Юдаль Марголін

Жанчына й сэкс: што, дзе й навошта

Яе цела
Месячніца
Мастурбацыя
Страта дзявоцкасьці
Кантрацэпцыя
Пэтынг
Коітус
Цяжарнасьць


 

Яе цела

 

Полавыя органы ў жанчыны прынята падзяляць на вонкавыя й нутраныя. Мяжою паміж імі - дзявоцкая плява, а як пачалося полавае жыцьцё - яе рэшткі. Праз нутраныя органы ісьціцца полавы кантакт. Да іх залічаюць похву, маціцу, маціцавыя трубы й яечнікі. Похва распачынаецца росчынам спаміж ног, доўжыцца ў целе й канчаецца пры ўваходзе ў маціцу, ахопліваючы яе шыйку. Узбоч маціцы, на бакавой сьценцы малога лагва, месьцяцца два яечнікі - у іх сьпеляцца яйцавыя вузы. Па маціцавых трубах гэтыя вузы вандруюць, там і маюць спрыяльныя ўмовы апладніцца народкамі.

Усе полавыя органы, што ў жанчыны звонку, называюць яшчэ вульваю. Найвышэй тут лабок - мяккі грудочак, на якім трыкутнікам зь вяршыняю ўніз растуць валасы. Ніжэй, паабапал полавае проразі, знаходзяцца дзьве пары вуснаў - вялікія й малыя. У ніжніх аддзелах першых зь іх месьцяцца барталінавыя залозы - пры полавым узрушэньні й у часе суполеньня яны выдзяляюць сакрэт, зьвільгатняючы ўваход у похву. Паміж вялікімі вуснамі туляцца малыя - дзьве ценькія далікатныя складачкі абымаюць похвавае прыдзьвер'е. Пры версе малых вуснаў разьмешчаны ласкацень, або секель, - чысты клубочак нэрвовых заканчэньняў. Гэта чэлес у мініятуры, ён мае галоўку, цела й ножкі. У часе сэксуальнага ўзрушэньня кроў імкліва наплывае ў ласкацень, і ён калянее, што чэлес. Почасту гэта найбольш эрагенная мясьцінка жаночага цела.

Тым часам грудзі ў жанчыны - найвыяўнае вонкавае яе адрозьненьне ад мужчыны, сымбаль жаночае вабнасьці. У эратычным жыцьці роля грудзей істотная, прычым няма беспасярэдніх сувязяў між іхнымі памерамі й сэксуальнасьцю. Форма й велічыня сыска ў кожнае жанчыны розныя, пераважна ён цыліндрычны або канічны, напару пляскаты й выцягнены. Партнэраў дотык да сыска, асабліва вусьняны, нясе жанчыне сэксуальнае ўзрушэньне. Пры гэтым у абсяг пачуцьцёвае насалоды патрапляюць не адно грудзі, але таксама ласкацень і похва - дзякуючы нэрвовым стымулам лашчаньне грудзей прыганяе кроў да полавых органаў. І наадварот, ад сэксуальнае стымуляцыі ў абсягу похвы й секеля брыняюць сыскі, прутчэюць і большаюць грудзі.

 

Месячніца

 

Адзін зь яечнікаў жанчыны выпушчае сьпелую яйцавую вузу. Тая мкне па яйцаводзе ў кірунку маціцы. Маціца стварае тым часам спэцыяльны подсьціл на выпадак спатканьня яйцавае вузы з народкам і апладненьня. Калі ж апладненьня не адбываецца, жаночая арганізма ведае пра гэта й пазбываецца подсьцілу разам зь яйцаваю вузаю й крывёю. Гэты працэс цыклічны, кажнамесячны. Вонкавыя яго праявы таму й называюцца месячніцаю, або, як з лаціны, мэнструацыяй.

На бялізьне зьяўляецца кроў - гэтак заўважаюць першую мэнструацыю. Напачатку крывацёкі надараюцца нерэгулярна, аднак паволі, із сталеньнем, устанаўляецца рэгулярны цыкль. Засьцерагаючыся, жанчыны выбіраюць паміж пракладкамі й тампонамі. Усё, як правіла, доўжыцца ад двух дзён да тыдня. Адны не зазнаюць пры гэтым ніякае нядужнасьці, другія адчуваюць толькі лёгкія пацягненьні ў нізе жывата, а вось у трэйціх выступаюць моцныя болі й прыкрыя спазмы. І калі месячніца зносіцца нялёгка, тады не абыходзяцца бяз болепатольных сродкаў.

Існуе, між іншым, шмат мітаў пра рэчы, якіх нібыта жанчына мае ўнікаць у гэтым часе, - напрыклад, плаваньня, мыцьця валасоў ці купаньня. Такія міты ня вартыя ўвагі. Мала таго, плаваньне пры мэнструальных спазмах можа прынесьці нават палёгку. А вось сэкс у месячніцу вымагае асаблівай абачлівасьці - існуе высокая небясьпека інфэкцыяваньня.

 

Мастурбацыя

 

Яна ня шкодзіць. Наагул, сучасныя сэксолягі схільнасьць мастурбаваць лічаць за чыста нармальную. Напару нат называюць мастурбацыю прыдатнай - яна вучыць, скажам, маладых людзей, як функцыянуе цела, і дае зразумець, што прыносіць сэксуальную прыемнасьць. У юначую пару, як падаюць дасьледнікі, блізу палова дзяўчат, шукаючы прыемнага, ня грэбуе дакранацца да інтымных частак свайго цела або іх масажаваць. А вось сярод жанок дарослых ды з рэгулярным полавым жыцьцём адсотак ахвотніц ананізаваць, натуральна, меншы.

Мастурбуюць жанчыны па-рознаму. Шмат якія аддаюць перавагу далікатнаму, але станаўкому паціраньню секеля - пачынаюць аднастайна-спакойна, пераходзячы паволі да прысьпешаных тэмпаў. Іншыя паціраюць абсяг похвы або пасоўваюць адным ці двума пальцамі ў самой похве. Ёсьць такія, што ўкладаюць сабе між ног падушку дый труцца аб яе ўгору й долу. Некаторыя тым часам адкрываюць, што мастурбаваць можна, скрыжаваўшы ногі й прыціскаючы іх адна да аднэй у рэгулярным рытме або, іначай, напінаючы й расслабляючы цягліцы похвы.

Ня раз мастурбацыя закончваецца аргазмаю - сэксуальнае ўзрушэньне дасягае піку. Адчувае тады жанчына выбуховае, прыемнае пачуцьцё паміж ног і нават можа заўважыць, як цягліцы там, далавах, на мгненьне сьціскаюцца ў спазьме. Пасьля надыходзіць цудоўнае адчуваньне вывальненьня й распружаньня, ласкацень чульлівее й крышку сьвярбіць.

 

Страта дзявоцкасьці

 

Адзіная фізычная адзнака дзявоцкасьці - дзявоцкая плява - ценькі кавалачак сьлізьніцы пры ўваходзе ў похву. Ня ўсе дзяўчаты маюць яе, як даходзіць да першага ў іхным жыцьці полавага акту. Прычын яе «заўчаснага» разарваньня процьма - конная язда, язда роварам, глабаньне на дрэва, гімнастыка й рознае іншае. Калі плява ўсё ж ёсьць, становіць яна пэўны бар'ер - яго пераадольвае чэлес. Дэфлярацыі зазвычай спадарожыць нязначны крывацёк, напару надараюцца й болі. Ёсьць, між іншым, рэкамэндацыі, як зводзіць боль амаль на нішто: найспрыяльнейшаю лічыцца пастава, калі дзяўчына, лежачы цалкам на сьпіне, пад крумянкі падкладае падушку або згорненую валікам коўдру, а сагнутыя ў каленях ногі падымае да грудзей - дзявоцкая плява тады напінаецца максымальна й лягчэй ірвецца. І пры гэтым, чым вільгатнейшая похва, тым менш балесна ўсьлізьне ў яе чэлес. Калі жанчына мае асалоду, у часе сэксуальнага ўзрушэньня й псыхічнага распружаньня, залозы зьвільгатняюць похву. Гэта акурат маюць наўвеце людзі, кажучы, што жанчына стаецца мокраю.

 

Кантрацэпцыя

 

Процізачаткавыя сродкі й мэтады - адзіны спосаб пачувацца ўпэўнена ў разе непажаданасьці зацяжыраць. Мэханічную засьцярогу ад цяжарнасьці становіць мужчынскі прэзэрватыў - своеасаблівая цана за інтымны спакой. Асноўнымі хібамі гэтага сродку найчасьцей лічаць прытупленьне полавага пачуцьця ў партнераў, магчымасьць, хаця й малую, яго разарваньня дый рэдкія алергічныя рэакцыі на гуму. Апрача ўсяго, рэгулярнае выкарыстаньне прэзэрватыва пакідае жаночую арганізму без спрыяльнага ўзьдзеяньня спэрмы. Тым ня менш, дзейсны, танны, няшкодны й просты ў ужытку прэзэрватыў застаеццца па-за канкурэнцыяй. Мала таго, нядаўна на заходнім рынку зьявіўся новы прадукт - фэмідон - таксама прэзэрватыў, толькі што ўкладаны жанчынаю ў похву. Ён крыху шырэйшы за звычайны, асабліва з боку ўваходу ў похву - жанчына можа насіць яго й накладаць, не баючыся, што чыніць нейкі ціск на партнера.

Апрача прэзэрватыва, усе іншыя кантрацэптывы «прызначаныя» жанчынам - гарманальныя, мэханічныя, хімічныя, нутрымаціцавыя. Першыя зь пералічаных - гэта ў асноўным таблеткі - зьмяшчаюць гармоны, якія й прадухіляюць зацяжарваньне, або стрымліваючы выхад яйцавае вузы, або ствараючы пры ўваходзе ў маціцу спэцыяльную густую сьлізь - бар'ер для спэрмы. Існуюць два тыпы таблетак - адны (камбінаваныя эстраген-гестагенныя) належыць прымаць штодня цягам трох тыдняў, пасьля чаго йдзе тыдзень пярэрвы на месячніцу, другія (мініпігулкі зь мікрадозамі гестагенаў) - безь пярэрваў 365 дзён на год, аднае й тае самае пары кожнага дня. Такая кантрацэпцыя вельмі надзейная, калі ёю правільна карыстацца. Праўда, ёсьць да яе нямала проціпаказаньняў, дый магчымыя, асабліва ў першыя 3-4 месяцы прыманьня таблетак, пабочныя рэакцыі (скажам, галаўныя болі, запаленьні похвы, дэпрэсія, соннасьць, млосьць). Лічыцца таксама, што гэтыя таблеткі пабольшваюць рызыку хваробаў сэрца, гіпэртаніі ды іншых сур'ёзных нядужнасьцяў. Ня кожная жанчына наважыцца на гэткі мэтад - проста ня схоча ў сабе парушаць гарманальнае раўнавагі. Зрэшты, ёсьць іншыя гарманальныя мэтады, на якія можна спакусіцца, зыходзячы з працягласьці іхных эфэктаў. Адмысловыя ін'екцыі, напрыклад, засьцерагаюць адразу на колькі месяцаў. Існуе й новы спосаб - пры зьнябольваньні ў плячо імплянтуецца маленькае ўладжаньне, якое затым выпушчае колькасьць гармонаў, дастатковую, каб сьцерагчы ад цяжарнасьці некалькі гадоў; калі жанчына ўрэшце мерыцца мець дзіця, уладжаньне выдаляюць зь яе цела.

У адрозьненьне ад гарманальных сродкаў жаночы мэханічны кантрацэптыў - каптурок - не пагражае парушэньнямі натуральнага функцыянаваньня цела. Гэта - малы гумовы ці плястыкавы купалаваты прадмет. Жанкі пакрываюць яго процізачаткаваю пастаю, тады ўводзяць у похву, а ён фіксуецца на ўваходзе ў маціцу. Уводзяць яго незадоўга перад суполеньнем, пасьля якога пакідаюць у целе яшчэ ня менш як на шэсьць гадзін. Каптурок не такі надзейны, як спамінаныя таблеткі, але ж ані не саступае ў надзейнасьці прэзэрватыву ці фэмідону.

Тым часам загубу народкам нясуць і розныя хімічныя сродкі засьцярогі ад цяжарнасьці - крэмы, пасты, таблеткі, сьвечкі ды іншыя лекавыя формы. Жанчына ўводзіць іх у похву за колькі хвілін або нат проста перад полавым кантактам - іхнае дзеяньне зазвычай абмежаванае аднэй-дзьвюма гадзінамі. Некаторыя з такіх кантрацэптываў маюць яшчэ й лячэльныя свомасьці - да прыкладу, лютэнурын (похвавыя галачкі) выкарыстоўваецца пры леках запаленьня похвы. З даступных у нас хімічных сродкаў заслужана папулярны «Фарматэкс» - яго ўжываньне забясьпечвае высокі кантрацэпцыйны эфэкт пры адсутнасьці хоць якіх значэнных пабочных праяваў.

Нарэшце адзін з найбольш дзейсных і прымальных мэтадаў для жанок з рэгулярным полавым жыцьцём - нутрымаціцавыя кантрацэптывы (сьпіралі, дугі, петлі, спружынкі й г.д.). Дзеяць яны, не дазваляючы аплодненай яйцавай вузе «асесьці» ў маціцы. Гэта надзейныя сродкі, якія найчасьцей ня чыняць неспакою й могуць быць пакіненыя ў целе на працяглы час. Выкарыстаньне іх не вымагае падрыхтовы перад і пасьля суполеньня, а жаночая арганізма шторазу атрымлівае біялягічна актыўныя рэчывы з спэрмы. Праўда, лекары часьцяком ня радзяць сьпіралек жанчынам, якія ня мелі дзяцей, галоўным чынам зь меркаваньняў заўжды існоўнае рызыкі пазамаціцавае цяжарнасьці ды інфэкцыяў. Мала таго, ня кожная арганізма ляяльная да гэткага ўмяшаньня...

Яшчэ адзін мэтад засьцерагчыся - фізіялягічны. Палягае ён у дакладным вызначэньні дзён, калі яйцавая вуза здатная на апладненьне. Даведацца пра «небясьпечны» час жанчына можа трыма спосабамі: або рэгіструючы працягласьць мэнструальных цыкляў і праводзячы затым арытмэтычныя падлікі, або мераючы штораніцы тэмпэратуру й складаючы паводле замераў графік, або аглядаючы штодня сьлізь з полавых шляхоў. Гэты мэтад даволі складаны, забірае шмат часу й застаецца пры гэтым ня надта надзейным.

Ня лічыцца надзейным і мэтад перарванага стасунку - выманьне чэлеса з похвы да пачатку эякуляцыі. Рэч у тым, што крыха спэрмы - прээякулят - амаль заўжды вырываецца вонкі задоўга да вялікага выпырску. Яе так мала, што й не зацеміш - але ж у ёй плойма народкаў. Таму кантрацэпцыйнасьць такога спосабу ацэньваюць на 70-80 адсоткаў.

Высокі эфэкт звычайна дае камбінаваньне прынамсі часткі пералічаных процізачаткавых сродкаў. Тым часам на падыходзе ўсё новыя кантрацэптывы - напрыклад, процізачаткавы пляйстар (прылеплены, пушчае гармоны пад скуру) або прагестагенавая похвавая ўкладка (таксама выпушчае гармон, які чыніць бар'ер ля ўваходу ў маціцу й не дае ёй ствараць штомесяц спэцыяльнага подсьцілу). Апрача таго, стадыю тэставаньня нарэшце праходзіць доўгія гады распрацоўваная таблетка мужчынам - яна зможа паралізаваць працэс фармаваньня народкаў.

 

Пэтынг

 

Гэтак ільга акрэсьліць шматлікія дзеяньні ў часе любошчаў - калі няма беспасярэдняга судакрананьня геніталіяў. Дыяпазон пэтынгу вельмі шырокі - ад прытуляньня, масажаваньня адно аднаго, пешчаньня грудзей, крумянак ці міжножжа праз адзеньне да жарсьлівых памкненьняў пад адзеньнем, пры адзеньні расшпіленым або безь яго. Да элемэнтаў глыбокага пэтынгу залічаюць кунілінгус (полавае ўзбуджаньне жанчыны ўзьдзеяньнем на яе вульву вуснамі й языком) і мінэт (лашчаньне чэлеса ротам). Бальшыня жанок найбольшую сэксуальную прыемнасьць адчувае ў ласкатні, таму ўжо толькі яго стымуляцыя ротам або рукою можа прывесьці жанчыну да аргазмы. Некаторым даступныя аргазмы й цераз дотык да іншых часьцін цела. Скажам, жанчына зь вельмі чульлівымі грудзьмі можа дапяць піку нат без дакрананьня да ейнага ласкатня - даволі ёй ужо пешчаньня й сысаньня партнерам яе грудзей. У адрозьненьне ад мужчынаў жанкі ў часе сэксу або пэтынгу здатныя зазнаваць аргазму нямала разоў. Дарэчы, афіцыйны рэкорд тут паставіла неяк адна амэрыканка, якая дапамагала была сэксолягам у дасьледаваньні прыроды жаночых аргазмаў - за адзін вечар ёй удалося дасягнуць піку 50 разоў! Пры гэтым яна сьцьвярджала, што дала б рады яшчэ...

 

Коітус

 

Суполеньню зазвычай папярэднічае ўступная гульня - асабліва прыдаецца яна жанчыне, памагаючы ёй належна ўзрушыцца, так, каб прыйшло натуральнае зьвільгатненьне - сэкс будзе прыямнейшы. Элемэнты глыбокага пэтынгу - да прыкладу, аральны кантакт - стаюцца нярэдка своеасабліваю прэлюдыяй да полавага акту. Кунілінгус у мілоснай гульні дазваляе, як правіла, давесьці ўзрушэньне жанчыны - яно найчасьцей астаецца ад мужчынавага - да такога высокага роўню, калі большаюць шанцы на блізкую жаночую аргазму. Паводле амэрыканскіх сэксолягаў, у ЗША 54 адсоткі мужчынаў практыкуюць у часе ўступных любошчаў узьдзеяньне на вульву вуснамі й языком. Зьвесткі шматлікіх апытаньняў у розных краёх сьвету пацьвярджаюць пазытыўнае стаўленьне таксама й жанок да гэткіх пешчаньняў. Праз кунілінгус напару дасягаецца аргазма й пасьля коітусу, калі жанчына зь якой прычыны не пасьпела прычакаць здаволеньня або настроеная на паўторную аргазму.

Аральны кантакт, знакам тым, - зусім нармальная, натуральная й прыемная частка сэксу, якая можа быць або самадастатковаю, або набліжаць партнераў да суполеньня - акту, што вянчае ўсе перажываньні ў сьвеце сэксуальнага жыцьця. Сярэдняя працягласьць коітусу ў маладых і фізычна здаровых людзей вагаецца ад 2-5 да 10 хвілін пры першым полавым збліжэньні. Пры паўтарэньні полавы кантакт можа падаўжацца. Наагул, нармальнаю лічаць кожную працягласьць стасунку, якая дазваляе дасягнуць распружаньня абаім партнэрам.

Коітус магчымы, нат калі жанчына не пасунецца на сантымэтар, але як для яе, так і для ейнага супольніка будзе такая лучнасьць даволі нуднаю. Жанчына павінна рухацца разам із сваім партнерам, хаця часам гэта й не ўдаецца так проста й натуральна, як яму. Хаця бальшыня жанок любіць адчуць у сабе чэлес, іхныя фізычныя перажываньні, зьвязаныя з тым, што дзеецца ўнутры, нярэдка ўсё ж нявойстрыя. Затое амаль заўжды жанкі сіляюць найпрыемныя адчуваньні з усяго абсягу наўкола похвы - увага зноў на ласкацень. Многія лічаць досыць прыемнымі звычайныя рухі чэлеса ўглыб цела й вонкі, іншыя тым часам даслоўна мусяць націраць ласкацень аб цела партнера, каб агарнула іх узрушэньне. Нярэдка жанчыны ўважаюць, што вельмі цяжка дасягнуць ім у суполеньні таго, што ім патрэбна. Шмат якія разьвязваюць такую праблему, датыкаючыся ў часе, як кахаюцца, да свайго ласкатня або просячы пра гэта партнера. Ясна, дапяцьцё аргазмы ў часе пэнэтрацыі не настолькі простае для жанчыны, як для яе партнера, але ўрэшце бальшыня жанок адкрывае нейкую пазыцыю, рух ці якую іншую штучку, якія дапамагаюць здаволіцца.

З мноства розных пазыцыяў пры полавым кантакце льга выдзеліць шэсьць асноўных, якія ў сваю чаргу маюць купу варыянтаў.

Мужчына зьверху, або жанчына далавах (клясычная пазыцыя) - жанчына ляжыць на сьпіне, мужчына - над ёю. Такое становішча дазваляе ўстанавіць шпаркі тэмп фрыкцыяў, каханкі бачаць адно аднаго й маюць магчымасьць на пяшчоты й пацалункі. Мужчына можа абапірацца на далоні або локці, абдымаць партнэрку за стан або прытрымліваць за плечы. Адменьнікі гэтае пазыцыі розьняцца тым, як жанчына трымае ногі: яна можа іх стуліць, скрыжаваць паўзьверх цела мужчыны або разьвесьці. Застаючыся пад мужчынам, жанчына абмежаваная ў руху.

Жанчына зьверху (адваротная клясычная пазыцыя) - ёсьць два асноўныя варыянты: жанчына ляжыць на мужчыну або сядае на яго таксама, як пры язьдзе конна. Становішча наверсе дазваляе жанчыне праявіцца больш актыўна - яна можа абраць для сябе спосаб найбольшага ўзрушэньня й пажаданы рытм фрыкцыяў. У нярэдкіх выпадках жанчыны, раней не зазнаваўшы аргазмы, упершыню дасягалі яе ў такой пазыцыі. Як жанчына ляжыць на мужчыну, яе жывот і грудзі знаходзяцца ў шчытным кантакце з партнерам - забясьпечваецца актыўнасьць жанчыны, якая можа вольна чыніць рухі лагвом дый пацьвяляць церцем ласкацень. Папулярнейшы, аднак, другі адменьнік, пры якім жанчына сядзіць на мужчыну. Тады чэлес уваходзіць глыбока й стымулююцца ўсе сьценкі похвы. Гэтая пазыцыя гарантуе моцнае ўзрушэньне - магчымая разнастайная стымуляцыя партнераў, у тым ліку й зрокавая.

На баку (бакавая пазыцыя) - партнэры ляжаць на баку тварам адно да аднаго або мужчына ляжыць за жанчынаю. Ногі жанчыны могуць быць растуленыя або перакрыжоўвацца з нагамі партнера, могуць быць выпрастаныя або шчыльна самкнёныя. Абое здатныя свабодна рухацца, абое маюць прынамсі адну вольную руку на дотыкі й пяшчоты. Пры гэтым ёсьць магчымасьць цалавацца й бачыць (калі твар у твар) вочы адно аднаго. Такую пазыцыю часам рэкамэндуюць жанкам уцяжку - мінімальны пры ёй ціск на жывот.

Мужчына адзадзя - пазыцыя, часта сустраканая ў творах антычнае культуры. Мае шмат варыянтаў: мужчына зьверху; мужчына й жанчына на каленях; жанчына на пасьцелі на каленях, мужчына тым часам стоячы на падлозе... Становішча дае чэлесу безьліч магчымасьцяў глыбока й цесна пранікаць у похву; мужчына можа пры гэтым лашчыць партнэрку рукамі. Рухі абаіх нічым ня стрымліваюцца, няма як, праўда, цалавацца й глядзець адно на аднаго.

Седзячы - мужчына сядзіць, жанчына - у яго на каленях (тварам да яго або сьпінаю). У гэтай пазыцыі партнеры могуць прытуляцца адно да аднаго, жанчына патрапіць адхінуцца назад (седзячы тварам да партнера) або нахінуцца наперад (седзячы сьпінаю). Чэлес тут сягае глыбока, але ж магчымасьць рухаў абмежаваная. Пазыцыя найлепш падыходзіць партнерам пры ладнай розьніцы ў іхным росьце.

Стоячы - мужчына й жанчына ісьцяць полавы акт, стоячы тварам адно да аднаго - яна абдымае яго рукамі за шыю, а ён дзяржыць яе рукамі за бёдры. Актыўнасьць у такой пазыцыі чыніць мужчына. Даведнікі радзяць выпрабаваць гэты кантакт у такіх месцах, як душ і шафа. Пажадана, аднак, каб партнэры былі аднаго ці блізу аднаго росту.

Пазыцыі, натуральна, почасту залежаць ад месца, у якім кахаюцца партнеры. Напрыклад, калі яны ў машыне, яна можа сесьці на заднім сядзеньні - расхінуўшы ногі, а ён як бы ўклякнуць перад ёю. Калі ўсё дзеецца на кухні, жанчына можа сесьці на стальніцу ды аплесьці нагамі партнера, які стаіць перадам да яе...

У дыяпазон прымальнасьці жанчыны нярэдка ўваходзіць і анальны сэкс. Шмат жанок любіць яго й рэгулярна практыкуе, іншыя аднак яго баяцца - лічаць балючым і ня важацца спрабаваць. Пры такім сэксе існуе, праўда, рызыка інфэкцыяваньня мікробамі, намнажанымі ў розьверці, таму мэдыкі радзяць пасьля анальнага суполеньня не набліжаць, не памыўшы, чэлеса або пальца да похвы. Жанкі, для якіх анальны сэкс - норма, усё ж рызыкуюць аслабіць і расьцягнуць цягліцу-сьціскальніцу, што замыкае розьверць.

Ведама, няма нейкага рэцэпту на выдатны сэкс. І ўсё ж жанчына й яе партнэр маюць вялікі шанец здаволіць сябе ў сэксе, калі:

- яны адпачылыя й шчасьлівыя;

- абое дапраўды хочуць сэксу;

- прагнуць адно аднаго;

- засьцерагаюцца ад хваробаў;

- не пачуваюцца засаромленымі ад сваіх целаў;

- ніводзін зь іх не адчувае сораму або віны з прычыны сэксу й асалоды ад яго;

- ніводзін зь іх не стараецца за ўсякую цану быць «добрым» у ложку або справіцца із спадзяваньнямі партнера;

- кожны зь іх дапраўды хоча, каб партнеру такі досьвед падабаўся таксама, як і яму;

- яны дастаткова разьняволеныя, каб сьмяяцца або не пераймацца, як нешта пойдзе кепска або здарыцца штось нязручнае;

- ведаюць, што будуць цікавіць адно аднаго, нат калі сэкс не акажацца такім цудоўным.

 

Цяжарнасьць

 

У выніку апладненьня ў маціцы жанчыны разьвіваецца новая арганізма - працэс гэты доўжыцца ў сярэднім 280 дзён. Калі жанчына ўсё ж не гатовая зь якіх прычын стаць маці, то нават па незасьцярожаным каханьні яна яшчэ мае магчымасьці прадухіліць цяжарнасьць. Па-першае, ёсьць на гэта спэцыяльныя посткаітальныя таблеткі - на нашым рынку, напрыклад, пастынор, які прымаюць не пазьней як празь 2-3 гадзіны пасьля полавага акту, прычым ня больш як 4 таблеткі на месяц. Яшчэ адзін мэтад «аварыйнае» кантрацэпцыі - успамінаная сьпіралька. Як жанчына памяшчае яе ў маціцы не пазьней як празь 5 дзён пасьля незасьцярожанае лучнасьці, найхутчэй будзе ахаваная ад цяжарнасьці. Калі, аднак, непажаданая цяжарнасьць акажацца фактам, у жанчыны застаецца яшчэ плойма часу ўсё абдумаць. І ў разе ненаважаньня нарадзіць дзіця - спыніць цяжарнасьць спаронам. Чыніцца гэта ў пару, калі плод яшчэ нежыцьцяздольны - да 28 тыдняў ад зачацьця. Штучны спарон заўсёды тоіць у сабе небясьпеку фізычнага й псыхічнага траўмаваньня жанчыны. Асабліва ён небясьпечны пры першай цяжарнасьці...

Калі ж жанчына застаецца пры надзеі й дбае пра ўласнае здароўе, яна не павінна ігнараваць рэкамэндацыяў што да сэксу ў часе цяжарнасьці. У першыя 2-3 месяцы полавую актыўнасьць, як правіла, радзяць абмежаваць: сэксуальнае ўзрушэньне й памоцнены прыгон крыві да полавых органаў могуць справакаваць перарваньне цяжарнасьці. Полавае жыцьцё мае быць чыста спыненае за 2-2,5 месяцы да родаў - існуе бо небясьпека пранікненьня інфэкцыі ў полавыя органы. З сэксуальным пачуцьцём цягам цяжарнасьці бывае па-рознаму: найчасьцей яно крыху спадае, але нярэдка можа й нарастаць. Максымальная сэксуальная чульлівасьць у жанок уцяжку назіраецца звычайна між 3-м і 6-м месяцамі цяжарнасьці. Пад канец цяжарнасьці полавае пачуцьцё жанчыны, як правіла, паніжаецца. Вялікае значэньне ў такі пэрыяд набывае пастава інтымнае лучнасьці, а таксама пэтынг дый іншыя формы сэксуальных кантактаў без уводжаньня чэлеса.

Роды мабілізуюць жыцьцёвыя функцыі й энэргетычныя рэзэрвы жаночае арганізмы. Почасту маладыя жанчыны ў сваю раньнюю пару сэксуальнага жыцьця не зазнаюць пачуцьця поўнага здаволеньня. Яно разьвіваецца спакваля, нярэдка пасьля першых родаў, і дасягае найвышэйшага роўню к 30-35 гадом.




Крыніца: ARCHE

Беларуская Палічка: http://knihi.com