пачула тут сэрца

Ад роднай сястры

Ў Малым Трасцянцы,

Як немцы-фашысты у лесе Благовым

Братам адсякалі галовы

І вешалі іх там на хвоі.

Стрымаць каб імкненні да волі.

Пачула там сэрца

Пра тое, з чым век не сустрэцца:

Як немцы-фашысты народ мой каралі,

Душылі рукою агіднай, каравай,

Пятлёю крывавай;

 

Як жылы трымцелі,

А смерці засценак

Людскою нядоляй стагнаў;

Як дзікіх фашыстаў гання

Страляла, труціла, душыла

За шыю

Пятлёй чалавека

Дваццатага века;

Фашысты сякеры ўздымалі,

Гарачай крывёй абмывалі;

 

Як ночаньку лямант пужаў,

А сэрцаў гарачых пажар

Над лесам палаў;

Як матак ахопліваў жах,

І рэчкай Трасцянкай кроў штодзень плыла;

 

Паўзла па дарогах, як здрада,

Сліўнем куслівым

Вырадкаў подлых і гадаў.

 

Не мог заставацца тут болей

Гасціць:

Сціскалася сэрца ад болю,

Хацеў і не мог я падняцца, ступіць,

Душу пачало калаціць,

 

— Фашыстам, сабакам шалёным

І псам

Праклёны, яшчэ раз праклёны! —

Крычаў я і слаў.

— Вітаю адважных мільёны

У пушчах зялёных!

 

Зямелькі тры жменькі,

Напоеных горкай слязою,

Абмытых гарачай крывёю,

Вадзіцай жывою,

Вазьму я з сабою,

Засею шчаслівым насеннем

У поўдзень вясенні.

 

Зямелька святая мая,

Над далямі свеціць маяк!

Над далямі сонца світае;

Радзіма мая залатая!

Зямельку цалую сваю.

— І сэрца, і песню табе аддаю!

 

28 верасня 1947 г.,

Малы Трасцянец.

 

 

З РУІНАЎ МІНСК ПАРАНЕНЫ ЎСТАЕ

Яшчэ скрываўлена душа зямлі

І сэрца б’ецца у крывавых ранах,

А ўжо будаўнікі сюды прыйшлі

Сустрэць на рыштаваннях светлы ранак.

 

Чуваць: апошні залп вайны грыміць,

А маладосць спявае гімны працы.

З зямлі растуць падмуркі камяніц

І устаюць індустрыі палацы.

 

З руінаў Мінск паранены ўстае,

Як воін у прастрэленым шынелі,

Збіраючы у прыгаршчы шрапнелі.

 

У новым доме — кветкі на стале.

Заходзіць сонца яснае у госці

Аддаць паклон вясне і маладосці.

 

1947 г.

 

 

ІДУ І ПАДАЮ ПАД КРЫЖАМ

 

На стол не сцелюць мне абрус,

Хоць навальнічны гром адгрохаў.

Твой крыж, Радзіма Беларусь,

Нясу я на гару Галгофу.

 

Крывавы пот ліе цурком,

Іду і падаю пад крыжам,

Глядзяць з завешаных акон

І дзівяцца, што выжыў.

 

У сэрцы не нашу я камень,

Хоць ім шпурлялі у мяне.

Радзіму абніму рукамі,

Калі навала праміне.

 

Дайду і крыж з плячэй звалю,

І расцалую родную зямлю.

 

1947 г, Мінск

 

 

1952

 

 

У КІСЛАВОДСКУ

 

І сонца, і блакіт,

І рэчкі бег імклівы,

А дома — шум ракіт

І ціхі спеў каліны.

 

Пяснярская скала

Не ў радасці, а ў горы;

Хмурынка праплыла,

Схавалася за горы.

 

Гляджу я на Эльбрус:

Праменіцца, світае,

А недзе Беларусь

Мне любая, святая.

 

Шумяць бары-лясы

І п’юць жывыя сокі.

Як шмат зямной красы

Між горных скал высокіх!

 

Тут — сонца і блакіт,

Альхоўкі бег імклівы,

А дома — шум ракіт

І ціхі спеў каліны.

 

2/Х-1952 г.,

Кіславодск

 

 

РАСІІ СЛАВА

 

М. Ю. Лермантаву

 

 

Як толькі ўспомню родны Мінск —

І гром над галавой грыміць...

А тут — Машук, і абеліск,

І кроплі на траве крыві.

 

Не змылі ліўні, кроў гарыць,

Цару-тырану шле дакор.

Не гаснуць водбліскі зарніц

На дне крыніц скалістых гор.

 

Я чую голас твой, пясняр.

Прыціх, не гойсае шакал.

Расіі слава, дзіўны дар

Жыве у песні горных скал.

 

Пяцігорск, кастрычнік 1952 г.

 

 

ЖАДАННЕ

Між горных скал мне не сустрэўся барс,

З якім змагаўся Тарыэл і Мцыры.

Упершыню вітаю я Каўказ

І ў снежным харастве яго вяршыні.

 

Ці хопіць сіл ўзысці мне на Эльбрус?

А мо арлы падхопяць там на крылы?

Хачу з вяршыні ўбачыць Беларусь,

Пакуль хмурынкі сонца не прыкрылі.

 

1952 г.

 

 

КОЦІЦЦА ПА ТВАРЫ ДЫ СЛЯЗА ГАРАЧАЯ

Коціцца па твары ды сляза гарачая.

Ці вярну цябе я, ці навек утрачана?

 

Не рунее поле, што вятры засеялі,

Злыя віхры песню па зямлі развеялі.

 

Пабыла ў няволі, у турме за кратамі,

Над тайгой пранеслі жураўлі крылатыя.

 

Пабыла на ўзмор’і, за хрыбтамі горнымі,

Рвалася дадому вечарамі зорнымі.

 

Ясным летнім ранкам сонцу не ўсміхалася,

Як на окскім плёсе хвалямі ўмывалася.

 

Жураўлі і гусі жаласна курлыкалі,

Песню-паланянку на радзіму клікалі.

 

Ой, ляціце, птушкі, ды на лозы ніцыя,

Гаманіце там вы з светлымі крыніцамі.

 

Мой паклон нясіце у лугі зялёныя,

Дзе гараць каліны з залатымі клёнамі,

 

Дзе сінее Свіслач з вербамі пахілымі

І плывуць пад ветрам хвалі палахлівыя.

 

Ой, ляціце, птушкі, за гаі шумлівыя

І нясіце песню за азёры сінія.

 

1952 г. Чаадаева.

 

 

НЕ ЗАБЛУДЗІЎСЯ Я Ў ЦЁМНЫМ ЛЕСЕ

Не заблудзіўся я ў цёмным лесе

І шлях да сонца адшукаў даўно.

Радзіму не пакіну я без песень,

Спяваю ёй і толькі ёй адной.

 

Дажджы чало і твар твой арасілі,

Авеялі легендамі бары.

Пакуль не падкасіла старасць сілы,

Табе я песню аддаю ў дары.

 

Пакуль душа і сэрца не азяблі

І не падкраўся загадзя мароз,

Прыйду я да тваіх асенніх яблынь,

Каб іх суровы сівер не атрос.

 

1952 г.

 

 

А. М. РАДЗІШЧАВУ

Які калючы жвір,

Цяжкіх кайданаў звон.

Ўладзіміркай ў Сібір

Ішоў знябыты ён.

 

Над рэчкай, за сялом,

Спускаліся з гары.

Слядоў не занясло,

Пясок іх не прыкрыў.

 

Пясчынкі у крыві,

Іх процьма, не сабраць;

Паварушы, крані,

Пад зорамі гараць.

 

Арол больш не дзяўбе,

Не вострыць кіпцюры.

Ўпіваліся ў цябе

Драпежныя звяры.

 

1952 г.

 

 

СЫНУ

Дванаццаць выбіла гадзін,

Радзіме ў песні памалюся...

Мой сын, да бацькі падыдзі,

Паслухай сказ аб Беларусі.

 

Не чуў ты песень родных ніў,

Не піў вады з крыніц здароўя,

І бор з табой не гаманіў

Ні разу ў добрае надвор’е.

 

Дзяліў са мной выгнання дні

Пад небам ласкавым Расіі.

Мігалі водбліскі, агні

Над даляглядам родным, сінім.

 

Запомні, бацька што гаворыць:

Цярнёвым шляхам я ішоў,

Пакіну томік грэшных твораў,

Сагрэтых зморанай душой.

 

Мой скарб народу перадай,

Як толькі праясніцца даль.

1952 г., Чаадаева.

 

 

1953

 

 

ПРАСТОРЫ, ПЕСНІ РОДНЫЯ

Прасторы, песні родныя,

Як рэкі паўнаводныя.

У надранні час бадзёры

Шумяць блакітныя азёры.

 

Крыніцы неўгамонныя,

Як нашы шумы хвойныя.

Стаяць дубы на варце.

Сябры, сяброў збірайце!

 

Шумяць бары высокія,

Ляцяць дахаты сокалы,

Нясуць на крылах песню,

І рады ўсе прадвесню.

 

1953 г.

 

 

СМЕРЦЬ ТЫРАНА

Нязвыклы дзень: тыран сканаў,

На твары чорная сляза;

Яе нікому не злізаць.

З касою смерць каля вакна.

 

Яна вартуе, каб не ўстаў

Тыран расправу учыняць.

Сляза на твары, а чыя?

Сказаць пра гэта жах і страх.

 

Народная сляза і кроў:

Бацькоў, і матак, і дзяцей.

Ён адбіраў жыццё ў людзей

І куляй цэліўся у скронь.

 

Вартуй жа, смерць, ўсю ноч і рань,

Каб больш не ўстала яго здань.

1953 г.

 

ХТО СКАЗАЎ?

Народу хто сказаў, што здрадзіў я Айчыне,

І што мая рука дзвярэй больш не адчыніць,

І што нага на бацькаўскі парог не ступіць,

І што маю душу скрывавіце у ступе?

Скажыце, вынес хто такі прысуд суровы?

Прызнайцеся, чые, якога злыдня словы?

 

Каб вы і вашы сэрцы ў гневе не злавалі,

Мацней запрыце ў хаце дзверы на завалу.

Народ брахні сабачай сёння не паверыць,

І бацькаўскай сваёй рукой адчыніць дзверы,

І сына роднага сустрэне на парозе,

І запытаецца, чаму быў доўга у дарозе.

 

Што я скажу яму? Чым я народ уцешу?

Хай выйдзе сонейка маё з-за бору-лесу.

 

1953 г., Чаадаева.

 

 

1954

 

Я — НЕ ГАРАЦЫЙ

Я — не Гарацый, у вянку лаўровым,

І не чытаю мецэнату вершаў,

Я — толькі Пушча, ў радасці і ў горы

Паміж паэтаў найвялікшы грэшнік.

 

Пазнаў, адведаў зябкі змрок цямніцы,

Тады быў год ужо такі суровы.

Шмат дзён маўчалі маладыя словы,

А я крапіўся і не падаў ніцам.

 

Было не сёння ўсё яно, а ўчора.

Віна больш не разбавіць горкі чэмер,

Яго адмералі мне поўнай мерай.

 

Сваё святло зноў пасылаюць зоры,

І абудзіўся ў сэрцы спеў гарачы,

Хоць толькі Пушча я, а не Гарацый.

 

1954 г.

 

 

1955

 

ПАЖАР ПАЛАЕ

Пры светлым полымі ў надвечар

Прыціх юнак — свавольны вецер.

 

Расінкі падаюць на скроні;

Пясняр прасцёр увысь далоні.

 

Прасцёр, спляснуў... пажар палае...

Пад зорамі пяснярскай славай.

 

Пясняр душы сваёй пажар

Кійком шавеліць, моўчкі кеміць,

Як некалі Адам Міцкевіч.

 

Іскрыцца твор гарачай песні

Зарніцай яснай ў паднябессі!

 

«Сады вятроў» агнём палаюць!

Няхай мяне, няхай не лаюць.

 

Спаліў... спаліў пад шум крынічкі.

Даруй мяне, даруй, Грыміцкі!

 

23/1—1955 г., Чаадаева

 

 

ВЫЙДУ, ГЛЯНУ...

Выйду, гляну, ці не выйшаў

Мой каханы на узвышша.

 

Пачакаю каля весніц,

Ці не ўцешыць сэрца песняй?

 

Голас чую, запявае:

«Човен мой калышуць хвалі,

 

Човен мой плыве дахаты

Супраць ветру, хваль пакатых;

 

Човен я вяслом кірую,

Што было, усё дарую».

 

Чую песню, чую ў далях,—

Сонца з любым там на хвалях.

 

1955 г., Чаадаева.

 

 

КІПАРЫСЫ

Стаяць на варце кіпарысы,

Над імі сонца ў вышыні.

Да сэрца толькі дакраніся —

І песняй зашумяць яны.

 

На чарнаморскае узвышша,

Як рыцары паўднёвых скал,

Яны ў плашчах зялёных выйшлі

Сустрэць марскі дзевяты вал.

 

Ідуць зялёнай чарадою

На ўзмор’е слухаць гул марскі.

Ляжаць пад сонечнай чадрою

Зямлі гарачыя пяскі.

 

Я помніць буду скал абрысы

І вашу песню, кіпарысы!

 

10 ліпеня 1955 г.

Ахалі-Афоні

 

 

МОРА

З узнятаю рукой да сонца

Я на скале марской стаю.

Люблю цябе я шчыра, моцна,

Як песню першую сваю.

 

Не ведаюць плыўцы пакоры,

Калі ідуць у смелы рэйд.

Люблю бязмежныя прасторы,

Адвечны гул тваіх легенд.

 

Ўздымаюцца валы высока

І хочуць падхапіць мяне.

Расправіў крылы вольны сокал

Са мной на сонечнай скале.

 

1955 г.

 

 

НА ЎЗМОР’І

На ўзмор’і ў неба высіцца маяк,

Святло не меркне, караблі плывуць.

У далягляд марскі глядзіць юнак,

І маладыя вочы радасць п’юць;

 

Смяюцца вусны і смуглявы твар,

Рукамі хоча ахапіць прастор.

Палае ў сэрцы маладосці жар;

Ўзнімаецца на Чорным моры шторм.

 

Не гасне у вачах жыцця агонь;

За хваляй хваля гоніцца ўздагон,

І босыя ўзбягаюць на скалу.

 

Ўзыходзіць сонца, а маяк гарыць,

І вадаспад зрываецца з гары,

Спявае сонцу і зямлі хвалу.

 

1955 г.

 

 

СВЕТЛЫЯ РАДКІ

Надорвана здароўе,

Волас пасівеў;

Пішу часамі кроўю

Вершы я свае.

 

Гарачыя якія,

Светлыя радкі...

Хаджу яшчэ без кія

Днём каля ракі.

 

Шукаю шчасце-кветку

У свае гады,

Як і тады, улетку,

У поўдзень малады.

 

1955 г.

 

 

1956

 

У МІНСКУ

Дзень сягоння урачысты:

З песняю гамоніць сэрца.

Я прыйшоў з сумленнем чыстым

З вамі, родныя, сустрэцца.

 

Ад душы сказаць: дзень добры!

І руку паціснуць моцна.

Я згубіў старыя торбы,

Не павешу іх пад сонцам.

 

У зялёнай у шыпшыны

Ружавее цвет у маі.

Не пад вокнамі чужымі

Чару з песняй паднімаю.

 

За здароўе п’ю Радзімы,

Што на свет мяне радзіла.

 

4, 7/1 —1956 г., Мінск

 

 

ВУЧНІ

Вучні з вёсак навакольных,

Закаханыя ў вясну,

На ўрачысты вечар школьны

Песню на руках нясуць.

 

Ціха льюцца слоў праменні,

Дзень смяецца малады.

Белыя пялёсткі жменяй

Вецер сыпле на сады.

 

Ў нашай школе сёння свята,

Расчынілі вокны ўсе.

Цераз поле атэстаты

Вучням сонейка нясе.

 

15/IV—1956 г.

 

 

ГРОМ ВЯСНОВЫ ПРАГРЫМЕЎ

Спарахнелі замка вежы:

Сыплецца пясок і жвір.

Вецер вее сёння свежы,

І святлее цёмны вір.

 

З дна гісторыі глыбокай

Хваляй біў народны гнеў.

І пад небам пад высокім

Гром вясновы прагрымеў.

 

Перад сонцам дзве вясёлкі

Родны край свой абнялі.

Заяснелі ў небе зоркі,

Сеў рунее на зямлі.

 

Нас нашчадкі не асудзяць,

Радасць працы славяць людзі.

9/V—1956 г., Чаадаева.

 

 

* * *

Між бярозак, дзвюх сясцёр,

Усміхаўся брацік клён:

— Мы дужэем і расцём

З кожным летам ясным днём.

 

Не схіляліся мы ніцам,

Наляцеў калі віхор.

У навалу, навальніцу

Вартавалі свой прастор.

 

Злыя хмары мы прагналі,

Хмары з ветрам уцяклі.

Асвяціла сонца далі

Над прасторамі зямлі.

 

Кліча сонца нас у госці

Разам з песняй маладосці.

9/V 1956 г., Чаадаева

 

 

ДЗЕСЯЦІКЛАСНІКІ

 

І

Юнацтва дні бягуць за намі,

І маладосць сустрэне нас.

Апошні здадзены экзамен.

Скончылі дзесяты клас.

 

На небасхіле нашым ясным

Рассыпала вясна красу.

У небе зоры не пагаснуць;

Нам атэстаты сталасці нясуць.

 

Мы ў школу дзесяць зім хадзілі,

Навекі, памяць, запішы.

Народу, партыі, Радзіме

Ад сэрца дзякуй, ад душы!

 

Паціснем сёння шчыра рукі

Мы тым, хто нёс святло навукі.

 

 

II

 

Пад сонцам ружавеюць макі,

Красуе іх вясёлы рост:

— Настаўнікам ад вучняў дзякуй,

За вас мы паднімаем тост.

 

Радзіму з вамі мы пазналі

І навучыліся кахаць.

Найлепшы гэта наш экзамен,

Які мы здалі ўсе на «пяць»...

 

Даём народу мы прысягу —

На вахту маладосці стаць:

Мы будзем пад савецкім сцягам

Заводы славы будаваць.

 

Ў жыццё мы расчынілі дзверы

І моцна ў свае сілы верым.

 

Чаадаева.

Чэрвень — ліпень 1956 г.

 

 

ЯК ХАДЗІЛІ ПА РАДЗІМЕ

Як шмат падзей прыгожых

Было у падарожжы:

Вясёлыя паходы,

Здарэнні і прыгоды,

У дождж, у непагоду

Усім сваім народам

Ішлі шумлівым бродам.

Было дазнаць цікава,

Скуль рэкі выцякаюць,

Як б’юць з зямлі крыніцы,

Што век ім не спыніцца.

 

 

1

Успомнім мы шатры,

Бярозкі — тры сястры

І піянерскія кастры.

Ляцелі роем іскры,

Дождж залацісты пырскаў;

Лавілі мы ў прыгоршчы

Той залацісты дожджык.

Гарэлі ў хлопцаў вочы,

Касцёр каб пераскочыць.

 

Заўсёды так бывала:

Пад скрыпку, пад цымбалы

Па-над шумлівай хваляй

Мы чайкамі ўзляталі,

Нас крыллі ўгору неслі

Паходнай нашай песні.

Скакалі «Крыжачок»,

Вясёлы «Казачок».

Былі між нас салісткі,

Сапраўдныя артысткі,

І нават песняры

Спявалі на зары.

На вёсцы і ў райцэнтры

Давалі мы канцэрты.

 

2

Успомнім ў маладосці,

Як мы хадзілі ў госці

Да дзеда Лукаша

І сок пілі з каўша.

З якою цёплай ласкай

Расказваў нам ён казкі

Ў сваёй святліцы новай

На зэдліку кляновым.

 

Хадзіў ён разам з намі

На Светлыя паляны,

Сялібы партызанаў;

Паказваў мясціны,

Бывалі дзе, гасцілі,

Якой паўзлі пуцінай

На смелую аблаву —

Зваліць ваўка пад лаву,

Драпежніка-фашыста,

Каб стала ў хаце чыста,

І светла, і ўрачыста.

Ваўка яны злавілі

І збілі з ног, звалілі.

 

3

Дубы, Радзімы слава,

Лісты ў пасцель нам слалі.

Быў смачны адпачынак

Для хлапчукоў, дзяўчынак.

На гэтакай пярыне,

Была што у Марыны,

У Светы і у Сцешы,

Не спала і прынцэса:

Не чулі ў сне глыбокім

Гарошыны пад бокам.

 

Любілі мы бясконца

Ўставаць на ўсходзе сонца,

З ім разам усміхацца,

Расою умывацца.

Забыўшыся пра тапкі,

Ў адных трусах і майках,

Ўперагонкі, без аглядкі

Імчыся на зарадку.

 

Дзяўчынкі-гаспадынькі

Харчамі не марылі:

На вогнішчы варылі

Ні з курыцай, ні з качкай,

А вельмі, вельмі смачна

З’ясі ўсё і без лыжак

І пальчыкі абліжаш...

 

Ніколі не пагасне

У нашых успамінах,

Як мы былі ў калгасе

«Камунізмa нівы».

Шумяць бярозы, клёны

І мора, мора лёну.

 

 

4

Былі мы вельмі рады,

Калі усім атрадам

Палолі лён блакітны

І нам спяваў ракітнік.

Яму мы падпявалі,

Плылі над полем хвалі:

 

На раздольным гэтым полі

Полем, полем і праполем

Усё чыста.

Выйдзі, сонца, падзівіся.

Урадзіся, урадзіся,

Валакністы!

 

Не дарам мы хадзілі

Ў паходы па Радзіме:

Гербарыі якія

Сабралі мы! Пакінем

Іх школе на ўспаміны.

І рэкі, і даліны,

І шумныя дубровы,

І вечар чарнабровы,

Бывайце ўсе здаровы.

 

Шпакоў ляцяць чароды

Ў сады і агароды,

Заводзяць шум і спрэчкі.

Наш школьны сад над рэчкай

Без салаўя-паэта,—

Адыдзе хутка лета.

 

Дакоціць жнівень кола,

І нас пакліча школа,

І сядзем мы за парты

Вучыцца зноў упарта,

І восень залатая

У госці завітае.

 

Чаадаева. Ліпень 1956 г.

 

 

ДЗЕНЬ ДОБРЫ, МІНСК!

З Масквы на Мінск адкрыты семафоры,—

На захад адыходзяць цягнікі.

Апошнія сігналы і званкі,

І ад платформы першай рушыць скоры.

 

Як шмат радні, як людна на пероне!

Махаюць рукі родным наўздагон.

Са мной заходзіць сонца у вагон,

Я аддаюся сонечным настроям.

 

Ў дарозе шчасця марна не растрачу,

Аддам радзіме з песняю гарачай,

І усміхнуўся сонца ясны дыск.

 

Кранаюць сэрца родныя абрысы:

Смаленск і Орша, Слаўнае, Барысаў,

І я з акна крычу: «Дзень добры, Мінск!»

 

1956 г.

 

 

З НАРОДАМ Я

На вахту кліча маладосць,

Гараць на палубе агні,

Ў жыцці я — гаспадар, не госць

І працай рупнай слаўлю дні.

 

Я не стыджуся мазалёў,

Ўзыходжу з кіркай на гару

І разам з роднаю зямлёй

Уздымам творчасці гару.

 

За працай не адзін мільён,

І светлы высіцца маяк

На беразе скалістых дзён.

З народам я, зямля мая!

 

Ўстаю да сонца, ў цэх іду;

Лунае працы творчы дух.

 

1956 г.

 

 

КАНЦЭРТ

У хвалях рэчкі залатыя рыбкі,

Святло адсвечвае, я не тушу.

З цымбаламі спяваюць хорам скрыпкі,

Мелодыі ў палон бяруць душу.

 

Даўно не быў на гэтакім канцэрце:

Музыкі граюць светлы гімн вясны.

У ім народнае трапеча сэрца,

Стаіўшы подых, слухаюць сыны.

 

Суціх і вецер між зялёных дрэў.

Сваім цяплом канцэрт мяне сагрэў.

 

1956 г.

 

 

КРЫНІЦА

Збіраліся сыны ў магутны гурт.

Бацькі сказалі ім: «Гару скраніце,

Няхай праб’ецца цераз цвёрды грунт

Празрыстая і светлая крыніца».

 

Уперліся ў гару мільёны рук,

Скранулася — і трэшчына ў граніце.

Цяжкіх каменняў раскаціўся грук,

Прабілася з грудзей зямлі крыніца.

 

Прабілася на свет жывой вадой,

Пабегла ўдаль далінай маладой

І напаіла свой народ здароўем.

 

Змянілася суровае надвор’е,—

На ніве ураджай закаласіў,

Напіўся кожны колас свежых сіл.

 

1956 г.

 

 

ПАЭЗІЯ МАЯ

Пачуў паэт душы народнай голас.

Шчаслівы, ён спявае разам з ёй.

Пад ясным сонцам гнецца поўны колас,

Схіляецца над маткаю-зямлёй.

 

Багаты ураджай на ніве спее;

У пору трэба нам яго сабраць.

Паэт народ і працу славіць спевам,

Праменні ясныя ў вачах гараць.

 

На ніве ён з сям’ёй сваёй працоўнай,

Народнай песні колас у руках.

Жывём пад сонцам, не пад хмарай цёмнай,

Плыве ўдаль шырокая рака.

 

Жыві, красуй, савецкая зямля!

Жыццё народнае — паэзія мая.

 

1956 г.

 

 

САЛАВЕЙ

Не спяваў ён ясным зорам

За далёкім сінім морам.

 

Не спяваў на скалах голых,

Сумаваў па родных долах.

 

Салавей, пясняр крылаты,

Прыляцеў вясной дахаты.

 

Пад лістком расінку соку

Выпіў чыстага, як вока.

 

Пакланіўся зорцы ў пояс

І папробаваў свой голас.

 

Над крыніцаю, у вербах,

Ліўся пошчак чыстым срэбрам.

 

1956 г.

 

 

УРАДЖАЙ

Барознамі прайшоў за плугам плуг,

Бароны расчасалі пульхна скібы.

У глебу цёплую і мяккую, як пух,

Насенне сейбіт радасна раскідаў.

 

Вясною над Радзімай рана днее,

Чакае ўсходаў плодная зямля.

Зярняты прарастуць і — зарунее,

Аклікне далі пошчак салаўя.

 

Усходы набіралі рост і сілу,

Дажджы і росы шчодра іх паілі,

Як маткі малаком сваіх дзяцей.

 

Я перад ніваю хілюся ў пояс:

Наліўся сонцам ясным спелы колас.

Народ чакаў і гэтага хацеў.

 

1956 г.

 

 

Я ДАКРАНАЮСЯ ДУШОЙ ДА СТРУН

Паэты, ў хоры вашым маладым

Народнай песні голас не маўчыць.

Шукалі і знайшлі ад сэрцаў вы ключы,

Знайшлі свае і словы, і лады.

 

Мяне сагрэў юнацкай песні жар.

На старасці сваіх зямных гадоў

Я разам з вамі заспяваць гатоў,

Зваліць з плячэй мінулага цяжар.

 

У рукі скрыпку я ізноў бяру

І дакранаюся душой да струн.

 

1956 г., Чаадаева

 

 

РЭКВІЕМ

Ў душы народнай песні голас

Заходзіцца ад жалю, плача.

Памёр паэт народны, Колас,

Ўмываюся слязой гарачай.

 

Радзіма плача горна, ўголас,

І за труной ідзе ў жалобе.

«Устань, Якубе, родны Колас! —

Галосіць Мінск, і Брэст, і Жлобін.

 

Жывой вадой напояць рэкі,

Умыюць чыстай, светлай хваляй.

Любімы, родны наш навекі,

Перад табой чало схіляем.

 

Мы чуем: сэрца ў песні б’ецца,

І верым у тваё бяссмерце».

 

15 жніўня 1956 г.

 

 

«РЭКВІЕМ» СПАЗНІЎСЯ

Не піў жалобнага віна:

Не ведаю, чыя

Віна,

Што «Рэквіем» спазніўся?

Сам бачыў я,

Як рэактыўны ўзвіўся,

Прапелерам заззяў

І курс на Мінск узяў,

А «Рэквіем» — на борт.

 

Дамоў я не пайшоў

Цераз Аку уброд,

Пад зорамі стаяў

І слухаў зморанай душой,

Як вецер «Рэквіем» спяваў.

 

Яго з маланкавым імпэтам

На крылах самалёт у Мінск імчаў —

Ушанаваць народнага паэта —

Якуба Коласа.

Я не маўчаў,

Застаўся аж без голаса,

Пілоту ўсё крычаў:

 

Імчы,

Уначы

Між зор,

Над хвалямі азёр,

Над шумам баравым,

Дзе праляцелі журавы

І гусі

Цераз прасторы Беларусі!

 

Каб толькі не спазніцца,

Каб сэрцу не спыніцца

У дзень жалобны!

Якубе, мой ты родны!

 

Ішоў ты да людзей,

Твой ясны дзень,

Як сонца на гары,

Святлом паэзіі гарэў.

Твой голас волю клікаў,

Пазнаў ты радасць творчасці вялікай.

 

Калі мы у дарогу выйшлі,

Схіляліся пад цветам яблыні і вішні,

Была вясна,

Агонь паэзіі не гас.

Паэт да нас

Заходзіў на «Узвышша»

Сагрэцца,

І нас сагрэць сваёю ласкай.

Я помню вечар урачысты майскі:

Ад глыбіні душы і сэрца

Мы паднімалі поўны кубак

За свой народ савецкі, за вясну

І за здароўе

Роднага Якуба.

Я радасць гэтую нясу,

Умытую слязой і кроўю,

Як васілёк з радзімай нівы,

Як дарагія сэрцу успаміны.

 

Марусіць жалем дожджык дробны.

Даруйце мне, сябры,

Што я успомніў словам добрым

Тое,

Мне святое,

Ад чаго язык у крытыкаў свярбіць.

 

Напевы маладосці

Лісцём ажоўклым не апалі.

Да нас заходзілі у госці

І Колас, і Купала.

 

Вы гэтага ніяк

Не можаце мне дараваць.

Гары, паэзіі маяк!

Няўмоцы сэрца ад Радзімы адарваць!

 

Не ўмеў я падаць ніц да ног,—

Кажу я вам не жартамі.

Мне даравалі ўсё даўно

Народ, Радзіма, партыя.

 

Сказалі мне:

Жыві, працуй, спявай.

Радзіма любая, бывай!..

Я рад сваёй вясне,

Хоць падае на голаў белы снег.

 

12/ІХ 1956 г.

 

 

СЦЯГІ МЫ НЕСЛІ

Сцягі мы неслі, ўгору ўзнятыя,

Ў гады далёкія, дваццатыя.

 

Нас Ленін вёў шляхамі светлымі,

Яго мы голас чулі ветлівы.

 

Законы слёз навекі сцёртыя

Яго рукой, у даль прасцёртаю.

 

Разбітыя кайданы ляснулі,

Шлях вызначыў да сонца яснага.

 

Калі скасіла смерць, мы плакалі,

Гарачым градам слёзы пякалі.

 

Айчым пачаў над намі лютаваць,

А падхалім яму салютаваць.

 

Пазналі мы гады з цярпеннямі,

Вянкі не з лаўрамі, а з цернямі.

 

Ішла пад зябкімі праменнямі,

Шпурляла ў нас гання каменнямі

 

З гары Парнаскае няласкавай,

А крытыкі зубамі ляскалі.

 

14/ІХ-1956 г.

 

 

ВОСЕНЬ

Зайсці у сад мой сонца не баіцца,

Хоць і прыйшла асенняя пара.

Не выпушчу я з рук сваіх пяра,

Пакуль не перастане сэрца біцца.

 

Я чую: запявае песню восень,

Ляцяць над полем гусі, жураўлі.

Як пілігрым, іду я па раллі,

І вецер рве лісты з бярозкі босай.

 

Ажоўклыя у прыгаршчы збіраю

І да Радзімы рукі прасціраю,

Бярозку клічу родную сваю.

 

Здалося мне ў асенняй завірусе:

Ідзе бярозка ў госці з Беларусі.

З бярозкаю сягоння, вецер, не ваюй.

 

10/Х-1956 г.

 

 

СОНЦА

 

Ты, сонца святое, гары!

А. С. Пушкін

 

Не ноч, а дзень прыносіш нам, свяціла.

Люблю усход твой ясны сустракаць...

Ўзышло, маю Радзіму асвяціла,

Плыве пад сонцам светлая рака.

 

У бераг хвалі цёплым б’юць прыбоем.

На ўзвышша выйшаў поўдзень малады.

Схіляюся я з сонцам пад вярбою,

Каб зачарпнуць яму жывой вады.

 

З вялікай чары светлых, ясных дзён

Я за здароўе сонца сёння вып’ю

І крэсівам з граніту іскры выб’ю.

 

Дарогай дружбы з сонцам мы ідзём,

Бег часу дружбы нашай не разніме.

Святла і сонца як найбольш Радзіме!

 

13/Х-1956 г.

 

 

БЯРУ У РУКІ ЛІРУ...

Не скажам сэрцу мы: спыніся, годзе!..

Уславяць працу маладыя рукі.

Ідуць шляхамі светлыя стагоддзі,

Ідзіце з імі ў свет, сыны й ўнукі.

 

Узыдзе сонца, новы дзень народзіць,

Да нас ён прыйдзе радасны, шчаслівы.

Пра гэты дзень спяваюць у народзе,

І аддаём яму свае мы сілы.

 

Ён прыйдзе: прысягнуць народы міру,

Не будзе страшыць вадародны атам,

І бомба не зруйнуе новай хаты.

 

Бяру на старасці у рукі ліру,

Яе не вырве з рук сярдзіты вецер,

Пайду, знайду Радзіму з ёй на свеце.

 

18/ХІ 1956 г.

 

 

ПАД РОДНЫМ НЕБАМ

Як дыхаць вольна, лёгка, на ўсе грудзі,

І свежы водар хвойны піць душой!

Шумяць бярозкі на зялёным грудзе;

Да вас з паклонам, родныя, прыйшоў.

 

Як падраслі пад родным небам, сонцам,

Пакінуў вас падлеткамі зусім;

Аддам паклон яшчэ сваёй сасонцы;

Не раз я вас успамінаў і сніў.

 

Шуміце, родныя, і не старэйце.

Не лётае ні ястраб, ні каршун,

Над галавой маёй зялёны шум,

Яго я слухаю, і б’ецца сэрца.

 

Тут сумаваць мяне ніхто не змусіць,

Я рад: паклон мой нізкі Беларусі.

 

5/ХІІ-1956 г.

 

 

ПАД НОВЫ ГОД

Змарыўся і хачу прысесці на парог,

Спачыць, аддаць паклон Радзіме і сябрам.

Я кветак радасці ў вянок свой не сабраў,

Пасыпаў палыном тугі чужы пірог.

 

Шумяць зялёным шумам хвоі на бары,

Жывыя сокі п’юць з тваіх, зямля, грудзей,

Пачаў Радзіму ўспамінаць радзей...

Апошнюю уцеху, старасць, адбяры!

 

Не п’юць сыны з крыніцы роднай горкіх слёз;

Не будзе больш Іудам подлым брату брат,

Не пойдуць у выгнанне з беларускіх хат.

 

Ад роспачы нам не заломіць рукі лёс;

У дружную сям’ю збярэцца мой народ,

І ўспомніць сына ён свайго пад Новы год.

16/XII 1956 г.

 

 

ПАД НОВЫ ГОД

Сягоння сэрца не маўчыць,

У даль вякоў яно крычыць:

— Імчы, шпарчэй імчы,

Цягнік!

Не збіцца нам з пуці,

Мінай заносы у жыцці!

Ужо навагоднія агні

Над далямі гараць;

На ліры буду я іграць,

З народамі спяваць,

Як не спяваў яшчэ ніколі

Ні ясны сокал, ні саколік.

 

Сняжынак свежы смех

І сеецца, і сцелецца на снег.

На станцыях гараць агні,

Яснеюць ў небе зоры.

Імчы мяне, імчы цягнік,

Адкрыты семафоры!

Прасторы насцеж.

Цягнік гісторыі, імчы хутчэй,

Імчы да шчасця!

А зоранька, гары ярчэй!

Разгон хоць твой і шпаркі,

Цябе ўсё ж абганяюць хмаркі

Маіх настрояў

Навагодніх.

Хачу сустрэцца я з сястрою

У хаце роднай,

Дзе сустракалася нас трое.

Дзе маткі нас радзілі

Для песень, для Радзімы.

 

31 снежня 1956 г.

Цягнік — 71, Масква — Мінск

 

 

І, ПЕСНЯ, У СЭРЦЫ НЕ МАЎЧЫ

У сэрцы, песня, не маўчы,

Цягнік гісторыі, імчы,

Мінай заносы у жыцці,

Не збіцца мне з табой з пуці.

 

На станцыях гараць агні

І ўсе адкрыты семафоры.

На ўсіх парах імчы, цягнік,

У навагоднія прасторы.

 

Дзе вы, мае браты-сябры

Ўладзімір і Адам?

Ці атрымалі вы лісты

З маім сардэчным прывітаннем?

Усё, усё аддам

За навагодняе спатканне.

 

Нас не прыгнула старасць, праца

Ніжэй травы сухой.

Пара дахаты нам збірацца

Пад шум зялёных хвой.

 

Сустрэнемся ці не,

Сябры-браты мае?

Хай вее родны вецер

У навагодні вечар.

1956 г.

 

 

* * *

Здаецца, букеты блакітнага лёну

Прыслалі з Радзімы вясною зялёнай.

 

Ані не завялі, зусім як жывыя.

І сэрца не ные, і вецер не вые.

 

Здаецца, я сёння у полі блакітным:

Спяваюць дзяўчаты, смяецца ракітнік.

 

На полі блакітным ільняныя хвалі...

Працы народнай і слава, і хвала.

 

1956 г.

 

 

ІМЧЫ!..

Зялёныя, дзябёлыя дубкі.

Пра вас нямала казак, песень склалі.

Між вас Пегас падняўся надыбкі —

З размаху пераскочыць цераз скалы,

 

Падковай іскры высеч, ўзяць бар’ер

І заірзаць на вадапоі Леты.

Паэты славу бралі напавер

І мусяць разлічыцца ў гэта лета.

 

Перад Радзімай у даўгу вялікім;

Штодзень лічу і ўсё не падлічу;

Стаіць мая Радзіма уваччу.

Я чую, як зайгралі ёй музыкі:

Яшчэ агонь у сэрцах не пагас.

Імчы мяне, імчы дамоў, Пегас!

 

1956 г.

 

 

КРАСУЙЦЕ ВЕЧНА, КІПАРЫСЫ

Вякі легендамі шумелі,

Калі спяваў тут Руставелі.

Мінулі цэлыя сталецці,

А песня вадаспадам льецца

З Каўказскіх гор, высокіх скал,

Дзе ён сыноў-арлят склікаў.

У ночку цёмную шакалы

Гайсалі. Скарб сыны шукалі,

Які укралі ліхадзеі;

Сыны не трацілі надзеі

Шчаслівы скарб свой адшукаць

І ліхадзеяў з гор прагнаць.

 

«Народ, не гніся, не карыся!» —

Шумелі ў горы кіпарысы.

 

За зброю віцязь мужна браўся,

Змагаўся з ворагам, не з барсам.

Абмыты кроўю кручы, скалы,

Дзе голавы героі склалі.

Не гасне сонца між завей,

Ў народзе слава іх жыве.

Герояў славу ўзнеслі штормы

На грэбні скалаў вострых горных.

«Ў глыбіні, у віры марскія

Няволі камень з гор мы скінем.

Ніколі не ўсплыве наверх

Няволі камень — цяжкі грэх».

 

На моры штормы узняліся,

Шумяць пад небам кіпарысы.

 

Цары пужалі і султаны,

Народ жа верыў: ясны дзень настане.

Шукалі людзі долю ў казцы,

Яе шукалі і абхазцы

На дне марскім, між круч і гор,

Між ясных і высокіх зор.

Народы гнуліся даволі,

Знайшлі, нарэшце, шлях да волі,

У саклі раніцай прынеслі,

А з ёй і маладыя песні;

Спявае з бацькам родны сын,

Плывуць іх спевы да вяршынь,

 

Лунаюць па-над горным мысам.

Стаяць на варце кіпарысы.

 

І заспявалі ўсе аулы,

Нібы пчаліны ў поўдзень вулей,

І адклікаюцца ім горы.

Не прыйдзе больш ніколі гора,

Дзень радасны да нас прыйшоў,

Мы рады сэрцам і душой.

Сваю вясну мы славім, хвалім,

Калышуцца на моры хвалі:

Нясі народу, сонца, мір ты.

Красуюць пальмы, лаўры, мірты,

Павесялеў марскі пясок,

Абмыў яго гаючы сок.

 

У сонечнай, блакітнай высі

Красуйце вечна, кіпарысы.

 

 

* * *

 

На возеры цудоўным Рыца

Успомніў светлую крыніцу,

І свой азёрны край, і Нарач,

І хочацца шчасліва марыць.

На сэрцы, на душы лягчэй,

Сляза не коціцца з вачэй.

Радзімы у вачах абрысы.

Даруйце мне вы, кіпарысы.

 

Шумяць дубы, каштаны, клёны,

Здаецца мне: ў плашчы зялёным

Ідзе прысадамі, дубровай

Сам Дантэ у вянку лаўровым,

З ім поплеч па шляху жыцця

Нясе Купала родны сцяг.

Пайду у падарожжа з імі,

Пайду, як з роднымі, сваімі,

Да сэрца радасць прыгарну,

Каменні песнямі скрану.

 

Я чую — клічуць кіпарысы:

«Да бацькі, сыне, прыгарніся».

 

Ахалі-Афоні, 1956 г.

 

 

КУРАНТЫ Б’ЮЦЬ

Куранты б’юць, лічу жыцця гадзіны,

І непакояць мяне думы-мары:

Хто сёння за сталом мае Радзімы

Пад Новы год падніме чары?

 

Хто пажадае сіл, здароўя, шчасця,

Маёй Радзіме, роднай Беларусі?

Зіма, а ў хату дзверы усе насцеж.

Пасцелены святочныя абрусы.

 

Прыйшлі, у зборы госці-дабрадзеі,

Задраўшы ўгору і насы, й галовы,

Шаруюць сотні ног паркет дубовы.

 

Рады сыноў Радзімы парадзелі,

Рассеяў сівер іх па свеце.

Не ўсім ім на чужыне сонца свеціць.

 

[1956 г.]

 

 

НА СОНЕЧНАЙ ЗЯМЛІ

Ізноў мая нага ступае

Па роднай, сонечнай зямлі,

Ізноў душа мая спявае,

Дзе любяць песню салаўі,

 

Дзе васілёк вясны красуе,

Вітае свой блакітны дзень.

Адвечнай песні скарб нясу я

Да родных, да сваіх людзей.

 

Крыху змарыўся ў падарожжы,

Бярозкі клічуць адпачыць,

А некалі. Як тут прыгожа!

Ўстае сівы туман з лагчын.

 

Вясёлы спеў, і смех дзявочы,

І росы на траве густой.

Тут бусел мне ізноў клякоча

І кліча ў роднае гняздо.

 

1956 г.

 

 

НАСТАЎНІК

 

Праўда у вачах святая,

Родны між прастых людзей.

Сонца ўсходзіць, дзень світае,

Ў школу з сонцам ён ідзе.

 

Зерне ў глебе прарастае,

Ўсходы цешаць зрок яго.

Сустракае і вітае

Ўсё настаўніка свайго.

 

Не спазніўся ўстаць ні разу,

Вецер сіл не падкасіў.

Ўстане й заўтра з сонцам разам

Сціплы сейбіт родных ніў.

 

Ўспомняць і сыны, і ўнукі

І раскажуць тут усім,

Як ён нёс святло навукі

Вучням кемлівым сваім.

 

1956 г.

 

 

* * *

Ні вечарам, ні ўранку

Ніхто дзвярмі не звякне,

Тырчаць руіны замка,

Вякоў мінулых груды.

Варушыцца ў легендах

Твой замак, Навагрудак.

Яго ні чорнай лентай,

А песняй вечнай славы,

Навекі велічавай,

Як той вясёлкай яснай,

Абвіў Адам Міцкевіч;

Ніколі не пагасне,

І ты з ёй волат-веліч.

 

[1956 г.]

 

 

ПРЫЛЯЦЕЛІ ШПАКІ

Дзень вясёлы які!

Прыляцелі шпакі.

Ой, лю-лі! Ой, лю-лі!

Прыляцелі шпакі.

 

Прыляцелі ў сады,

На дубок малады.

Ой, лю-лі! Ой, лю-лі!

На дубок малады.

 

Каля светлай ракі

Ўсё лятаюць шпакі.

Ой, лю-лі! Ой, лю-лі!

Ўсё лятаюць шпакі.

 

Сок бярозавы п’юць,

На шпакоўнях пяюць.

Ой, лю-лі! Ой, лю-лі!

На шпакоўнях пяюць.

 

Аклікаюць лясы

На усе галасы.

Ой, лю-лі! Ой, лю-лі!

На усе галасы.

 

Славяць сонца яны

У яснотах вясны.

Ой, лю-лі! Ой, лю-лі!

У яснота х вясны.

 

Дзень вясёлы які!

На радзіме шпакі.

Ой, лю-лі! Ой, лю-лі!

На радзіме шпакі.

 

1956 г.

 

 

СТУДЭНТЫ

 

Вясна, у майскі цвет сады адзень ты,

Вясёлаю сям’ёй ідуць студэнты.

 

Да працы прагнуць маладыя рукі,

А светлы розум — да вышынь навукі.

 

— Ўсе таямніцы таямніц пазнаем,

Век новы у вялікай дружбе з намі.

 

Нікому на зямлі мы не зайздросцім,

Нам свеціць сонца нашай маладосці.

 

Прыйшла вясна, прыйшла ў зялёным шуме,

Вясну жыцця мы песняй ушануем.

 

1956 г.

 

 

СПОВЕДЗЬ

Па свеце многа вершаў я сваіх растраціў,

А больш яшчэ пусціў на вольны вецер з дымам.

То падаў, то ўставаў, то творчым жыў уздымам,

То забыццё знаходзіў у нястомнай працы.

 

У раны сэрца вострым жалам не пырайце.

Ідуць, як сёстры, маладосць і старасць поплеч:

Усміхнецца радасць, то заломіць рукі роспач.

Што мне з сабой рабіць, скажыце і парайце?

 

Не займе песні дух, адносіць вецер кпіны,

Даспеюць ураджаем каласы на ніве.

Адвее час зярняты ад пустой мякіны...

А я нашчадкам што ў спадчыну пакіну?

 

Радзіма і народ мой ураджай узважаць,

Прысуд свой вынесуць і ўнукам праўду скажуць

 

1956, 1957 гг., Чаадаева.

 

 

* * *

Ў руках ні разу не трымаў кадзіла.

І не крапіў святой вадой з кадзільні.

Радзіма Беларусь мяне радзіла,

Не спыніць бой гісторыі гадзіннік.

 

Я верным сынам буду ёй навекі,

І веру: ўспомніць добрым словам.

Цякуць у мора дружбы нашы рэкі,

Трымаю моцна у руках вясло я.

 

Не вырве з рук віхор у поўдзень ясны.

На цёмны вір я лодку не кірую,

Хоць не баюся смерчаў і бурунаў.

 

Маяк вялікай праўды не пагасне,

Ён асвятляе нашы далягляды,

І мы яму ад сэрца сёння рады.

[1956 г.]

 

 

ЧАЙКІ КЛІЧУЦЬ

Падхапілі хвалі

Човен ад прычала

І штодуху ў далі

Сінія памчалі.

 

Нахіліўся ветразь,

Човен хвалі рэжа.

— Сэрца, смейся, грэйся,—

Вее вецер свежы!

 

Часу не марнуе

Ластаўка са стрыжам,

І плывец стырнуе

Цераз вір на стрыжань.

 

Ўзмахі вёсел лічыць,

І плыве, і верыць.

Чуе: чайкі клічуць

На радзімы бераг.

 

Ой вы, крылы-вёслы,

Не пужайце чаек!

Дуб высокі, рослы

Над ракой чакае.

 

Ранак свежы, яркі —

Светлая часіна!

Чую: клічуць чайкі,

Як матуля сына.

 

1956 г.

 

 

ЯШЧЭ Ў ЮНАЦКІЯ ГАДЫ

Даўно, яшчэ ў юнацкія гады,

Прызнаўся я табе ў сваім каханні.

Было не раз з табой маё спатканне,

Калі ўзыходзіў месяц малады.

 

Цераз плячо з сярпом зубчатым тым

Ішла ты з песняй зорнаю мяжою.

Ты роднай мне была, а не чужою,

Звінела шчасце ў слове залатым.

 

Блакітны васілёк чало і стан

Абвіў. Спявала ты з такім запалам,

Што плакаў росамі сівы туман.

 

І песня тая ў сэрца мне запала,

Пранёс яе дарогамі жыцця

І ўзняў высока з ёй чырвоны сцяг.

 

1956 г.

 

 

1957

 

РАВЕСНІКАМ

Усмешкі чыстых рос на верасе,

Мы верылі: дахаты вернемся,

 

Ў прыгожы, залацісты верасень

Пад бацькаўскай страхой сустрэнемся.

 

Вядуць шляхі нас векапомныя.

Паднімем песень чаркі поўныя!

 

Мінулае хай больш не здарыцца,—

Спяваема Радзіме здравіцу.

 

З душою сэрцы нашы раяцца,

Ўспамінаем маладосці раніцу.

 

Бацькі быць вернымі нам радзілі,

Бацькам, Радзіме мы не здрадзілі.

 

На верасе расінкі дробныя,

А ў сэрцах песні, песні родныя.

 

1957 г.

 

 

БУДАЎНІК

На рыштаваннях будаўнік нястомны

Кладзе муры і зранку, і спаўдня;

Сталіцу Мінск з руінаў ён падняў.

Красуй пад сонцам, вечнай славы помнік!

 

Ляглі ў падмуркі цвёрдыя граніты,

І век ім не скрышыцца на зямлі.

Сталіца Мінск, за працу, мазалі

Будаўніка да сэрца прыгарні ты.

 

Не плачуць на праспектах маткі, дзеці.

Ў сталіцы нашай радасць сонца свеціць,

Яго святло над вежамі гарыць.

 

Народ мой сёння — будаўнік вялікі,

Да працы ўсіх сваіх сыноў паклікаў.

І мне з народам жыць і з ім тварыць.

 

1957 г.

 

 

РАСІІ

 

Хоць часам і пужаў душу настрой,

Але не стаў бяздомным я бадзякам.

Была ты маткай, роднаю сястрой,

Прымі маю сардэчную падзяку.

 

Спяваю здравіцу табе адной:

Не гаснуць, не сумуюць зоры ў горы.

З тваіх садоў іскрыстае віно

Я паднімаю ў поўнай чары ўгору.

 

Я за тваё здароўе п’ю, Расія!

Ніхто з дарогі дружбы не саб’е,

Як сейбіта вясною на сяўбе.

 

Твае сыны у госці запрасілі,

І на пачэсным месцы з імі я.

Жыві з Расіяй, Беларусь мая!

 

1957 г.

 

 

ДАНТЭ АЛІГ’ЕРЫ

У тую ноч у небе зоры не гарэлі,

Дрымотны бор шумеў, каменні з гор гартаў;

Сарваўся камень з дзікіх круч, прагрукатаў

Над светлай галавою Дантэ Аліг’еры.

 

Ідзе паэт у свет дарогаю выгнання,

Над галавой грыміць, не сціхнуў гневу гром.

Фларэнцыя не кліча сына ў родны дом,

Верона паднімае ў сэрцы дух змагання.

 

Нясе паэт ў душы народныя цярпенні;

Не лаўры у вянку, гараць жывыя церні,

Гарачым потам абліваецца чало.

 

Прыслухаўся, пачуў: у падарожжа клічуць,

І поплеч з ім ідуць Вергілій, Беатрычэ.

Над борам сонца узыходзіць пачало.

 

15-27/І-1957 г.

 

 

КАСТРЫЧНІК

У памяці — юнацкія гады:

Над Полем Марсавым гарэлі зоры,

Грымелі залпы грозныя «Аўроры»,

Пачулі вёскі, сёлы, гарады.

 

Ішлі бацькі на барыкадны штурм,

Высока ўзняўшы ўгору сцяг чырвоны:

«Нам Ленін вызначыў жыцця законы,

Мы краты выламім з ганебных турм!»

 

Зара ўзышла народнага паўстання:

Узагрудкі свет узялі стары

І скалатнулі так, што век не ўстане.

 

Пылаюць рэвалюцыі кастры,

І светлы гімн лунае па-над светам:

Радзілася Рэспубліка Саветаў!

 

20/І-1957 г.

 

 

РАСХРЫСТАЎ СЭРЦА І ДУШУ...

На крыўды ўсе забыўся я даўным-даўно:

Пра іх успамінаць мне некалі было.

Развеяўся туман, гнілы смурод з балот,—

Я з чары дружбы п’ю не чэмер, а віно.

 

Завялі церні, лаўры, высах мой вянок,

Апошні ліст апаў — і ў Лету ўсё сплыло.

З крыніцы зачарпну жывой вады ў збанок

І сад палью. Не прыйдуць з тапаром, пілой.

 

Не падсякуць пад корань сад наш малады:

Зялёны шум прыйшоў, і ліст загаманіў,

І салавей спявае ранняй зорцы гімн.

 

Радзіма Беларусь, шумяць твае сады!

Я чую шум: расхрыстаў сэрца і душу,

Крывёй гарачаю санеты зноў пішу!

 

26/І-1957 г.

 

 

ПЕСНЯ ПЕСЕНЬ

Хоць снегам бор занесен,

А сонца — ў небе сінім.

Спявае песню песень

І сонцу, і Расіі.

 

* * *

Як мой настрой,

Шуміць лес-бор высокі.

Які прастор,

Расія, твой шырокі!

Ад сэрца я

Расію абнімаю:

Навек мая,

Як радасць сонца ў маі.

Табе прынёс

Падзяку ў слове шчырым.

З табой — мой лёс,

З табой — душа і ліра.

Я рад вясне,

Як рады сонцу птушкі.

Сустрэў мяне

Ў Маскве мне родны Пушкін.

Любіў, люблю,

І сэрца век не здрадзіць.

Я не згублю

Цябе, мая ты радасць!

 

* * *

Хоць снегам бор занесен,

А сонца — ў небе сінім,

Спяваю песню песень

І сонцу, і Расіі.

 

16/ІІ -1957 г., Чаадаева

 

 

СЯРГЕЮ ЯСЕНІНУ

Іду шырокім окскім плёсам,

Пяскі варушацца, не спяць.

Ака з маім гамоніць лёсам,

І травы устаюць спяваць.

Бягуць насустрач песні хвалі,

І подых ветру над Акой.

Быліны славу захавалі

Над гэтай рускаю ракой.

Лясы Мяшчэрскія шумелі,

Вітаў іх Мурамец Ілья.

Паклон вам нізкі, сосны, елі,

Паклон, расійская зямля!

Твае блакітныя нябёсы

Смяюцца сонцам па вясне.

Тут часта клён з бярозкай босай

Зялёны узнімаюць смех.

Тут любяць шапацець асіны,

Калі вятры цалуюць іх...

Спяваў ад сэрца ты Расіі,

І ў сэрцах голас твой не сціх.

Ішоў свавольны, светла-русы

І маладой вясне быў рад.

Любілі мы на Беларусі

Твой рускі ў песнях жар і лад.

І ты хадзіў на окскіх плёсах,

Пяскі слядоў не замялі.

Вялікую вясну і восень

Уславіў песняй на зямлі.

На ніве роднай песні сеяў

Пяснярскай шчодраю рукой.

Я чую голас твой, Ясенін,

Над светлай рускаю ракой!

 

23/ІІ-1957 г.

 

 

ВЯСНА

Прыбег прамень, ад сонца ясны веснік,

І абвясціў людзям: вясна ідзе!

Выходжу я сустрэць красуню песняй

І прывітаць той песняю людзей.

 

Не першы раз выходжу на спатканне,

І гэтак верыць хочацца вясне.

У грудзях жыве вялікае каханне,

Ў якім прызнацца ўсё ніяк не смеў.

 

Кахаю моцна, горача, праўдзіва

І песню запяваю ля крыніц,

Хай вецер веснавы над ёй шуміць.

 

Красуй, вясна, як і мая Радзіма!

Вясёлкаю стаіш ты уваччу,—

З табой і для цябе я жыць хачу.

 

3/ІІІ-1957 г.

 

 

ЛЕТА

Люблю я радасць першых навальніц,

Калі пярун гартуе, вострыць стрэлы

І сыпле з горна іскры бліскавіц,

Каб мы і нашы сэрцы не старэлі.

 

Ад сонца шчокі лета загарэлі,

Запунсавеў на вуснах сок суніц.

У лузе васількі мяне сустрэлі,

З блакітнымі напіўся я з крыніц.

 

Пасцелены квяцістыя абрусы,

Збіраюць пчолы сонечны нектар,

Ляцяць з абножкам і нясуць нам дар.

 

Такога лета, як на Беларусі,

З такой ласкавай, цёплаю душой

Нястомна я ў жыцці шукаў і не знайшоў.

 

10/ІІІ-1957 г.

 

 

ЛЮБЛЮ

Люблю я рускую марозную зіму:

Бадзёрыць дух яна, цалуе з жарам шчокі.

За рускую зіму я чару падніму

І з вамі, добрыя сябры, ад сэрца чокну.

 

З пашанаю пераступіў я ваш парог

І веру вам, як можа верыць толькі сэрца.

Завеі дзён не замялі шляхоў-дарог,

Якімі тут калісь прайшлі Радзішчаў, Герцэн.

 

Люблю я вас і ваш прастор, душы размах;

Гараць, не гаснуць нашай дружбы зоры

І асвятляюць даль, як маякі на моры.

 

Ўжо сакавік: з вясной сустрэлася зіма,

І лёд таўшчэзны не сцярпеў, набух і трэснуў.

І параходы выйшлі ў веснавыя рэйсы.

 

16/ІІІ-1957 г.

 

 

У.Д.

Гаротны дружа мой маўчыць...

Бывае гэтак у жыцці.

Калі прытупяцца мячы,

Шляхоў да волі не знайсці.

Няўжо ты крылы абламаў,

Саколе мой, на скалах дзён?

Я помню, як у светлы май

Твой голас клікаў нас: ідзём!

 

На бераг маладой вясны

Пайшлі сустрэць сваю зару.

І там, як верныя сыны,

Мы не схаваліся ў нару.

Ад сполаху не ўпалі ніц,

Калі пачаў страляць пярун;

Зіяла радасць бліскавіц,

І дакранаўся гром да струн.

 

Абняўшыся, апошні раз

Спявалі «Слаўся, Беларусь!».

І разлучылі тады нас,

І не паслалі нам абрус

Бацькі на стол бяседны свой,

І не паставілі віна...

Сардэчны, любы дружа мой,

Ізноў ідзе да нас вясна.

 

14-4-1957 г.

 

 

СОРАК ЗОРАК

Над Радзімай сорак зорак,

Сорак зорак свеціць ясных;

Сустракаюць ранні золак,

Палымнеюць і не гаснуць.

 

Над Радзімай свежы вецер,

На Радзіме — долі творцы;

Сорак зорак ў небе свецяць,

Сустракаюць радасць сонца.

 

Узыходзяць і заходзяць

Ў нашы новыя святліцы.

Ім свяціць вякі ў народзе,

У пасёлках, у сталіцах.

 

Запяваюць песню хлопцы,

Запявае вёска, горад:

Нам на кожнай яснай зорцы

Свеціць серп і ззяе молат.

 

Выйдзем з песняй на узгорак,

Тупнем і ў далоні спляснем:

Над Радзімай сорак зорак,

Сорак зорак свеціць ясных!

 

3/V-1957 г.

 

 

ФАНТАНЫ

Колькі старання!

Выйшлі на ранні,

З першай пралескаю,

Ў пушчу палескую.

 

У неба ўзвіліся,

З песняй зліліся

Вышкі бурыльныя

З пруткімі крыллямі.

 

Зранку між сосен

Смокчуць насосы

З жылаў праколатых

Цёплае золата.

 

Грудзі ўздыхнулі,

Сэрца адчулі:

Па-над палянамі

Нафта — фантанамі!

1957 г.

 

 

А.Я.

 

Мой любы дружа, мой Алесь,

Як я хацеў з табой сустрэцца.

Гарэў жаданнем я увесь

І нёс паклон табе ад сэрца.

 

Над Мінскам прывітаўшы сонца,

Ў Саюз пісьменнікаў зайшоў.

Хацеў руку паціснуць моцна,

Абняцца сэрцам і душой.

 

Вось так, як помніш, на вакзале,

Каб захацелася зноў жыць.

Але ў Саюзе мне сказалі:

«У лечкамісіі ляжыць».

 

Куды ісці, мой добры дружа?

Чакае хто мяне, скажы?

І ў ліпені адчуў я сцюжу:

Між родных зноў усім чужы.

 

22/VII 1957 г., Мінск

 

 

* * *

Хацеў дарвацца да жывой крыніцы,

Напіцца, смагу ў сэрцы супакоіць,

Ў санет сабраць радзімых слоў крупіцы

І дакрануцца струн, зайграць на ліры.

 

Я помню, як у садзе вішні спелі

І салаўі спявалі на зары;

Калоссе гнулася ў наліве спелым,

І лета несла нам свае дары.

 

На ніве — і камбайны і жняяркі.

Які разгон, размах! Які прастор!

Жыццё шчаслівае братоў, сясцёр.

 

Плывуць пад сонцам успамінаў хмаркі,

Бальзам гарачы з родных п’ю крыніц,

Зайздросна, прагна п’ю, прыпаўшы ніц.

 

13/Х 1957 г.

 

 

ЯНУ РАЙНІСУ

О не, не музы гэты спеў жывы прынеслі,

А Беларусь і Латвія з лясоў Наддзвіння.

Устрапянулася душа народнай песні,

І не сціхае водгулле і пошчак дзіўны.

 

Крышыўся лёд ад бурнай хвалі напрадвесні,

У садзе маладым у рост ішлі прышчэпы...

Народы нашы чорнай долі здзек атрэслі,

І больш гісторыя кайданаў не пачэпіць.

 

Я добра помню дваццаць шосты год у Мінску,

Калі Ян Райніс Беларусь абняў аберуч:

«Сябры, і мой народ у светлы дзень свой верыць!»

 

Купала здравіцу падняў з паклонам нізкім:

«Браты, віном паэзіі сагрэем сэрцы,

Народам нашым жыць і жыць, не ведаць смерці!»

 

5/XІ-1957 г., Чаадаева

 

 

У ШКОЛЕ

Не спеў салаўіны,

Званок нецярплівы

Звініць, не спыніць.

Зліваюцца словы

У гоман вясёлы

Радзімых крыніц.

 

Ні хмаркі, ні ветра,

Прасторна і светла,

Чытай і пішы!

І коцяцца гукі,

І песня навукі

Спявае ў душы.

 

«З настаўніцай любай

У школе мы любім

Чытаць і пісаць».

Бярозкі-падлеткі

Зімою і ўлетку

За школай шумяць.

 

1957 г.

 

 

НАВАГОДНІ ЛІСТ ДА СЯБРОЎ.

 

ДВАЦЦАЦЬ ПЯТЫ

Даўно

Растраціў я сяброў сваіх,

І навагодняе віно

На старасці гадоў сівых

Без вас, сябры,

Я за Радзіму п’ю.

Знябытым сэрцам свой народ

Люблю

І чую, як шумяць бары

Пад Новы год.

Народ,

Сваіх сыноў збяры

За бацькаўскі гасцінны стол!

З зямных глыбінь, пластоў

Прабілася на свет,

Як вока, чыстая крыніца.

Натхненне п’е паэт,

Ўзыходзіць навагодняя дзянніца.

Як брат перад сястрой,

Я перад ёй стаю

І ўцехі не ўтаю:

Настрой

Сняжынкі радасці марусіць,

Я аддаюся чарам

І за здароўе Беларусі

Высока паднімаю чару.

Сябры, мая душа гукае,

Як тая птушка каня:

Паднімем, вып’ема да дна,

Развеяў вецер горкі дым.

Сябры, Радзіма ў нас адна,

Ей аддадзім душы уздым!

Я чую галасы:

На навагодні клічуць сход.

З-пад снегу ўсталі верасы

І расцвілі пад Новы год.

 

Ўсё гэта так нязвычна,

Як сакаліны ўзлёт.

Струмень крынічны

Зімою крышыць лёд,

І ў даль вясны бяжыць,

І кліча жыць.

 

У навагодні вечар

Зорна-сіні

Дамчыць хай вецер

Мой паклон з Расіі

Цераз лясы-бары

Да вас, мае сябры!

 

Здаецца мне:

З Радзімы вецер зашумеў

Напевам, сэрцу дарагім;

Здаецца мне,

Што з вамі я, а не адзін.

Дванаццаць б’е гадзін,

Спяваю навагодні гімн.

 

20 снежня 1957 г.

 

 

БУДУ ЖЫЦЬ

Народны лёс я завіваю у санет,

Каб ён, жывы, чало Радзіме упрыгожыў.

Свайго народа дух высокі, светлы розум

Нясу у свет, як песню радасці паэт.

 

Хачу ў санетах выткаць родныя узоры:

Крынічаньку, што рэчанькай у свет бяжыць.

Вякі мінуць, а я хачу у песні жыць,

Пакуль у небе не пагаснуць сонца, зоры.

 

Я прыпадаю да тваіх, зямля, грудзей

І прагна сок твой п’ю і веру у бяссмерце,

І б’ецца пульс і абуджае спеў у сэрцы.

 

Іду я да цябе, як радасць да людзей,

Нясу і аддаю вянок жывых санетаў,

Гарачым сэрцам і агнём душы сагрэтых.

 

1957 г.

 

 

БЯЖЫЦЬ РАКА

Бяжыць рака між скал, гранітаў цвёрдых

І вадаспадам льецца з голых круч.

Паэт згубіў ад песні роднай ключ,

Калі ваду нёс у дзіравых вёдрах.

 

Вада ўцякла, стаяць пустыя вёдры.

Павеяў свежы вецер з-за ракі,

І крыламі ўзмахнулі ветракі.

Паэт шукае ключ ад песні роднай.

 

Старанна ключ у хвалях бурных ловіць

І ўсё ніяк не можа улавіць,

Глядзіць на дно ракі, прыпаўшы ніц.

Прыслухаўся: пяюць жывыя словы,

На дне ракі, ў каменнях, ключ трымціць,

Пераліваецца між хваль, звініць.

 

1957 г.

 

 

ВІНО ПАЭЗІІ

Каханнем трапятаў санет Пятраркі,

І Дантэ пасылаў яго да любай.

Вышэй паднімем, хлопцы, ўгору чаркі!

Віно паэзіі мы п’ём і любім.

 

Былі гарачыя між намі спрэчкі,

Калі вастрылі ступленую зброю.

Смяяліся з нас вербы каля рэчкі,

Скідаючы асеннія уборы.

 

Як дуб страсае жоўты ліст увосень,

Так я атрос з сябе усё старое

І песню ўжо на новы лад настроіў.

 

Мне зноў спяваць Радзіме давялося.

Вядзі! Я за табой іду, красуня,

Пад родным небам васілёк красуе.

 

1957 г.

 

 

ВОСЕНЬ

 

Пад жоўтым клёнам восень

Лісты на дол трасе;

Бяжыць дзяўчынкай босай,

Ў прыполе іх нясе.

 

Ідуць з далін на ўзгоркі

Асеннія дзянькі,

А ветры — наўздагонкі

Праз поплаў нацянькі.

 

Плывуць над гаем хмаркі,

За імі журавы,

А ранак светлы, яркі

Нясе кош журавін.

 

Нясе напіцца соку,

Асенняга віна.

Крапіся, родны сокал,

Сок дапівай да дна.

 

Пад жоўтым клёнам восень

Лісты на дол трасе;

Бяжыць дзяўчынкай босай,

Ў прыполе іх нясе.

 

1957 г.

 

 

ГАДЫ ІДУЦЬ

Гады ідуць, мінулых не дагнаць,

Не адвітаўся з імі я як мае быць.

Ад году ў год масціў заўзята гаць

І абяцаў вясну жыцця любіць.

 

Я верыў вашай вернасці, сябры,

І вас успамінаў штодзень дабром.

Радзіма, на зары сыноў збяры

У бацькаўскі гасцінны, светлы дом.

 

Хачу не пасынкам, а сынам быць

І ў свята сок запрацаваны піць.

 

1957 г.

 

 

ДЗЕНЬ ДОБРЫ!

Прачнулася сэрца, не спіцца, выходжу на ганак:

Дзень добры, жыццё маладое і сонечны ранак!

 

Над полем шырокім, над борам высокім світае;

Дзень добры, прастор салаўіны, Айчына святая!

 

Над песняю радасць ўзыходзіць, як сонца над светам;

Дзень добры, мая ты навекі Радзіма Саветаў!

 

Дзень добры, народ беларускі, няўтомны у працы!

Умееш ты сам гаспадарыць у бацькаўскай хаце.

 

На родным парозе я з песняй схіляю калені;

Дзень добры! — гукаю.— Дзень добры, маё пакаленне!

 

1957 г.

 

 

* * *

З родных пушч, бароў высокіх

Сонца песні мы прынеслі.

Узлятай жа, родны сокал,

І ляці на крыллях песні!

 

Ўзмахі крылляў — ўзлёт нястрымны,

Цераз далі, зноў у далі.

Зложым песні, зложым гімны,

Пра што дбалі — ўсё прыдбалі.

 

Ў нашай працы, ў нашых дзеях

Льюцца рэкі светлай долі.

Не старэем, маладзеем,

Як дубы вясной на волі.

 

Нашы нівы шчодра родзяць,

Граюць скрыпкі і цымбалы.

Не сціхае у народзе

Спеў Якуба і Купалы.

 

1957 г.

 

 

ЗАЛАТАЯ ВОСЕНЬ

Верасень у госці

Болей не запросіць;

Маладой бярозцы

Павязала восень

Жоўтую хусцінку

З белай павуцінкай.

 

Лета не прысядзе

Пад зялёнай кронай;

У рабіны ў садзе

Плашч гарыць чырвоны,

І нясуць з даліны

Спелы сок каліны.

 

Дрэвы ў пазалоце,

Вокліч жураўліны;

Восень на балоце

Сее журавіны.

Быццам песня тая,

Восень залатая.

 

1957 г.

 

 

ЗАШУМІ, ЗЯЛЁНЫ!

На пагорку, каля рэчкі,

У вясёлым школьным садзе

Вішні, слівы і парэчкі,

Яблынькі, ігрушы садзім.

 

Поім светлаю вадзіцай,

Што прынеслі у дайніцах.

З быстрай рэчанькі-крыніцы.

Не лянуйцеся, расціце!

 

Атрасе туман расу,—

Шэпча ліпа клёну.

Ты красуй, наш сад, красуй

І шумі, зялёны!

 

Каб вятры не гнулі долу,

Не зрывалі з вас хусцінак,

Паяскамі светлай долі

Вас падвяжам да тычынак.

 

Цёплы дожджык, пырсні, пырсні

На парэчкі, і на вішні,

І на яблынькі, ігрушы,

З хмаркі пырсні, спорны, дужы!

 

Атрасе туман расу,—

Шэпча ліпа клёну.

Ты красуй, наш сад, красуй

І шумі, зялёны!

 

Дожджык мёдам сад апырскаў,

Напаіў карэнні сокам,

Усміхнуліся пупышкі

На галінках на высокіх.

 

На уцеху і на дзіва

Упрыгожым мы Радзіму.

Піянерскімі садамі

Зашумяць яны над намі.

 

Атрасе туман расу,—

Шэпча ліпа клёну.

Ты красуй, наш сад, красуй

І шумі, зялёны!

 

1957 г.

 

 

ЗОСЬКА І АНТОСІК

 

Вышывае шоўкам Зоська

Браціку свайму Антоську

На сарочцы каласкі

І між імі — васількі.

 

Каласкі жаўцеюць, спеюць,

Васількі ўсё больш сінеюць.

Як жывыя каласкі,

І смяюцца васількі.

 

Хвалі ходзяць, як на ніве,

І блакіт плыве над імі.

Пад блакітам — каласкі

І між імі — васількі.

 

І праменьчык зіхатлівы,

Як струменьчык мігатлівы,

Поіць сонцам каласкі,

І смяюцца васількі.

 

І Антоську ў той сарочцы

Не пазнаюць, пэўна, хлопцы:

На сарочцы — каласкі

І між імі — васількі.

 

1957 г.

 

 

КРЫТЫКУ

Не закрыў пакуль павекі,

Ты ў душу маю не плюй:

Маю годнасць чалавека

І знявагі не сцярплю.

 

Адбіраў на песню права,

Выдзіраў душу з грудзей.

Ты хацеў хаўтуры справіць

У цямніцы без людзей.

 

Вёў мяне ў турму пад рукі,

Каб схіліўся там я ніц.

Зневажаў штодзень у друку,

Лаяў на чым свет стаіць.

 

Піць прасіў, бо чэз ад смагі,

Сэрца білася ледзь-ледзь,

І цяклі па твары рагі,

І ў вачах стаяла смерць.

 

Не пачуў. Шукаў ты доўбні,

Каб з размаху... і каюк.

Ты хацеў, мой крытык добры,

Кінуць цела ў цёмны люк.

 

Ты крапіў сваім кадзілам,

Уздыхаў ледзь не да слёз.

Беларусь, мая Радзіма,

Вось які пяснярскі лёс.

 

Крытыка свайго, Іуду,

І па смерці помніць буду.

 

1957 г.

 

 

НА УСХОДЗЕ СОНЦА

Рана ўстаў Сымонка —

На усходзе сонца;

У бары сасонка

Прывітае хлопца.

 

— Ой, шумі, сасонка!

Ногі ў бор вядзіце!

Чэрпае вясёлка

З рэчанькі вадзіцу.

 

Сэрца песні просіць,—

Слухаеш і верыш.

Атрасае росы

На узлессі верас.

 

У бары брусніца

Спее, даспявае;

Восень-маладзіца

Ягады збірае.

 

Горача рабіне,—

Аблівае жарам;

Весела каліне,—

Чырванее тварам.

 

Любіць бор Сымонка

На усходзе сонца.

У бары сасонка

Сустракае хлопца.

 

1957 г.

 

 

ПАЛЬМЫ СЛАВЫ

Раздадзены паэтам пальмы славы,

Якія у садах зімой раслі, цвілі

Пад зябкім сонцам на чужой зямлі,

І ў падарунак дружбы нам прыслалі.

 

Прыйшлі і музы без крывінкі ў твары,

Завіць паэтам лаўры у вянкі

І прачытаць натхнёныя радкі,

 

Паслухаць, як шумяць над Летай травы.

Без лаўраў і без пальмы славы я

На старасці гадоў прыйду здалёку

Паслухаць родны мне бусліны клёкат.

 

Сумуе сад вясной без салаўя,

А салавей сумуе па Радзіме,

Дзе маці пад лістком на свет радзіла.

 

1957 г.

 

 

ПЕРАД АПАЛОНАМ

Ні славай, ні лаўрам зялёным увенчан:

Не ўмеў я маліцца, згінацца і кленчыць.

 

Стаю перад богам, сваім Апалонам,

І хочацца вырвацца песні з палону.

 

Заступнік паэтаў, сыноў абаронца,

Свяціла і свеціць паэзіі сонца.

 

Над краем не меркнуць вясёлак ясноты;

Паэты збіраюць сок песень у соты.

 

Хачу я адведаць на старасці сокаў,

Каб песня расправіла крылы, як сокал.

 

1957 г.

 

 

ПЕРШАКЛАСНІЦЫ

Зоранькі - равесніцы

Выбеглі за весніцы,

Выбеглі, сустрэліся

Над ракой, далінаю,

Прывіталі верасень

З сочнаю рабінаю.

 

Ластаўкі вясёлыя

Ўлетку пасваволілі;

Пчолкі працавітыя

На лужок збіраліся,

Сонцам апавітыя,

Шчасцю усміхаліся.

 

Сонейка высокае

Поіць травы сокамі,

А кусты над доламі

Росамі мядовымі.

Ўсе мы сёння з доляю,

Сіл набрацца здолелі.

 

Выбеглі, сустрэліся,

Прывітаўся верасень,

Усміхнуўся ветліва,

Кліча ў школу светлую.

Мы за ім, шчаслівыя,

Хваляю шумліваю.

 

Ў небе сонца ясніцца,

Ў школе першакласніцы.

 

1957 г.

 

 

ПЕСНЯ ЛЕТА

Ўсе аблогі ўзораны.

Чырванее ўзорамі

Сонца перад зорамі;

Вербы над азёрамі,

Ой, шумяць зялёныя

З маладымі клёнамі.

 

Росы ўлетку чыстыя,

Птушкі галасістыя,

Нівы каласістыя;

Васількі блакітныя

І кусты ракітныя

Ветліва ўсміхаюцца,

Вечарам і раніцай

Росамі ўмываюцца.

 

Песня салаўіная,

Даль блакітна-сіняя

З лёгкаю хмурынкаю,

З сонечнай іскрынкаю.

 

Цешымся, любуемся,

Горача цалуемся

З роднымі бярозамі,

Да чаго ж прыгожымі!

 

1957 г.

 

 

* * *

Сардэчны і любы мой дружа,

Пялёсткі асыпала ружа.

 

У прыгаршчы вецер збірае,

Каб песняй развеяць над краем,

 

Над борам, над родным прасторам,

Дзе люба і сонцу, і зорам.

 

Збіраюцца хлопцы дахаты,

Спяваюць ім песні дзяўчаты.

 

Я чую, ой, родныя, чую!..

Ад сэрца абняць вас хачу я.

 

1957 г.

 

 

УКЛЕНЧЫ, СЭРЦА, НА ПЯСОК

Мая сталіца, родны Мінск,

Абняў сад сонца у галлі.

На Круглай плошчы абеліск,

Пад ім сыны спачыць ляглі.

 

Устань да дня, радня, сям’я,

Сцялі сынам на дол абрусы!

Хай будзе лёгкай ім зямля

Радзімы Беларусі.

 

Кладу вянок на пастамент,

Гарачы верш, душа, пішы!

Тут не адзін стаяў паэт,

Санет складаючы ў душы.

 

Укленчы, сэрца, на пясок,

Паслухай: дыхае зямля.

Смяеццца сонцу васілёк,

Сталіца родная мая!

 

На чысты твар твае красы

Не скіне вораг атам смерці.

Хай расцвітаюць верасы

Ў гарачых нашых сэрцах.

 

1957 г.

 

 

ХЛОПЧЫК, ЯК ВЯСЁЛКА

 

Хлопчык, як вясёлка,

П’е жывыя сокі:

Русая галоўка

І лабок высокі.

 

Загарэў на сонцы,

Зведаў горы-долы.

Рад дубку, сасонцы,

Свайму шчасцю, долі.

 

Зоранькі — не вочы,

Смутак уцякае.

Да ўсяго ахвочы,

Да ўсяго цікавы.

 

Дбайны і да працы

І майструе лоўка.

Марна час не

траціць.

Светлая галоўка!

 

Спрытны і вясёлы

І да песень здольны.

Як дубок на волі,

Любіць край свой вольны.

 

1957 г.

 

 

ШКОЛЬНЫ ЗВАНОК

Над роднай Свіслаччу у вераснёвы ранак

Ты першы раз мне пазваніў у светлы час.

У гэты ранак я ступіў на школьны ганак,

Ўсхвалёваны да вучняў увайшоў у клас.

 

З тае пары мяне штодзень твой голас клікаў,

І я штодзень спяшаўся, ў школу бег трушком,

І вучняў вёў да мэты светлай і вялікай

То вуліцай вясны, то сонечным лужком.

 

Ні разу не спазніўся разам з сонцам ўстаць,

Дзень прывітаць, калі ішлі у школу вучні.

Душу кранаў іх голас, радасны і гучны.

 

Гады гартаць, што кнігу мудрую чытаць,

З якою я прайшоў вясёлым школьным садам.

Над галавой шумяць зялёныя прысады.

 

1957 г.

 

 

ШПАКІ

Над полем шырокім,

Над поймай ракі,

Пад небам высокім

Лятаюць шпакі.

 

То знізяцца долу,

То зноў — у прастор,

І клічуць там долю,

Братоў і сясцёр.

 

Крылатаю хмарай

Ляцяць над сялом,

То зноў на імшары

Махаюць крылом.

 

То спусцяцца разам,

Клён жоўты трасуць,

То раптам над вязам

Свой посвіст нясуць.

 

На захадзе сонца

Ляцелі на бор,

Крычалі сасонцы

Да ясных аж зор.

 

Змарыліся крылы,

І сціхлі шпакі.

Іх ночка прыкрыла

За плёсам ракі.

 

Спачніце, а заўтра

На зорцы, ледзь свет,

Пабудзіць вас варта

У вырай ляцець.

 

Дарога у вырай

На поўдзень ляжыць.

Над морам, над вірам

Ляцець і кружыць.

 

Бывайце, ляціце,

Узмахніце крылом

Над светлай крыніцай,

Над родным сялом.

 

Ні долы, ні горы

Не змораць вас сном.

Не баўцеся, ўпору —

Дахаты вясной.

 

1957 г.

 

 

ШЧОДРАЕ ЛЕТА

 

Працаю славім

Светлую долю;

Ядраны колас

Хіліцца долу.

 

Жыта, як мора,

Шум каля Гайны,—

Выйшлі на ніву,

Выйшлі камбайны.

 

Жнуць і малоцяць,

Сыплюць і веюць;

У полі, на ніве,

Ўлетку завея.

 

Вецер спявае

Песні шыпшыне;

Хлопцы, дзяўчаты

Водзяць машыны.

 

З зоркаю лягуць,

Устануць ледзь золак;

З песняй на ніве

З сонца да зорак.

 

Льюцца ўраджаю

Шумныя рэкі;

З верхам насыплем

Жыта ў засекі.

 

Шчодрае лета,

Шум каля Гайны,—

Выйшлі на ніву,

Выйшлі камбайны.

 

1957 г.

 

 

1958

 

 

* * *

Жыве у родным, светлым доме славянін,

Ліхія ворагі са свету не звялі.

Вялікія браты — рабочы, селянін.

Тварцы народнай долі, праўды на зямлі.

 

Трымаюць моцна серп і молат у руках,

Далоняў рук іх не крывавяць мазалі.

Плыве пад сонцам паўнаводная рака,

Крыніцы б’юць з пластоў жывых, з глыбінь зямлі.

 

Не адарвацца: сэрцам і душой прыпаў.

І падстаўляю ім сваіх прыгоршчаў коўш.

І вусны прагавіта п’юць і просяць больш.

 

Народ мой, марна не загінуў, не прапаў,

І шквал гісторыі не змыў у цёмны вір,

І не прыкрыў вачэй халоднай хваляй жвір.

 

5/І-1958 г., Чаадаева

 

 

ДЗЕНЬ ДОБРЫ, РАДЗІМА!

Дзень добры, Радзіма!

Надзвычай, надзіва

Прастор сінявокі,

Бор гонкі, высокі,

Як бронза галіны;

Дубровы, даліны,

Крыніцы, азёры,

І сонца, і зоры,

І светлыя рэкі

З Радзімай навекі.

 

Дзень добры, Радзіма!

Сябры-пабрацімы,

Вітаю разлогі,

Шляхі і дарогі,

І нівы пад сонцам.

Дзяўчатам і хлопцам

Гукаю: дзень добры!

Дуб-волат наш родны,

Плячысты, дзябёлы,

Не хіліцца долу.

 

Дзень добры, Радзіма!

Ты песню радзіла,

І роднае слова,

Як поўдзень вясновы,

Вясёлкай смяецца

І просіцца ў сэрца.

Не сціхлі цымбалы

І песні Купалы;

Іграйце, музыкі,

Ў дзень светлы, вялікі!..

 

Дзень добры, Радзіма!

Край казак і дзіва:

Ў блакітнай прасторы

Дзень славяць маторы,

Спяваюць турбіны

Пад сонцам Радзімы.

Індустрыі песня,

Як радасць прадвесня,

Як быстрыя воды.

Паклон вам, заводы.

 

19/І-1958 г.

 

 

МАЯК ЖЫЦЦЯ

Калі агонь жыцця згасаць збярэцца,

Ты жар яго кійком паварушы,

І разгарацца вугалькі у сэрцы,

Сагрэтыя жывым цяплом душы.

 

Калі расправіць крылы родны сокал,

Стрымаць узлёт яго не хопіць сіл.

Акіне вокам ён прастор навокал,

Дзе мы ў маленстве бегалі, раслі.

 

Я помню, як пад сонцам цёплых дзён

Радзіме ад душы складалі гімны,

Не змоўк тых гімнаў голас дзіўны.

 

Радзіма, твой маяк здалёк відзён

І светлай раніцай, і ў поўдзень ясны,

І ў часе навальніцы ён не гасне.

 

31/І-1958 г.

 

 

* * *

Не паднімаў я каменя на брата,

Не быў ніколі з-за вугла піратам,

І ўсё ж бяздомным я даўно блукаю,

Як з хаты выгнаны калісьці Каін.

Прысяду часам на халодны камень.

І абнімаю сінь нябёс рукамі.

У полі з ветрам часам засмяюся,

Калі ляцяць у вырай журавы і гусі,

І горача табе адной малюся,

Сваёй святой Радзіме, Беларусі.

 

5/ІІ-1958 г.

 

 

ПРЫПАЎ Я ДА КРЫНІЦЫ

 

Прыпаў я да крыніцы

Тваіх грудзей, Радзіма,

Жывой вады напіцца

У светлую часіну.

 

Я, ветрам апавіты,

П'ю гэтак прагавіта,

Як сонца ўлетку росы,

І сэрца болей просіць.

 

Вятры, лісты на дол сцяліце!

Я па зямлі іду сваёй сталіцы.

З руінаў родная устала,

Шануе працу майстраў сталых.

 

Ўзыходжу я на рыштаванні

Схіліцца ў пояс зорцы ранняй,

Ў трывалыя муры пакласці

Ключы ад песень сэрца, шчасця.

Высока дух лунае творчы,

Спяваю яснай ў небе зорцы.

 

Дзе мы хадзілі у паходы,

Там сёння — фабрыкі, заводы.

Пад’ёмныя скрыгочуць краны,

І зажываюць Мінска раны.

У даль вясны бягуць праспекты,

На іх дзівіцца будзеш век ты.

Яны бягуць узгоркам, долам,

Абняўшыся з народнай доляй.

 

Народ мой, дбайны, працавіты,

Цяпло душы кладзе ў граніты,

Калоны, сцены аздабляе

Блакітным мармурам, як далі.

Яго нам гарнякі прыслалі

З далёкіх горных скал Урала,

А сталявары — кроквы-скрэпы

І сонцам дружбы дзень сагрэты.

 

Паклон да ног Радзіме я кладу;

Душа і сэрца з песняй у ладу.

Я ў сэрцы словы шчырыя прынёс —

Уславіць твой, мая Радзіма, лёс.

 

Красуй у поўдзень свой прыгожы!

Шумяць дубы, і хвоі, і бярозы,

На ўсход павольна хвалі коціць Свіслач,

І вербы карабатыя над ёю віснуць.

 

Ці ёсць такая дзе яшчэ другая,

Як ты, мая Радзіма дарагая?!

 

9/ІІ—1958 г.

 

 

ШЭФЫ

 

Як спявае лета,

Мурагі як сцеле,

Мне даўно пра гэта

Напісаць карцела.

 

 

1

Ой, за рэчкай, у бары,

Дзяцел стукнуў па кары —

Зашумелі верасы.

А над рэчкай, на гары,

На калгасным на двары,

Зазвінелі галасы.

 

Колькі радасці, красы!

 

З вёскі Ельня едуць шэфы.

На кійках, лазовых конях,

Мчацца вуліцай зялёнай,—

Не да жартаў, не да смеху.

 

Хто іх выйдзе сустракаць?

Ці дасцё вы толькі веры,

Едуць шэфы-піянеры,

Толькі гальштукі гараць.

 

Сонца грэе, праца цешыць.

Тут і Стасі, тут і Сцешы,

І Антоські, і Рыгоркі,

Як дубочкі на узгорку.

Часу марна не патрацяць,

Рукі просяцца да працы.

 

Тут і радасць, і пацеха.

Як пачулі толькі шэфаў,

Заірзалі жарабяты,

Зарыкалі і цяляты,

Сталі рохкаць парасяты,

Хорам ціўкаць кураняты.

 

2

На світанку — ўранку

Чысціма і сцелем,

Варыма аўсянку,

Сырадоем белім.

 

Піце, піце ўволю

З місак, а не з лыжак,

Выпусцім на волю

Вараных і рыжых.

 

Каснікі-вясёлкі

Запляцем у чолкі.

І пад кожнай чолкай —

Лысінка, як зорка.

 

Ў чыстым полі вецер

Грыўкі вам расчэша.

Сонца ў лузе свеціць,

Грэе, песціць, цешыць.

 

Мчыце наўздагонкі,

Ўверх хвасты узняўшы;

Долы і пагоркі,

І кусты не страшны.

 

Вараны жарэбчык

Заірзаў у далях,

Пераскочыў рэчку,

Дзе сінеюць хвалі.

 

Вербы на крыніцах,

Хмарка над Нясвіжам.

— І-га-га! — ён кліча

Вараных і рыжых.

 

3

Ой, ды рана, рана

Мы цялят рахманых

Хварасцінкай гонім

На лужок зялёны,

Дзе смяюцца клёны.

 

На лужок ідзіце,

Траўкі паскубіце,

Роснай і мурожнай,

Чыстае вадзіцы

З рэчанькі папіце.

 

Ў поўдзень летні, светлы

Зашумяць там ветры,

Аднясуць у нетры,

За лясы, азёры,

Аваднёў-назолаў.

 

Птушкі-весялушкі,

Пастухі, пастушкі

Песню заспявалі,

Падхапілі хвалі

І памчалі ў далі:

 

Рэчанька святлее,

Хвалі ціха льюцца.

Белыя лілеі

На вадзе смяюцца.

 

Рэчанька мялее,

Свеціцца пясочкам.

Завіем лілеі

У вянкі-вяночкі.

 

Мы пыракам рожкі

Упрыгожым імі.

Зашумяць бярозкі

З вербамі густымі.

 

Будзем гнаць дахаты

Цераз поплаў, полем,

Дома мы цялятак

Поілцам напоім.

Поілца папіце

І засніце, спіце

На ржаной саломцы

Аж да ўсходу сонца.

 

Рэчанька святлее,

Хвалі ціха льюцца.

Белыя лілеі

На вадзе смяюцца.

 

4

Парсючкам сваім і свінкам

Гладзім мы і чэшам спінкі.

Толькі — ох! Ды рох-рох-рох!

Ў печцы пражыцца гарох.

 

Дазваляецца сваволіць,—

Малачка даём уволю.

Толькі — ох! Ды рох-рох-рох!

Любяць белены гарох.

 

І купаем у балеі,

Каб хоць трошкі пабялелі.

Толькі — ох! Ды рох-рох-рох!

І ляжаць не чуюць ног.

 

Спіце смачна, пад галоўкі

Вам падсцеліма саломкі.

Толькі — ох! Ды рох-рох-рох!

Сніцца бульба і гарох.

 

Парсючкі растуць і свінкі,

І не колюцца шчацінкі.

Толькі — ох! Ды рох-рох-рох!

Любім бульбу і гарох.

 

Зварым бульбы і гароху,

Ешце ўволю, не патроху.

Толькі — ох! Ды рох-рох-рох!

З’елі бульбу і гарох.

 

5

Затрубілі горны,—

Гукаў, песень — рэкі;

Пявункі-легорны

Клічуць: ку-ка-рэ-ку!

 

Пыляняткі-кураняткі,

Вы без мамкі, без чубаткі,

Не пакліча, не пакорміць

І пад крылы не прыгорне

Дзетак, беленькіх легорнаў.

 

Пыляняткі-кураняткі,

Раскаціліся зярняткі.

Даганяйце і збірайце,

Ў валячкі свае кладзіце,

Запіваючы вадзіцай.

 

Ні адзін драпежнік-майстра,

Ні лісіца і ні ястраб.

Не падкрадзецца, не схопіць,

Шуганём кустом зялёным.

І драпежнікаў адгонім.

 

* * *

Ой, за рэчкай, на бары,

Дзяцел стукнуў па кары —

Зашумелі верасы.

А над рэчкай, на гары,

На калгасным на двары,

Зазвінелі галасы.

 

Колькі радасці, красы!

 

Сакавік, 1958 г.

 

 

* * *

 

Сляза скацілася, спаўзла,

Цягнік сцішае бег-разгон.

Вось ён, залюднены вакзал,

І ў сонечным святле перон.

 

На прывакзальнай плошчы дзень,

Як песня, радасны такі,

І ўсё ж ніхто мне тут з людзей

Сяброўскай не падаў рукі.

 

Ніхто ад сэрца не абняў,

Ў гасцінны дом не запрасіў.

Чакаў да самага паўдня,

Пакуль шафёр падаў таксі.

 

Не выйшлі тут мяне сустрэць,

Як і тады, у тыя дні...

Імчы, браток, у Трасцянец,

Бліжэй там будзе да радні.

 

19-7-1958 г.

 

 

ПЕСНІ СЭРЦА

 

 

1

Сады і нівы залатыя

І Свіслач — родная рака.

Мяне, як сёстры маладыя,

Бярозкі выйшлі сустракаць.

 

Ў карунках лісцяў неба просінь,

Як той чароўнай казкі сон.

Сястра зайсці у хату просіць,

Прысесці з ёю на услон.

 

У вокны сонца ласкай свеціць,

Я сонцу аддаю паклон.

Мне даражэй за ўсё на свеце

Вось гэты зэдлік і услон.

 

Я за адным сталом з сястрою;

Кужэльны на стале абрус.

Не ведаў я такіх настрояў,

Мая радзіма Беларусь.

 

Сястра, я рад з табой сустрэцца.

Які шчаслівы выпаў лёс.

Цяпло душы і радасць сэрца

Радзіме з песнямі прынёс.

 

2

Хвойнік ўсё яшчэ зялёны,

Ранняй восені усмешкі.

Тут вядомы і знаёмы

Ўсе пуціны мне і сцежкі.

 

Хвойка, з лёгкай павуцінкай,

Зашумела на узлессі.

Адшукаю тут пуцінку,

Па якой ішоў да песні.

 

Расхінаю ціха вецце —

Не спужаць бы ясных зорак.

Вось яна — бяжыць, віецца,

Я пайду за ёй на ўзгорак.

 

Ён за лесам, там, дзе Стайкі,

Дзе шумяць старыя вербы.

Хвойкі, у зялёных майках,

Давядуць мяне да грэблі.

 

Росы ціха долу сее

Верас з хвойкамі малымі.

Вось і возера сінее,

Вось і вербы каля млына.

 

Малады алешнік воддаль,

Побач з ім — чарот зялёны.

Разлівае восень водар,

Падстаўляюць чаркі клёны.

 

Я іду уздоўж пагонам,

Дзе раслі калісь бярозкі.

Родны шум і родны гоман

Давядзе мяне да вёскі.

 

Стану на гары Высокай,

Нізка-нізка пакланюся.

Мне падносіць восень сокаў,

Гэтых сокаў я нап’юся.

 

3

Не прыйдзе ў госці лета,

Даспеў апошні колас.

Дзе вы, сябры-паэты?

Хачу пачуць ваш голас.

 

Асенні ліст зашастаў,

Упаў пад ногі проста.

Іду між хвоек частых

І цешуся іх ростам.

 

Вясёлыя дачушкі,

На матак ўсе падобны.

Хачу вас з ветрам гушкаць

Пад небам ясным, родным.

 

Я матак добра помню,

Іх голас чую ў шуме.

І маладзіком, і ў поўню

Спявалі тут красуні.

 

Я слухаў вашы песні,

І сэрца песень просіць,

Але няма равесніц,

Не зашумяць увосень.

 

Усе ляглі павалам

На грэблі, а не ў зрубы.

Народ у час навалы

Не ўратаваў ад згубы.

 

Шумяць, як песні лета,

Сасонкі маладыя.

Усёй душой паэта

Люблю вас, залатыя!

 

1958 г.

 

 

ЗОРКА САВЕТАЎ

Леніна словы

Ў сэрцах навекі;

Рэчышчам новым

Коцяцца рэкі.

Зорка Саветаў

Ззяе над светам.

 

Хваля жывая

Рэчку радзіла;

Стала дзяржавай

Наша Радзіма

Добра вядомай

У людзях і дома.

 

Дзень навагодні —

Светлае свята;

Стала нам роднай

Гэтая дата,

Зоркай яснее,

Шчасце нам сее.

 

Ленін даў сілу,

Долю народу;

3 маткай Расіяй

Год мы ад году

У дружбе навекі —

Людзі і рэкі.

 

Наша Радзіма

З твару свяжэе,

Проста надзіва

Ўсё прыгажэе.

Любім, шануем,

Са святам віншуем.

 

Едуць па мосце

З гоманам гулкім,

Едуць у госці

З братніх рэспублік.

Скажам сардэчна:

Дружба навечна!

 

Серп наш і молат

З зоранькай ранняй;

Вёска і горад

Ў светлым убранні:

Сёння ж у хатах —

Радасць і свята.

 

Партыі словы

Ў сэрцах навекі;

Рэчышчам новым

Коцяцца рэкі,

Зорка Саветаў

Ззяе над светам.

 

[1958 г.]

 

 

 

ГАСПАДАР-НАРОД

Рухнула гара —

Аж з каменняў іскры.

Скінулі цара

І яго міністраў.

 

Цар ужо не цар:

Без арла, кароны,

Глюганосы твар,

Як у той вароны.

 

Вось што сталася з Міколам:

Закруцілася ўсё колам,

І не думаў ён ніколі,

Што ўсё пойдзе верць і круць.

І яго далоў спіхнуць.

 

* * *

Смех бярэ варон,

Лыпяць вочы совы:

Сеў на царскі трон

Керанскі часовы.

 

— Як жа? Што рабіць

З гэтым красамоўцам? —

— Трэба рогі збіць,

Утапіць у Мойцы.

 

Як сказалі, так зрабілі —

Адным махам рогі збілі,

Але ў Мойцы не ўтапілі.

Наш прамоўца «залаты»

Наўцёкі — лататы.

 

* * *

Захістаўся трон,

Паўзляталі совы.

«Ўсіх міністраў вон

З Керанскім часовым!»

 

Пасміхаліся матросы:

«Каламашка стоп, ні з месца!

Ўсе парваліся атосы,

І буржуяў просім злезці».

 

Ўсе разбегліся, як мышы,

Без крахмаленых манішак.

Хто у світцы, хто без світкі —

Цераз фінскі ва ўсе лыткі

У замежныя дзяржавы —

Гэтак «бедных» напужалі.

Там пазналі «небаракі»,

Дзе зімуюць з ліхам ракі.

 

 

* * *

Гаспадар-народ,

Ўлада ўся Саветам!

Неслі ў гэны год

Людзі праўду свету.

 

Вецер не шумеў свавольны,

Ў Пецярбурзе, ў Смольным,

Слухаў Леніна народ:

Селянін, матрос, рабочы.

— Прыйдзе на буржуяў звод!

І гарэлі шчасцем вочы.

— Ўсё на новы лад мы зменім

З намі праўда, з намі Ленін!

— Наша праўда узяла.

Мір народу і зямля!

 

* * *

Партыя вяла,

І народ ішоў.

Слухала зямля

Сэрцам і душой.

 

«Ўсе табе, народ,

Аддаю дары.

Дбайна з году ў год

Засявай, ары.

 

Нетры ўсе твае

І багацці ўсе.

Новы свет ўстае

Ў маладой красе.

 

З хаты вон бяду —

Раз і назаўсёды!

Горача будуй

Фабрыкі, заводы».

 

З партыяй народ

Ўсе развеяў хмары,

І ўжо колькі год

Рупна гаспадарыць.

 

Жыць і жыць на свеце

І любіць бясконца.

Узыходзіць, свеціць

Камунізму сонца.

 

17/Х-1958 г.

 

 

СЛАЎСЯ, РАДЗІМА

Леніным родным і воляй народнай

Створана наша дзяржава Саветаў.

З песняй прыйшла Беларусь мая сёння

Зоркай яснець і не гаснуць над светам.

 

Ты, Беларусь мая, стала дзяржавай

Ў родным Саюзе Савецкіх рэспублік.

Цешыш садамі зямлі маладжавай,

Дзень аклікаеш індустрыяй гулкай.

 

Ўсё прыгажэеш, сталееш з гадамі,

Вораг не здолеў зняславіць, асіліць.

З сёстрамі ў згодзе і разам з братамі

Сілы народаў з’яднала Расія.

 

Коцяцца ў мора, зліваюцца ў моры

Шчасця народнага поўныя рэкі.

Свецяць над намі і сонца, і зоры,

Слаўся, Радзіма! Ты з намі навекі!

 

1958 г.

 

 

БЯСЕДНАЯ

Прынеслі бацькі дарагія дары;

На вокнах, у вазах, цвітуць незабудкі.

Дзяўчаты і хлопцы, сяброўкі, сябры,

Паднімем з народам бяседныя кубкі!

 

Шумяць беларускія пушчы, бары,

І сонца, і зоры яснеюць над імі.

Гарачыя сэрцы — Радзіме, сябры!

І шчыра аберуч Радзіму абнімем.

 

Дубы у дуброве не хіляцца ніц,

Як волаты тыя стаяць пабрацімы.

Жывая вада з неўгамонных крыніц

Па рэчышчы дружбы бяжыць па Радзіме.

 

Радзіма сузор’ем яснее, гарыць,

І дружба народаў на вечныя векі.

Паднімем жа кубкі, сяброўкі, сябры,

За шчасце, за дружбу, за светлыя рэкі!

 

1958 г.

 

 

СВЯТА

Урачысты дзень які!

Кемным вокам глянь навокал:

Свецяць нашы маякі

Над Радзімаю высока,

Свецяць сонцам, свецяць ясным.

Усміхніся, мой сучаснік!

 

Ад крыніц жывых ключы

Звоняць позна, клічуць рана.

Паспрабуй і падлічы,

Што прыдбана, збудавана.

Вокнамі на ўсход святліцы —

Як не жыць, не весяліцца!

 

Не марнеем на зямлі

І не просім нас прабачыць.

На далонях мазалі

Абмывае пот гарачы.

Мы — ахвотнікі да працы.

Высім светлыя палацы!

 

На Савецкі ўвесь Саюз

Грайце, родныя музыкі!

Сустракае Беларусь

Дзень святочны, год вялікі.

Радасць ходзіць з хаты ў хату:

Ўсе збірайцеся на свята!

 

1958 г.

 

 

ЮНАЦТВА

Юнацтва нашае спявае з намі:

Надзеі збудуцца ў жыцці сучасным.

Каханне ў школе першае пазналі,

Такое чыстае, як поўдзень ясны.

 

Хоць гэтаму вы нас і не вучылі,

А сэрцы самі вывучыць паспелі.

Зірнула карымі яно вачыма,

Запунсавелі вусны сокам спелым.

 

Ўсміхнулася душа душы юнацкай,

І сонца жарам апаліла шчокі.

Ляцім на крыллях песні ў свет шырокі!

 

Не наляцім мы на скалу знянацку,

Смяюцца сонцу сочныя каліны.

Які размах для крылляў сакаліных!

 

1958 г.

 

 

АДВІТАННЕ

Дасеяў на апошнім кліне,

Управіўся ў пару з сяўбой.

Сваю сяўню я вам пакіну,

Зярняці не вазьму з сабой.

 

Насенне ў глебе прарасло,

Збірайце ураджай багаты.

Ў руках кляновае вясло

І плыць пара мне ўжо дахаты.

 

Пара. На окскіх плёсах лета,

Іду я развітацца з ім.

І, можа, буду зноў паэтам

На нашай сонечнай зямлі?

 

1958 г.

 

 

ДВОЙЧЫ ДВА — ЧАТЫРЫ

Двойчы два — чатыры,

Не выходзіць пяць.

Песні не адштырыць,

Сэрцу рана спаць.

 

Верце ці не верце,

Шчырай праўдай жыў:

І душой, і сэрцам —

Родны, не чужы.

 

Можа, і не здзівіць

Гэта сёння вас?

Я ж сваю Радзіму

Абнімаў не раз.

 

Не смыляць мне горна

З працы мазалі.

Смачны хлеб мне чорны

3 бацькаўскай зямлі.

 

Хто са мною сядзе?

Я ўжо трохі пасівеў.

Кліча зорку ў садзе,

Кліча салавей.

 

Салавейка-дружа,

Сэрцам не трымці.

Расцвітаюць ружы

Сёння у жыцці.

 

Закахаўся рыцар

У пялёсткі руж.

Песню над крыніцай

Слухай, Беларусь!

 

1958 г.

 

 

ЗІМА

Ідзе зіма бадзёрая,

З марознымі узорамі,

З вясёлымі сняжынкамі,

Пушыстымі іскрынкамі.

 

Ідзе румянашчокая,

А рэчка зябне, шчоўкае.

Ідзе па рэчцы Стрыжані,

Ідзе з канькамі, лыжамі.

 

Ідзе зіма з сарокамі,

Фарсуньмі белабокімі,

З сініцамі-сястрыцамі,

З лісіцамі-хітрыцамі.

 

Ідзе з ваўкамі шэрымі,

Зубастымі і смелымі,

І з зайцамі пужлівымі

Пад хвойкамі, ялінамі.

 

Ідзе даламі, ўзгоркамі,

Пад ясным небам з зоркамі.

Ідзе зіма сцяжынкаю,

Занесенай сняжынкамі.

 

1958 г.

 

 

* * *

Мясціны гэтыя з маленства мне знаёмы:

Тут бегаў хлопчыкам-падпаскам па грыбы,

Шумеў над галавой з бярозкай клён зялёны,

Шумелі волаты-браты — магутныя дубы.

 

Зарэчны хвойнік, вартаўнік блакітнай высі,

Схіляўся з вербамі у поўдзень над ракой.

На хараство Радзімы, дружа, падзівіся

І абнімі Радзіму мужнаю рукой!

 

Мінула шмат гадоў. Шуміць дубок на ўзгорку,

А поплеч з ім яго равеснікі-дубкі.

Вітаю шчыра вас і вашу ў небе зорку.

Шуміце, родныя, вясёлыя браткі!

 

1958 г.

 

 

1959

 

 

УСМІХАЕЦЦА ВЯСНА

Песня

Мчыць у рэчку сакавік

Ручайкоў усмешкі,

І нясе нам красавік

Першыя пралескі.

 

Прыпеў:

Ой, лю-лі. Ой, лю-лі.

Ручайкі паплылі.

Ой, лю-лі. Ой, лю-лі.

Паплылі, паплылі.

 

Ясны веснавы прамень

Грэе долы, ўзгоркі,

З рэчкі п’юць жывы струмень

Родныя вясёлкі.

 

Прыпеў.

 

На пал яне журавы,

У даліне гусі.

Вее вецер баравы

Ім на Беларусі.

 

Прыпеў.

 

Прачынаюцца ад сна

Пчолкі у вуллі,

Усміхаецца вясна

Сонцу і зямлі.

 

Прыпеў.

 

9/І — 1959 г.

 

 

* * *

 

У кожным слове, быццам у крыштале,

Гарыць святло, сагрэтае душой,

І ўсё ж народ паэта не чытае:

Да сэрцаў голас сэрца не дайшоў.

 

Як стацца так магло з паэтам сталым,

Што не знайшоў дарогі да душы?

Няўжо яго гарачых слоў крышталы

Ляглі ў радкі, як тыя ледзяшы?

 

Няўжо і сонца свеціць і не грэе,

І ліст жаўцее на зялёным дрэве?

Не можа быць. У слове жар гарыць.

 

Агонь святы ў свяцільніку не гасне

Ні ў ранак хмурны і ні ў поўдзень ясны.

 

Народ, прымі паэтавы дары.

 

18-7-1959 г., Мінск

 

 

НА ВОЗЕРЫ

На возера вечар зялёны

Пад сонцам ідзе залатым;

Таполі, і ліпы, і клёны

У парку шумяць маладым.

 

На возеры лодкі-маторкі

І вёсел вясёлы усплёс;

Ўсміхнуліся першыя зоркі,

І вечар расінкі растрос.

 

А месяц рассыпаўся срэбрам

І свеціць з блакітнай гары;

На выспах — бярозкі, і вербы,

І песні вячэрняй зары.

 

Тут вербы схіляюцца нізка,

Калі ім паклоніцца госць.

Спявае на возеры Мінскім

Мая і твая маладосць.

 

1959 г.

 

 

ЯК ДОБРА!

Люблю вясну, і лета,

І сонца на паўдні...

Як добра быць паэтам

Ў такія нашы дні!

 

Устаць вясёлым ранкам

І ў светлы цэх ісці,

Не ў залачоных рамках

Пець песні, а ў жыцці.

 

Хай льюцца песень трэлі

Ад сэрца, ад душы.

Яны людзей сагрэлі,

Не буду іх тушыць.

 

Прыйшоў мой дзень уцешны,

Настроі паплылі,

З людзьмі спяваю песні

На сонечнай зямлі.

 

Мне кожны дзень працоўны

Прыносіць шмат уцех,

І ў вечар часам зорны

У свой заходжу цэх.

 

У палымяным сэрцы

Гартую слоў лады.

Бывае, верш збярэцца

Гарачы, малады,

 

Як тая песня лета,

Як сонца на паўдні.

Знаць, добра быць паэтам

Ў такія нашы дні.

 

1959 г.

 

 

А Ў БАРЫ, БАРЫ САСОНКІ

Адспявала лета песні,

Ўсе сабрала каласы;

Пад сасонкамі, на ўзлессі,

Расцвітаюць верасы.

 

Цвет, як даль, блакітна-ясны,

Нашай долі светлы дзень:

І наступны, і сучасны,

Што прыйшоў і што ідзе.

 

І шуміць сасоннік гонкі,

Ў шуме льюцца галасы:

А ў бары, бары сасонкі

І пад імі — верасы.

 

1959

 

 

ВЕРУ І ВЕРЦЕ

Сонца, праменні

Шчодра раскінь.

Нашы імкненні —

Гоман марскі.

 

Сэрцы аддалі

Справам жывым.

Ў сонечнай далі,

Радасць, жыві.

 

Поўныя соты

Соку ў жыцці.

Там, дзе ясноты,

Нашы пуці.

 

Колькі у сэрцах

Светлых надзей.

Веру і верце

Ў сённяшні дзень.

 

Мужны, вясёлы,

Ў поўнай красе,

Новыя словы

Ў песні нясе.

 

1959 г.

 

 

ВІШАНЬКА

Сёння сонца свеціць,

З ясным водзім лад.

Вішанька у цвеце

Выбегла у сад.

Весела смяецца,

Вее цёплы смех;

Прыгаршнямі з вецця

Сее чысты снег.

Адвітаўся май,

Высеяў сяўню.

Чэрвень, абнімай

Вішаньку сваю.

«Вішанька-краса,

Перад сонцам стань!»

Русая каса

Абвівае стан.

Сонца цёплы жар

У вачах гарыць.

Лёг загар на твар,

Сокамі не змыць.

Я такой яшчэ

Не страчаў нідзе,

І такіх вачэй

Не знайсці ў людзей.

Ліпень-санцалюб

Сцежкі не згубіў;

Сок з вішнёвых губ

Піць і ён любіў.

Госць, ідзі у сад,

Вішанька не спіць.

Хто з гасцей не рад

Сок вішнёвы піць?

 

1959 г.

 

 

ВОСЕНЬ ЖЫТА СЕЕ

І плывуць у далі

Рэчкі-магістралі,

Запрашаюць-просяць

На Цвілую Бросень.

 

Як тут не паверыш?

Расцвітае верас,

І Цвілая Бросень

У вясёлых росах.

 

Павявае, вее,

Восень жыта сее.

Зарунее Бросень,

Ой ты, восень, восень!

 

1959 г.

 

 

ЖУРАВІНКА, ЖУРАВІНКА

Восень на Цвілое Бросні

Журавіны сее;

Ў ранак свежы, ранак росны

Журавінка спее.

 

Журавінка, журавінка,

Ягадка мая,

Як нап’юся, ўсміхнуся

З твайго соку я.

 

На балоце ў пазалоце

Асака жаўцее,

А на купінцы, ў чароце,

Журавінка спее.

 

Журавінка, журавінка.

Ягадка мая,

Маладзею, весялею

З твайго соку я.

 

Ліст радзее, вецер вее,

Ўсе сарваць паспее.

Часты дожджык сее, сее,

Журавінка спее.

 

Журавінка, журавінка,

Ягадка мая,

Чырванею і хмялею

З твайго соку я.

 

1959 г.

 

 

КУРЛЫ, КУРЛЫ

Ў маленстве чула я

Чароўны голас твой;

Лавіла жураўля

Увосень і вясной.

 

«Курлы, курлы, курлы»,—

Спяваў мой журавель,

А сокалы-арлы

Шукалі ўсё скалы.

 

І не знайшлі арлы

У нас скалы-гары.

«Курлы, курлы, курлы»,—

Я чула на зары.

 

Лагодны спеў далін

Каціўся да крыніц;

Сачыўся сок з калін,

Каб сэрцы напаіць.

 

Радзімая зямля,

У шуме гонкіх хвой

Ізноў пачула я

Чароўны голас твой!

 

1959 г.

 

 

НА БАЛОЦЕ

 

 

1

Загуло, пайшло

Па ўсяму балоту,

За душу ўзяло

Твань і пазалоту.

 

Чэрпаем багно

Поўнымі каўшамі,

Не ўцячэ яно,

Валачэм з вушамі.

 

Плачуць і пішчаць

У балоце чэрці,

Аж пупы трашчаць,

Лопаюць на чвэрці.

 

Дапівайце квас

У зялёнай цвілі;

Ўсіх на сонца вас,

На ражны, на вілы.

 

І плыве, цячэ

Цвіль, руда густая,

Дыхае лягчэй

Бросня залатая.

 

Ў багне, пад лазой,

Вадзяны канае,

З горкаю слязой

Топіцца ў канаве.

 

Росы на галлі,

А ў крыніцах зоры.

Воды паплылі,

І пяюць маторы.

 

Ой вы, паплавы,

Светлыя прасторы,

Свішчуць салаўі,

Заняло на зоры.

 

І ўжо ім у такт

Падпяваюць сэрцы:

Будзе гэтак, так,

Твань прасохне, верце.

 

Перамогі марш

Абуджае нетры,

І ужо дрэнаж

Лічыць кіламетры.

 

На балоце тут,

Не на рэчцы, ў лузе,

Устаюць, растуць

І масты, і шлюзы.

 

Шчодра грэе нас

Сямігодкі сонца.

І гарачы ж час

У дзяўчат і ў хлопцаў!

 

Вее крыл узмах

На прасторы сінім.

Мы пракласці шлях

Здолеем, асілім.

 

Шлях той — магістраль

Кроіць, сушыць багну.

Залаты крышталь

Мы шукаем прагна.

 

Стукаем у дно,

Дзе схаваны скарбы.

Вось яно відно,

Залатое дно,

Прамянеюць фарбы.

 

2

Не клёкча больш багно,—

Праветрана яно,

І рэжуць пласт тугі

Балотныя плугі.

Кладуцца лусты скіб

І пластам, і на хіб.

 

Руплівыя дзянькі.

У працы спор і лад:

І хвойкі, і пянькі

Ляжаць упокат-рад.

 

І хіліцца хмызняк,

І сцелецца лазняк.

Бабоўнік, сітнік, хвошч

Страсаюць росны дождж.

 

Маторы ўлад пяюць,

А вочы сонца п’юць.

На тварах — пот, загар,

А зморы не відно,

Бо кожны тут змагар,

Турбуе ўсіх адно.

 

Прастор — шырэй, святлей.

Дзе мох і прэў, і тлеў,

Дзе ўчора трактар граз

І ўсіх пужала гразь,

Там сёння ўжо арэм

І лушчым скіб пласты,

І ураджай збярэм

Калоссяў залатых.

А як жа нам інакш?

У цвеце верас наш.

Народ сяўню нясе,—

Сяўба ва ўсёй красе

На новай паласе!

 

1959 г.

 

 

У ДАРОЗЕ

Добры мой шафёр,

Прыпыні машыну;

Гляну я на бор

Не з акна кабіны.

 

А ў бары, бары —

І дубы, і сосны,

І бягуць з гары

Маладыя вёсны.

 

І шумяць, звіняць

Залатыя крылы...

Мне й свае узняць

Сёння хопіць сілы.

 

Бор пачаў радзець,

Шум сціхае сосен,

І відаць Брадзец

І Цвілая Бросень.

 

Добры мой шафёр,

Я прашу ад сэрца,

Прыглушы матор,

Хай ён так не рвецца.

 

Шалясціць чарот,

Дожджык не марусіць;

Цераз ціхі брод

Праляцелі гусі.

 

На зялёны лог

Гусі палі-селі;

На балоце мох

Сцеле ім пасцелі.

 

1959 г.

 

 

З ДОБРЫМ РАНКАМ, ДЗЕЦІ

Вераснёвы ранак,

Верасы у цвеце,

І на школьны ганак

Узбягаюць дзеці.

 

Смех і шум вясёлы,

Льюцца песні словы,

Фартушкі бялеюць,

Гальштукі яснеюць.

 

Кветак лёгкі шолах,—

Радасна бясконца.

Колькі сёння ў школах

І святла, і сонца!

 

З добрым ранкам, дзеці

Кветкі дзён сучасных.

Дзецям ўсім на свеце

Школа — светач ясны.

 

1959 г.

 

 

НАСТАЎНІЦА

 

Е. В. Нагорнавай

 

 

Вы з Мурама сюды

У верасні прыйшлі.

Ні ветры, ні гады

Слядоў не замялі,

І сцежкі на зямлі

Травой не зараслі.

 

Народнай праўды сказ

Прынеслі вы з сабой.

Пыталіся не раз:

Ці спраўлюся з сяўбой?

Увосень і вясной

Сад даглядалі свой.

 

Вясёлы, малады

Угору дружна рос,

Шумеў на ўсе лады,

Галлём зялёным трос.

«І песню салаўя,

І сад любіла я!»

 

За годам год ішоў

Вялікіх спраў, падзей.

З гарачаю душой

Ішлі вы да людзей

І неслі сонца ім

У слове залатым.

 

Як наша маладосць,

Так сад не адшумеў;

Калі заходзіць госць,

Чуваць вясёлы смех.

Не раз у дні вясны

Паклічуць галасы

У родную сям’ю

Настаўніцу сваю.

 

Вясёлы, шумны тлум

Абніме вас не раз.

Ад гэтых светлых дум

Я сёння рад за вас.

Прызнанне шчырых слоў

У памяці знайшоў:

За тое вас любіў

І не лічыў чужой,

Што рускай вы былі

І сэрцам, і душой.

 

1959 г.

 

 

У ЧААДАЕВЕ 1

 

1 Чаадаева – вялікае сяло на Ўладзіміршчыне, недалёка ад Мурама, у якім у 1865 годзе настаўнічаў вядомы рускі пісьменнік-дэмакрат К.М. Станюковіч. Каля Чаадаева праязджаў А.М. Радзішчаў, вяртаючыся з Сібіры.

1

І снег, і пошум баравы

На окскай беласнежнай шыры.

Здаецца, тройка вараных

Імчыць Радзішчава з Сібіры.

 

Не згас гісторыі прамень

Ля гэтых мурамскіх аколіц:

У памяці ўсплывае дзень,

Калі вучыў тут Станюковіч.

 

Казармы царскай не сцярпеў

І стаў настаўнікам народным.

Успамінаюць і цяпер

Яго ў народзе словам добрым.

 

Далёкі — блізкі мой сабрат,

І мне вучыць тут давялося.

Я ураджай сабраў і рад,

Што ядраным было калоссе.

 

2

Над Чаадаевам вясной

Шумяць у квецені сады,

І сонца яснае са мной

Праклала светлы шлях сюды.

 

Вішнёвым садам мы ішлі,

Пялёсткі вецер атрасаў.

Злятала, падала з галін

Вясны цудоўная краса.

 

Пчаліны неўгамонны звон

Вясну на лёгкіх крылах нёс.

Спяваў з таполяй рускі клён,

І адклікаўся ім мой лёс.

 

1959 г.

 

 

МІНСК

Як спеў зямлі вясною,

Наяве ўсё, не ў сне:

Цудоўнаю красою

Здзіўляе Мінск мяне.

З плячэй атрос асколкі

Снарадаў, бомб і мін

І дым развеяў горкі

Над попелам руін.

Трывалыя падмуркі

У моцны грунт ляглі.

Навокал гоман гулкі

Гранітаў і цаглін.

Гадзінамі, не днямі

Растуць паверхі ўверх;

Да ясных зор паднялі

Блакіт высокіх стрэх.

Тут хмары дзён не засцяць,

Няма, не ўбачыш тла.

Да шчасця — вокны насцеж,

А колькі ў іх святла!

Ідзе у цэх гарачы

Рабочы і паэт.

Стаяць палацы працы,

Красой здзіўляюць свет

Шырокія праспекты,

Бульвары і сады,

І з імі поўдзень светлы

Праклаў сюды сляды.

Народ, як бацька дбалы,

Сыноў шануе ён:

Ля помніка Купалы

Шуміць зялёны клён.

 

1959 г.

 

 

ПЕСНЯ

Жыве тут песня ў харастве зямным,

Чаруе сэрца подыхам лясным.

 

Спяваюць песню вольныя сыны,

Плыве яна далінамі вясны.

 

Шырокай рэчанькай ўдаль плыве

І падхапіла хвалямі мяне.

 

Павольная, імклівая нясе,

І свеціць сонца ўсё ясней, ясней!

 

1959 г.

 

 

УСПАМІНЫ

Я помню: ў ліпеньскі той дзень

Гарнуўся сэрцам да людзей;

Каб супакоіцца душой,

На бераг Свіслачы пайшоў.

Душы ўсхвалёванай цяпло

На хвалях рэчанькі плыло,

А я у далячынь глядзеў

І клікаў сонечны свой дзень.

 

Умыў чало і потны твар,

Зірнула сонейка з-за хмар,

Паслала ясны мне прамень,

Які яснеў, як і раней,

І палымнеў, і ўсё не гас.

Я так любіў жыццё ў той час:

Хацеў абняць, расцалаваць

І гімн Радзіме праспяваць.

 

На шлях раз-пораз паглядаў,

Нібы па ім ішла бяда;

Даносіў вецер неспакой,

Вярба шумела над ракой,

Хмурынкі з поўдня паплылі,

І я пакінуў паплавы,

Падаўся ў поле, дзе жыты

Схілялі колас залаты.

 

Прайшоў мяжою на курган,

Адкуль відаць, куды ні глянь.

Чаго шукаў, там не знайшоў,

Не ўціхамірыўся душой

І паглядаў усё на шлях,

Дзе маладосць прайшла,

Спяваючы, у новы свет,

Пакінуўшы гарачы след.

 

Ўжо колас ядраны паспеў,

І коціцца над нівай спеў,

Зліваецца ў лагодны шум

І песняй просіцца ў душу.

Я слухаю, не чую слоў,

Ні клёкату старых буслоў.

Адходзіць неспакойны дзень,

І вечар ночаньку вядзе.

 

Усё цямней, цямней, цямней...

Што, ночанька, нясеш ты мне?

Дахаты ногі ледзь вядуць,

Як на пагібель ці бяду.

Прысеў за бацькаўскім сталом,

Газніца слепіцца святлом...

Каб не змарнець, то трэба жыць,

Але не так, як набяжыць.

 

Слатлівы дождж замарусіў,—

Ніхто не клікаў, не прасіў.

Павісла змора на плячы,

Іду на сена адпачыць,

Каб заўтра, на світанні, ўстаць

І сонца песняй прывітаць.

Але ці збудзецца яно?

У небе зорак не відно.

 

На шлях сабака паглядаў

І выў, задраўшы морду ўверх;

Галіны ў садзе змрок гайдаў,

І вылецеў кажан з-пад стрэх.

Пад змрокам ночанькі аўто

Пад’ехала, не чуў ніхто.

Мяне забралі, павялі

Па роднай, па святой зямлі.

 

1959 г.

 

 

1960

 

НА МІНСКІМ ЗАВОДЗЕ АЎТАМАТЫЧНЫХ ЛІНІЙ

Дзе учора сосны

Атрасалі іней,

Сёння там завод

Аўтаматычных ліній.

 

Гул станкоў нястомных

І канструкцый ўзлёты.

Ў корпусе галоўным

Светлыя пралёты.

 

Чарцяжы чытае

Кемлівы рабочы,

І гараць, і свецяць

Маладыя вочы.

 

А станок шліфуе

Горача дэталі,

І душа свіціцца

На гарачай сталі.

 

Пульс у такт з маторам

Нецярпліва б’ецца.

У кожным рытме-такце

Трапяткое сэрца.

 

І адкуль жа сілы

Гэтулькі бярэцца?

Першы раз я чую

Пульс такога сэрца.

 

У рабочых сёння

Свята, шмат уцехі:

К ім прыйшлі паэты

На завод, у цэхі.

 

І чытаюць вершы,

Што з сабой прынеслі,

І вучыцца ў цэхах

Будуць новай песні.

 

8 лютага 1960 г.

 

 

ЛЕНІН

І слухаем і чуем мы,

Як сэрца ленінскае б’ецца.

Вясенні дождж сады абмыў,

І цвет набрала вецце.

 

Як хвалі паўнаводных рэк,

За Леніным у новы век

Пайшлі.

 

На разняволенай зямлі

Шлях асвятліў нам светач вечны:

І Правадыр, і Чалавек,

І мудры, і сардэчны.

 

Народу шчасце штодзень нёс,

І ўсё хацеў прынесці болей,

Каб век народ не ведаў слёз

І жыў з вялікай доляй.

 

Мы шляхам ленінскім ідзём,

Ніколі з яснага не збочым,

І нашых дзён маяк відзён,

Наперад мужна крочым.

 

Шуміць зялёная сасна,

Жыве у сэрцах родны Ленін.

Ён — наша сонца і вясна,

І песня пакаленняў.

 

1960 г.

 

 

ЖАР-ПТУШКА

Пошум на зорнай паляне,

Ціхая песня бяроз:

«Хлопчык Валодзя Ульянаў

З намі над Волгаю рос.

 

Соку давалі напіцца

З кубка зялёнай вясны.

Ён уставаў да зарніцы,

Спеў яго клікаў лясны.

 

Хопіць і спрыту і сілы

Хлопчыку шчасце злавіць.

Чуе: залопалі крылы,

Бачыць: Жар-птушка ляціць.

 

Ўся прамяніцца, іскрыцца.

Колькі цяпла і святла!

Хлопчык за ёю імчыцца,—

Хоць бы пярынку з крыла!»

 

Сонца ўзышло над палянай

Ранняй вясенняй парой.

Хлопчык Валодзя Ульянаў

Нёс залатое пяро.

 

1960 г.

 

 

ВЯСНА

Прызнацца сонцу сэрцы мусяць:

Павеяла вясной.

Над борам праляцелі гусі

На бераг родны свой.

Вясне і сонцу сэрцы рады,—

У сэрцах спеў вясны.

Яснеюць нашы далягляды,

І клічуць нас яны.

Сок п’юць і яблыні, і вішні

За сонца і вясну,

І трактары у поле выйшлі —

Пракласці баразну.

За плугам — плуг, і скіба — к скібе,

І свежая ралля.

На новай веснавой сялібе

Шпак кліча жураўля.

Па-веснавому ўсё прыбрана

Каля крыніц, ракіт,

І пругкія ўзняліся краны

Высока у блакіт.

Штодзень святлей, шырэй разлогі,

І гэта не міраж.

Ідуць-бягуць шляхі-дарогі,

Змяняецца пейзаж.

Нам партыя дае парады,

Як бацька у сям’і.

Камуністычныя брыгады

Цуд твораць на зямлі.

Стрымаць разгон ніхто не змусіць,

Мы бачым бераг свой.

Вясна, вясна на Беларусі,

Як хораша вясной!

 

1960 г.

 

 

НА МІНСКІМ ВОЗЕРЫ

Возера, выспа. Гляньце і верце:

Ніцыя вербы звесілі вецце,

 

Вечарам сінім

Ловяць у плыні

Дзіўныя ўзоры —

Ясныя зоры.

 

Шчасце трапеча ў невадзе срэбным,

Месяц цалуе ціхія вербы.

 

Хвалі прынеслі

Родную песню,

Вецер сціхае,

Хваля спявае:

 

«Болей ніколі не схілімся ў горы».

Слухаюць вербы, месяц і зоры.

 

10 верасня 1960 г.

 

 

ХМУРЫНКА СМУТКУ

Хмурынка смутку сонца засціць,

І хцівыя плывуць усмешкі:

Прабегла кошка чорнай масці,

І разышліся дружбы сцежкі.

Ніколі болей не сустрэцца,

Надзеі згаслі і азяблі.

Не адгукнецца сэрцу сэрца,

Апаў апошні яблык з яблынь.

Разбіўся, раскалоўся горкі,

Марусіць дожджык прыкры, золкі,—

Не усміхнуцца дружбе зоркі.

 

12 верасня 1960 г.

 

 

БЕЛАВЕЖА

Верасень на плечы ўскінуў плашч барвовы

І пад сонцам крочыць праз гаі, дубровы.

 

Кроны ў пазалоце, расцвітае верас.

Хараство такое дзе яшчэ сустрэнеш?

 

Рослыя сасонкі з-за ракі Лясное

Выбеглі насустрач маладой сям’ёю.

 

Вось і ты, красуня, ў казачным адзенні.

Я не быў ніколі ў гэтакім здзіўленні.

 

У чароўнай пушчы, ў нашай Белавежы,

Не сціхае пошум, подых ветру свежы.

 

Ён душу кранае трапятлівай хваляй,

І калыша кроны, і плыве ўсё далей.

 

Пошум шматгалосы, як на моры ўсплёсы.

Расплятае восень залатыя косы.

 

Ў Белавежы-пушчы са шляху не збіцца:

Тут і сосны-мачты, і дубы-тубыльцы,

 

І асілкі-грабы ў роздуме глыбокім,

І плывуць над імі лёгкія аблокі.

 

Між дзяўчат-бярозак чырванее ясень,

А пахмурны ельнік вабіць сонца ў засень.

 

І бягуць прасекі пад шатром высокім,

І спявае сокал ў небе сінявокім.

 

Чую голас, сэрцу родны, сакаліны.

Жураўлі курлычуць над вярбой, калінай.

 

На балоце лозы жоўты ліст атрэслі.

Аклікаюць гусі дзень асенняй песняй.

 

Да лясной рачулкі, што бяжыць з крыніцы,

Сцежкаю хаджалай зубр ідзе з зубрыцай.

 

Вось ён, волат пушчы, буры і пануры,

Узваліў на карак груз стагоддзяў хмурых

 

І павольна крочыць, часам ў нетру збочыць,

З пушчы ў яго вочы збегліся ўсе ночы.

 

Гонкія алені голас свой падалі,

Падхапіла рэха то бліжэй, то далей.

 

А ласі ўскідаюць над кустамі рогі.

Ў кожнай іхняй жылцы колькі асцярогі.

 

Між галін зацішных рысь казулю сочыць:

Крадзецца... знянацку пырсне і саскочыць,

 

І казулю люта, як былінку, зрэжа.

Бачыла ты жахі, пушча Белавежа!

 

Ворагі ўзнімалі над табой сякеры,

А ты ўсё шумела, не губляла веры.

 

І на пнях счарнелых слёз бурштыны свецяць,

Не развеяў вецер іх па белым свеце.

 

Ты, як песня песень ясных зор і сонца.

Усміхайся, шчасце, маладой сасонцы!

 

Верасень 1960 г.

 

 

ПАЧАТАК ЛЕГЕНДЫ

Пачатак легенды на хвалі азёрнай

Паслухаць іду я пуцінаю зорнай.

Да возера Свіцязь дайшоў і спыніўся,

Прыпаў да крыніцы, здароўя напіўся.

Гарачая сіла прабегла па жылах.

На пні пасівелым, нібыта на ганку,

Да самага ранку чакаў свіцязянку.

Не выплыла з хваляў русалка-красуня,

І ўсё ж хараство сініх хваль панясу я,

Як лёс свой уцешны, і ў сэрцы, і ў песні.

Купаюцца зоры і месяц вандроўны,

І моўчкі ўсміхаецца Свіцязь чароўны.

Бялее лілея і ціха спявае,

Пяшчотная хваля калыша-люляе.

У лоне вод ясных жвірынкі не гаснуць.

Між зорнага срэбра у месячнай лодцы

Сівога туману плывуць валаконцы,

Сплятаюцца пасмы у полаг даўжэзны,

Марусіць вільготны і сцелецца снежны.

Ледзь вецер павее, расінкі ён сее.

Я чую, як шэпчуць над Свіцязем лісці:

Балады складаў тут Міцкевіч калісьці.

Дасюль успаміны людзей не змарылі:

Вось тут ён прызнаўся ў каханні Марылі,

Іх сведка — дуб-віцязь ля возера Свіцязь.

Сягоння дуб гэты не хіліцца долу,

Вартуе магутны і шчасце, і долю.

З братамі-дубамі абняўся сардэчна,

Як нашы народы — навечна, навечна.

Над імі ў дазоры высокія зоры.

 

1960 г.

 

 

СВІЦЯЗЬ

Не схавалі сонца хмары,

Не схмурнелі далягляды.

Усплылі наяве мары,

І легенды, і балады.

 

Белыя лілеі, макі

У прыпол збірала лета.

Тут Марыля Верашчака

Сустракалася з паэтам.

 

На пясочак жоўты з віру

Свіцязянкі выбягалі,

Дакраналіся да жвіру

У поўнач босымі нагамі.

 

Іх цалуе ціхі вецер.

Свіцязь, Свіцязь, добры вечар!

 

1960 г.

 

 

У НАВАГРУДКУ

Радзей, радзей каменняў груды,

Лягчэй грудзям зямлі,

У старадаўні Навагрудак

Дарогі нас вялі.

 

У падарожжы не агоркла;

Шляхі шырэй-вузей.

Відаць — бялее на пагорку

Міцкевіча музей.

 

З дарогі яснае не збочым,

Не зарасла яна.

Збылося тое, што прарочыў

Задоўга давідна.

 

Ідзём, дарожны пыл атрэсен

З натомленых плячэй.

Спяваюць сэрцы песню песень

То ціха, то званчэй.

 

Ступаем на парог музея.

Мы перад ім, жывым,

Чало нахілім і прыземім

У чаканні трапяткім.

 

І раптам мара стала явай:

Паэт страчае нас

І з намі песняй велічавай

Вітае светлы час.

 

1960 г.

 

 

КУРГАН БЯССМЕРЦЯ

Даль аклікалі гусі,

Народ, нібы свой лёс,

Пад сонцам Беларусі

Зямлі па жменьцы нёс.

 

Ішлі, ішлі і неслі,

Курган угору рос:

Узнагарода песні,

Што ў свет паэт прынёс.

 

Ўсім сэрцам сонцу верце,

Яно свой шлях знайшло

І на Курган Бяссмерця

Раскінула святло.

 

Віхура не скасіла,

Падняўся да нябёс.

Каб нам такая сіла

І гэтакі вось лёс!

 

1960 г.

 

 

У ШЧОРСАХ

Верасень са шчодрай жмені

Сыпле збожжа у прыгоршчы.

Адспявалі ў полі жнеі,

У харастве асеннім Шчорсы.

 

Залатыя акварэлі

Палымнеюць на узлессі.

Льюцца трапяткія трэлі

Ціхай, неўміручай песні.

 

Я іду на вокліч гэты,

І душы, і сэрцу блізкі.

Тут не раз сябры-паэты

Свой паклон аддалі нізкі

 

Вось ён — дуб, магутны веліч,

Вецер-хлопчык гне ажыну.

Колісь тут Адам Міцкевіч

Сустракаў сваю Гражыну.

 

Дуб лісты з галін страсае,

Падаюць на дол са звонам.

Ажыве вясной краса іх

Ў гомане дубоў зялёных.

 

Рад я пакланіцца дубу

І Гражыне, яснай зорцы;

Ўспамінаць вас часта буду

На сваім шляху да сонца.

 

1960 г

 

 

ВАЛУНЫ

Уздоўж шляхоў-дарог сівыя валуны.

З паўночных гор гуртом спаўзлі яны,

Ляглі на ціхі ўзгорак і прыкрылі лог.

Знаць, нездарма праклён: «Каб каменем ты лёг,

Наш вораг, тут, на полі,

І ўжо не ўстаў ніколі».

 

Вы — сведкі-помнікі ліхой пары-бяды;

Да аднаго збяром, пасадзім тут сады,

І зашумяць яны на сонечнай зямлі,

Калі абудзяць даль вясною жураўлі,

І ў ранак майскі росны

Раскінуць цвет дзівосны.

 

Скалісты ледавік больш не спаўзе сюды —

Яго растопіць сонца, высахнуць сляды;

І валуноў гурты не будуць нас пужаць,

Не будзе камень на грудзях зямлі ляжаць —

Размелюць часу жорны,

І вецер попел згорне.

 

1960 г.

 

 

СВЕТЛЫ НЁМАН-ЧАРАДЗЕЙ

Бор шумлівы, не маўклівы,

Сосны ў тлумнай чарадзе,

І плыве, плыве імклівы,

Светлы Нёман-чарадзей.

 

Сінявокі і глыбокі,

Сілу хваль нясе ўдаль.

Вербы п’юць жывыя сокі,

Ловяць сонечны крышталь.

 

Заначую і пачую,

Казка-песня, голас твой.

Заспяваць з табой хачу я

Перад зоркай залатой.

 

Золак зоранькі вясёлай

Ў невад ловяць рыбакі,

І ліецца ў песні слова

Хваляй казачнай ракі.

 

І чаруе, і хвалюе

Вольны Нёман-чарадзей,

Абнімае і цалуе,

Моцна туліць да грудзей.

 

1960 г.

 

 

СЁСТРЫ

Песня, песні адгукніся.

Маладзіцы, дзве сястрыцы,

Як бярозкі, абняліся

Каля нёманскай крыніцы.

Хваля, хвалі усміхніся,

Шчасце, зоркай прамяніся.

 

Дружбы плыні Нёман сіні

Не спыняе, не сцішае,

Беларусаў і ліцвінаў

Светлай хваляй пацяшае

І гамоніць з ясным сонцам,

Бы красуня тая з хлопцам.

 

А пад сонцам дуб дзябёлы

Сокі гоніць, лісце гоіць.

Зелянеюць кручы, долы,

Нёман поіць, не няволіць,

Не сівее камень голы,

Весялее ўсё наўкола.

 

Лета шчодрае такое:

Росы носіць, травы росіць

І не ведае спакою,

Кліча, запрашае, просіць.

І выходзяць талакою —

Песня працы над ракою.

Ў працы любім завіхацца,

Ў песні шчасцю усміхацца.

 

1960 г.

 

 

НА БЕРАЗЕ ГАДОЎ

Празрыста-быстраю ракой плыву,

І хвалям у затоку не аднесці,

Хоць час пасыпаў снегам галаву,

І мне яго не змесці, не атрэсці.

 

Трымаю моцна у руках вясло,

І човен не наскочыць на парогі.

На беразе гадоў шчэ сонца не зайшло

І клічуць светлыя шляхі-дарогі.

 

1960 г.

 

 

КРАСУЙ, ЖЫВІ!

 

З твайго чала упаў вянок калючы,

Радзімая зямля, красуй, жыві!

Я кветак назбіраў табе жывых,

І водар іх, і сок такі гаючы.

 

Гарачае ў грудзях трапеча сэрца.

Узораны забытыя пласты.

Што сеяла з сваім народам ты,

Ўзышло, багаты ураджай збярэцца.

 

Наліўся колас, гнецца да зямлі,

Шукалі ў нетрах скарбы і знайшлі,

І сонца ў хаты неслі і прынеслі.

 

Прыйшлі бацькі, а з імі і сыны,

І абняліся за сталом вясны,

І заспявалі сонечныя песні.

 

1960 г.

 

 

ЛІСТ ДА ЧЫТАЧА Ў СУВЯЗІ З ВЫХАДАМ ЗБОРНІКА «ВЕРШЫ І ПАЭМЫ»

Прабач, мой дружа, мой чытач,

Калі не гэтак што, як трэба.

Няўдач шмат болей, як удач,

Было ў мяне пад родным небам.

 

Быў рад, калі прыйшла у сад

Вясна, а з ёй садоўнік дбалы.

Быў рад, калі на новы лад

Зайгралі скрыпкі і цымбалы.

 

Не раз, якраз у добры час,

Я слухаў салаўя на ўзрэччы.

Не ў час не выслізнуў карась,

Калі чакаў з табой сустрэчы.

 

Святло ад сонца скрозь плыло,

Маёй не абмінала песні.

Было, калі яно ўзышло,

Святлей, цяплей, як напрадвесні.

 

Дужэў. Вясновы дзень даўжэў.

Я помню светлыя гадзіны.

Бліжэй за ўсіх і даражэй

Была ты мне, мая Радзіма.

 

З табой ішоў, ў табе знайшоў

Людзьмі нязведанае шчасце.

Ішоў і ўсё хацеў душой

Я да крыніц тваіх прыпасці.

 

Хацеў не проста для уцех...

Але павеяў вецер золкі,

І ўжо не смех, а зябкі снег

Засыпаў долы і узгоркі.

 

І тых тваіх крыніц святых

Я не згубіў і ў дзень завейны.

Не сціх звон сосен залатых,

І ў сэрцы голас мой напеўны.

 

І з той ўсё сілаю святой

Аклікну я жыцця завулкі.

Слатой зляцела тля з лістоў,

Прачнуўся ў сэрцы голас гулкі.

 

Кастрычнік, 1960 г.

 

 

НЕАДАСЛАНЫЯ ЛІСТЫ

Астыў з гадамі, пасталеў,

Білет на песню здаў у касу,

А вы — ўсё на маім стале,

Вас адаслаць не меў я часу.

 

Засеяны зямлі пласты,

І ўсходаў ніва прычакае;

Неадасланыя лісты

Мой сын, напэўна, прачытае.

 

А можа, пройдзе ўсё, міне,

Вярнуся я з багатым ловам,

І крытык памінаць мяне

Не будзе больш нядобрым словам.

 

Ўсміхнецца ў майскіх росах сад,

І моцна верыць маё сэрца,

Што атрымае адрасат

Лісты з расінкай на канверце.

 

Лісты, вас я ў жыццё прынёс,

Як сонца сцяг свой напрадвесні.

Пра мой раскажаце вы лёс

І пра мае ад сэрца песні.

 

[1960 г.]

 

 

1961

 

ЧАРАДЗЕЙ ВЯЛІКІ

На высокай кручы, над Дняпром-ракою,

Слухаюць народы песню грамадою,

Слухаюць Тараса, сына Украіны.

Не зламалі буры крыл тваіх арліных,

Над Радзімай сокал узляцеў высока

І акінуў вокам даль зямлі навокал.

 

Не ляжыць праклёнам на грудзях больш камень,

«Запавет» спяваюць і Дняпро, і Канеў,

І браты, і сёстры, вербы і каліны,

І сыны, і ўнукі маці Украіны.

Далучыўся голас роднага Купалы:

Досвіткам усталі, сонца не праспалі.

 

О Кабзар-музыка, чарадзей вялікі,

Да шчаслівай долі свой народ ты клікаў:

«Ланцугі няволі скінь, разбі, народзе,

Родныя хай нівы табе шчодра родзяць».

Над Дняпром шырокім, на высокай кручы,

Слухаюць народы голас неўміручы.

 

26 лютага 1961 г., Мінск

 

 

МУЗЫКА ВЯСНЫ

Сяўба — і дружны лад

На ніве, ў полі скрозь.

Вясенні дождж зярнят

Гусцей мядовых рос.

 

У сонечнай сяўні

Вясёлка скарб нясе.

І веснавыя дні

Ва ўсёй зямной красе.

 

У лузе, над ракой,

Дзень з песняю ідзе.

Я музыкі такой

Не чуў яшчэ нідзе.

 

Не мары, і не сны,

І не зялёны шум,

А музыка вясны

Нахлынула ў душу.

 

10—15 красавіка

1961 г.

 

 

ГІМН СЛАВЫ

Глядзелі з надзеяй у далі

І шчасця ў палёце жадалі:

«Адважны саколе, ўзніміся

Ў падзорныя сінія высі,

Ляці і лунай над Сусветам,

Цяплом нашых сэрцаў сагрэты,

А потым з той казачнай высі

Дадому, да родных вярніся».

 

Глыбока ў касмічнай прасторы,

Дзе сонца, і месяц, і зоры,

Наш сокал ляціць, пралятае

І песню Радзіме спявае:

«Мая ты, мая залатая

Радзіма Саветаў святая!

Развеяны цёмныя хмары,

Збываюцца светлыя мары».

 

І песні раздольна ў блакіце,

Ляціць карабель па арбіце.

Ў бязмежным касмічным Сусвеце

Зямля яму зоркаю свеціць.

Мінаюць мінуты з гадзінай,

Скірован палёт да Радзімы.

Забілася горача сэрца;

«Як добра з Радзімай сустрэцца»,—

Падумаў так Юрый Гагарын.

 

Аркестры гімн славы зайгралі.

 

14 красавіка 1961 г.

 

 

ПАЭТЫ — СУМЛЕННЕ НАРОДА

Ляцяць жураўлі па-над бродам,

Я чую — даносіцца вокліч:

Паэты — сумленне народа,

Заўсёды і ўсюды з ім поплеч.

 

З народам жаданнямі ўсімі

І дзеляць на роўныя часці,

Як дзеці з бацькамі сваімі,

І радасць, і гора, і шчасце.

 

І Сёння, і светлае Заўтра

Вялікіх паэтаў народзіць.

Пакінуць у спадчыну варта

Паэму аб нашым народзе.

 

Чытайце, нашчадкі, чытайце,

Мы з вамі душою і сэрцам,

Чытайце паэму аб шчасці,

Чытайце і горача верце.

 

Натхненне спачыну не просіць,

Не ведае, роднае, зморы.

Не стому, а радасць прыносіць,

Як чайка крылатая ў моры.

 

Сягоння ужо мы не тыя,

Што колісь хадзілі у яслі,

І словы патрэбны такія,

Якія б ніколі не згаслі.

 

Такія нас грэюць, дзе б’ецца

Гарачае, шчырае сэрца,

І голас душы не сціхае,

І кожнае слова спявае.

 

Мінаюць гады і прадвесні,

Жывуць сакаліныя песні.

З народам яны назаўсёды,

Як з быстрымі рэкамі воды.

 

Не хіляцца вербы над бродам,

Я чую — даносіцца вокліч:

Паэты — сумленне народа,

Заўсёды і ўсюды з ім поплеч.

 

22 красавіка 1961 г.

 

 

НА РАДЗІМЕ ТАК ПРЫГОЖА

Добры сейбіт светлай долі

Сее шчасце ў родным полі,

Сее жменяй спорнай, поўнай,

Сее зранку, сее споўдня.

 

Гуртам сейбіту паможам,—

На Радзіме так прыгожа!

 

Наша шчасце не марнее,

Узыходзіць, і рунее,

І красуе, і паспее,—

Родны сейбіт яго сее.

 

Гуртам сейбіту паможам,—

На Радзіме так прыгожа!

 

Шчасце з намі ў полі, ў хаце.

Наша шчасце — ніў багацце.

Сейбіт сее, не марудзіць,

Не забудзем, помніць будзем.

 

Гуртам сейбіту паможам,—

На Радзіме так прыгожа!

 

Ў гэтым годзе добра годзіць:

Дождж і сонца ў госці ходзяць.

Шчодры сейбіт светлай долі

Сее шчасце ў родным полі.

 

Гуртам сейбіту паможам,—

На Радзіме так прыгожа!

 

1961 г.

 

 

ТЫ — ЯК ПЕСНЯ ТАЯ

Зелянеюць лісці

Ў лузе на каліне;

Люба ў поле выйсці,

Пакланіцца ніве.

 

Поўдзень, як і колісь,

Сонечна-зялёны;

Залацісты колас

На маёй далоні.

 

Піў ты сокі, сыне,

З глебы зямлі-маці

І пад небам сінім

Марна не растраціў.

 

Ў летні ранак росны

Набіраўся сілы;

Ядраны і рослы,

Гэткіх і не снілі.

 

І братоў мільёны

На цябе падобны.

На маёй далоні

Колас жытні, родны.

 

Ты — як песня тая,

Што радзіла праца.

Ніва скрозь густая,

Дзякуй, зямля-маці.

 

3 чэрвеня 1961 г.

 

 

БУДУЕМ

Сталіца, нібы маладзіца,

Пад сонцам цудоўнай вясны.

Як тыя легенды, святліцы

Будуюць з бацькамі сыны,

І дочкі узводзяць старанна

Паверхі адзін за адным.

Магутная музыка кранаў

Зліваецца ў велічны гімн.

Сімфонія тросаў пявучых

Па стрэлах угору імкне,

І гмахі, як стромыя кручы,

І сонца — у кожным акне.

Мы неслі яго і прынеслі,

Дзень сонечны нас не змарыў.

Цагліны, як гулкія песні,

Навечна ляглі у муры.

Такіх камяніц мы не мелі

Пад родным блакітам нябёс.

Дзе сосны нядаўна шумелі,

Там светлыя вуліцы скрозь,

І наша вясёлае ранне

Па вуліцах гэтых ідзе,

За ім навасёлы-мінчане,

І гоман, і клопат людзей.

Жаданае сёння збылося,

Хмурынкі развеяны ўсе.

Каб добра жылося-вялося,

Ў кватэру хлеб кожны нясе,

На покут кладзе у святліцы,

І вокны ўсе насцеж вясне.

Штодзень прыгажэе сталіца,

І сонца ёй свеціць ясней.

 

1961 г.

 

 

ЖЫТНІ КОЛАС

Гэтым летам, а не колісь,

Рос і вырас жытні колас

На радзімай ніве вольнай,

На шырокай, на раздольнай.

Красаваў і наліваўся,

Над зямлёю нахіляўся.

Сокамі зямля паіла,

І брадзіла ў зернях сіла.

Ядраны, цяжкі, як з бронзы,

Загарэў, прыкрыў барозны.

Не было такіх ніколі

На ўраджайным нашым полі.

Не было нідзе на свеце,

Толькі ў нас у гэтым леце.

Дзіву дзівімся, ды годзе,—

Хай штогод так нівы родзяць.

І наяве, а не ў казцы.

Яшчэ казку трэба скласці

І расказваць на ўвесь голас

Пра цудоўны жытні колас.

Сонца грэе, колас спее,

Пошум жытні ў летнім спеве.

Каласіста спелай ніве

Нізка кланяецца жнівень.

Цешыць поле залатое,

Дзякуй, роднае, за тое,

Што ўрадзіла гэтак шчодра,—

З хлебам жыць на свеце добра.

Не з сярпамі ў полі жнеі,

Не ў снапы кладуцца жмені,

А вядуць у наступ слаўны

Маладыя камбайнёркі

Самаходныя камбайны

Цераз долы і узгоркі.

І плывуць па жытнім моры,

Як мелодыі у хоры,

Ў залаціста-жытняй далі

Акунаюцца у хвалі.

Сыпле ураджай багаты

Залатым дажджом зярняты,

І шумяць імклівай рэчкай,

Гаварлівай добрай спрэчкай.

Родны колас што ёсць сілы

Жалі, жалі, малацілі,

І сабралі яго зерне

Дачыста ўсё на насенне.

 

1961 г.

 

 

РАНА СОНЕЙКА УСТАЛА

Рана сонейка устала

І сагрэла сэрцы.

Каля млына, каля става

Ўмылася у рэчцы.

І пайшло на поплаў росны

Часам раннім гэтым,

Села там яно за кросны

Не з вясной, а з летам.

Тчэ квяцістыя абрусы,

Сінія азёры,

Тчэ дзяўчатам Беларусі

Дзіўныя узоры:

Паясы, як наша доля,

Дываны ў гарошкі,

Засцілае імі долы,

Сцежкі і дарожкі.

Чабарок, што тыя зоркі

Ў шумнай сенажаці,

Ім засланы ўсе узгоркі,

Як сталы у хаце.

І спяваюць хорам птушкі

У надрэчным гаі;

Славяць птушкі і пастушкі

Лета ў родным краі.

Праплываюць шпарка хмаркі,

Рэчку абмінаюць,

А на поплаве даяркі

Сонца абнімаюць.

Весялух, ахвотніц любых,

Прытуляе сонца

І цалуе ў шчокі, губы

Гарачэй за хлопцаў.

 

1961 г.

 

 

ГРОДНА

На вуліцах, завулках цесных

Сустрэў нас поўдзень, а не вечар,

І голас беларускай песні

Данёсся з нёманскага Ўзрэчча.

 

Плывуць мелодый дзіўных гукі,

Ахоплен імі горад Гродна.

Ткачыхаў залатыя рукі

Узоры ткуць краіне роднай.

 

Тут хараство зямлі красуе,

Смяецца восень маладая,

Цалуе верасень красуню,

Каштаны, клёны ў жар кідае.

 

Ледзь чырванеюць зрэдзь таполі,

Лістоў вясёлыя усмешкі

На долы падаюць паволі

І засцілаюць шумам сцежкі.

 

Блакітны Нёман скарб свой ловіць

Праменні ясныя у плыні.

Цябе не здолелі адолець,

І вецер хваль тваіх не спыніць.

 

Бульвар Міцкевіча Адама,

Музей Ажэшкі Элаізы...

Народ стварыў, збіраў гадамі,

Каб светлай долі дзень наблізіць.

 

Будуюць муляры і цеслі,

К ім песняры прыйшлі на стрэчу.

І музыка працоўнай песні

Плыве на нёманскае Ўзрэчча.

 

1961 г.

 

 

ДАРОГІ ЮНАЦТВА, ШЛЯХІ МАЛАДОСЦІ

Дарогі юнацтва, шляхі маладосці

Мяне запрасілі ў адведзіны-госці.

Рад я запрашэнню, сардэчна прымаю,

Хілюся паклонам зялёнаму маю.

 

Мне блізка і люба і гэта, і тое...

Здаецца, юнацтва маё залатое

Ідзе ў падарожжа са мной пехатою,

Куслівыя мошкі не лезуць слатою.

 

Іх ветрам аднесла за водшыб далёкі,

Над намі высокі блакіт сінявокі.

Над Свіслаччу ззяе вясёлкавы пояс,

Над полем, над гаем — знаёмы мне голас.

 

Я чую: ён кліча у светлыя далі,

Дзе першую песню мы сонцу аддалі.

З той песняй сустрэцца і сёння мне раяць.

У торбачцы хлеба ржанога акраец.

 

У поўдзень вясновы хлеб чысты жытнёвы

Кладу, нібы шчасце, ў свае я далоні.

Душою і сэрцам хлеб родны смакую

І ўгодкі свайго нараджэння святкую.

 

* * *

Ой, бярозка, прыгажуня у хусцінцы,

Правядзі мяне ты па сваім гасцінцы.

Правядзі мяне ты да сваіх равесніц,

Абнімаў якіх я ўлетку каля весніц.

 

Заспявай, красуня, ты мне песню тую,

Заклікаў якою зорку веснавую.

Раскажы легенду, як у ранак майскі

Ты у гай прынесла шум зялёнай казкі.

 

Раскажы, як бегаў хлопчык басаногі

І шукаў да сонца ўсё сваёй дарогі,

Як яго юнацтва загукала ў полі

І пачулі хлопцы, вербы і таполі,

 

Як ён піў душою сок з крыніц Радзімы

І ўсміхаўся шчасцю яснымі вачыма.

Ой, бярозка, прыгажуня у хусцінцы,

Правядзі мяне ты па сваім гасцінцы.

 

1961 г.

 

 

ЗАСЯВАЮ ПОЛЕ ЧЫСТЫМ ЗЕРНЕМ

Бярозку абнімае клён.

Схіляю нізка я чало

І аддаю зямны паклон.

Здаецца, сонца пачало

Раней усходзіць

І пазней заходзіць.

Штодзень святлей,

Цяплей,

І нашы нівы родзяць

Усё спарней, спарней.

 

У роднай глебе

Зерне не змарнее,

Наклюнецца, узыдзе, зарунее

І дасць багаты плён

Пад сонцам ясных дзён.

 

Рад я дабру,

Яго да каліва збяру,

Адвею ад мякіны

І ў спадчыну пакіну

Для новае сяўбы.

На ўзгорку, у бары,

На варце родныя дубы,

Дзябёлыя сябры.

Вітаю песняй іх,

Равеснікаў сваіх.

 

Над кронамі — блакіт,

Загар лёг на лісты.

З-за рэчкі, ад ракіт,

Відаць здалёк,

Плыве дымок,

А не туман густы

Хаваецца ў кусты.

 

Ля вогнішча пастух сядзіць

І падграбае жар

Кійком.

«Як хораша на свеце жыць!

Цяжар

Не муляе плячэй,

Сляза не коціцца з вачэй,

На сэрцы, на душы лягчэй.

І мой маяк не згас,

Здалёку ён

Відзён».

 

Як сын і брат

Я слухаць рад

Цудоўны гэты сказ

Пад сонцам ясных дзён.

 

1961 г.

 

 

КРЫТЫКАМ

Прыйшоў канец хлусні-мане,

Зноў песні я ўладар.

Не адабралі ад мяне

Святога слова дар.

 

Яго не ворагі далі,

А даў мне мой народ.

Крыніцы роднае зямлі

Паілі з году ў год.

 

Дужэлі сілы слоў жывых,

П’ючы гаючы сок.

Не здолелі зваліць вы іх,

Засыпаць у пясок.

 

Яны набралі моц сваю,—

Цудоўны сок памог.

Не прыйдзе па душу маю

Цяпер ні чорт, ні Бог.

 

1961 г.

 

 

НА ЗЯМЛІ ЛІТОЎСКАЙ

Развеяў хмарку вецер зранку

Над кронамі высокіх дрэў;

Ў літоўскім старажытным парку

Цябе, прыгожую, сустрэў.

 

Яснеюць вочы — зоры ночы,

На твары бронзавы загар;

У сэрцы маладым дзявочым

Гарачы палымнее жар.

 

Сваёй Марыце спеў дарыце,

Жывы букет чырвоных руж.

Натхнення чыстая крыніца,

Да глыбіні душу узруш!

 

1961 г.

 

 

НЕ ЛЕЗ ПІШЧОМ Я НА ПАРНАС

Не лез пішчом я на Парнас,

Ў раі з багамі не марнеў.

Маё імя пужала вас,

Здалёк абходзілі мяне.

 

Мае маўчалі ў сэрцы вершы,

Не ўторыў ім вясенні гром.

Руку Алесь падаў мне першы

І запрасіў у родны дом.

 

Дарую крыўды і дакоры,

Над галавой блакіт вясны.

Зноў усміхаюцца мне зоры

І пошум малады лясны.

 

Мне сёння тут не да санетаў,

Душой не ўмею я крывіць.

Якое шчасце быць паэтам

І слухаць спеў жывых крыніц.

 

 

Хачу расцалаваць Радзіму,

Аберуч горача абняць.

Мае сябры і пабрацімы,

Нам хопіць сіл гару падняць.

 

Я першы за скалу бяруся,

Цяжар плячэй не згорбіць мне.

Сваёй савецкай Беларусі

Я рад, як сонечнай вясне!

 

1961 г.

 

 

СТАЛЕЕ ПЕСНЯ ГОД АД ГОДУ

Сталее песня год ад году,

Чаруе нас красой зямной;

Служыць радзіме і народу

Яна згадзілася са мной.

 

Душу і сэрца ім даверыў,

Яны мне — голас родны свой.

Якою мерай шчасце мерыць,

Я з сонцам раіўся вясной.

 

Я добра помню поплаў росны

І жураўлінае «курлы».

Дзе вы, майго юнацтва вёсны,

Якою рэчанькай сплылі?

 

На хвалі бурнай ці на светлай

Вас вынесла на родны плёс?

Не адшумелі тыя ветры,

Што час на крылах песні нёс.

 

1961 г.

 

 

УПРОЧКІ ПЕСНЯ НЕ ЗБЯЖЫЦЬ

І ні вясной, і ні зімой

Упрочкі песня не збяжыць.

Душа мая і голас мой

У вершах застануцца жыць.

 

У горы, радасці, бядзе

Люблю не цемру, а святло.

Гарнуся сэрцам да людзей —

Адчуць і ласку, і цяпло.

 

Грахі мае даруйце мне...

Радзімы сыну не згубіць.

Пакуль душою не змарнеў,

Умею горача любіць.

 

1961 г.

 

 

ЯШЧЭ Ў ВЯЛІКІМ Я ДАЎГУ

Яшчэ ў вялікім я даўгу,

Ўсё разлічыцца не магу

За сілы, што народ мне даў.

Гады бягуць, нібы вада,

За імі наўздагонкі я:

Адклікніся, вясна мая!

 

Не адклікаецца вясна.

Ці не пакрыўджана яна,

Што не пакінуў песні ёй?

Мне не вярнуць вясны сваёй,

Пайшла упрочкі ад мяне

І пры спатканні абміне.

Шкада, а рады не дасі,

Не ўпросіш, колькі ні прасі,

Не вернецца, не зойдзе ў дом

Ні ясным, ні пахмурным днём.

 

Асенні шум, асенні шум

Ўрываецца ў маю душу.

Шумі, шумі, а не маўчы,—

Ляцяць гусіныя ключы

І клічуць песню да вышынь.

Хіба Радзіме я не сын?

Штодзень ты у маім ваччу,

Твой вобраз сэрцу дарагі.

Табе за ўсё я заплачу,

Аддам народу ўсе даўгі.

 

Як сын, паэт і чалавек,

Люблю я плынь нястомных рэк,

Яны плывуць у светлы век.

Шырэй расходзяцца кругі

І абмываюць берагі

Ад пазалеташняй смугі.

 

У зарыве гаі, лясы,

Ў цудоўным цвеце верасы.

Красуню-восень я люблю,

І гэту песню не згублю,

Пакіну ў спадчыну яе

Вясёлай, маладой вясне.

Няхай падхопяць салаўі

На вольнай, казачнай зямлі.

 

1961 г.

 

 

1962

 

ЗА ЎСЕ, ЗА ЎСЕ ВАМ ДЗЯКУЙ

Асенні дождж адплакаў,

Апаласкаў парэнчы крат...

За ўсё, за ўсё вам дзякуй:

І за цынгу, і за інфаркт.

 

Яшчэ ўстаю з пасцелі,

Каб дапісаць апошні сказ.

Бары не адшумелі

І залаты прамень не згас.

 

Яшчэ жывуць надзеі

І акрыляюць дум узлёт.

Скажыце, дабрадзеі,

Чаму у вашых сэрцах лёд?

 

Не грэе ён, а студзіць,

Аж ледзянее ў жылах пульс.

За песні не асудзіць

Мяне Радзіма Беларусь.

 

За словы праўды горкай

Я прабачэння не прашу,

Хоць і заходзіць зорка,

Але не плюйце мне ў душу.

 

Мае браты-браточкі,

З народам быў я на сяўбе.

Народ і ў дзень святочны

Мяне пакліча да сябе.

 

15 верасня 1962 г., Мінск

 

 

ПРЫЙШЛА ПАРА — ПАСВАТАЛІ

Суседзі ў нас багатыя,

Прыйшла пара — пасваталі,

А згоды не спыталіся,

Хоць дараслі да сталасці.

Вось гэтак тое сталася,

З чаго мы не ўсміхаліся,

А голавы павесілі

І не спявалі весела,

На сумны лад збіваліся,

А крытык злосна лаяўся.

 

* * *

Не люблю я слухаць звягі.

Адпачыць, знябыты, лягу,

Будзе ціха ў нашым садзе,

Песня да мяне прысядзе.

Пасядзіць са мной да ночкі,

Да грудзей прытуліць моўчкі,

Гляне і прыкрые вочы.

Гэта песня вечнай ночы.

 

27 верасня 1962 г., Мінск

 

 

ЛЮБЛЮ

Знаём я добра з гэтымі лясамі,

Люблю наведаць іх ізноў часамі,

 

Люблю прайсці сцяжынкамі ляснымі,

Пад елкамі і соснамі густымі,

 

Пад клёнамі з лістамі залатымі,

Пагаманіць і з гэтымі, і з тымі,

 

Што сонцу усміхаюцца на ўзлессі.

Мне любы сёння маладыя песні,

 

Паслухаеш і весялей на сэрцы.

Мне хочацца з сябрамі тут сустрэцца,

 

Ключы аддаць ад задушэўнай песні,

Якую нам бацькі ў жыццё прынеслі.

 

7 кастрычніка 1962 г., Мінск

 

 

АДЦВІТАЕ Ў САДЗЕ РУЖА

Я не быў такім знябытым,

Гэткім слабым і нядужым.

Сёння ўсімі я забыты

І табой, мой добры дружа.

Адцвітае ў садзе ружа.

 

Ціха падаюць пялёсткі,

І ніхто іх не збірае.

Як той песні адгалоскі,

Вецер носіць іх па краі.

Жар асенні дагарае.

 

Можа, сэрца ён сагрэе,

Да жыцця пакліча, верне?

Чырванее ліст на дрэве,

Асыпае восень зерне.

Неўзабаве дзень мой змеркне.

 

І узыдзе ночы зорка,

І яна мой шлях асвеціць.

На душы мне зябка, золка.

Ці пакіну след я ў свеце,

Ці пяском засыпле вецер?

 

Можа так і гэтак стацца.

Песня к сонцу хай злятае,

Трэба з ясным развітацца.

Мая восень залатая

Лебядзіную спявае.

 

11 кастрычніка 1962 г., Мінск

 

 

ХВІЛІНЫ УРАЧЫСТЫЯ

Іду шляхамі зорнымі,

Далінамі азёрнымі,

Іду і завіхаюся,

І вербам усміхаюся.

Шумяць зеленалістыя,

Купчастыя, шатрыстыя,

А поплавы квяцістыя.

Хвіліны урачыстыя.

 

Іду шляхамі новымі,

Дубровамі вясновымі.

Дубы, асілкі-волаты,

Як памужнелі сёлета.

Глядзіш на іх і верыцца:

Мінулае не вернецца,

Не схіляцца плячыстыя.

Хвіліны урачыстыя.

 

Іду шляхамі роднымі,

Не гацямі балотнымі.

Як тут жыццё змянілася!

Наяве ўсё, што снілася.

Над рэчкамі, крыніцамі

Не плачуць лозы ніцыя.

Вясёлкі прамяністыя,

Хвіліны урачыстыя.

 

14 кастрычніка 1962 г.,

Мінск

 

 

НА САЛАЎІНЫ ЛАД

Усё ж я шмат шляхоў-дарог прайшоў,

А славы не шукаў і не знайшоў,

Пакіну гэту славу я другім,

Для іх хай будзе скарбам дарагім.

Без славы жыць на свеце весялей,—

Так сёння праспяваў мне салавей.

Чаму, скажы, пясняр крылаты мой,

Спяваеш ты вясной, а не зімой?

Чаму у сцюжу пакідаеш нас,

Ляціш на поўдзень і на доўгі час?

 

— Хоць і радзіўся тут, і тут я рос,

А ўсё ж пужае холад і мароз.

Без песень там, не слаўлю пышных крон,

Такі ўжо салаўіны мой закон.

Калі над гаем грымне першы гром,

Я з песняю вярнуся ў родны дом

І на галінцы, пад акном тваім,

Вясенняй зорцы праспяваю гімн.

І разганю я ціхай ночкі сон,—

Такі ўжо салаўіны мой закон.

 

Не буду спаць, світае далягляд.

Люблю спяваць на салаўіны лад.

 

15 кастрычніка 1962 г., Мінск

 

 

ОЙ ВЫ, ТРАВЫ, ТРАВЫ-МУРАГІ

Вось і роднае Падгор’е,

А якое ж тут надвор’е!

І цяплей, і сонца болей

Па-над борам, па-над полем.

Маладыя вунь сасонкі

Цешаць вока ростам гонкім.

З імі ветру не да спрэчкі,

Чую песню светлай рэчкі:

 

Ой вы, травы, травы-мурагі,

Зелянеюць рэчкі берагі;

Разыходзяцца шырэй кругі,

Пояць бераг гэты і другі.

Ой вы, травы, травы-мурагі.

 

Ой вы, хвалі рэчанькі-красы,

Вашых песень льюцца галасы,

Слухаюць і людзі, і лясы,

Дзе квітнеюць нашы верасы.

Ой вы, хвалі рэчанькі-красы.

 

Ой ты, сонца, залаты прамень,

Наша шчасце з намі ты сустрэнь,

Пасылай вясёлкі нам штодзень.

Не сціхае пад вярбой струмень,

Ой ты, сонца, залаты прамень.

 

17 кастрычніка 1962 г., Мінск

 

 

НА ХАРАСТВО НЕ НАДЗІВІЦЦА

Гляджу ў зарэчныя прагалы,

Дзе воблакі, як тыя скалы,

Заружавелі у блакіце,

Страчаючы усход дзянніцы.

На хараство не надзівіцца.

 

Разліўся каляровы золак

І на даліну, і на ўзгорак,

І сонца першыя праменні,

Як тыя мары-летуценні,

Вітаюць ранак, дзень вясенні.

 

Са сцежкі сонечнай не збіцца,

На хараство не надзівіцца.

 

23 кастрычніка 1962 г., Мінск

 

 

ХАЧУ СПЯВАЦЬ, А НЕ МАЛІЦЦА

Не прадаваў свайго сумлення

За медны, срэбны звон рублёвы,

Не станавіўся на маленне,

Калі нямелі ў песні словы.

 

Складаў бязбожныя малітвы,

Ў якіх ад Бога адракаўся.

На друз разбіў я крыж гранітны,

І не кажыце мне: раскайся.

 

Даволі гэты крыж насілі,

Ён да крыві нам змуляў плечы.

Нарэшце ўсё ж хапіла сілы

Зваліць цяжар нечалавечы.

 

І цемра больш не слепіць вочы,

І не пужае крык начніцы,

І на былых сцяжынах воўчых

Завяла зелле — чамярыца.

 

Не вырасце ніколі болей,

Дзе верас з хвойкамі гамоніць.

Не аблівацца сэрцу болем,—

Упрочкі хмары вецер гоніць.

 

І сонца яснае такое

Ідзе са мной расой умыцца.

Люблю, не ведаю спакою,

Хачу спяваць, а не маліцца.

 

28 кастрычніка 1962 г., Мінск

 

 

КАЛЕНДАРА Я НЕ ГАРТАЮ

Календара я не гартаю,

Святочных не шукаю дат,

Паветра чыстае глытаю,

Як ратны воін і салдат.

 

Ні разу не ўцякаў, як трус,

І не хаваўся у кусты.

Са мной чытае Беларусь

«Неадасланыя лісты».

 

Ў іх споведзь сэрца і душы,—

Ніяк грахі не замалю:

Хоць ты пішы, хоць не пішы,

Хоць ніцма падай на зямлю.

 

Не быць у ласцы ўсё адно,—

Вас бачу, крытыкі, наскрозь

І ведаю не сёння, а даўно,

Язык каростай ваш аброс.

 

Напаў цяжкі крытычны сверб:

Не змоўчыць, не сцярпець.

Давалі ўсё вам напавер,

І гэтак хочаце й цяпер.

 

А хто разлічыцца за вас?

Калі вы аддасцё даўгі?

Мо атрымалі зноў аванс

І на сябе, і на другіх?

 

Ліст жоўты сыплецца з бяроз,

І спеў птушыны анямеў,

І ўжо Нілевіч і Бурнос,

Удвух, ўзяліся за мяне.

 

Малоцяць ёмка, ў два цапы,

Хоць на таку і не снапы;

Малоцяць, а не ўлад, спляча,

І подласць свеціцца ў вачах.

 

«Павыбіваем зубы ўсе

Яго паэзіі-красе.

Апанавала намі злосць,

У нашым гневе крыўда ёсць».

 

Паўзе не крыўда, а паклёп.

Няўжо ізноў у модзе ён?

Паўзе, як набрынялы клоп,

Па чыстым целе нашых дзён.

 

Папробуй толькі, раздушы,

І пойдзе гэтакі смурод...

Не заглушыць вам спеў душы,

Чакаючы узнагарод.

 

Календара я не гартаю,

Святочных не шукаю дат,

Паветра чыстае глытаю,

Як ратны воін і салдат.

 

29 кастрычніка 1962 г., Мінск

 

 

НА ДАРОГАХ БЕЛАРУСІ

Плашч накіну адмысловы,

Пакланюся сонцу, маю.

Не прасіце слоў вясёлых,

Бо ў запасе мала маю.

 

Пакрысе іх я растраціў

На дарогах дальніх, блізкіх,

Дзе не з мармуру палацы,

А з граніту абеліскі.

 

Дзе сыны, браты спачылі

І са славай і без славы.

Сняцца сны ім аб Айчыне,

Што пасцельку ў горы слала.

 

Перад імі кленчу ў скрусе,

Жураўлі крычаць над полем.

На дарогах Беларусі

Ўсё магіл-курганаў болей.

 

Насыпаюць тут іх войны,

Хоць і шле народ праклёны.

Мае вочы жалю поўны,

І са мной гаруюць клёны.

 

Мо за гэта зноў дакоры?

Хай іх лепш не будзе ў свеце.

Узнімаўся і ў Дукоры

Грозны партызанскі вецер,

 

Каб ад нелюдзі варожай

Родную зямлю падмесці

І вясновы дзень прыгожы

На руках сваіх прынесці.

 

Радасць волі здабывалі,

Ў бой на ворага хадзілі,

І не сціхлі тыя хвалі,

Што змывалі кроў з Радзімы.

 

Чырванеюць імі рэкі

На усходзе сонца ўлетку.

Ўсё запомніцца навекі,

Зоркі ў небе — нашы сведкі.

 

Раны гоім і загоім,—

Радавыя мы салдаты,—

Не адстанема, дагонім

І не возьмем лішняй платы.

 

Не заслоняць сонца хмары,—

Заіскрыцца, разгарыцца.

Мы пад ясным гаспадарым,

Можам гэтым ганарыцца.

 

30 кастрычніка 1962 г., Мінск

 

 

НАВАГОДНЯЕ ВІНО

Яснее зоранька мая,

Над садам сее срэбны іней.

Сябры, хачу быць з вамі я

На навагодняй вечарыне.

 

Яшчэ ў мяне хапае сіл,

Каб вам паціснуць моцна рукі.

Агню ў душы не пагасіць,

Сагрэю сэрцам вершаў гукі.

 

Ў сваёй, а не ў чужой сям’і

Пад Новы год іх прачытаю,

Нібы у маі салаўі,

Сваю Радзіму прывітаю.

 

Яна, як маці, ў нас адна,

Ей аддаю я з песняй сэрца.

Ўстаю на зорцы, давідна,

Як тое маладое дрэўца.

 

Вядома ўсім даўным-даўно

Пра нашы зорныя крыніцы,

Ў іх навагодняе віно,

Як жар, праменіцца, іскрыцца.

 

Сябры, пабыць я з вамі рад

На навагодняй вечарыне.

У нашай хаце добры лад,

Ўсе сілы аддадзім Айчыне.

 

7 лістапада 1962 г., Мінск

 

 

ХАРАСТВОМ ЗЯМЛІ ЛЮБУЮСЯ

 

Па-над вёскамі і сёламі

Свеціць сонейка вясёлае.

Мы пад ясным летась, сёлета

Усё знаходзім тое золата,

Што бацькі за цяжкай працаю

Збераглі, а не растрацілі.

Спевы бацькавы і матчыны

Нам дасталіся у спадчыну,

З імі крылы сакаліныя.

А што мы сынам пакінема?

У сябе, у вас пытаюся,

Не малюся і не каюся,

А з сваім сумленнем раюся.

Непакоюся, турбуюся,

Хараством зямлі любуюся.

Хараство ды непаўторнае,

Як у жніўні неба зорнае.

Не сумуюць вербы з лозамі

На зямлі маёй прыгожае.

Ой ты, сонейка высокае,

Ў сінім небе ясны сокалы,

І Зямлю усю навокала

Абляцелі тыя сокалы,

На ўсю сілу размахнуліся

І да родных гнёзд вярнуліся.

Рад я. Ў нас такая раніца,—

Песня сонцу адклікаецца.

Ты цяплом яго сагрэтая,

Палюбіў цябе за гэта я.

Сілы марна не растрачаны,

Пакідаю песню ў спадчыну.

 

12 лістапада 1962 г., Мінск

 

 

ПАЭТ І САЛАЎІ

Даўно вы клікалі мяне

У сад сваіх цудоўных песень.

Я рад і сонцу, і вясне,

І дожджыку, што змые плесень.

 

Люблю я шум зялёны майскі

І клейкіх лісцяў аганькі.

Умытыя расою краскі

Я завіваю у вянкі.

 

На вішаньцы, каля святліц,

Спяваюць хорам салаўі,

І гэта ў Мінску, у сталіцы,

На нашай сонечнай зямлі.

 

Сыны вядуць спеў новым ладам,

Бацькі — як сталыя майстры.

Мелодыі плывуць над садам

Да яснай зоранькі-зары.

 

Хоць верце мне, а хоць не верце,

Без песні сумна на зямлі.

Не пагасіць агню у сэрцы,

Ніякім ліўням не заліць.

 

Душа не ведае спакою,

Калі на свет раджае верш.

Ўсе вокны насцеж у пакоі,

На рукі зораньку бярэш

І ёй чытаеш новы верш.

 

Пачуюць салаўі чытанне

І слухаць ўсёй сям’ёй ляцяць.

Са мною разам на світанні

Гімн сонцу любяць праспяваць.

 

14 лістапада 1962 г., Мінск

 

 

НА СВІСЛАЧЫ

На Свіслачы — і возера, і мора,

І процьма у блакітных хвалях зорак.

Плынь светлая з народа змыла гора,

І сёння нам за рэчаньку не сорам.

Замошчаны усе старыя грэблі,

Не хіляцца над доляй болей вербы.

Здаецца мне — яны памаладзелі.

Сукенкі з лісцяў маладых надзелі.

Увесну зелянеюць сочна травы,

І рэжа лона вод прамень яскравы.

Як тут перад Радзімай не прызнацца

І не раскрыць сваё ёй сэрца насцеж?

Няхай яно, знябытае, пазнае,

Што наша шчасце назаўсёды з намі.

 

Па сенажаці важна ходзіць бусел

З паклонам нізкім сонцу Беларусі.

Над рэчкаю, дзе вербы маладыя,

Дзе травы-мурагі растуць густыя,

І вечарам, і ранкам зорна-сінім

Трапеча ў лісцях пошчак салаўіны.

Ліецца, быццам хвалі веснавыя,

Плыве, як тыя хмаркі залатыя.

 

Даўно не быў я тут, мая Радзіма,

І новае ўстае перад вачыма.

Яго, як сын, вітаю я сардэчна,

Няхай жа новае жыве тут вечна.

 

15 лістапада 1962 г., Мінск

 

 

РАДЗІМА

 

Люблю крыніцы зорныя твае,

І шолахі зялёныя лясныя,

І спевы салаіўныя твае,

І першыя расінкі на траве,

І рэчанькі у лузе веснавыя.

Вясна, вясна, як тая маладзіца.

На хараство зямлі не надзівіцца.

Не раз хацеў абняць, расцалаваць,

Прыпасці да грудзей тваіх гарачых,

Букеты кветак сонечных нарваць,

І ўсе маім сучаснікам раздаць,

Сумленным, маладым героям працы.

У далях сонечных не заблудзіцца,

На хараство зямлі не надзівіцца.

Знайшлі і нафту, і руду, і соль.

Ідуць у шахты родныя шахцёры,

На даланях рубцуецца мазоль,

І сэрцаў нашых больш не шчэміць боль.

Нязвыклай музыкай пяюць маторы.

Як тут паэме з песняй не радзіцца?

На хараство зямлі не надзівіцца.

 

22 лістапада 1962 г., Мінск

 

 

СКАЗАЛА ПАРТЫЯ НАРОДУ ПРАЎДУ

Ён заслужыў народную пагарду.

Сказала партыя народу праўду,

Якім суровым, жорсткім быў тыранам,

Як боль і кроў штодзень сачылі раны,

Як смерць і кат ўрываліся ў цямніцы

Людскою кроўю ўмыцца і напіцца.

 

Устань, бязлітасны тыран, з магілы

І раскажы пра ўсё вачыма злымі,

Якія учыняў ты катаванні

У час вячэрні, і начны, і ранні,

Як літасці нявінныя прасілі.

Як адбіраў ты і жыццё, і сілы.

 

Ты катам раздаваў узнагароды,

Устань і праўду раскажы народу.

Пачуеш і пракляцці, і праклёны,—

Іх шлюць табе замучаных мільёны.

Мы помнікі твае зруйнуем, зрушым,—

Хай кованы абцас зямлі не душыць.

 

Нас партыя вядзе, за ёй мы крочым

І з Ленінскіх шляхоў-дарог не збочым.

 

25 лістапада 1962 г., Мінск.

 

 

* * *

Няўжо з пасцелі мне не ўстаць

І песні Лазара спяваць?

Які іх толькі будзе лёс,

Няўжо такі, як майскіх рос?

Не згіне песня марна, не!

Унукі ўспомняць і мяне

Ці словам добрым, ці другім,

Ці, можа, нават дарагім?

 

Скарб адшукае ўнук і сын,

Пакіну ім я адрасы.

Усё для іх я зберагу,

Інакш зрабіць і не магу.

Пазнаюць спеў адменны мой,

З яго мелодыяй зямной,

З настроем зморанай душы,

Якога мне не заглушыць.

 

Я часта ночкамі не сплю,

Устаю, развеяць сум люблю.

За родную сваю зямлю

Усе пакуты я сцярплю.

Ці варта доўга так цярпець?

А можа, лепш згарэць, чым тлець?

Парайце, неба і зямля,

І песня ў садзе салаўя!

 

26 лістапада 1962 г., Мінск.

 

 

ПОПЛЕЧ ПУШКІН І КУПАЛА

Ранак сонечны, вясновы,

Сонца ўстала, не праспала;

На стале маім пісьмовым —

Поплеч Пушкін і Купала,

Чарадзеі роднай мовы.

 

Быццам сонца ў небе майскім,

Асвятляюць даль паэты,

Не завянуць песень краскі.

У цудоўны ранак гэты

Я святлом, цяплом сагрэты.

 

Падбіраю і збіраю

У сваім радзімым краі

Па зярнятку тыя словы,

Што кладуцца у асновы

Не старых, а песень новых.

 

Маем хлеб і ўсё да хлеба,

Пазбіралі з ніў каменні,

І у скібы пульхнай глебы

Спорна сеецца насенне

І ўзыходзіць ў дзень вясенні.

 

Прапалю свае пасевы,

Летні дожджык іх аросіць,

І нап'ецца колас спелы.

А як прыйдзе госця-восень,

Ўспомню веснавыя спевы.

 

27 лістапада 1962 г., Мінск

 

 

ЗНОЎ СЛУХАЮ ГОМАН

Зноў слухаю я гоман

Родных хвой,

Як слухаў іх раней не раз.

А доўгі, доўгі час

Мяне ўсё дома

Не было,

Блукаў па скалах горных

Поўначы глухой

І зорнай.

 

Мінулае у памяці ўсплыло:

Як над тайгой

Туман звісаў

Густы,

Як я пісаў,

І не даходзілі лісты,

Як жыў надзеяй з году ў год,

Шукаючы забыты брод,

Каб перайсці

На бераг сонечны ў жыцці,

І ўсё не мог

Знайсці,

Ніводзін Бог

Не дапамог.

 

Ледзь-ледзь туман узняўся,

Нясмела

Заяснела,

І я падаўся

На гэты водбліск ясны.

Нялёгкаю была

Дарога,

Пакуль Радзіма абняла

Каля свайго парога.

 

Хоць не прынёс з сабою песень,

Але Радзімай быў уцешан.

 

Скасіліся старыя весніцы,

Вароты насцеж,

Каля варот равесніцы

Майго юнацтва.

Змяніўся я,

Змяніліся яны;

У садзе песня салаўя,

Я аддаю паклон зямны.

 

«Заходзь, заходзь, Язэп,

Будзь нашым даражэнькім госцем;

Мы ведаем, што ты паэт,

Але ні кроплі не зайздросцім».

 

Заходжу — новыя святліцы,

Век аджылі старыя снасці.

Я рад,

Хачу душой з народам зліцца

І на калені ўпасці

Ад зямнога шчасця.

 

30 лістапада 1962 г., Мінск

 

 

СЯЎБА

Які размах, які разгон!

Не тое, што раней загон,

Дзе поркаўся араты з плугам

Ды панукаў кабылку пугай.

 

На вёрсты пралягаюць гоні,

Спяшаюцца стальныя коні,

І без панукі, без прынукі

Вядуць іх маладыя рукі

Вясёлых хлопцаў-трактарыстаў,

Ні крышачку не ганарыстых.

 

З іх кожны любіць быць паэтам.

Раджае спеў вясна і лета,

Раджае ніва каласамі,

Даль з журавамі і гусямі.

Ну як, скажыце, устрымацца,

На крылах песні не узняцца?

 

У небе заяснелі зоры,

За дзень узораны прасторы,

Што нават вокам не акінуць.

Усе скібы спорныя якія,

А глеба плённая такая,

Зярнят і сейбіта чакае.

Ён, дбайны сейбіт,

заўтра прыйдзе,

Засее нівы ўсе за тыдзень.

 

Вясной, ў сяўбу, гарачым часам,

Устаюць на вёсцы з сонцам разам.

Сяўба спаць позна не дазволіць,

Яна, як песня,

кліча ў поле,

А трактары, як запявалы,

Склікаюць да працоўнай славы.

 

Сяўба ідзе, сяўба пачата,

На ніве хлопцы і дзяўчаты.

Над полем толькі пылу хмаркі,

Ды сонечны прамень няяркі,

Ды спевы працы веснавое:

«Гэй, шчасце наша залатое...»

 

2 снежня 1962 г., Мінск

 

 

ДОБРЫ ВЕЧАР, МІНСК ВЯЧЭРНІ

На бульварах на асенніх

Шолах залатых лістоў;

Добры вечар, Мінск вячэрні,

Новых вуліц хараство.

 

Шмат прыкладзена старання,

Цешыш нас зямной красой;

У вячэрні час мінчане

Любяць горад родны свой.

 

Ленінскі праспект шырокі,

Як той Нёман-прыгажун;

Ў парку месяц яснавокі

Дакранаецца да струн.

 

І мелодыя па рэчцы

Ў лоне ціхіх хваль плыве;

Адклікаюцца ёй сэрцы,

Вочы зорныя твае.

 

Песня-казка нас чаруе,

Зберажом яе навек;

Песню-казку хто не чуе

Каля светлых вуліц-рэк?

 

На бульварах на асенніх

Пошум залатых лістоў;

Добры вечар, Мінск вячэрні,

Людных вуліц хараство.

 

7 снежня 1962 г., Мінск

 

 

ДУША ПЯСНЯРСКАЯ ГАРЫЦЬ

Легендай-песняй запрашаю ў госці

Вясну сваёй блакітнай маладосці:

Прыйдзі, наведай неспакойнага мяне,

Хачу я вершы пачытаць табе.

Шчаслівае ў жыцці не абміне,

І з ног ніякі вецер не саб’е.

 

Гады палын павырывалі горкі,

Прыйдзі, вясна, цераз даліны, ўзгоркі.

У памяці усплыў душы пратэст,

Які калісьці хваляваў так нас.

А можа, ўспомніш мне «Мой маніфест»?

Яго нёс я з табою на Парнас.

 

Пастукалі, але не ў тыя дзверы,

Багі да нас не выйшлі, не сустрэлі.

 

 

* * *

 

Дарэмныя і марныя надзеі,

Змянілі іх суровыя падзеі.

Дваццаты век, трыццатая вясна,

І дваццаць восьмы мне пайшоў тады.

Шумела сумна на бары сасна

І не спяваў дубок з ёй малады.

 

Не правялі яны мяне ў дарогу

Ад роднай хаты, роднага парога.

На крылы чорны воран падхапіў

І што ёсць сілы-духу ў Мінск памчаў.

Прыступкі збітыя пераступіў,

Маўчаў, і толькі гора у вачах.

 

На прэнт замкнуліся за мною дзверы,

І ўсё ж ў жыццё прыгожае я верыў.

 

 

* * *

 

За кратамі я не паэт, а вязень,

Але Радзіме песняй абавязан.

Мінулі лета, восень і зіма,

І шле свае праменні нам вясна,

А сонейка майго са мной няма,

Успомню і хмялею без віна.

 

Люблю цябе, люблю гарачым сэрцам,

Хачу хоць раз яшчэ з табой сустрэцца,

Прыйшоў і красавік, пяюць шпакі.

А раніцы! Здаецца не было такіх:

Над ціхай, светлай рэчкаю блакіт

І коцікі пушыстыя ракіт.

 

На ніве роднай сейбіт і араты,

Вясна з майго вакна знімае краты.

 

 

* * *

 

Дзе вы, маёй вясны суровай творы?

Ці ўспомніць хто іх, ці паўторыць?

 

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

 

Пажар! Душа пяснярская гарыць;

Апанаваў усіх, хто бачыў, страх.

Пажар! Відаць з нізіны і з гары,

Крычыць, як непрытомная, сястра:

«Пусціла з дымам, на ўзвей вецер,

І паплылі хмурынкаю па свеце!..»

Жар палымнее, як жывая кроў,

Што згусткамі кладзецца на пласты.

У полымі мае «Сады вятроў»,

«Мой маніфест» і «Новыя лісты»,

І «Кніга грэшная» сквірчыць, палае,

Не пагасіць, плыве за хваляй хваля.

 

Пра гэта ўсё дазнаўся на Урале;

Сляза застыла на скале ў крыштале.

 

14 снежня 1962 г., Мінск

 

 

У. Д — КУ

Не завяла ў родным садзе ружа...

Рад я за цябе, мой даўні дружа:

Не адолелі мароз і сцюжа,

Не прыгорбіла цяжкая праца.

Рад я за цябе, мой дружа-браце.

Схлынулі паклёпы і напасці,

Як магло сяброўства заняпасці?

Не іначай кошка чорнай масці

Паміж нас прабегла цёмнай ночкай,

І сяброўства адышло упрочкі.

Ты ўсё горнешся бліжэй да знатных,

Іх увага даспадобы надта.

Жарт хай застанецца сабе жартам,

Пыл жа барадой змятаць не варта,

Лепей быць ў страі салдатам ратным.

 

18 снежня 1962 г., Мінск

 

 

ДА ТВАІХ ЖЫВЫХ КРЫНІЦ-ГРУДЗЕЙ

Да тваіх жывых крыніц-грудзей

Я штодзень, як сын, душой гарнуся;

Будуць хай і ў нас, як і ў людзей,

Песні аб радзіме Беларусі,

А за большае я не бяруся.

 

Каб збылося, як я быў бы рад!

Музыка бароў, дуброў чаруе,

Разумець вучуся гэты лад.

Маё сэрца сёння не гаруе,—

У лясоў і ніў напеў бяру я.

Я люблю легенд дасціпны сказ

 

І народ свой кемлівы і здольны.

Прыгажэе край цудоўны наш.

І да сонца, у блакіт раздольны,

Узлятае песня, сокал вольны.

 

19 снежня 1962 г., Мінск

 

 

ЯНА, ЯК СОНЕЙКА Ў КРЫШТАЛЕ

Як быць мне з лірыкай сваёй,

Такою роднаю, зямною?

І дні, і ночы ўсе са мною,

Я не падрэжу крылляў ёй.

 

А муза ў строфах-хвалях рэк

Спявае, быццам маладзіца.

І трэба ж мне было радзіцца

Паэтам у дваццаты век.

 

Радзіму я любіў, люблю,—

Яна ўзлёт песні акрыляе,

Яна, як сонейка ў крыштале,

Дарог-шляхоў з ёй не згублю.

 

Упэўненай хадой іду,

Яснеюць, харашэюць далі,

Што мелі, сонцу ўсё аддалі.

Іду і веру: скарб знайду.

 

21 снежня 1962 г., Мінск

 

 

СТАЛІЧНЫ РАНАК

Нашы вокны без фіранак,

Аддаём вясне салют.

Устае сталічны ранак,

Устае працоўны люд.

 

Кліча і чакае праца,

Гоман і народу тлум.

Час і мне за працу брацца

У сталіцы светлых дум.

 

Сёння фабрыкі, заводы

Там, дзе рос учора бор,

Дзе шум плыў, як тыя воды

Веснавыя з долаў, гор.

 

У святле святочным цэхі,

Не сціхае працы звон.

Не растраціма уцехі

І не спынім свой разгон.

 

Запявае хор матораў,

Кранаў не стрымаць узлёт.

Вуліцы, як хвалі мора,

Зранку рвуцца да яснот.

 

24 снежня 1962 г., Мінск

 

 

ЕЛАЧКА

З елачкі пушыстай, з елачкі густой

Падаюць сняжынкі, падаюць на стол.

 

Елачцы зялёнай сёння сняцца сны,

Быццам вее з бору водарам лясным,

 

Быццам Дзед Мароз там кліча ў карагод.

«Елачка сустрэне з намі Новы год.

 

Весела спяваць нам, весела з табой,

Елачка, вазьмі нас ў цёмны бор з сабой».

 

«Ой вы, сакаляткі, ў бор мне не дайсці,

Сваіх снежных сцежак там мне не знайсці».

 

З елачкі зялёнай, стройнай, маладой

Горкія расінкі сыплюцца на дол.

 

25—31 снежня 1962 г., Мінск

 

 

ІЗНОЎ У КВЕЦЕНІ САДЫ

Ізноў у квецені сады,

Курлычуць недзе жураўлі,

Спявае даль на ўсе лады,

Ізноў вясна і салаўі.

 

Пясняр, з вясной-сястрой

Праменні ў прыгаршчы лаві.

Які нязвыклы зноў настрой

Прынеслі ў песні салаўі.

 

Вясна, Радзіму абнімай,

Пралескі у вянкі заві.

І сонечны, і светлы май

На зорцы славяць салаўі.

 

У глебу ўзоранай зямлі

Насенне сеецца з сяўні.

Жылі, да шчасця дажылі:

У нашым садзе салаўі.

 

Не хмурацца увесну дні,

Зямельку, дожджык, напаі.

Жывём у дружнай мы сям’і,

Спяваюць славу салаўі.

 

29 снежня 1962 г., Мінск

 

 

НЕ РАЗНЯЦЬ РУК БРАТНІХ

Не разняць рук братніх,

Знітаваліся навек

У паходах ратных

І у плыні рэк.

 

Хмары не прыкрылі

Дружбы ясны дзень,

Не падрэзаў крылы

Вораг-ліхадзей.

 

Свае злыя сілы

Болей не збярэ.

Зелле мы скасілі,

Поўдзень на дварэ.

 

Зелле вяне, звяне,

Будзе менш клапот,

І ужо не ўстане,

Выкінем за плот,

 

І у гразь утопчым,

У трасучку-гаць.

Пачалі і скончым,

Зеллю век не ўстаць.

 

Дружбы рунь красуе

Ў сонечныя дні;

Песню ў дар нясу я,

К сэрцу прыгарні.

 

30 снежня 1962 г.

Мінск

 

1963

 

НАСТАЎНІКАМ ЧААДАЕЎСКАЙ ШКОЛЫ

Пад Новы год, у светлы час,

Успомніў цёплым словам вас

І ўспомню так яшчэ не раз.

 

...Над Чаадаевам яснее дзень,

Не гасне сонечны прамень.

Вясной бярозкі гоняць сок.

Здаецца, кліча зноў званок,

Заходжу ў неўгамонны клас

І там страчаю родных вас.

Праходзіць і мінае ўсё,

Што беражліва так нясём.

Я чуў: за гэтыя гады

Разросся сад ваш малады

І парадзеў нашмат стары,

Ў якім спявалі на зары

Вясною ранняй салаўі.

 

На шчодрай мурамскай зямлі

Пражыў нямала я гадоў,

Не знаўся з горам, ні з бядой,

Народам рускім даражыў,

З ім парадніўся, падружыў.

Паклон я аддаваў усім,

Лічылі ўсе мяне сваім,

Абедаў разам і касіў.

Ішоў пракос я у пракос,

Валок мой спорна ўгору рос.

 

Калі шумеў прыокскі гай,

Я ўспамінаў свой родны край,

Дзе бегаў пастушком, дзе рос,

Дзе сцежкі мне знаёмы скрозь,

Дзе сілы у сабе адчуў

Сялянскі кемлівы хлапчук,

П’ючы здароўе майскіх рос.

Радзімы сіла верх ўзяла,

Да ўзлёту крылы узняла.

І ў тыя сонечныя дні

Накіраваўся да радні,

Зямлі бацькоў паклон аддаў,

Паветра свежае глытаў.

 

Настаўнікі, мае сябры,

Шумяць заокскія бары.

Я чую ў Мінску гэты шум,

Хвалюе сэрца і душу.

Я чую гонкіх сосен звон.

Расіі нізкі мой паклон.

Яна прынесла нам святло,

А сонца яснае — цяпло.

Настаўнікі, у добры час

Успомніў цёплым словам вас

І ўспомню так яшчэ не раз.

 

4 студзеня 1963 г.

 

 

У СОНЕЧНЫ ЗІМОВЫ ПОЎДЗЕНЬ

 

То сыплюцца, то сеюцца, як срэбра тое;

Праменіцца ў сняжынках сонца залатое.

 

Як лебядзіны пух, ціхусенька кладуцца

У садзе на галінкі, што звісаюць, гнуцца.

 

Сняжынкі бель-пушынкі атрасаюць, сеюць

І мачысе-зіме пасцель у садзе сцелюць.

 

Бялюткі пухавік, падушкі-гурбы снегу

На ложак з лёду зорнага кладуць без смеху,

 

І мітусяцца, і лятаюць белым роем,—

Спяваюць калыханку мачысе суровай.

 

4 студзеня 1963 г.

 

 

БЛАКІТНАЕ МОРА

Блакітнае мора,

Калышуцца хвалі,

Даліну, узгорак

Прыкрылі, схавалі.

Ноч зоранькі ліча,

Да працы дзень кліча.

Пара залатая:

У ранак у росны

Лянок расцвітае,

Блакітны і рослы.

Красуй, валакністы,

Лянок шаўкавісты.

Плён будзе багаты.

Пад сонцам у полі

Спяваюць дзяўчаты:

«Лён чыста праполем,

Красуй, сінявокі,

Вясёлы, высокі!

Мы любім у працы

Усе завіхацца,

У поўдзень гарачы

Вясёлцы ўсміхацца.

Як чайкі на моры,

Не ведаем зморы».

Пад сонцам Радзімы —

Раздольныя нівы,

Узгоркі, даліны

І ветрык шумлівы,

І сцеле абрусы

Лянок Беларусі.

 

1963 г.

 

 

ДЗЕНЬ ДОБРЫ!

Цяжар гадоў маіх плячэй не згорбіў,

Люблю ўсміхацца маладой вясне.

Мне свеціць сонейка усё ясней,

Радзіма, Беларусь мая, дзень добры!

 

Па сіняй хвалі човен лёгкі, гонкі

Накіраваў плавец у даль ракі.

Не за гарой шчаслівыя вякі,

Ужо чуваць іх песні і гамонкі.

 

Гісторыя, падкову на парог

Прыбі і затрубі у свой ты рог:

Не праслязіцца з хмаркі дожджык дробны.

 

Народу не старэць, ён твой тварэц,

Ідзе камуністычны век сустрэць.

Радзіма, Беларусь мая, дзень добры!

 

1963 г.

 

 

Вершы невядомых гадоў

 

ЛЮБІЦЬ МЫ І ТАДЫ УМЕЛІ

Успомнім тых, каго няма між нас,

Хто адышоў яшчэ у маладосці.

Тады такі ўжо быў суровы час:

Суставы трушчылі, ламалі косці.

 

Пятлю ўскідалі на саміх сябе,

І жылы ў целе рваліся, нямелі,

І сэрца войкала, і пульс слабеў,

Але любіць мы і тады умелі.

 

З багнетам вострым верны вартаўнік

Навекі вёў у зябкую цямніцу,

Дзе светлы дзень нікому не прысніцца

 

Апоўначы я чуў з цямніцы крык,

І як успомню толькі — плачуць вочы.

Ці прыйдуць больш яшчэ такія ночы?

 

 

* * *

 

Унук і праўнук дзён сучасных,

Я сёння бачу шлях ваш ясны.

Ён мне і блізкі і далёкі,

А мой — цярністы і нялёгкі.

Згінаюся ў цяжкой знямозе,

Як тое ў лузе вербалоззе.

І родную сваю зямлю

Да сэрца горача тулю.

Не справіць здрада больш вяселля,

Не ўзыдзе ў полі пустазелле

Ні ў дзень асенні, ні вясенні:

Зяло адвеем ад насення,

Мякіну пусцім на ўзвей вецер,

Бо не патрэбна ў хаце смецце.

Не за гарамі гэты дзень,

Ён прыйдзе, ён ужо ідзе...

 

 

* * *

 

З песняй-лёсам

Я ў дарогу рушыў.

Трэсла восень

Яблыкі, ігрушы.

 

Носім-зносім...

Даспявалі бэры.

Ў гэну восень

Ты мяне сустрэла.

 

Слуцк і песня

Даўніх успамінаў.

Вецер, смейся

Над маёй калінай.

 

Чырванею,

Проста твару сорам.

З поўнай жмені

Ночка сее зоры.

 

Я пад імі,

Як той мак чырвоны.

Тваім імем

С.<тася> зачарован.

 

 

МУЗЫКА І ТАНЦЫ

Ў сінім небе меней зораў.

Меней ясных іх слядоў,

Як музыкаў і танцораў

На планеце маладой.

 

Волю нам бацькі прыдбалі;

З намі воля — ясны цвет.

Грайце, скрыпкі і цымбалы.

Грайце сёння на ўвесь свет!

 

Аглашайце нашу радасць.

Маладых сыноў, дачок:

У руках да працы зайздрасць,

Ногі скачуць «крыжачок».

 

Творчай працы — хвала, хвала!

Адплываюць караблі;

Камсамольцы-запявалы

На прыгожай на зямлі!

 

Фабрыкі, заводы, нівы

Аддаюць салют вясне.

Маладосці імяніны

Сёння ў сонечнай красе.

 

 

АПЯКУН

Апякун — не бацька родны,

Грозны, як фельдфебель ротны.

Ён да сэрца не прыгорне;

Жыць з ім цяжка, жыць з ім горна.

Ўсіх трымае ў чорным целе:

Цвёрда спаць, хоць мякка сцеле.

 

— Мы яго не лаем, хвалім,

Нават песняй штодзень славім.

Апякун наш песні любіць,

Хоць за іх часамі лупіць.

 

— Трэба у сям’і ушчунак.

Ад сябе не адпушчу я

Вас да старасці, да смерці,—

Шчыра вам кажу, ад сэрца.

 

 

ГРОМ ПЕРШЫ ГУКАЕ

Бліскучыя жылкі

З хмурынкі

сцякаюць.

— Лавіце!

Ўцякаюць!

Смяюцца дажджынкі,

Бягуць ручаінкі —

І рогат, і спрэчкі.

З вясёлкі над рэчкай,

З хмурынкі над гаем

Гром першы гукае.

 

Раскацісты веснік,

Як радасць, як песня.

 

 

* * *

Толік-саколік,

Славік-вухналік,

Ўсім нам вядома,

Ў школе і дома

Дружбу вадзілі,

Матак задзівілі —

Аню і Стасю.

Бабка Настася

Хлопцаў любіла,

Разу не біла.

Славікаў бацька

Сына не цацкаў,

Сыну тлумачыў:

З працы хлеб смачны,

Людзі ад працы

Сілы не страцяць,

Мецьме што трэба:

Хлеб і да хлеба.

Праца з ахвотай —

Мёд, што у сотах.

Толікаў татка

Ведаў здагадку:

Сыну ён верыў,

Песціў у меру,

Нават быў трохі

Часам і строгі:

Горш за балячкі

Штодзень патачкі.

Дома, на волі

Сын не сваволіў.

Толік-саколік,

Жвавы, рухавы,

З твару смуглявы.

Карыя вочы

Свецяць і ў ночы,

Быццам бы зоркі.

Вейкі і броўкі —

Шэлест асокі,

Лобік высокі,

Вусны п’юць сокі.

 

 

У ЁЛАЧКІ-ІГОЛАЧКІ

У ёлачкі

Іголачкі

Зялёныя усе.

Сняжыначкі-

Пушыначкі

Зіма да нас нясе.

 

Не раімся.

Збіраемся,

Ідзём у карагод.

Пад зоркамі-

Вясёлкамі

Сустрэнем Новы год.

 

Ой, межамі

Заснежаны

Прыйшоў і Дзед Мароз.

Ледзь горбіцца:

У торбачцы

Гасцінцы нам прынёс.

 

«Далёкімі,

Нялёгкімі

Вярэцямі ішоў.

Хоць змораны,

Пад зорамі

Усё ж я вас знайшоў».

 

Пад зоркамі

Узгоркамі

Хадзілі мы ў паход.

Пад месяцам

Пацешымся,

Спяём пад Новы год:

 

«Пацешная,

Уцешная,

Ты, ёлачка, шумі.

Ківаюцца,

Ўсміхаюцца

На ёлачцы агні.

 

Зялёная,

Вясёлая,

Уся у харастве.

Калючыя,

Гаючыя

Іголачкі твае.

 

Сняжыначкі-

Пушыначкі

Зіма на нас трасе,

А ў ёлачкі

Іголачкі

Зялёныя усе».

 

 

БРЭСТ

 

I

Вербы з клёнамі не шумяць зялёныя,

Буг і Мухавец ад крыві чырвоныя.

Выйшлі з берагоў — хвалі неспакойныя

А за імі чарадой з свасцікай пакойнікі.

 

II

}Воіны-салдаты тут на смерць стаялі

І сваю прысягу кроўю напісалі.

 

З ворагам заклятым біліся героі,

Хоць і не хапала баявое зброі.

 

Біліся дні-ночы, ў будны і ў нядзелю,

І фашыстаў раці больш і больш радзелі.

 

Запякліся раны на грудзях краіны.

Ўсходзіць сонца рана аглядаць руіны.

 

 

* * *

Над кронамі — блакіт,

Загар лёг на лісты.

З-за рэчкі, ад ракіт,

Відаць здалёк,

Плыве дымок,

А не туман густы

Хаваецца ў кусты.

 

Ля вогнішча пастух сядзіць

І падграбае жар

Кійком:

«Як хораша на свеце жыць,

Цяжар

Не муляе плячэй.

І мой маяк не згас,

Здалёку ён

Відзён».

Як сын і брат,

Я слухаць рад

Цудоўны гэты сказ

Пад сонцам ясных дзён.

 

 

Экспромты

 

* * *

Завіхаюся пісаць,

Каб паганая аса

Не ўкусіла зноў мяне,

Каб не выпаўз чорны змей.

 

Ён за мной штодзень стаіць

Ён са мною часам спіць.

Абнімае, і цалуе,

І спявае: лю-лі, лю-лі.

Спі, мой ясны, не прачніся,

Песню я тваю суцішу —

Рана з ёю, рана выйшаў...

 

1952 г.

 

 

СМЯРТЭЛЬНЫ ГРЭХ

Мае сябры, не смех:

Пазбаўлен я уцех

За свой смяртэльны грэх.

 

Няўжо тупым нажом,

Калі ішоў мяжой,

Ўначы каля стагоў

Зарэзаў я каго?

 

А мо яшчэ страшней

(Сябры, скажыце мне)

Злачынны мой учынак?

Не ведаю, ей-права,

Аднак любіць Айчыну

Не дадзена мне права.

 

1952 г.

 

 

* * *

Вецер ў полі, скруха на сэрцы,

Песня на волю просіцца, рвецца.

 

Слова гукае, ў полі начуе.

Хто маю песню сёння пачуе?

 

Слёзы абмыйце здзекі і кпіны;

Сэрца Радзіме у песні пакіну.

 

1953 г.

 

 

* * *

Сваю душу я вам даверыў,

Вы мне былі усіх радней;

Калі ж пастукаўся у дзверы,

Не адчынілі іх вы мне.

 

Сабаку з прывязі спусцілі,—

Як і раней звяглівы брэх.

Сабраў апошнія я сілы,

Падаўся ўдаль ад родных стрэх.

 

Ой вы, шляхі! Ой вы, дарогі!

Не чую пад сабою ног,

І ўсё ж дайду да перамогі,

Запрэтны разбуру парог.

 

1953 г.

 

 

* * *

Наш Купала, наш пясняр вялікі

Свой народ да сонца, волі клікаў.

За табой пайшлі сыноў мільёны;

Да цябе зайшоў і я з паклонам.

Толькі не застаў у роднай хаце;

На жалейцы некаму зайграці.

У тваім, пясняр, святым музеі

Голаў нізка я схіліў, прыземіў.

На твае радкі жывыя глянуў,

Загаіў на сэрцы сваю рану.

Песняру пясняр аддаў пашану

І дырэктару музея гэтаксама.

 

5 студзеня 1956 г.

 

 

АХВОТНА І ВЕСЕЛА

Апошняя зоранька

Гасне над лесам,

І яснае сонейка

Будзіць Алеся:

 

— Прачніся, саколік,

Устань, мой сынок!

Ўжо хутка у школу

Пакліча званок.

 

Уцеха Алесева —

Горы і долы.

Ахвотна і весела

Бегаць у школу.

 

10/ХІ 1957 г.

 

 

ЦІ БАЧЫЎ ХТО З ВАС?

Ці бачыў хто з вас вёску Ляды,

Яе сады і далягляды?

 

Ці бачылі, ільны якія!

А нівы — вокам не акінеш!

 

Глядзіць вачэй блакітных мора,

Іх болей, як у небе зораў.

 

А хвалі повеем лагодным

Шумяць у далях родных.

 

1957 г.

 

 

КЛЕНІК

Шустры Лёнік

Пасадзіў вясной

Каля хаты клёнік

І паліў расой.

 

Рос і вырас клёнік —

Лапушыцца ліст,

І смяецца Лёнік

Пад птушыны свіст.

 

Прыляцеў на зорцы

Салавейка-госць.

Лёнік у каморцы

Сніць, што клёнік ёсць.

 

25/ІХ 1958 г.

 

 

* * *

 

Сустракае восень

Вырай жураўліны;

У сцюдзёных росах

Спеюць журавіны.

 

Спеюць, даспяваюць,

Пунсавеюць сокі.

Хвойкі зелянеюць,

Бор шуміць высокі.

 

1958 г.

 

 

ПАВАЖАНЫ СТАНІСЛАЎ ПЯТРОВІЧ І КАЦЯРЫНА...!

Народны звычай свой шануем —

І з Новым годам вас віншуем,

Жадаем ад душы і сэрца

З вялікім шчасцем вам сустрэцца.

Хай вас яно не абмінае.

 

Пад Новы год яснеюць зоркі,

Не прыйдзе дзень слатлівы, горкі.

 

Язэп і Стася

 

30 снежня 1959 г.

 

 

* * *

Выстрыгалі з фотакартак,

Выстрыгаюць і цяпер.

«Успамінаць яго не варта.

Ні ў нядзелю, ні ў чацвер,

Праўда, быў такі калісьці,

Толькі лепш, каб не было,—

Не прынёс ані карысці

У нябыт усё сплыло».

Вось як сталася яно,

І ці думаў ты, Язэп?

Чэмер п’еш, а не віно,

Дораць камень, а не хлеб.

 

29 студзеня 1960 г.

 

 

* * *

Душа гарыць, баліць,

З дакорам мне гавора:

Няма з кім падзяліць

Ні радасці, ні гора.

 

Адна, штодзень адна,

Знарок ніхто не зойдзе.

Твая, мая радня

Дарогі ўсё не знойдзе.

 

Ці доўга так цярпець,

Скажы, паэт, мой дружа?

Пара вясну сустрэць,

Раскінула цвет ружа.

 

1960 г.

 

 

* * *

Вясенні шум сасны

Над нашымі гадамі.

Я ўспомніў «Дні вясны»,

І рад сустрэчы з Вамі.

Ніяк не патушыць

Свайго агню паэту...

Ад сэрца, ад душы

Дару вам кніжку гэту.

 

20 сакавіка 1961 г.

 

 

ГЕОРГІЮ ЗМІТРАВІЧУ ВЫЛЧАВУ

Нібы хлапчук, я сёння рады

І на душы мне стала лепш.

Я не магу сабе даць рады —

Усё збіваюся на верш.

Абняць хачу вас, дружа-браце,

Ў гасціннай беларускай хаце.

Надзеі гэтай я не трачу,

Сваім Вас госцем сёння бачу,

І чару ўгору паднімаю,

І Вас і Ваш народ вітаю.

 

24 мая 1961 г.

 

 

ВІНШАВАННЕ

Вее вецер, вее свежы,

Ходзіць з песняй па бары.

Адыходзіць месяц снежань,

Адыходзіць год стары.

 

Хмары ясных зор не засцяць,

Надыходзіць Новы год.

З Новым годам, з новым шчасцем,

Беларускі мой народ!

 

 

Я ЖЫЦЬ ХАЧУ...

Хачу я жыць, тварыць і верыць

У светлы дзень Радзімы любай.

Якою мерай радасць мераць,

Калі так горача мы любім?

 

Прыйшоў я да цябе у госці,

Як падарожны твой нястомны.

Як і тады, у маладосці,

Не раз яшчэ у песні ўспомню.

 

 

КАЛІ ГАРАЦЬ ЗАРНІЦЫ

Народ, калі гараць зарніцы,

Спявае песню працы:

Збіраем шчасце па крупіцы

І марна не растрацім.

 

Яго у спадчыну пакінем,

Каб век не ведаць гора.

Бяда з сваім старэчым кіем

На наш не ўзыдзе ўзгорак.

 

Нам сонца свеціць шчодра,

З ім жыць на свеце добра.

 

 

* * *

Неспакойна б’ецца сэрца,

Маладое гнецца дрэўца.

Вецер хіліць і хістае,

Шалясціць яно лістамі.

 

Дрэўца ветру не здаецца,

Вырваць дрэўца не ўдаецца,

Бо карэнні ў родным грунце.

Не бядуйце, не гаруйце.

 

 

НАД РЭЧКАЮ ТАПОЛЯ МАЛАДАЯ

Над рэчкаю таполя маладая

Спявае з салаўямі на зары.

Увесну сеем, ўлетку даглядаем,

А восень прыйдзе, прынясе дары.

 

І гэтак ты, паэт, мой сокал ранні.

Табе не спіцца у сваім гняздзе,

Ўстаеш на ўсходзе сонца, на світанні

І славіш песняю прыгожы дзень.

 

 

* * *

Калі дзень часам пройдзе марна,

Дык на душы няўтульна, хмарна,

І дакараю сябе горка,

Пакуль не ўзыдзе зорка.

 

 

* * *

Дружна вяслуйце, родныя хлопцы,

Весела з вамі ў сонечнай лодцы.

 

Ў ясныя далі скірованы рэйсы,

Коцяцца хвалі, хвалююцца песні.

 

Нас не стрымае рэк бурных разводдзе.

Працаю славім і ранак, і поўдзень.

 

 

СОНЕЙКА МАЁ, ДЗІВІСЯ

Што ні дзень — усё навіны:

Ў садзе пошчак салаўіны

Будзіць досвіткам-наранку

Ясну зораньку-заранку;

Па-над садам, па-над гаем

Усміхаецца, мігае.

Коціцца да долу з высі,

Сонейка маё, дзівіся.

Коціцца з блакітнай горкі,

А за ёй другія зоркі

І у лузе, ў лозах ніцых,

Акунаюцца ў крыніцы.

 

 

ЦАЛУЙ І АБНІМАЙ

Цалуй і абнімай!

Мацней! Хай бачыць свет.

Раскінуў светлы май

У нашым садзе цвет.

 

Мацней цалуй! Люблю,

Калі душа з душой.

Я сэрцам сонца п’ю,

Каханы, любы мой!

 

 

КЛЁН ШУМІЦЬ НА ГОРЦЫ

Клён шуміць на горцы,

А вярба ў даліне,

Ўстану я на зорцы

З песняй салаўінай.

 

Ў лузе, пад калінай,

Усміхнуся сонцу,

Песняй сакалінай

Адгукнуся хлопцу.

 

 

* * *

Хто мне дасць адказ,

Як жа з сэрцам быць?

Жар пакуль не згас,

Хочацца любіць.

 

 

* * *

І адбылося, і збылося,

І ветры смецце ўсё змялі.

І хто не рад, што давялося

У гэты час жыць на зямлі?

 

 

* * *

Народу прыкрае пітво,

Як чэмер, можа, і гарчэй.

Калі завяне хараство,

Не будзе на душы лягчэй.

 

 

* * *

Палае Мінск пажарам.

Вайны страшныя хмары

Дажджом-свінцом сякуць,

Ру ч’і крыві цякуць.

Пад чорнай хмарай зранку

Паўзуць на горад танкі,

Паўзуць і бамбавозы,

Нясуць і смерць, і слёзы.

Агонь, спякоты жар,

Вайны страшны пажар

На вецер ўсё пушчае.

Жывое ўсё знішчае.

 

 

* * *

Здолелі усё адолець,

Не пужае жах руін.

З кельняй вахту несла моладзь:

Поплеч з бацькам — родны сын.

 

 

* * *

Мне скваркі вялікай не трэба.

Даволі і пульхнага хлеба,

Што вырас на бацькаўскай глебе.

 

 

* * *

Хочацца так верыць.

Шчасце, дзе ты, шчасце?

Адчыні мне дзверы,

Расхахонь іх насцеж.

 

 

* * *

У далі веснавыя гляньце:

Яснее сонца, сэрцы рады.

Каменнямі ў таго шпурляйце,

Хто кліча нас да здрады.

 

 

* * *

Выйду, гляну я з гары высокай,

Паляцеў куды крылаты сокал,

Дзе гняздо на старасці шукае?

На якіх: чужых ці родных скалах?

 

* * *

Мая радзімая зямля,

Іду на суд народны я.

 

Народ, ідзе твой сын, сустрэнь

У светлы свой, вялікі дзень.

 

Дахаты песню ён нясе

І аддае тваёй красе.

 

Не просіць ён узнагарод,

Пакліч яго, сустрэнь, народ!

 

* * *

Ён быў, нібы айчым суровы.

Не гладзіў па галоўцы нас.

Каб не было слабых і хворых,

Штогод праветрываў Парнас.

 

* * *

Айчым над намі лютаваў,

А падхалім яму салютаваў.

За гэта гонар, прэміі

І проста шлях у геніі,

І сёння лезе ў паважаныя,

Шаноўныя, прызнаныя.

Было што, адракаецца,

А часам нават каецца.

 

* * *

Не зведалі людскіх пакут,

Зракаліся бацькоў, радні

І славілі асобы культ

Навылет ночы ўсе і дні.

 

* * *

Гісторыя разгорне кнігу дзён мінулых,

Паведае пра тых, што вечным сном заснулі.

Пабудзіць іх, і ўстануць чарадой шкілеты,

Між імі будуць нашы слаўныя паэты.

 

* * *

З чаго пачаць?

Каб не нажыць бяды,

Лепш памаўчаць,

Набраўшы ў рот вады.

 

 

* * *

Як толькі ўспомню вас, сябры,

Маё пяро з рук падае,

Хоць гора ў прыгаршчы збяры,

Нішто не цешыць і не радуе.

 

Не прыгарну вас да грудзей,

Душа ад слёз заходзіцца.

Заўсёды кат і ліхадзей

Ў нядобры час народзяцца.

 

* * *

Мароз нас прабіраў наскрозь,

А люты сівер, як былінак, трос,

І кожны з нас свой лёс пакорна нёс.

 

* * *

Не нашая ужо віна,

Што, ўстаўшы рана, давідна,

Мы не адведалі віна,

А горыч выпілі да дна.

 

* * *

Не трэба сёння успамінаў

Пра тое, што было і адышло.

Не узарвёмся больш на мінах,

Не ўзыдзема на трэснутае шкло.

 

 

КРЫТЫКАМ

Не лезце ў сэрца бруднымі рукамі,

Ніхто вам не даваў на гэта права.

 

Жыве паэзіі святая справа,

Змывае бруд гарачымі радкамі.

 

* * *

Здаецца часам: я усім чужы,

Ў самоце сустракаю ціхі вечар.

Не салаўі у садзе, а чыжы.

І кожны песеньку сваю шчабеча,

І кожны з іх жыццю і сонцу рад,

І ўсе шчабечуць на вясёлы лад.

 

 

* * *

Выйдзі, палюбуйся:

Сонца ўжо устала

І цыбаты бусел,

Птушка Беларусі,

Ходзіць каля става.

 

* * *

Не скалы, не уцёсы,—

Рака, бялеюць плёсы.

Па сіняй плыні-шыры

Плывуць уверх буксіры,

За імі лайбы-судны

Паўзуць марудна.

 

 

* * *

Вечар весні

Зоры ліча:

Песню песень

Сэрца кліча.

 

ФАШЫЗМ

Што за сіла, што за сіла?

Ўсё жывое падкасіла.

Не вада, а кроў ліецца,—

Гэта сіла-ліхалецце.

Ходзяць войны з ім па свеце,

Гасне сонца і не свеціць.

 

 

СОН

Па вуліцы Песень паэты ідуць,

Старэнькую музу пад рукі вядуць.

Яна ім чытае тэрцыны, актавы,

Вялікія творы сусветнае славы.

Яна ім спявае свае трыялеты,

Забытую сцежку шукае да Леты.

 

Там вельмі прыемна, цудоўныя дачы,

Ніхто не турбуе і нават не бачыць,

Там можна купацца у ціхай затоцы,

А потым пагрэцца ад зморы на сонцы.

Яно і папесціць, яно і прыгрэе,

Ніколі пад сонцам душа не старэе.

 

Прыснілася сёння няпраўда мне гэта.

А можа, і праўда? Скажыце, паэты.

 

 

НАМЕСНІКУ ГАЛОЎНАГА РЭДАКТАРА

Намеснік да слова прыхільны;

Чытае усё, да балонкі,

За Танка на вока больш пільны

І, кажуць, на вуха больш тонкі.

 

* * *

Жураўлі ляцяць, курлычуць,

На Радзіму мяне клічуць.

 

* * *

Ў небе зорна,

Светла ў хаце.

Як жа горна

Сябра страціць!

 

* * *

Хоць сівер і тушыў, але не патушыў,

І сёння палымнее песня у душы.

 

Ніяк святла зарніц

Не вычарпаць з крыніц.

 

 

* * *

Які ў душы настрой!

Я дзякую усім —

Шумяць «Сады вятроў»,

І сонца свеціць ім.

 

 

ПЛАЧ

Вецер з каліны росы страсае,

Рэчанька ў хвалі слёзы збірае,

Вечарам хмурным дожджык марусіць,

Плачуць над урнай сыны Беларусі.

Дол не капалі, ўмыліся плачам:

«Янкі Купалы болей не ўбачым».

 

 

* * *

Як на той скале-гары

Зорка ясная гарыць,

Як з-пад той скалы-гары

Б’юць святлом зямлі дары,

І адтуль у добры час

К нам прымчаў свяцільны газ,

І наяве, а не ў сне

Ён у Мінску заяснеў.

Жылы б’юць, нясуць дары.

Шугануў святла разліў

Ясным ззяннем па зямлі.

І душу, і сэрца грэй,

І не зябні, не старэй.

 

 

* * *

Юнацкія гады,

Як майскія сады,

Як песня салаўя,

І песняй слаўлю я.

 

Як сонцу рада ім,

Спявае сэрца гімн:

Сваю зямлю люблю,

Ніколі не згублю.

 

* * *

А што пакіну я,

А што пакінеш ты,

Каб родная зямля

Ішла да пекнаты?

Пытаю так сябе

І за адно цябе.

 

Бывае: на сяўбе

Зярняты дождж прыб’е,

Але у дні вясны,

Дарэмна не гаруй,

Наклюнуцца яны,

Зазелянее рунь.

 

* * *

Больш не ўзыду на трэснутае шкло,

Што перакінулі гады над прорвай.

Душу агнём пякельным апякло,

Каб не была ў суровы час пакорнай.

 

 

* * *

Віно змянілі вы на квас,

Хоць з часам і пракісне ён.

Знайшоў я лекі і без вас,

Мінула ўсё, як страшны сон.

 

 

* * *

Дзе бегаў я і рос,

Дзе луг травой рунеў,

Як многа сонца скрозь,

Не заўважаў раней.

 

І дзень тут маладзей.

І песня па сяле,

І вочы у людзей —

Смялей і весялей.

 

Усе мне тут свае,

Ніхто не абміне.

Равесніцы мае

Паклікалі мяне.

 

 

* * *

Жывыя сокі я п’ю.

І на душы світае.

Я горача люблю

Цябе, зямля святая.

 

На роснае траве

Майго юнацтва сцежкі.

Тут хараство жыве:

У росах зор усмешкі.

 

Вас гэтак я любіў,

І рад, што не згубіў.

 

 

МАЙ І САЛАВЕЙ

Яснавокі хлопчык Май,

Песню сонейку спявай.

— Тра-ля-ля, тра-ля-ля,—

Зорка будзіць салаўя.

 

Каля рэчкі гай шуміць,

Пад вярбой струмень звініць:

— Тра-ля-ля, тра-ля-ля,—

Льецца пошчак салаўя.

 

У садзе цвет, як белы снег,

І дзяцей вясёлы смех:

— Тра-ля-ля, тра-ля-ля,

Любім слухаць салаўя.

 

 

* * *

 

Меч свой гісторыя вострыць,

Фінскія хвалі не спяць.

Вось ён, Васільеўскі востраў,

Сіліцца сфінксам устаць.

 

Восень падстрыгла бульвары,

Хмары заслалі блакіт.

Мармур мяняецца ў твары,

Львы разгрызаюць граніт.

 

* * *

Не зялёны шум, а Соман

Аглашае ўзгоркі, долы.

Гэта сонечным пагонам

Дзетвара бяжыць у школы.

 

 

* * *

Светлы ранак, ясны поўдзень,

Сонца з намі ў школу пойдзе

І за парту разам сядзе,

А праменні кіне ў садзе.

 

 

* * *

Не ўсе да славы йшлі,

Не ўсе яе знайшлі.

Яна у кожны час

Для вас, а не для нас.

Хто змог перахапіць,

Хай з тымі слава спіць.

Спрытнейшы ўсю украў,

Прадаўшы родны край.

 

 

* * *

Пазналі мы гады,

Якіх вам не пазнаць:

Ламалася тады

Нашчэнт старая снасць.

 

Ніхто не шкадаваў

Таго, што йдзе на злом.

Не раз, хоць мы не два

Сціскалі боль вузлом.

 

 

* * *

Пазнаў выгнання лёс:

У шуме кіпарысаў,

Усюды ён і скрозь

Шукаў радзімых рысаў.

 

 

* * *

Узыходзіў на Байдары

Знябыты пілігрым.

Развеяць смутку хмары

На жоўты кінуць жвір.

 

 

* * *

Радзіму, Беларусь сваю,

Ты называў Літвою;

Ты выплакаў душу усю

Перад Радзімаю святою.

 

 

* * *

З Радзімы з кроўю дралі лыкі,

Сцярпець не мог Адам Міцкевіч,

Свайго народа сын вялікі

І ўсіх народаў светач-веліч.

 

 

* * *

На паншчыне-прыгоне

Стагналі беларусы.

За волю у пагоню

Ўставайце, хлопцы, рушым!

Даволі, хопіць сілы.

Паднімем меч угору.

Мы ворага асілім.

Напоім нашым горам.

 

 

ПРЫВІТАННЕ

Нібы ў казцы, ў Белавежы

Цвітуць увосень верасы,

І вее з пушчы вецер свежы,

Даносіць пах зямной красы.

 

Дні восені красу прынеслі,

Гарыць у зарыве лістоў.

І сёння славяць дойны, песні

Сваёй Радзімы хараство.

 

Ў гасцінным беларускім доме

Звіняць братэрства галасы:

Паклон сардэчны наш Малдове

І песнярам яе красы!

 

 

* * *

У шчаслівы дзень вясновы

За пяро, браты, бяруся.

Піянерам Беларусі,

Свайму сыну Анатолю,

Добрай долі, светлай волі

Прысвячаю твор свой новы.

 

 

* * *

Гэтак не пісаў даўно.

Вы адведайце віно,

Ці шкрабе душу яно?

Напішыце ліст вы мне

З ясным сонцам па вясне.

 

 

* * *

Быў і я, браткі, салдатам

Нашай Арміі Савецкай,

Біўся з ворагам заўзята,

І слатой не вее вецер.

І мне сёння сонца свеціць

І да працы творчай кліча,

 

Гэта наш савецкі звычай.

 

 

МІКОЛЕ ХВЕДАРОВІЧУ

Лютыя не веюць сцюжы,

І пад сонцам расцвітае сад.

Мне не верыцца, мой дружа,

Што табе сягоння шэсцьдзесят.

 

У вясеннім звоне-шуме

Маладжавы голас твой чуваць,

Ад душы цябе віншую

І аберуч хочацца абняць.

 

 

* * *

Я за дабро плачу дабром,

А мне — наадварот зусім...

І ні братоў, і ні сяброў,

Радзіма, а чужы усім.

 

 

* * *

Пішу ці не пішу,

Вас гэта не цікавіць.

Як вылечыць душу,

Ніхто мне не парадзіць.

 

Каторы дзень сцяны

Маўклівыя чатыры...

З вясны і да вясны

Хваробы не адштырыць.

 

Хоць сэрца і баліць,

Ніяк мне не суцішыць.

І ўсё ж я на зямлі

Хачу узоры вышыць.

 

 

* * *

Да каго я прыгарнуся

На Радзіме Беларусі?

Дзе прытулак мой старэчы

У васенні зябкі вечар?

Выганяюць небараку,

Як бяздомную сабаку.

«Хай павые, паскуголіць

Пад дажджом каля ваколіц».

Не прашу узнагароды,

Адыходжу назаўсёды.

Як магло так стацца,

Што няма з кім адвітацца?

 

 

* * *

Ні бюстаў, партрэтаў,

Ні дат юбілейных

Вам я не пакіну —

Хачу аднаго толькі вельмі,

Каб спеў мой, душою сагрэты,

Намарна не згінуў.

 

 

* * *

Адаме, добры дружа,

Нас ахінула поўнач.

Якая сёння сцюжа!

Такой яшчэ не помняць.

Да сэрца прабірае,

Ніяк і не сагрэцца.

Скажы, што нам параіць,

Не акалець каб сэрцам.

 

 

* * *

Я зведаў прагу да жыцця.

Жыла, жыве ў знябытым сэрцы.

Наперакор усім чарцям

Жыць буду я да самай смерці.

 

 

 


1930-1936

Тэкст падаецца паводле выдання: Пушча Я. Збор твораў. У 2 т. Т. 2. Вершы. Паэмы. Пераклады. Крытычныя артыкулы 1930-1963.- Мн.:Маст. літ., 1994.- 462 с., [4] л. іл.
Крыніца: скан