epub
 
падключыць
слоўнікі

Ева Вежнавец

Перажылі зіму

Прырода такая простая. Яна любіць раскідваць свае далонькі.

- Якія далонькі?

- Восеньню - пяціпалыя. Зімою - шасьціпалыя.

«Вецер падзьмуў спачатку ў дудачку. Потым у дудку. Затым - у дуду».

І вось калі вецер зароў у дуду, тут і прыйшла яна, Князёўна Зіма Дзьвёхтысячычацьвертая Бездакорная. Людзі цялёпкаюцца ў складках ейных строяў. Выразны малюнак гальля на сьнезе, лупаты Месяц, бы акрывелая сава. Маё сэрца нехта п'е праз саломінку, і яго засталося мала, а тое, што засталося, цягуча й балюча ўздымаецца ўгару - у Твой рот. Тлумачэньня гэтаму няма.

 

Янін сусед - былы міліцыянт, а цяпер піраман і дрэваненавісьнік зь белым білетам. Поначы ён падпальвае людзкія дзьверы і пілуе дрэвы - выключна высакародныя, таполяў ды бяроз не чапае. Уночы нягоднік сьпілаваў перадапошнюю з Яніных дзесяцёх туяў. Вакно згалела й злысела. І месяц часьцей зазірае, і жыватастыя сарокі перасталі віцца. Звалілі сарокі. А былі гэта самыя прыгожыя птушкі на сьвеце: вееракрылыя, простахвостыя, чорна-белыя, графіка сёлетняй зімы.

Яна настукала на суседа ў міліцыю, але міліцыянты не зачапілі былога калегу. І праўда, хто будзе клапаціцца пра тую тую - у краіне цяжкое становішча - на хлеб не хапае. У краінах, дзе пілуюць туі, ніколі ня хапае хлеба. Гэта ясна, як дзень, але свайго розуму нікому ў галаву не ўваб'еш.

 

Яна стаіць на гаўбцы і лічыць пянькі, папіваючы каву з носіка заварніка. Ніколі не спрабавалі? Глыточкі дробныя, у доўгім скрыўленым носіку гулка булькае, быццам кальян паліш. А галоўнае - можна піць краёчкам роту. А калі хочаш скорчыць сусьвету казіную морду, то піцьцё кавы крывым ротам - самая справа.

 

Часам хочацца сыйсьці дамоў. У сапраўднае дамоў. Чарговы мужчына пакуецца ад Яны прэч. Настрой у яго сварлівы.

 

- Ты эгаістка. Хочаш па-кепскаму - сыду па-кепскаму. Аддавай не марудзячы мае рэчы.

- Бяры.

 

Стаіць з заплечнікам, цьвеліць бровы, думае, чым зачапіць.

 

- І карціны твае гаўно! Не пішы болей, бо ня ўмееш, колькі не дзярыся! Глядзіш сабе ў пуп, і думаеш, што гэта пуп зямлі.

 

Яна сапраўды так думае.

 

Гэты хлопец біць ня ўмее. От, называецца, дадзеў! Яна ўсё ведае пра сябе й сваю пісаніну. А сама Янка трэснула яго лепей, таму што мужчын біць лёгка: толькі адбяры ў іх перамогу. Паранілі цябе - адкінь іх, як вепр адкідае сабак. І ідзі сабе далей. Быць сьвіньнёй - скрайне прыемна, хаця не заўжды проста.

 

Яна зьведала лепшых мужчын сваёй краіны, некаторых і ў біблейскім сэньсе. У іх усё ў парадку з розумам і патэнцыяй, іхныя хаты ломяцца ад паліц з кнігамі. Але Яна любіць мужчын, схільных да пэрманэнтных выбрыкаў на мяжы асобы. Схільных да ўнутраных інтэлектоўных і эмацыйных прыгодаў. А тыя сьпяць у сваёй абалонцы, як немаўляты. Таму Яна страціла інтэрас і валачэцца па горадзе, не падымаючы вачэй, быццам капае труфэлі.

 

Яна пашырала сьвядомасьць у «Тройцы» з дапамогаю зуброўкі. Пасябравала зь нейкімі тынэйджэрамі і пачала іх таксама вучыць пашыраць сьвядомасьць. Дайшлі да таго, што тынэйджэры сталі падкідваць яе на рукох зьверху ўніз наўскасяка, да закуранай троечнай столі. Не ўтрымалі, і Яна сплянавала на стол з аб'едкамі. Калі п'еш, жыцьцё вакол як у замаруджаных здымках. І акуляры яніны сплянавалі ды бразнуліся аб краёк фаянсоўкі з салятаю. Пырснула шкло. Так апасродкавана рэалізуецца лёзунг «морды - у саляту». Вечар пара было закругляць. Матэрыялізаваўся нехта, хто клапатліва павёў да выхаду. Пасадзіў у таксоўку й зьнік. Ланцужок п'яных дзівосаў.

 

Уначы Яна сасьніла, што некалькі мужчын саджаюць высокія туі, а яна стаіць на гаўбцы, папіваючы каву з імбрычка. На тым баку вуліцы вялізная малпа спрабуе згвалціць жанчыну. Ад групы рабочых аддзяляецца высокі мужчына ў зялёным як мох аксамітным строі і з каштанавымі кудзеркамі да сярэдзіны плечаў. Кудзеры доўгія, але ня тлустыя, а гэта не абы-якое дзіва. Ён кінуўся ратаваць жанчыну, не рагатаў і ня торкаў пальцам у сакавітае здарэньне, як сябручкі. Ён разьбіў малпу аб мур, пагладзіў жанчыну па шчацэ і пайшоў ізноў саджаць туі. Яна кінула імбрык і саскочыла з гаўбца. Лёгка саскочыла, таму што яна чакала падставы лёгка саскочыць. (Саскочыць можна і з гатэлю «Беларусь», было б толькі, дзеўкі, дзеля чаго). - Гэй! - крыкнула Яна. Ён спыніўся й цалкам павярнуўся - з той падсьвядомай, каралеўскай пачцівасьцю, якое на яве не ўбачыш. Глядзеў адным вокам. З твару ён таксама апынуўся валасаты - кучаравая бародка, вусы, пасма закрывае правы профіль. Яна падумала, што ён аднавокі. Яна не магла разгледзець, сапраўды гэта патрэбны мужчына ці зноў нейкі пабытовы варыянт. І папрасіла: дазвольце разгледзець Ваш твар. Ён паважна й трохі сьмяшліва кіўнуў. Яна прыціснулася да яго й адвяла валасы з вока. Твар аказаўся тварам патрэбнага мужчыны. А цела Яне не спадабалася: вузкае, тонкае. Які жаль, гэта Дон Кіхот! Але гэта быў менавіта той мужчына. «Ты не зманіў», - падумала Яна. У адхіне каўняра яна пабачыла - ён носіць пірсынг. А гадочкаў яму ня менш за сорак пяць. Прыціснулася да яго мацней і сказала: «Я ваш варыянт?» «Дурное пытаньне» - адказаў ён. Ягоная пасма спаўзла на вока ізноў. Ён мякка паклаў на Яну рукі, быццам зьбіраўся танчыць. Гэта было адчуваньне, быццам ты патрапіла ў сьвет, створаны па тваіх ўласных крывых лякалах. Ня трэба вяртацца ў Менск, Беларусь, вул. Брыкета, месца адвечных кампрамісаў. Яна толькі была расчараваная тым, што ейная асоба споўнілася праз мужчыну - так звыкла, так плоска. Бабы ня могуць споўніцца самі празь сябе, а толькі сканэкціўшыся з героем. Але хай: тушкай ці пудзілам - ты патрапіла на той сьвет і атрымала таго мужчыну.

 

І тут Яначку разбудзіў - так, о жах, гэта быў сон! - страшны грукат на гаўбцы. Ідыёт сьпілаваў і падпаліў апошнюю тую. Туя Палянская, Сястра Апошняя, бразнула аб гаўбец, пабіла бутлю зь вымаразкамі й сарвала мацерыну паляндвіцу. Янка ўмэнт страціла ўсё!!! - тую, марожаную гарэлку, сарок, вераб'ёў. І новы сьвет пад новым небам.

 

Вось, значыць, як Ты са мной. Але падману тут не было. Гэты сон важнейшы, чым усе каханкі, складзеныя ў кучу.

 

Вечарам яна зноў пайшла ў «Тройку». Два разы запар «Тройка» можа й забіць, але яшчэ больш дастаюць сёньняшнія страты. Заля для палёнцых гула, забітая пад завязку, а заля для непалёнцых была пустая, толькі ў куце спаў нейкі п'янтос. Яна ўзяла дзьве стромыя чырвоныя адвёрткі, села тварам да вакна, абчаплянага ланцугамі. У зрэнку патрапілі месяц, калматая елка ля францускае амбасады, вечаровае неба, банальнае і напышлівае, як афіцэрская парадка з пагонамі. Пад елкаю непарушна стаялі нахохленыя міліцыянты. Служкі, бацькі й мужы. Будучыя піраманы. Адвёртка пачала ператвараць сьвет у ружовы бардэль. Гэта добры, міласэрны момант. Мільёны п'яніц зразумеюць мяне.

 

Валацуга паварушыўся і падняў галаву. О! Гэта быў Зялёны чалавек, толькі мёртва п'яны!!! І валасы ў яго апынуліся тлустыя, як ва ўсіх даўгавалосых мужчынаў (абменныя працэсы ў іх занадта актыўныя). І касьцюм не аксамітны, а скураны. І пірсынг не ўгрудзёх, а ў носе. Але валасы гэтак жа закрывалі паўтвару. І штаны пабраліся ў зморшчкі на вузкіх клубах. А галоўнае - нават абсалютна п'яны, ён захоўваў несьвядомае высакародства, пачцівасьць да ўсяго сьвету! Яна паднялася й хіснулася ад грэйпа, зьмяшанага з хваляваньнем. Падыйшла да яго й сказала:

- Можна мне разгледзець Ваш твар?

Ён нічога не адказаў, і гэта было несупадзеньне. Але глядзеў пачціва й сьмяшліва, як у сьне. Яна падняла руку й адсунула валасы. На яе зірнула аточанае чорнымі вейкамі зялёна-блакітнае вока, але яно было ня доўгае, як беларускае возера, а длинное, менавіта длииннннное, liiiinnnng, бясконцае, вымаляванае нетутэйшым пэндзлем.

 

Усё было добра, расказваць ня будзем. Шкада, што яна не памятае, як ён зьнік.. Дакладна ня ведаю, ці быў ён увогуле, альбо ягонае зьяўленьне - вынік пашырэньня Янінай сьвядомасьці.

 

Яна сьніць яго часта, свайго Зялёнага Чалавека. Быццам ён дражніцца пад вакном: «Рапунцэль, Рапунцэль, прачнісь! Спусьці свае косачкі ўніз».

 

А няма ў яе ніякіх косачак! Іх сьпілаваў п'яны піраман. Спускаць няма чаго. Зялёнаму Каралю не забрацца ў вакно.

 

Давядзецца нам спусьціцца да яго.

 

Шляхам алькагалізацыі.

Жыве Беларусь!

 

Студзень 2004 г.


студзень 2004

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая