epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрка Геніюш

І спачатку было толькі слова...

Бойцеся слова! Перад ім трапячыце. У ім ваша смерць, нягоднікі ды злыдні. І малаважна, сотні год ці тыдні біць яно будзе ў зачыненыя дзверы... Усё ж унікне.

Бойцеся Слова...

Спагады вам не будзе, як няма спакою. Як сну няма, як роспач скрытая гульбою - прывідам душыць.

Бойцеся Слова...

І што з таго, што вашыя прысуды, паводле вашых праў і ў харомах вашых складаюць нам патомкі Юды, - за вырванае вамі ж народу серабро.

Бойцеся Слова...

О родзе Юдзін! Што хоч рабі... Маліся, плач, уцякай, руку ліжы з адданасцю псінаю - цень твой усё роўна падзе асінаю, рук жа пераплёт - пятлёй.

Бойцеся Слова...

Не закаваць у путы жаваранка ў небе. Спрабуйце перад строем мару расстраляць. Калі насустрач палымянай лавай льюцца словы... Калі іх рэхам адгукаецца зямля, палі, лясы, дубровы... Калі ўласны салдат наставіць вуха ім гатовы - пазіцыяў, даруйце, і танкам не ўтрымаць.

Бойцеся Слова...

Вось жменька слоў крылатых да сонца ўзнялася. Там хтосьці з клеткі ўзяў ды выпусціў другую. Не трэба корму ім на тое, каб жылі. Мужнеюць у прасторы, чакаючы вясны. Не птушаняты ўжо, дарослыя арлы, гатовы каменем несціся да зямлі. Вось збіліся ў хмару, з гнёздаў усяго свету...

Пры гуле гэткай хмары тонкі піск ракетаў, паверце любенькія, - вераб'ям на смех. Ды і трапіць як пры тым - у прывід, у дрыжыках, наспех?

Бойцеся Слова...

І сховішчаў няма. Няма і абароны. Што ж супрацьставіць яго бязлітаснаму джалу, якога не бярэць і ні агонь і не меч? Куды вам уцячы? Няма такіх пустэч, дзе не сягнула б. Няма такое далі. Не засланіцца нат' сцяною з кутай сталі... Бо Слова, паверце мне, самое гартуець сталь, - і таму праз сталь, наскрозь, патрапіць біць на смерць.

Дзеля таго і надалей гавару вам - бойцеся Слова!


1970-1985?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая