epub
 
падключыць
слоўнікі

Ёган Вольфганг Гётэ

Рымскія элегіі

Römische Elegien

Пераклад зроблены з выдання: Goethe, J.W. Gedichte. Eine Auswahl. Hrsg. von Stefan Zweig. Leipzig: Reclam, 1976. Goethe, J.W. Gedichte. Moskau: Progress, 1980. Goethe, J.W. Römische Elegien. Verlag der Nation Berlin, 1956. Goethe, J.W. Faust: Urfaust. Faust I und II. Paralipomena. Goethe über «Faust». Aufbau-Verlag Berlin und Weimar 1971

I
II
III
IV
V
VI
VII
VIII
IX
X
XI
XII
XIII
XIV
XV
XVI
XVII
XVIII
XIX
XX
XXI
XXII
XXIII
XXIV


Пра нашы шчасныя хвіліны

Дазнацца з вас усе павінны...

 

 

I

 

О камяні, раскажыце, і вы, раскажыце, палацы!

    Вуліцы, слова і вам! Геній1, азвіся і ты!

Як адухоўлена ўсё тут у гэтых свяшчэнных будынках!

    О вечны Рым, як адчуць моўчкі знямеласць тваю!

Хто мне падкажа, ў якім акенцы я здолею ўгледзець

    Постаць каханай, што у жар кіне і ў холад мяне?

Як мне дарогу пазнаць, якою так часта, так часта

    Колісь хадзіў да як, час ахвяруючы ёй?

Зноў аглядаю я тут палацы, храмы, руіны —

    Хай хоць якая карысць будзе з вандровак маіх! —

Прыйдзе бадзянням канец: зноў уступлю я ў святыню,

    Ў храм, дзе ўладарыць Амур, там свой прытулак

                                                                                знайду.

Хай ты — суцэльны свет, Рым непаўторны, а толькі ж

    Свет без кахання — не свет; Рым без кахання —

                                                                                не Рым.

 

 

1 Геній — тут у сэнце: дух-абаронца дадзенай мясціны, genius loci.

II

 

Слаўце ўлюбёнцаў сваіх! Я тут нарэшце схаваны!

    Свецкія дамы, паны, сфераў высокіх мужы, —

Цётак старых і дзядзькоў я вам ахвярую ахвотна,

    Гутаркам вашым няхай нудная ўторыць гульня.

Досыць і вы мне абрыдлі, палітыканы з салонаў,

    Вам абавязаны я чыстым адчаем сваім.

Што ж, і далей паўтарайце пошлыя думкі чужыя,

    Што па Еўропе за мной гончай гайнёю бягуць.

Гэтак вось песня «Мальбрук»1 бегла

                                                              за брытам вандроўным —

    Выдумаў песню Парыж, а падхапіў яе Рым

І перадаў у Неапаль; хай бы паплыў ён у Смірну, —

    Ў Смірне дагнаў бы «Мальбрук»,

                                                            гавань гарлала б: «Мальбрук»!

Гэтак і я, што той брыт, дзе толькі ні апынуся,

    Чую, як лаюць народ і каралеўскі савет.

Толькі цяпер не знайсці мяне вам у схованцы новай,

    Той, што мой цар, мой Амур, даў на ратунак ад вас.

Я пад ягоным крылом; мая любая, любая, ведай —

    Рымскага духу твайго я не баюся: я ж — гал.

Плётак не слухай, прашу; а дагаджай пажаданням

    Госця, каханне чыё ў храм асалоды увяло.

Ўцехі прымі ад яго, ад вольнага птаха-чужынца,

    Хай ён раскажа пра снег, горы, драўляны дамок.

Дзеліць каханне няхай, што распаліла сама ў ім,

    Радуйся: прагне любові не за тугі кашалёк.

Поўная хата дароў, каштоўныя дорыць аздобы,

    Хочаш у оперу — едзь, вось да паслуг экіпаж.

Радуйся сэрцам, кабета, каханку з паўночнага краю —

    Варвар узяў у палон рымскае сэрца і плоць.

 

 

1 Маецца на ўвазе насмешлівая французская песенька пра вайскавода герцага Мальбара (Мальбрука; 1650—1722).

III

 

Мілая, не, не шкадуй, што мне аддалася адразу!

    Вер, не прыніжу цябе помыслам пошлым і злым.

Стрэлы Амуравы б'юць, цаляюць па-рознаму ў сэрцы:

    Часам ледзь драпне, а жарсць аж спапяляе душу;

Вострая з пёркам страла, богам напятая пругка,

    Меціць і ў сэрца, і ў мозг, кроў распаляе агнём.

У эру герояў, калі багі так, як людзі, кахалі,

    Позірк пажаду пладзіў, жарсць асалодай была, —

Думаеш, доўга магла Кіпрыда палаць ад любові1,

    Перш чым пастушкаю ў гай Іды к Анхізу прыйшла?

Луна хіба ж магла не разбудзіць Іксіёна,

    Каб апярэдзіць хутчэй юнай Аўроры любоў?

Аблюбавала Геро у тлуме святочным Леандра —

    І закаханы за ёй кінуўся ў бурны паток;

Сільвія Рэя пайшла, вады зачарпнуць каб у Тыбры,

    І ў гэты час падхапіў дзеву цнатлівую бог.

Марс так сыноў нарадзіў! — І выкарміла ваўчыха

    Ромула й Рэма, і стаў Рым князем вялікім зямлі!

 

 

1 Тут і далей аўтар намякае на старагрэцкія і рымскія міфы. Афрадыта ў абліччы пастушкі сустрэла на гары Ідзе траянскага пастуха Анхіза і нарадзіла яму потым сына Энея. Багіня месяца Селена (у рымлян: Лу́на) наганяла на Эндыміёна сон, каб яго цалаваць. Рэя Сільвія нарадзіла ад бога вайны Марса заснавальнікаў Рыма Ромула і Рэма.

IV

 

Богабаязныя мы, шануем дэманаў шчыра,

    Любім улашчваць багоў, любім улешчваць багінь.

Гэтым з табой мы падобныя, о пераможца Рыма,

    Той, што прытулак дае божышчам іншых зямель:

Строгім Егіпта багам, з чорных базальтавых

                                                                                глы́бін,

    Беламу цуду Элады — з мармуру гордым багам.

Гнеў не палае ў багоў, калі нехта асобнай багіні

    Дымам кадзільным алтар шчодра абкурваць пачне.

Мушу прызнацца, што ўсе мы ў службе штодзённай

                                                                                шчыра

    Модлы багіні адной шэпчам з адкрытай душой.

Той усур'ёз, той жартоўна святы таемна спраўляем,

    Знаем, што трэба маўчаць, — гэта служэння закон.

Лепей няхай саграшым, зграю Эрыній наклічам,

    Лепей гатовы прыняць Зеўсаў суровы прысуд,

Кару на коле альбо пакуту на вечным уцёсе1,

    Чым ад салодкай бажбы наш адрачэцца дух.

Гэтай багіні імя — Выпадковасць, помніце добра.

    Часта прыходзіць яна ў розных абліччах да нас.

То як Фетыды дачка, чада спрытнюгі Пратэя:

    Хітрасцю многіх яна перахапіла мужоў.

Так і дачка іх цяпер прывабна чаруе нясмелых:

    Соннага надзіць сабой, чуйнага хіліць на сон.

А аддаецца таму, хто больш настырны і ўпарты,

    Дорыць пяшчоту яму, ласку, лагоду сваю.

Неяк прыйшла да мяне смуглявай дзяўчынкаю; пасмы

    Цёмных раскошных валос мякка спадалі на лоб,

Локаны пышна віліся вакол далікатнае шыйкі,

    Кудзеркі на галаве; жарсць запаліла мне кроў.

Дзе там раздумваць было! Я падхапіў прыгажуню,

    Жарсна прынікла яна, пацалавала мяне.

Ах, колькі шчасця! Але — той час адышоў, мінуўся,

    Ўжо я аплецены ўвесь путамі рымскай касы.

 

 

1 Тут маюцца на ўвазе цар Іхіён, якога Дзэўс (Зеўс) загадаў у якасці кары прыкуць да вогненнага кола, што вечна коціцца, а таксама прыкуты да скалы Праметэй.

V

 

Шчасцем мяне адарае глеба класічнай краіны,

    Наш і антычны той свет гучна бадзёраць мяне,

Слухаю рады сяброўскія: скрыпты старыя гартаю,

    Творы мінулых эпох, чэрпаю радасць я з іх.

Толькі ж начамі Амур кліча да іншых заняткаў, —

    Днём я навукай жыву, ноччу — у шчасці, ў мілосці,

Зрэшты, ці ж я не вучуся, гледзячы на дарагія

    Формы грудзей ці рукой гладзячы сцёгны і стан?

Мармур ужо зразумеў я; сэнс параўнаннем

                                                                                                                              раскрыты:

    Бачу я чуйна вачмі, чую відушча рукой.

Хоць дзеля любай марную я дзённых гадзінаў

                                                                                                                                  нямала,

    Ноччу затое яна сплачвае доўг мне спаўна.

Ноччу не толькі каханне, ноччу і гутарым часам,

    А як забудзецца ў сне — роздуму час настае.

Часта ў абдымках каханай вершы складаць

                                                                                                                                  пачынаю,

    Іх на гекзаметр кладу, пальцамі стукаю рытм

Ціха па спінцы любімай. Шчасна ўсміхнецца

                                                                                                                        ў дрымоце,

    Грудзі апаліць мае роўным дыханнем сваім.

Узносіць паходню Амур, успамінае пра службу

    Ўсім трыумвірам былым1 у храме прачыстай

                                                                                                                          любві.

 

 

1 Тут гаворка ідзе пра Тыбула, Праперцыя і Катула, любоўныя вершы якіх часта публікаваліся ў адным скрутку.

VI

 

«Жорсткі, як можаш журбою ты маё сэрца вярэдзіць?

    Горкая, шорсткая ў вас мова і ласка мужчын!

Хай мяне людзі асудзяць, выцерплю ўсё я маўкліва,

    Бо вінаватая! Грэх? Грэшная толькі з табой!

Гэтыя ўборы мае — ці не доказ бязлітасным плёткам,

    Што перастала ўдава мужа адплакваць свайго.

Неасцярожны ты, мілы, хітрасць тваю бачыў месяц:

    Шэры каптан на плячах, светлай танзуры кружок.

Сам ты са смехам абраў маску святошы-прэлата.

    Я не пярэчу зусім, толькі прэлатам будзь ты.

Цяжка ў папоўскім гняздзе папа́м давяраць,

                                                                                                                  ды клянуся:

    Ласкі маёй не зазнаў з рымскіх манахаў ніхто.

Бедная я, маладая, і ведаю тайны спакусы, —

    Фальканіеры не раз дзёрзка мне ў вочы глядзеў,

Грошы Альбані даваў, зводнік распусны і пошлы,

    Клікаў у Остыю1 , зваў у Кватра Фантанэ2 мяне.

Не спакусіў анічым. Бо я не прымала істотай

    Пошлых чырвоных панчох, пошлых

                                                                                                      блакітных панчох.

«Губіць дзяўчыну падман», — так строга

                                                                                                            мой добры бацька

    Часта калісьці казаў, маці судзіла мякчэй.

Вось ашукалі й мяне! Гнеў твой фальшывы,

                                                                                                                                няшчыры,

    Гнеў твой — гульня: уцячы мерышся, знаю, і ты.

Што ж! Вы не варты жанчын! Носім дзяцей мы

                                                                                                                        пад сэрцам,

    Сэрцам кахаем, душой, верныя любым сваім.

Вы ж марна траціце сілу, жарснасць сваю і пажаду

    Разам з пасевам любві ў палкіх абдымках жанчын».

Так гаварыла яна мне, узяўшы на рукі дзіцятка, —

    Туліць, цалуе яго, капаюць слёзы з вачэй.

Сорамна стала і мне, што злыя намовы людскія

    Брудам запляміць маглі вобраз яе дарагі.

Гасне вялікі агонь, дыхае печ вострым чадам —

    Толькі вадою ліні на разгарачаны жар.

Ды ачышчаецца зноў, разганяе куродым атрутны

    І, набіраючы моц, полымем выбухне зноў.

 

 

1 Назва мястэчка паблізу Рыма.

2 Пляц Чатырох Фантанаў у Рыме.

VII

 

О, як шчаслівы я ў Рыме! Помню, ў сябе на радзіме

    Часта сіберныя дні шэрай ахутвалі мглой.

Мутнае, цяжкае неба над галавой навісала,

    Змрочны бясколерны свет сэрца журбою сціскаў.

Я патанаў у задуме і сумна глядзеў на дарогу,

    Мусіў ісці па якой неўтаймаваны мой дух.

Сёння мой лоб асяняе светлая чыстасць эфіру,

    Фэб прамяністы жыццю формы і колеры даў.

Зоркамі свеціцца ноч і песнямі мякка чаруе,

    Месячык ззяе ясней за наш паўночны дзень.

Шчасце смяротнаму тут! Можа, мару я? Можа,

                                                                                                                                        прыняты

    У амбразійны палац, бацька Юпітэр, твой госць?

Ах! Я ляжу, працягнуўшы рукі з маўклівай мальбою,

    І заклінаю, прашу — слухай, Юпітэр, мяне.

Выказаць я не здольны, як увайшоў да мілай!

    Можа, вандроўца ўвяла Геба ў харомы свае,

Можа, ёй ты загадаў выбраць героя на шчасце?

    Схібіла Гера? Даруй! Дай мне памылку сплаціць.

Можа, Фартуна-дачка, як ласкай сваёй адарала,

    Пашкадавала мяне, можа, мне шчасце дала?

Бог ты лагодны? Тады, о, не звяргай мяне, госця,

    З круч алімпійскіх уніз у будні зямнога жыцця!

«Як жа ты ўзнёсся, паэт?» — Даруй мне, ўладны,

                                                                                                                                        бо толькі

    Капіталійская высь — гэта другі твой Алімп.

Не праганяй, о Юпітэр, потым у Оркаву цемру1,

    Хай госця спрытны Гермес ціха сюды правядзе.

 

 

1 Маецца на ўвазе падземнае царства мёртвых.

VIII

 

Кажаш, каханая, колісь людзі цябе не любілі,

    Дзіцем калі ты была, не́любка ў маці сваёй;

Што ціхама́ падрастала і выспела, веру ахвотна:

    Думаю, што і тады ты незвычайнай была;

Так вінаград не чаруе ані лазой, ані кветкай,

    Светлыя ж гронкі пасля — цешаць багоў і людзей.

 

IX

 

Полымем восень трашчыць, аж пырскаюць

                                                                                                                            зыркія іскры,

    Мкнуцца праз комін увысь з мілага мне ачага.

Як гэты вечар люблю я: перш чым вуголле датлее,

    Попелам стаўшы сухім, стухне пад попелам жар, —

Лю́бая клямкаю бразне! Полымя весела ўспыхне.

    Святам абернецца нам цёмная цёплая ноч.

Раніцай заўтра пакіне мілая ложак кахання

    І развядзе ў ачагу, яркі разбудзіць агонь.

Дар ёй шчаслівы прыпаў, добрай маёй, ад Амура:

    Радасць будзіць у душы, шчасце дзе ў прысаку

                                                                                                                                спіць.

 

X

 

Цэзар і Аляксандр, і Генрых, і Фрыдрых Вялікі

    Славы здабытай сваёй мне палавіну далі б

За гэтую ноч, за паўночы шчасця на ложку кахання;

    Толькі няўдальцаў, на жаль, Орк ужо ў цемру

                                                                                                                                        пазваў.

Радуйся, кожны жывы, каханнем сагрэтаму ложку,

    Перш чым абмые цябе Лета расой забыцця.

 

XI

 

Грацыі, вам на алтар з бутонамі ружаў разам

    Гэтыя творы кладзе самаахвярны паэт.

Любіць майстэрню мастак і рады, калі ў ёй

                                                                                                                                      знаходзіць

    Працаю поўны сваёй — велічны Пантэон.

Голаў Юпітэр схіліў, горда ўзнялася Юнона,

    Выйшаў наперад і Фэб, кудзеркамі трасучы;

Суха Мінерва глядзіць, лёткі Гермес хітравата

    З цёплай пяшчотаю ўбок вочы адводзіць хутчэй.

Позірк салодкай пажады, мокры ад слёз, мармуровы,

    Дорыць Цытэра яму, Бахусу, богу віна.

Палкія помніць абдымкі і летуценна пытае:

    «Ах, чаму тут не стаіць мой дзівародны сынок1

 

 

1 Гаворка, відаць, аб Прыяпе (Прыапе), богу плоднасці.

XII

 

Чуеш, каханая, клічы, крыкі з дарогі Фламінскай1 ?

    Гэта з работы дамоў весела жнеі ідуць,

Працу закончыўшы, — потым справяць у Рыме

                                                                                                                                  дажынкі.

    Рымлянін сам не пляце ў гонар Цэрэры вянкоў,

Не прысвячае ўжо святаў вялікай шчодрай багіні,

    Хоць адарае яна хлебам пшанічным людзей.

Справім жа ціха ўдваіх урачыстае гэтае свята.

    Двое каханых: я, ты — цэлы заменяць народ.

Ведаеш ты пра абрад начны таямніча-містычны,

    Што з Элеўсіна ў наш край з грэкамі колісь

                                                                                                                                    прыйшоў?

Грэкі ўвялі яго, грэкі голасна ўсюды крычалі,

    Нават у Рыме: «Ідзі, смертны, ў свяшчэнную

ноч!»

Толькі ж прафан не ўваходзіў, зябка навіцый

                                                                                                                                        уздрыгваў,

    У белым убранні, яно — знак чысціні юнака.

З подзівам крочыць юнак у храм далучэння

                                                                                                                                      да тайны: —

    Страшныя здані стаяць, нібы ўсё трызніцца ў сне:

Змеі паўзуць па зямлі, дзяўчаты замкнутыя скрынкі

    Горда нясуць на плячах, у дажынковых вянках,

Тут жа ў натоўпе гундосяць глыбакадумна капланы,

    Сэрца дрыжыць ад жуды, — хлопец глядзіць

                                                                                                                                          на агонь.

Толькі ўсе страхі мінуўшы, зведаў нарэшце навіцый

    Тайну чароўных кругоў, вобразы оргій начных.

Што ж таямніцай было? — Дэметра, Вялікая Маці,

    Літасцю не абышла ласку любові зямной.

Грубаму целам цару, магутнаму целам Ясьёну2,

    Тайных прынесла дароў — плоці бяссмертнай сваёй.

Як расквітнеў тады Крыт! Улонне вясельнай уцехі

    Рунню вясной прарасло, хлебны той выдаўся год.

Свет жа астатні пакутаваў, бо ў асалодах кахання

    Цэра забыла сябе ды абавязкі свае.

Слухае з дзівам навіцый, сэнс таямніц спасцігае,

    Мілай ківае сваёй: «Гэта, каханая, — знак?

Гэты разгалісты мірт асвяціў нам чароўнае месца!

    Шкоды ад нашай любві свету не будзе вавек!»

 

 

 

1 Адна з дарог, што вяла ў Рым.

2 Бог земляробства, шанаваны на Крыце.

XIII

 

Шэльма Амур, шалапут! Даверся яму — ашукае!

    Шэпча на вуха заўжды, кажа: «Даверся, паэт, —

Добры я маю намер! Ты творчасць сваю і славу —

    Ўдзячна прызнацца хачу — мне прысвячаеш,

                                                                                                                                                любві.

Доўг я павінен сплаціць, буду я верным слугою,

    Каб на чужыне цяпер шчодра аддзячыць табе.

Кожны вандроўны кляне тутэйшую

                                                                                                            злую гасціннасць,

    Я ж ім цябе расхвалю — будзеш ім госць дарагі.

Ты аглядаеш муры старых сутарэнняў, як дзіва —

    Мара паэта вядзе к гэтым руінам святым.

Шчырай адорвай павагай здабыткі

                                                                                                                натхнёных узлётаў

    Рымскіх славутых майстроў, госцем якіх я бываў,

Вобразы гэтыя выявіць я дапамог, ажывіў іх.

    Не пахвальба гэта, не! Чыстую праўду кажу!

Служыш ты мне, як гультай; о, дзе ж тыя вобразы,

                                                                                                                                                    фарбы,

    Новыя формы і бляск гожых адкрыццяў тваіх?

Хочаш знайсці іх у Рыме? Элінаў школа, мой дружа,

    Вечна адкрыта табе, час не зачыніць варот.

Я — юны мэтр і люблю маладых дапытлівых вучняў!

    Кінь мудрагошчы свае! Слухай, глядзі, разумей!

Антыка юнай была ў гады тых далёкіх шчасліўцаў!

    Будзь жа шчаслівы і ты, дай жа й былому разгон!

Дзе возьмеш тэмы для песень? Я падару іх ад сэрца!

    Стыль жа узнёслы і лад дасць табе толькі любоў!»

Так сказаў гэты сафіст1. І хто запярэчыць? Не шкода,

    Што я заўсёды раблю, як загадае ўладар.

Слова стрымаў баламут: ён мне даў тэмы для песень,

    Часу ж на спевы не даў, помыслы ўсе ўзбунтаваў.

Позірк і поціск рукі, пацалункі, пяшчотныя словы

    З сэнсам раскошным у іх, пара каханкаў — саюз;

Мова кахання даруе і коснаязыкасць, і шэпты.

    І без прасодыі, рыфмаў гімн творыць узнёсла

                                                                                                                                                    душа.

Бачыў цябе я, Аўрора, найлепшай сяброўкаю музаў!

    Як жа свавольнік Амур здолеў цябе абхітрыць?

Ведаю: дружаш з Амурам, хочаш, каб я ўшанаваннем

    Скрасіў ягоны алтар, каб яго ўладу вітаў.

Косы плывуць на грудзях, пяшчотна галоўка галубкі

    Хіліцца мне на плячо, ціха, лагодліва льне.

Ах, сон салодкі мінуўся! Каб жа не згасла памяць

    Пра той час светлы, калі ноч нас калыхала дваіх!

Вось варухнулася ў сне ты, лежачы вольна на ложку,

    Вось адвярнулася і... не выпускаеш мяне.

Сэрца да сэрца схіляюць прага кахання і ласкі —

    Права спакой разбурыць мае адна толькі жарсць.

Поціск рукі — і ўжо бачу вочы нябесныя зноў я

    Перад сабой. Дайце мне вобраз спакойна ствараць!

Спіце, чароўныя вочы! Я п'яны ад вашае песты —

    Дайце нагледзецца мне на чысціню хараства.

Формы сакоўнага цела, пругка напятага цела!

    Хіба ж пасмеў бы Тэзей уцячы, калі б так была

Ў сне Арыядна прыгожая? О, адступіся, Тэзею!

    У вочы красуні зірну! — Я паланёны навек.

 

 

1 Аўтар тут мае на ўвазе Амура.

XIV

 

«Лямпу ўкруці, мой хлапчук!» — «Светла і так!

                                                                                                                              Ці не шкода

    Кнот марнаваць і алей? Лепей акно адчыніць!

Сонца за вежы зайшло, ноч яшчэ не наступіла! —

    Праз паўгадзіны, не менш, нанач удараць званы».

«Слухай, хлапчо, ты ўжо йдзі! А мілую я пачакаю,

    Лямпа ж, пакуль прыйдзе ноч, трохі суцешыць

                                                                                                                                      мяне!»

 

XV

 

З Цэзарам яне пайшоў бы да берагоў дальніх брытаў,

    Лепей бы Флорус мяне лёгка ў папіну ўцягнуў1;

Больш ненавіджу душою туманы поўначы хмарнай,

    Чым італьянскі рой, вэрхал і вечны шум!

Радасна, шчыра вітаю я вас, незабыўныя корчмы;

    «Корчмы-астэрыі» — так іх рымлянін трапна назваў.

Вы паказалі мне мілую сёння ў кампаніі дзядзькі;

    Мусіць, даўно адгадаў, кім тут даводжуся я.

Тут стаяў стол; за сталом інтымна немцы сядзелі,

    А за сталом насупроць села з дзіцяткам яна.

Уладкавалася зручна мілая збоку на ўслоне

    Так, каб быў профіль відаць твару і спінка яе,

Загаварыла гучней, чым у рымлян гэта вядзецца,

    Скоса зірнула, віном стол незнарок абліла,

Пляма віна расцяклася. Каханая пальчыкам тонкім

    Вензель з імёнаў спляла, з нашых імёнаў, а я

Моўчкі сядзеў і сачыў, забаваю цешыўся мілай,

    Песціў вачыма яе. Раптам зірнула яна,

Спрытна знак рымскай «пяцёркі» вывела пальцам,

                                                                                                                                              а потым

    Перад «пяцёркай» — «адзін», —

                                                                          толькі заўважыў я знак2 ,

Кольцы па ім закруціла, змазала літары, лічбу;

    Але каштоўны той знак вока маё зберагло!

Я сядзеў ціхі, пануры і вусны кусаў, як з гарачкі,

    Ці то ад хітрай гульні, ці то ад прагі крыві.

Божа, як доўга да ночы! Ажна чатыры гадзіны!

    Сонейка, што ж ты стаіш! Годзе ўжо ўглядвацца

                                                                                                                                              ў Рым.

«Ты не пабачыш нічога новага ў горадзе вечным», —

    Колісь Гарацый казаў, зачараваны твой жрэц.

Сёння ж прашу — не забаўся, позірк свой ад сямігор'я3

    Лепей раней адвядзі: можа, прыспешыцца ноч!

Ласку паэту зрабі, хвілі наблізь яго шчасця,

    Час той, які мастаку радасць натхнення дае,

Глянь палымяна, свяціла, на каланады, фасады,

    На абеліскі зірні знізу ўгару — і зайдзі!

Кінься паспешліва ў мора, каб заўтра

                                                                                                                  ўбачыць на золку

    Тое, што сотні гадоў славы табе дадае:

Бераг, зарослы травою і сітнікам буйным, чаротам,

    Узгоркі ў зацішку кустоў і векавечных камлёў!

Некалькі хатак стаяла на беразе гэтым, а потым

    Племя чужое прыйшло — хіжы качэўны народ.

Сцягвалі ў гіблае месца ўсё адусюль — не магла

    Гэтым відовішчам ты цалкам свой зрок наталіць.

Бачыла Рым у зародку, бачыла ў друзе, руінах,

    З попелу ён паўставаў большы, чым быў раней!

Каб у праменні тваім мог я ім цешыцца доўга,

    Парка хай мудра спрадзе нітку бясконцых

                                                                                                                                            гадоў,

Толькі ж сягоння, цяпер, няхай час жаданы настане!

    Шчасны! Ты чуеш свой час?

                                                                                Не, чую — ўдарыла тры!

О мае музы святыя, вы зноў падманулі

                                                                                                                        працягласць

    Доўгіх гадзін, што мяне з мілай ніяк не звядуць.

Будзьце здаровы! Іду я, не баючыся абразіць

    Вас, гордых муз, бо каханне можаце вы шанаваць.

 

 

1 Намёк на гісторыю, калі рымскі паэт Флор (Флорус) напісаў эпіграму на аматара пешых вандровак рымскага імператара Адрыяна, на якую апошні адказаў, што, маўляў, лепей вандраваць пешшу па краіне, чым, як Флор, цягацца па шынках.

2 Рымская лічба чатыры, напісаная каханай паэта, абазначала: «праз чатыры гадзіны пасля надыходу ночы».

3 Рым ляжыць на сямі пагорках.

XVI

 

«Што ж ты, каханы, забыўся

                                                                        наведаць мой вінаграднік?

    Як абяцала, я там доўга чакала цябе». —

«Мілая, толькі я ў сад, як раптам збянтэжана бачу

    Дзядзька бадзяецца твой у зарасцях тычак і лоз, —

Я паспяшаўся назад». — «О Божа, як схібіў ты, мілы!

    Пудзіла ты, дарагі, у садзе за дзядзьку прыняў!

Самі з табою яго мы з палак, з абноскаў рабілі.

    Трэба ж — на шкоду сваю я пасабляла табе».

Не, не прапаў дзядзькаў клопат: ён птушку

                                                                                                                    спудзіў нарэшце,

    Што пагубіла даўно сад і нябогу яго.

 

XVII

 

Розныя гукі абрыдлі, але найболей мне прыкра

    Псіная злая скугла; звяга — як рэзь у вушах.

Толькі магу аднаго я слухаць з прыемнасцю часам —

    Гэта сабака, які брэша ў суседнім двары.

Неяк ён голас падаў, каханую ўчуўшы, якая

    Ў дом прашмыгнула крадком, — ледзь не наклікаў

                                                                                                                                                            бяды.

Брэх, з таго часу, пачуўшы, я думаю:

                                                                                                                      «Мілая, можа!»

    Ці ўспамінаю той час, баўлены з ёю калісь.

 

XVIII

 

Прыкрасці зведаў я шмат, толькі адна з іх заўсёды

    Верх над усім бярэ, дражніць і рве кожны нерв;

Прыкрасць вялікая гэта — павінен, сябры,

                                                                                                          вам прызнацца:

    Ложак уночы пусты ўсёю душой не люблю.

Але найгоршая жудасць — сустрэць

                                                                                                          на любоўнай дарозе

    Раптам ліхую змяю, яду з любоўю прыняць, —

Так у святую хвіліну радасці сэрца і цела

    Да галавы спакваля злосны наблізіцца шэпт.

Шчасце дае Фаўстына1, ложак ахвотна

                                                                                                        мой дзеліць,

    Служыць аддана ў любві, верны ў каханні і я.

Моладзь нясталая прагне розных прыгод;

                                                                                                          мне ж прыемна

    Чэрпаць уцеху і там, дзе ўжо няма перашкод.

Любасць мая! Пацалункі мы дорым

                                                                                                      без лішняй апаскі,

    Разам з дыханнем жыццё мы і бяром, і даём.

Цешымся доўга начамі, слухаем — лона да лона, —

    Як б'юць грамы за акном, як шуміць вецер і дождж.

Вось і на золак займае, зноў нам гадзіны прыносяць

    Кветак духмяных красу і абнаўляюць святло.

Дайце шчаслівым пабыць, о квірыты2, за гэтую долю

    Хай вам удзеліць Гасподзь

                                                                        найлепшых на свеце шчадрот.

 

 

1 Магчыма, так звалі рымскую каханку паэта.

2 Паўнапраўныя рымскія грамадзяне.

XIX

 

Цяжка імя ахаваць ад заганы, я знаю, бо Фа́ма1

    Спрэчку з Амурам вядзе, богам і панам маім.

Знаеце, можа, чаму раздзірае пару нянавісць?

    Доўгі рахунак іх свар. Слухайце, я раскажу.

Фама магутнай была, ды спакон веку нязноснай

    Лічыцца ў сонме багоў, прагнула першаю быць

І спакваля ўсім абрыдзела на алімпійскіх бяседах,

    Дзе яе медны язык звадкі, грызню пачынаў.

Неяк хвалілася, быццам сынам Юпітэра слаўным

    Апанавана яна, быццам ёй служыць рабом.

«О цар багоў, прывяду я вам на Алімп Геркулеса, —

    Кажа з трыумфам, — цяпер ён ужо не Геркулес

І не герой, не твой сын, якога зрадзіла Алкмена;

    Богам ён стаў на зямлі, службу пры Фаме нясе.

Думаеш, хоча ён упачцівіць Алімп і прыпасці

    Зеўсу да ног? О прабач! Бачыць ён толькі мяне

Тут на нябёсах і марыць, каб заслужыць маю ласку,

    Дзеля мяне ён ідзе па непраходных шляхах.

Ён у мяне на пасылках, і я на дарогах шырокіх

    Загадзя слаўлю паўсюль подзвігі сына твайго.

Сам ты казаў мне: «Калі пераможа герой амазонак,

    Мужам сваім абяры!» — «З радасцю

                                                                                                          дар твой прыму».

Богі маўчалі: каму заводзіцца з бабай ахвота,

    Бо самахвалка заўжды здольная ў гневе на зло.

Не ўпільнавала Амура — вырваўся ён і героя,

    Хітрыкі ўжыўшы свае, выдаў красуні адной.

Пару аблытаў Амур: накінуў каханцы на плечы

    Львіную скуру, пасля злоўленых трошкі прымяў,

Кветкамі потым аздобіў ён кучмы густыя герою,

    Прасніцу даў у руку — муж хай кудзелю прадзе.

Смешныя скончыўшы маскі, ён кінуўся бегчы

                                                                                                                                              і ўголас

    Кліча-склікае Алімп: «Творыцца дзіва з дзівос!

Зорнае неба, зямля, нават наша нястомнае сонца

    Цудаў не зналі такіх на сваім вечным шляху».

Збегся Алімп, ашуканцу паверылі ўсе, бо надзіва

    Надта сур'ёзна крычаў. Фама таксама прыйшла.

Хто быў, канешне, больш рады

                                                                                  ганьбе мужчынскай героя?

    Ясна — Юнона. Амур досціпам развесяліў.

Фама стаяла ў адчаі. Якое паглумішча, ганьба! —

    Як жа ўсё звесці на смех? — «Богі, тут маскі адны!

Знаю свайго я героя! Гэта з нас, напэўна, акторы

    Кпяць і смяюцца!» Але — бачыць, на жаль, Геркулес!

Праўда, зусім не кранула камічная сцэна Вулкана,

    Хоць яго жонку якраз сеткай аблытаў Амур

У міг раскошы салодкай; у хвілю забавы любоўнай

    Злітыя целы дваіх палкіх каханкаў заспеў.

Як пацяшаліся Бахус, Меркурый; абодва уголас

    Мусілі ўрэшце прызнаць, што паляжаць на грудзях

У дзевы раскошнай такое за гонар кожны палічыць.

    «Не адпускай іх, Вулкан, вочы спатоліць дазволь!»

Слухаў стары раганосец і сетку зацягваў туга.

    Толькі што Фама ўцякла, гневам кіпела яна.

І з таго часу абое ў звадках бясконца грызуцца:

    Толькі забавіць яна — тут жа з калчанам Амур.

Хто яе больш ушануе, той большаю стане ахвярай,

    Чыстых, цнатлівых стралой цэліць і б'е напавал.

Хто ж уцячы паспрабуе, той у бядзе загразае.

    Ён табе дзеву падасць: толькі адвергні той дар,

Зведаеш горыч стралы і боль яе вострага джала:

    Жарсць разадзьме да мужчын,

                                                                                            юр да жывёл разадзьме.

Хто сарамлівы, таго прымусіць у тайнай распусце

    Горкую ўцеху прыняць, — зганьбіць,

                                                                                                                  разбэсціць таго.

Толькі багіня за ім вачыма сочыць, вушамі:

    Згледзіць з Амурам цябе, ворагам стане навек,

Позіркам страшыць сур'ёзным, пагарднаю мінай

                                                                                                                                      і брудна

    Дом твой зняславіць яна, дом, дзе пануе любоў.

Гэтак цяпер і са мною — я мучыцца мушу: багіня

    Грозіцца шчасцю майму, тайну імкнецца

                                                                                                                          раскрыць.

Толькі я верны закону і моўчкі цярплю,

                                                                                                                            каб, як грэкаў,

    Царская свара мяне не зацягнула ў бяду.

 

 

1 Багіня пагалосак.

XX

 

Моц аздабляе мужчыну — ў ім сіла свабоднага духу

    І таямніцы свае ўменне заўжды берагчы.

Сіла маўчання! Яна — царыца людзей і народаў!

    Лепшая з лепшых багінь! Шлях ты паказваеш мне.

Доля якая мне выпала? Вусны мае адмыкаюць

    Музы-гарэзы і ты, шэльма, пракуда Амур!

Ах, як жа цяжка ў душы выношваць царскую

                                                                                                                            ганьбу —

    Ані фрыгійскі каўпак1, ані карона схаваць

Вушы Мідасу не можа; першы слуга іх убачыць —

    І нараджаецца страх, тайна цару сэрца рве.

Як бы хацеў у зямлю ён тайну схаваць, для палёгкі,

    Толькі ж навошта зямлі страхі чужыя прымаць:

Вырасце скора чарот, і зашуміць наваколле:

    «Гэта Мідас! Наш кароль! Гляньце на вушы яму!»

Цяжка і мне ўберагчы прыгожую нашую тайну —

    З сэрца так лёгка ляціць радасць

                                                                                                                      адкрытай душы!

Іншым сяброўкам не скажаш — бо зганяць,

                                                                                                              аблаюць раўніва,

    Другу таксама — маўчы, бо небяспечны і друг.

Можа, дуброве сказаць і скалам нямым

                                                                                                                      тым паведаць —

    Толькі ж я не малады, не балбатун я даўно.

Рытмы класічныя, моўчкі я вам сардэчна даверу

    Тайну, бо з вамі і ўдзень шчасна мне жыць

                                                                                                                      і ўначы.

Тайна, прынада мужчын, пастак падступных унікла,

    Тых, што хітруга і зух ставілі ёй на шляху;

Мудрая дзева мая ведае добра мясціну,

    Дзе ўжо чакае яе прагны да ласкі дружок.

Стой жа, Селена! Ідзе яна! Хоць бы сусед

                                                                                                                  не заўважыў!

    Вей у галлі, вецярок, крокі яе заглушы!

Вы ж расцвітайце, жывіце, песні мае, калышыце

    Лёгка, лагодна любоў у незабыўнай начы

І раскажыце квірытам, балбатунам неадумным,

    Тайну дзівоснай любві, тайну яе і маю!

 

 

1 Фрыгійскі цар Мідас хаваў пад каўпаком асліныя вушы, якія Апалон узычыў яму за тое, што цар аддаваў перавагу пастуховай флейце Пана перад Апалонавай кіфарай.

XXI

 

Перш чым паспеў пажадаць я, шчасце мяне атуліла.

    Міма палацаў, руін вёў мяне хітры Амур.

Тут яму ўсё знаёмае, добра і сам я ўведаў,

    Што за шпалерамі гмах крые ад прагных вачэй.

Дзёрзкім, сляпым хлапчуком назавіце яго,

                                                                                                      шалапутам —

    Толькі ж разумны Амур, найнепадкупнейшы бог!

Велічныя фасады і зграбныя цацкі-балконы,

    Нават салідны картыл1 не спакусілі мяне.

Спешна мінуўшы прынады, у далікатную брамку

    З богам сваім я ўвайшоў, прагны да ласкі паэт.

Ён здабываць памагае мне перамогу ў каханні,

    Свежыя ружы штодня сее Амур на шляху.

Хіба ж не тут мой рай? — Чым, скажы,

                                                                                                    прыгажуня Баргеза,

    Чым, Ніпатына, яшчэ ўлешчыш каханка свайго?

Балі, прыёмы, музеі, опера, корса і гульні

    Вечна рабуюць у нас скупа адмераны час.

Як не люблю я раскошы! Толькі ці рана, ці позна

    Са сцёгнаў і шоўк ападзе і дарагая парча!

Хіба ж, калі да грудзей пяшчотна мілая туліць,

    Ты не хацеў бы хутчэй вызваліць іх ад украс?

Хіба ж каханне паўней ты не адчуеш без стужак,

    Пругкіх шнуровак альбо самых каштоўных аздоб?

Прэч усё лішняе, прэч! Вось ужо на падлогу апала

    Лёгка сукенка яе з-пад маёй добрай рукі.

Вось у кашульцы нясу, нібы павітуха дзіцятка,

    З жарам красуню сваю ў цёплы суседні пакой.

Палагаў з шоўку няма тут,

                                                                      няма вышываных матрацаў,

    Толькі шырокі стаіць ложак, любові прастол.

Цешся Юнонай сваёй, сагрэты шчасцем Юпітэр:

    Бог — ён смяротны ў любві, мне ў любві смерці

                                                                                                                                                      няма!

Радуе шчодра Амур і чалавека, і бога —

    Раскалыханых спружын о, вечна любасны гімн!

 

 

1 Унутраны дворык італьянскай вілы.

XXII

 

Жудасныя дзве гадзюкі зганены хорам паэтаў;

    Некалькі тысяч гадоў з жахам прыгадвае свет,

Піфан1, цябе і цябе, Лернейская гідра! Толькі

    Вы перабіты даўно дужай рукою багоў.

Вогненным зяхам і слінаю вы не паганіце болей

    Статкі, палеткі, лясы, ніў залатыя плады.

Помслівы бог і гняўлівы, у шале сваім небывалым

    Злую пачвару наслаў, выпладка гразі на нас.

Злыдзень цішком запаўзае ў сады святой асалоды,

    Літасці не прызнае хцівы, падступны чарвяк.

Слаўся, дракон гесперыйскі! Ты паказаў сябе

                                                                                                                                          мужным,

    Яблыкі райскіх садоў з гонарам ты бараніў!

Гэты ж не дасць абароны — дзе ён аб'явіцца толькі,

    Там і сады, і плады сэнсу няма бараніць!

Поўзае тайна ў кустах, чыстыя брудзіць крыніцы,

    Пырскае слінай, плюе, труціць Амуру расу.

О ты, шчаслівы Лукрэцый! Цалкам даверыцца целу

    Без пачуцця, без любві мог ты свабодна і ўмеў.

Шчасце і ты знаў, Праперцый!

                                                                      Дзяўчатак з Тарпейскага гаю2

    Ці з Авентына3 табе раб твой прыводзіў дамоў,

Цынтыя4 часта цябе з рук маладых адбівала,

    Хоць ты няверны бываў, але здаровы заўжды.

Хто ж не баіцца цяпер прыкрую вернасць парушыць,

    Хто не баіцца любві, хто ў ёй трывог не зазнаў!

Як жа цяпер? Хіба можна з жанчынаю

                                                                                                                радасцю ўпіцца?

    Ці пакладзеш галаву ёй на калені цяпер?

Ложак сямейны, развод даўна ненадзейныя сталі;

    Жонка, і сябар, і муж целам наскрозь прагнілі.

О залатыя часіны!..— Любіў Юпітэр з Алімпа

    То да Семелы хадзіць, то да Каліста; яму

Важна знаходзіць было чыстымі ў храме пакоі,

    Дзе панавалі любоў, жарснасць і ўлада яго.

Як бушавала б Юнона, калі б у спрэчцы кахання

    Зброю атрутную муж супраць яе павярнуў!

Ды не пакінуты мы, бо нас, язычнікаў горкіх,

    Крые крыло бажаства, узносіць у высі нябёс, —

Дзейсны крылаты наш бог; — будзем жа ўдзячны

                                                                                                                                            Гермесу,

    Зеўсаваму вестуну, лекару нашай душы.

Продкаў харомы даўно разбураны часам

                                                                                                                                  няўмольным,

    Толькі калоны стаяць, сведкі раскошы былой, —

Сонечны ж светлы палац будзе стаяць і давеку,

    Просьбіты ўдзячныя ў ім будуць любоў спасцігаць.

Толькі прашу аднаго я ў вас, грацыі, сціпла,

    Гэту малітву сваю ўзношу з глыбіняў душы:

Аберагайце мой сад, мой зацішны куточак,

    Ад непамыснага зла; хай там царуе Амур.

О, хай ён дорыць заўсёды, шэльма, якому я веру,

    Страхам не збруджаную радасць любоўных уцех.

 

 

1 Інакш: Піфон або Пітон (імя грэцкага міфічнага дракона).

2 Гай Дыяны ў Рыме.

3 Адзін з сямі пагоркаў, на якіх ляжыць Рым.

4 Яна ж Дыяна, багіня паляўніцтва.

XXIII

 

Вось запаведнік чароўны, я кветак любові чакаю,

    Музы дагледзелі сад, мудра пасеялі тут.

Я ж чаранок пладаносны, ствол залаты існавання

    Радасна сам пасадзіў, шчасця чакаю цяпер.

Службу нясі, мой прыапе! Чаго мне баяцца дарэмна

    Злодзеяў! Сей і зрывай кветкі цудоўных уцех.

Толькі ханжоў не пускай, зласлівых і кволых

                                                                                                                                    няздольцаў;

    Прыйдзе каторы, зірне ў засень любві, аплюе

Чыстай прыроды дарункі, — смела кладзі на яго

    Сцёгнаў тых праведны гнеў — кроўю наліты ражон!

 

XXIV

 

Я стаю ў засені саду, апошняе божышча Рыма,

    Варвар я грубы; мяне моцна параніў той час.

Вус гарбузовы віецца па перасохлай сцябліне,

    Што пад цяжарам пладоў лопнула, нібы струна.

Вецер уладна хрусціць дубцамі пажухлых пабегаў —

    Я ненавіджу зіму: з ёю ляціць вараннё

Шумнымі зграямі ў сад; лета руплівыя слугі

    Дзёрзка з эфірных вышынь цыркаюць на галаву.

Слота і бруд навакол! Я павінен баяцца, каб часам

    Брудам самому не стаць, не размяшацца з гразёй.

Дзякую, добры мастак, што ты дапамог мне дабіцца

    Месца у сонме багоў, месца па праву майго.

Хто тут Юпітэраў трон, хітра здабыты, ўмацоўваў? —

    Фарбы, слановая косць, мармур, паэзія, медзь!

З ласкай глядзяць на мяне шматкемлівыя мужчыны,

    Кожны ўяўляе сабе ў творы сваё хараство.

Я не настрашу матрону, я не настрашу паненку,

    Я не агідны зусім, я толькі моцны імпэт.

Хай жа твой волат магутны ятрыцца, шалам бушуе,

    Голаў узносіць на кліч палкай каханкі тваёй,

Стомы не знае, пакуль ладны тузін фігур асалоды

Не рассмакуеце вы, — ўсе вынаходствы любві.



Пераклад: Васіль Сёмуха
Тэкст падаецца паводле выдання: Выбраная паэзія : пераклад з нямецкай / Ёган Вольфганг Гётэ. — Мінск : Зміцер Колас, 2016