epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрка Геніюш

Афрыка

Чаму я чорны, чаму я чорны, мама, - хоць белы ў мяне твар?! Чаму мне вецер заўсёды ў вочы дзьме?

Афрыка наўкола, Афрыка - перастук бубноў. Дарэмна ў пясок хаваць галаву - ахвярай не змякчыш багоў.

Тум-да-та, тум-да-та, тум-да - там-тамы. Хто чорны, той карак супроціў волі гне. Джунглі ж навокал, як у жудасным сне, енчаць, рагочуць, ляскаюць ікламі - дзяры за жывое, каб быць пры катле, за горла душы, захлынайся крывёю...

О-о-о! Чаму я чорны, чаму я чорны, мамо, - хоць белы маю твар?

Доўгае вуха ўсюды - і тут, і там. Новым, скуль не падуе, - кожны подых пачуе, і дакладна прасочыць, якім крокам хто крочыць. Усё ловіць, хапае, на клубок усё матае, павуціннем завесіўшы кут, - ці галосіць там-там, ці заенчыць душа, ці дзе слініцца ядам змяя.

О-о-о! Чаму я чорны, чаму я чорны, мамо, - хоць белы ў мяне твар?

Ільвы і сланы, глянь, на волі - без крат. Насарог трыбушыскам прымінае траву, буйвал з балота ўзняў галаву, іржаваю плямай мільгануў леапард, зэбра пасецца побач з антылопай гну. І нават арлу і таму неўздагад, што - тут рэзерват...

І толькі гіены гагочуць. І толькі шакалы смяюцца.

О-о-о! - Мамо!


1970-1985?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая