epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрась Бабіч

Claudio Gugerotti - Чаму трэба пісаць Клаўдыа Гуджэроці?

Чаму трэба пісаць Клаўдыа Гуджэроці?

Згодна з “Правіламі беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”(Мінск, 2008), якія ўступілі ў дзеянне з 01.09.2010, у асабовых назоўніках неславянскага паходжання напрыканцы слоў пасля галоснай у мужчынскім родзе пішацца –а (с.7). Гэтая пазіцыя добра патлумачаная і праілюстраваная ў вучэбным дапаможніку У. Куліковіча “Новае ў беларускай арфаграфіі” (Мінск, 2009) (с. 8-9). Дапаможнік падрыхтаваны выключна на аснове новай рэдакцыі правілаў арфаграфіі. Таму мы павінны пісаць, напрыклад, Сільвіа, Бакачыа, Антоніа, Клаўдыа. Калі б апошняе імя было жаночым, то пісалася б Клаўдыя… Зараз наконт цвёрдага д, а не дз. Згаданыя “Правілы…” (Мінск, 2008), на с. 17 чытаем:” У запазычаных словах цвёрдыя д, т, як правіла, пішуцца нязменна…” Можна сказаць, а чаму ў нашым выпадку д апрыёры цвёрды, а не мяккі дз? Гэта значыць, чаму Клаўдыа а не Клаўдзіа? Дзеля ілюстрацыі можна звярнуцца да аналогіі. Напрыклад, радыё (а не радзіё. Тут пішацца ё, бо назоўнік неасабовы, кандыдат, а не кандзідат, мартыралог, а не марціралог , гвардыя, а не гвардзія і г.д.). Імя Дзікенс пішацца традыцыйна праз Дз (Беларуская энцыклапедыя. – Мінск. – 1998. – Т.6. – с.114), бо адлюстроўвае агульнапрынятае вымаўленне. Таксама як, напрыклад, Дзіма, а не Дыма, балгарскае Дзімітр, а не Дымітр. Да таго ж варта памятаць, што ў дадзеным выпадку гэта пачатак слова, а не яго канцавая частка.

Прозвішча Гуджэроці, безумоўна, павінна заканчвацца на адзіночны ц у аснове. Таксама, як і Павароці, Анчалоці, Мікеланджэла Буанароці і іншыя італьянскія прозвішчы. Прычым гэта ніяк не звязана са зменамі ў правапісе. Так было і раней. А правапіс падвоенага цц рэгламентуецца параграфам 23, пункт 22 (с.39) “Правілаў беларускай…” (Мінск, 2008).

Спадзяюся, прыведзеныя тлумачэнні паспрыяюць кансэнсусу ў гэтым пытанні.

Юрась Бабіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт.


2008?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: з архіву Змітра Саўкі