epub
 
падключыць
слоўнікі

Юры Станкевіч

Бесапатам

Памяці Яны

 

На пачатку будаўніцтва ў лясным прыгарадным масіве запаснога аэрапорта ў адным з дамоў у суседнім мікрараёне сталіцы з'явіліся ў розны час трое новых жыльцоў - трое маладых людзей: двое мужчын і адна дзяўчына.

Дом быў дзевяціпавярховы, блочны, пабудаваны ў сямідзесятых гадах; цяпер, за даўнасцю, дзвярэй і вокнаў у пад'ездах не існавала, сцены былі ў брудных пісягах, а ўнізе, вакол яго, зашморганая трава стракацела смеццем. У канцы лета ў гэтым доме і аб'явіўся сантэхнік Ілля,які па распараджэнню дамкама часова заняў «калясачную» на першым паверсе і стаў там жыць. «Калясачнай» называлі спецыяльны пакой, у якім маладыя бацькі маглі пакідаць каляскі, каб не загрувашчваць імі ліфты, але прадугледжаная архітэктарамі «калясачная», як і шмат чаго, не выкарыстоўвалася па прызначэнню, дый нованароджаных апошнім часам амаль не назіралася.

Сантэхнік Ілля быў сярэдняга росту малады чалавек гадоў каля трыццаці, без асобых прыкметаў, акуратна пастрыжаны шатэн, з роўным праборам, вострымі белымі зубамі і адлучана-непраніклівым позіркам бясколерных, нібы выцвілых на сонцы, вачэй.

У першы дзень, як засяліўся, ён выкінуў з «калясачнай» смецце, пакінутае мастаком, які раней часова займаў гэты пакой пад рабочую майстэрню, паставіў раскладны ложак, падключыў радыё і старанна вымыў ванную і прыбіральню, асабліва ванную, дзе прыстасаваў шланг і адрэгуляваў сток вады так, каб доўгі час падтрымліваць патрэбную яму тэмпературу. Гэта заняло ў сантэхніка Іллі амаль увесь дзень. Да вечара ён паспеў зрабіць яшчэ адну справу - падвесіць на цвіках са знешняга боку дзвярэй невялічкую скрыню з прарэзам, на якой вывеў пэндзлікам, скарыстаўшы пакінутую мастаком белую фарбу, словы:

СКАРГІ І ПРАПАНОВЬІ

і ніжэй, драбнейшымі літарамі:

ПРОСЬБА ПАДАВАЦЬ ПІСЬМОВА

Пасля гэтага сантэхнік Ілля выйшаў з пад'езда на двор і пасядзеў крыху на лаўцы, хаця ад прапановы аднаго з жыльцоў выпіць віна ветліва адмовіўся, патлумачыўшы:

- Не ўжываю.

Але размову з мужчынамі, якія вярнуліся з першай змены, падтрымліваў амаль да цемнаты і нават на розныя тэмы гаварыў сам. А потым, калі ўжо накрапваў дождж, зачыніўся ў сябе ў «калясачнай», дзе з'еў кавалак белага хлеба, запіваючы малаком з рыльца. Увесь гэты час ён уважліва слухаў радыё.

Бліжэй да поўначы сантэхнік Ілля напоўніў ванну, прынёс тэрмометр і праверыў тэмпературу вады, падагнаўшы яе так, каб яна падвысілася да трыццаці пяці градусаў, пасля чаго выключыў радыё, распрануўся, запіхаў у вушы берушы і, адрэгуляваўшы сток, каб тэмпература трымалася на адным узроўні, лёг у ваду. Нейкі час ён ляжаў нерухома ў цемры, і вада раўнамерна нацякала са шланга і выцякала праз адтуліну ўнізе, так што ён задаволена хмыкнуў, навобмацак выцягнуў з кішэні штаноў, што ляжалі на зэдліку, цыгарэту, запаліў і выкурыў да сярэдзіны, а потым затушыў яе, вылез з ванны, выцерся ручніком, лёг у ложак і праз нейкі час заснуў.

Раніцай сантэхнік Ілля праверыў скрыню на дзвярах, але заявак на рамонт у ёй не знайшоў, адшукаў цэлафанавы мяшок і пайшоў у краму, адкуль неўзабаве вярнуўся з хлебам і малаком у пакетах, але скрыні на дзвярах не выявіў - свежыя абломкі яе якраз валяліся пад нагамі. Сантэхнік Ілля падумаў і сказаў уголас:

- Ну, свет настаў - ні палажы, ні пастаў.

І пакуль рабіў новую скрыню, з бляхі, - раз-пораз ветліва размаўляў з жыльцамі, якія заходзілі і выходзілі з ліфта, але на просьбы некаторых прыняць вусныя заяўкі на рамонт коратка адказваў:

- Толькі пісьмова, у мяне ўлік.

Ён урэшце прыкруціў шрубамі новую скрыню, і тут якраз у пад'езд зайшла маладая жанчына гадоў дваццаці пяці, вышэй сярэдняга росту, цёмнавалосая, з кароткай стрыжкай, і сантэхнік Ілля кінуў зашрубку ў сакваяж з інструментам і, як зрабіў бы амаль кожны мужчына яго ўзросту, павярнуўся ў яе бок - зірнуць. Жанчына - а зблізу гэта была хутчэй дзяўчына, толькі вельмі стомленая на выгляд, між тым замарудзіла крок, уважліва аглядаючы шэра-зялёнымі вачыма скрыню і надпіс на ёй, а потым спынілася.

- Адрамантаваць званок на ўваходзе - гэта ў вашай кампетэнцыі? - раптам спытала яна афіцыйна, як пытаюць у афіцыянта ў рэстаране.

Сантэхнік Ілля кіўнуў з гатоўнасцю.

- Калі вы напішаце заяўку, ну і адпаведна аддзячыце, - ён з удаванай фамільярнасцю падміргнуў, - не адмоўлюся.

- Заяўку? - пагардліва паўтарыла дзяўчына. - Вы гэта сур'ёзна, таварыш пралетар?

- Так, - сказаў сантэхнік Ілля, быццам не заўважыўшы «пралетара» і зняважлівага тону.

І ён ужо натуральна і без намёкаў на заляцанні коратка патлумачыў, што калі-небудзь дамавы камітэт ці з жыллёва-эксплуатацыйнага ўчастка раптам пачнуць патрабаваць (і ўрэшце гэта непазбежна) справаздачу, і вось тады дарэчы будуць усе паперкі ад жыльцоў, якія ён абачліва збірае. Дзяўчына выслухала яго, а потым у паўзе прапанавала:

- Я з сёмага паверха, кватэра шэсцьдзесят шостая, вы зойдзеце, і я адразу напішу вам заяўку, ну, калі без яе вам жыццё не ў кайф.

- І што са званком? Зламалі малалеткі? - спытаў сантэхнік Ілля.

Але дзяўчына патлумачыла, што званок, пэўна, проста няспраўны, бо вечарамі, як ні дзіўна, часта звоніць сам, яна падыходзіць да дзвярэй, глядзіць у «вочка», але нікога не бачыць, і так не раз.

Сантэхнік Ілля выцягнуў вусны, абазначыўшы гэтым здзіўленне, і пахітаў галавой. Ён быццам зацікавіўся яшчэ больш, а таму раптам замкнуў «калясачную», падабраў з падлогі сакваяж з інструментамі і нагнаў дзяўчыну ўжо ў ліфце. З рыпеннем яны ўзнімаліся ўгору. Сантэхнік Ілля патлумачыў, што вырашыў зірнуць на званок зараз. Ён увесь час моршчыўся.

- Смурод, - сказаў ён спачувальна.

Дзяўчына перасмыкнула плячыма.

- У ліфтах і пад'ездах пахне аднолькава, але я чую яшчэ і «траўку», - раптам адзначыла яна.

Сантэхнік Ілля зірнуў ёй у вочы.

- І які ж, па-вашаму, пах у «траўкі»? - спытаў ён.

- Пах сена, нагрэтага сонцам.

- Ніколі б не падумаў, - меланхалічна адзначыў сантэхнік Ілля. - У вас надзвычай тонкі нюх.

Яны выйшлі з ліфта. Дзяўчына пачала адчыняць дзверы кватэры. Сантэхнік Ілля між тым выцягнуў з сакваяжа інструмент, ускрыў зашрубкай званок, агледзеў і зноў зашчоўкнуў пластыкавую накрыўку.

- Званок спраўны, - сказаў ён і націснуў.

У пярэдняй бомкнула.

- Выбачайце, - між тым гаварыла дзяўчына, - што я вас не запрашаю. У мяне да таго ж беспарадак. Але на днях я зраблю вам пісьмовую заяўку: на сумяшчальнікі ў ваннай і на кухні. Тады за ўсё, і за званок, разам і аддзячу. Згода?

- Я так разумею, што ў вас у кватэры няма гаспадара, - сказаў з намёкам сантэхнік Ілля, - бо дробны рамонт можа зрабіць кожны мужчына.

- Гэта кватэра маёй маці, - праз паўзу незадаволена патлумачыла дзяўчына. - Мы нядаўна памяняліся з ёй аднапакаёўкамі - яна хоча жыць бліжэй да цэнтра, бо тут яе аднойчы абрабавалі «гопнікі». Проста на вуліцы. - І дадала з выклікам і амаль злосна: - А «траўкай» пахне, між іншым, ад вас.

Сантэхнік Ілля паціснуў плячыма.

- Хіба што так, - усміхнуўся ён, паказаўшы белыя вострыя зубы.

- Бывайце, - дзяўчына ўжо зачыняла дзверы, але раптам сантэхнік Ілля нібы схамянуўся.

- Дарэчы, ледзь не запамятаваў, - сказаў ён, - калі вы яшчэ пачуеце званок і нікога ў «вочка» не ўбачыце, не здзіўляйцеся. Проста не адчыняйце і не выходзьце.

- Гэта яшчэ чаму?

- Хіба вы не здагадваецеся, хто імкнецца да вас у адведкі?

- І хто гэта, па-вашаму? - праз паўзу спытала дзяўчына.

- Цяжка вось так, адразу, патлумачыць, зразумейце толькі мяне правільна. Наўрад гэтыя склезні-малалеткі дабіраюцца аж да сёмага паверха. Яны бліжэй да падвала трымаюцца. Значыць, тут нешта іншае ціснецца да вас. Магчыма, кавалак ночы, цемры, а можа, проста пустата. Я называю гэта смерцю. Кожнаму яна ўяўляецца па-рознаму. Але, мяркую, усё нашмат сур'ёзней, ва ўсякім разе, больш сур'ёзней, чым калі б да вас пастукаліся «гопнікі».

- Вы хочаце сказаць, што мне званіла...

- Ш-ш-ш, ціха, не гаварыце больш нічога, - перапыніў дзяўчыну сантэхнік Ілля і азірнуўся навокал. - Я адразу западозрыў гэта, калі вы сказалі, што за дзвярыма нікога не бачылі. Вы і не можаце нешта бачыць, - дадаў ён задумліва. - Прычына простая: наша недасканаласць.

Дзяўчына прыпынілася.

- Лухта. Калі і так, то ёй можна проста пранікнуць праз фортку. Тая заўсёды адчынена.

- Ну, вы ж не ходзіце праз фортку ці вокны. Дый вашы статусы непараўнальныя. Чаму ж ёй так прыніжацца і лазіць праз усякія шчыліны?

- А вы, прабачце, на хваробу Блэйера часам не хварэлі? - пацікавілася раптам дзяўчына. - У вас дзіўны накірунак мыслення, - і дадала не без ранейшай прыхаванай злосці: - Не крыўдуйце, таварыш пралетар.

Але сантэхнік Ілля сказаў, што не мае звычкі крыўдаваць на каго і за што-небудзь, бо з гэтага ніколі не бывае ніякага толку. І ён падняў з падлогі сакваяж і пайшоў уніз па прыступках не азірнуўшыся, а дзяўчына яшчэ пастаяла крыху, трымаючыся за ручку прачыненых дзвярэй, а потым, нібы схамянуўшыся, рэзка зачыніла іх і зашчоўкнула на замок.

Роўна праз суткі, бліжэй да ночы, у сябе ў «калясачнай» сантэхнік Ілля запоўніў вадой ванну, звыкла замераў тэмпературу вады і пагрузіўся ў яе, запаліўшы цыгарэту з «траўкай». Ён доўга ляжаў, расслабляючы цягліцы рук, ног, а потым шыі і плячэй і прыслухоўваючыся.

Цемра агарнула яго нібы чорнай, ватнай коўдрай, і толькі агеньчык цыгарэты слаба свяціўся ў руцэ, а потым недапалак выпаў з пальцаў, зашыпеў і згас на мокрай падлозе, і запала цішыня, і ў гэтай вязкай цішыні сантэхнік Ілля марудна склаў рукі за шыяй, развёў локці ў бакі і пачаў рытмічна ўдыхаць паветра, спакваля засяроджваючыся на думцы, што цела можа паклапаціцца пра сябе само, калі ён яго пакіне.

Гэта быў метад дыхання пры глыбокай медытацыі - так званае «дыханне дэльфіна». Трэба выдыхнуць з лёгкіх усё паветра, потым напоўніць іх і затрымліваць дыханне да апошняй магчымасці. Гэта супакоіць цела, пасля чаго варта хутка выдыхнуць паветра і зноў набраць яго кароткім рухам, і так шмат разоў, - як ён рабіў гэта раней і робіць цяпер.

Цемра між тым расшыралася і разбухала вакол яго ва ўсіх напрамках, а разам з ёй надыходзіла маўчанне. Нічога не існавала ў гэтым свеце, апроч цемры і маўчання, і ён раптам нібыта выйшаў з ванны і пайшоў на слабае святло зорак, адчуваючы вакол сябе плаўнае віраванне матэрыі, якая станавілася ўсё больш разрэджанай, і паднімаўся вышэй, і вось нібы ўвесь Сусвет з яго ста пяццюдзесяццю пяццю мільярдамі галактык расхінуў перад ім адну са сваіх незлічоных брамаў і прапусціў яго, бо ён раптам скіраваў у цёмны тунель і заслізгаў па яго сценах, пакуль не апынуўся, сцішыўшы рух, у сферычнай прасторы са сценамі-сотамі, у якіх раўнамерна мігцелі крышталічныя істоты ў форме прастакутнікаў. Ён пазнаў гэта месца, бо прысутнічаў у ім раней, у мінулых сваіх вандроўках.

Раптам перад ім з'явіўся чмель. На выгляд гэта быў звычайны садовы чмель, так званы Bombus portorum, з целам, пакрытым густымі валаскамі, у чорных, белых і ярка-рудых палосах. Дзве пары перапончатых крылаў з ячэістым жылкаваннем вібрыравалі з лёгкім гудзеннем. Позірк пукатых вачэй быў скіраваны проста на яго.Чмель у гэтых сценах-сотах сярод істот-прастакутнікаў быў, вядома, настолькі нязвыклы, што ён адразу зразумеў - гэта ніякі не чмель, а Запрашальнік. І адразу, калі вызначэнне ім сутнасці ўсплыло ў свядомасці, яна пачала знікаць, паступова ператвараючы садовага чмяля ў звычайную светлавую кропку. Кропка між тым па-ранейшаму з гудзеннем вібрыравала. І гудзенне на гэты раз рабілася ўсё больш гучным, а потым і зусім нясцерпным, так што ён вымушаны быў крыкнуць: «Цішэй!», але цішыня не прыходзіла, і тут ён адчуў страх і сумненне - нязвыклыя пачуцці ў гэтым свеце, бо раптоўна Запрашальнік падаў знак: «нешта не так» і павярнуў назад, у тунель, і ён рушыў за ім, і рух усё паскараўся, ужо без чмяля-кропкі, без Запрашальніка і без тунеля. Ён нібы ачуняў - зноў ляжаў у ванне, пульс быў пачашчаны, а ў вушах - хаця ён і не выцягваў берушы - гучала ўсё тое ж надрыўнае гудзенне.

Сантэхнік Ілля вылез з цёплай ванны і, пакідаючы на падлозе сляды мокрых ног, падышоў да акна. Шкло брынкала ў такт з гудзеннем магутнага грузавіка на дарозе, і, адзначыўшы гэта, ён быццам супакоіўся, старанна выцерся ручніком, апрануўся і выйшаў з пад'езда ў ноч.

Было цёмна, вільготна і халаднавата. На трасе, дзе нядаўна аднавіўся аўтамабільны рух, раўлі маторы і свяціліся фары машын, якія, як ён ужо здагадаўся, але не прыняў у разлік раней, у тры змены дастаўлялі бетонны раствор у месца будаўніцтва будучага аэрапорта. Вось адкуль шум, які стварыў яму перашкоду, устурбавана думаў ён. Сантэхнік Ілля крыху пастаяў, прыслухоўваючыся да начных гукаў, а потым вярнуўся ў «калясачную», уключыў святло, сеў за стол і запісаў у нататнік, асабліва не зважаючы на знакі прыпынку:

«2 верасня. Чацвер.

выхад у транс няўдалы на жаль у мяне няма чыстага «Сандаза» і нават «трава» хутка скончыцца а шкада бо я быццам раблюся сведкам падзей якія могуць даць форы тым што апісваюць Райманд Мудзі і Кенет Рынг але ўсё гэта неістотна бо пасля некалькіх эксперыментаў у басейне і ванне мая дзейнасць як даследчыка дастаткова высветлілася так я зноў сустрэўся з Запрашальнікам які з'яўляецца правадніком і паказвае мне цэлы асобны свет а ўпершыню гэта здарылася калі мне было дзевяць гадоў пад наркозам здаецца гэта быў эфір выдалялі зуб і я вельмі спалохаўся і раптам быццам выскачыў са свайго цела і апынуўся ў месцы дзе анёл супакоіў мяне цяпер я ведаю што гэта быў не анёл а Запрашальнік неарганічная сутнасць але справа не ў гэтым а ў тым што я адкрыў іх свет і некалькі важных законаў і

 

першы з іх

гэта тое што цела можа паклапаціцца пра сябе само калі чалавек яго пакідае

 

другі

можна адразу вярнуцца ў цела калі звонку становіцца небяспечна

 

і таму ўсе гэтыя размовы са спасылкай на старажытных кітайцаў (маўляў калі ў рэзкай форме і нечакана разбудзіць чалавека які вандруе на Высокіх Узроўнях то душа можа не паспець вярнуцца ў цела) з'яўляюцца наіўнымі ў сітуацыі з Запрашальнікам не зусім дакладнымі падаюцца мне і залішнія перасцярогі пра тое што Сусвет кішыць драпежнікамі якія палююць за энергіяй бо як інакш трапіць у іх свет які ўвесь час наглуха закрыты для нас усіх аб іх велічы сведчыць хіба тое што чалавек які па падліках амерыканскага біяфізіка Э.Брода вылучае на адзінку масы ў тысячу разоў больш энергіі чым Сонца там проста святляк не інакш але калі яны накапілі за мільёны гадоў неверагодна многа энергіі то адсюль вынікае

 

трэці закон

той хто здолее пазычыць альбо забраць хітрасцю ці сілай у неарганічных сутнасцяў неабходную яму колькасць энергіі і вярнуцца ў цела - сам становіцца звышсутнасцю...»

 

Запісаўшы гэтыя словы, сантэхнік Ілля пазяхнуў і зірнуў на гадзіннік, што ляжаў на стале, убаку ад настольнай лямпы. Гадзіннік паказваў тры гадзіны ночы.

Сантэхнік Ілля зноў вярнуўся да нататніка і дапісаў некалькі сказаў, пазначыўшы іх пастскрыптумам і па-ранейшаму ігнаруючы коскі і кропкі:

«Р.S. дзяўчына якая ведае пах «траўкі» верагодна сама ўжывала ці ўжывае яе а можа што і іншае яе прозвішча высветлілася па жэкаўскіх спісах

Мураш

так Мураш».

Запісаўшы двойчы прозвішча дзяўчыны ў слупок, сантэхнік Ілля паставіў на лісце знак пастпастскрыптума і дадаў яшчэ некалькі дзесяткаў слоў:

«Р.Р.S. гэта «калясачная» ідэальнае месца каб не маторы па начах а калі закончыцца будоўля і пачнецца рух самалётаў то варта мяняць жытло здзіўляе тое што колькасць міжнародных рэйсаў змяншаецца а яны будуюць аэрапорт а шкада бо начальнік ЖЭКа ўладкаваў мяне з жытлом што выгодна і яму выплачваючы мне толькі палову стаўкі і мне бо дзе я знайду асобны пакой з ваннай каб працягваць свой дослед...»

Шум ад матораў грузавікоў і вібрацыя шкла між тым не спыняліся. Сантэхнік Ілля выключыў лямпу і яшчэ некалькі хвілін назіраў за святлом аўтамабільных фар, якое слізгала па небе, калі машыны ўзнімаліся пад гару, а потым лёг на ложак і, нібы па загаду, хутка заснуў.

Пабудзілі яго галасы ў пад'ездзе і рыпенне ліфта. Было восем гадзін. Сантэхнік Ілля ўключыў радыё, вылез з ложка, склаў у некалькі разоў коўдру, паслаў яе на падлозе і пастаяў на галаве, закінуўшы доўгія худыя ногі без прыкметы загару на сцяну і адначасова слухаючы навіны, пасля чаго пачысціў зубы, апрануўся і выпіў малака, заядаючы яго жытнім хлебам, а потым выйшаў за дзверы і праверыў наяўнасць бляшанай скрыні з вонкавага боку. Скрыня вісела на сваім месцы, і сантэхнік Ілля адчыніў яе, але, апроч некалькіх недапалкаў, пустога пачка з-пад цыгарэт і скамечанага цюбіка з-пад клею, нічога не выявіў.

Першая скарга-заяўка паступіла толькі праз дзень. Яна ўяўляла сабой складзены ў два разы аркуш, на якім было выведзена няроўнымі літарамі па-расейску і з памылкамі:

«Протекает труба отопления в кв. 98 у пенсионера Мухина И.Д. Убидительно просят помочь...»

А ўжо пасля гэтых слоў было дапісана яшчэ адно:

«... змеевик».

За якім стаялі подпіс і дата.

Таму з раніцы сантэхнік Ілля, не марудзячы, адразу пайшоў у суседні пад'езд і падняўся па лесвіцы ў дзевяноста восьмую кватэру, дзе сапраўды выявіў праржавелы змеявік, і замацаваў на трубу часовы гумавы «хамуток».

Прайшоў яшчэ адзін дзень - рух на трасе па начах не спыняўся, і сантэхнік Ілля больш не спрабаваў увайсці ў транс, а наступнай раніцай прачнуўся ад гвалту на лесвічнай пляцоўцы, і калі выйшаў, то даведаўся, што на другім паверсе пад батарэяй ацяплення выявілі цела маладога мужчыны. Мужчына, як пайшла пагалоска, памёр ад перадазіроўкі і быў не з іх дома, тым не менш па ўсіх кватэрах хіба што спехам прайшлі міліцыянты, якія агледзелі і «калясачную», пэўна, нідзе нічога не знайшлі, і да вечара гэта падзея амаль што страціла сваю першапачатковую значнасць.

 

* * *

 

Запасны аэрапорт было загадана адкрыць да наступлення зімы - так гаварылі леснікі, з якімі Фёдар Сак вымушаны быў іншы раз піць і пасля начаваць ледзь не ў хлявах, часта на падлозе, да ўсяго ён дрэнна пераносіў спіртное, а леснікі заўсёды казалі аднолькава:

- Пі.

І ён піў з імі прывезеную ім жа гарэлку, а назаўтра яму было блага: пры росце за сто дзевяноста ён важыў семдзесят кілаграмаў, а штодня соўгаць бензапілой - гэта не кожны вытрывае. Ужо больш месяца ён, звяраючыся з планам і картай, абвальваў дрэвы пад аўтамабільную дарогу, якая ішла праз лес з будучага аэрапорта. Рабіў гэта і ў той дзень, калі бандыты знайшлі яго. Урэшце знайсці было не так і цяжка: выразаная паласа шлейфам цягнулася за ім.

Лес ужо апусцеў, яго жыхары, пэўна, рыхтаваліся да холаду, сну, адзіноты, ва ўсякім разе жамяра, што дакучала чалавеку летам, знікла, і птушак паменела. Толькі аднойчы ён убачыў, як з ельніку сарвалася ў паветра цяжкае цела глушца, а потым зноў запанавала ціша. Вось і цяпер, як толькі ён прыпыняўся адпачыць, холад пранікаў праз армейскі камуфляжны камбінезон, і ён распаліў вогнішча, дастаў з сумкі невялікі кавалак сала, хлеб, акуратна і ашчадна нарэзаў нажом і пачаў есці. Вогнішча разгарэлася і з трэскам выкідвала ў паветра языкі полымя, і гэты шум і пяшчота раптоўнай цеплыні падвялі яго, - таму яны падышлі амаль усутыч, ён толькі і паспеў завесці «шведку» і стаў ім насустрач, спінай да вогнішча, і піла ў яго руках мякка гірчэла, бліскаючы сталлю ланцуга.

Бандытаў было двое, - ён, падумаўшы, нават мог успомніць іх мянушкі, - «дахавыя» таго чалавека, якому ён быў вінен грошы, - у спартыўных касцюмах, укормленыя, упэўненыя ў сабе «качкі», - адзін з іх падабраў палку - ламачча, ім жа натраляванага, навокал было шмат, а другі спытаў саркастычна:

- Ну, а бензін хутка скончыцца, дык што тады?

Фёдар Сак выключыў пілу і ў наступіўшай цішыні, якая парушалася толькі рыпам дрэў, сказаў:

- Мо пошту прывезлі? Я б газету свежую пачытаў. А то здзічэў тут.

Бандыты - абодва коратка і акуратна падстрыжаныя, скуластыя, нібы браты, - пераглянуліся.

- Жартуеш? Ну-ну, пахіхікай. Думаў, у гэтым схроне не знойдуць?

- Грошай няма, - апярэдзіў іх далейшыя пытанні Фёдар Сак. - Выбівайце з кампаньёна, я - пас.

- А дзе мы тую суку за цябе шукаць будзем? У Салехардзе? А мо ў Бамбеі? Ці ў Стамбуле?

І пачалі нудна і назойліва павучаць яго: як абачліва трэба выбіраць не толькі падзельніка, а і жанчыну таксама, і што ад гэтага іншы раз залежыць не толькі ўдача ў справе, а і само жыццё.

З пачуццём тугі і безвыходнасці ён назіраў за іх спрытнымі рухамі - яны непрыкметна падабраліся да яго бліжэй. Пад курткамі ў іх павінна быць зброя, меркаваў ён, а можа, і так прыехалі - не ім жа яго баяцца: лес выцягнуў з яго ўсе сілы. І тое, што яны не зрэагавалі на яго нахабны гумар, было дрэнным знакам і сведчаннем таго, што ў іх усё раскладзена: што і як рабіць.

- На паперах - твой подпіс? Вось і вяртай: парадак жа ведаеш. Палову аддаў - вернеш і астатняе, - гаварылі яны напорыста, але ўпэўнена і спакойна, без штучнага нагнятання істэрыкі.

- Не, - пераканаўча сказаў Фёдар Сак. - Вы ж там разбярыцеся - мяне падставіў кампаньён. А за сябе я разлічыўся. Едзьце і так і перадайце: грошай больш не будзе.

Бандыты між тым зрабілі яшчэ па кроку бліжэй да яго і апынуліся амаль на адлегласці працягнутай рукі.

- Ты думаеш, мы цябе адшукалі тралівалі базарыць? Бензіну каністру спалілі, каб ля вогнішча пасядзець? Цябе, салаўя, паслухаць?

- Я ўсё сказаў.

- Гавары пра грошы, калі і дзе...

- Не, расход. У мяне і абед скончыўся, - падсумаваў Фёдар Сак.

Ён пацягнуўся за «шведкай», але яны раптам накінуліся разам, звалілі яго на зямлю і з хвіліну білі нагамі ў жывот і галаву, яго ратавала тое, што ламачча пад нагамі не давала ім размаху, а потым абшукалі кішэні камбінезона і знайшлі стодаляравую купюру (увесь яго капітал на непрадбачаны выпадак) і асабістую пячатку, якая з даўняй пары заставалася ў яго як прадмет гонару. Грошы яны забралі, а пячатку пачалі круціць у руках і чыталі ўголас:

- «Бізнесмен Фёдар Рыгоравіч Сак».

І смяяліся, перацвельваючы:

- Балерун Іван Пятровіч Грак.

І плявалі ў вогнішча, чакалі, пакуль ён ачуняе настолькі, каб пачаў кеміць. А калі ўбачылі, што ён падняўся з зямлі і ў вачах з'явілася асэнсаванасць, зноў даводзілі:

- Тыдзень табе, каб грошы прынесці, лічыльнік уключаны, а не прынясеш - з сястры тваёй спытаем, але спачатку ты сваёй задніцай адкажаш.

І пыталіся:

- Усё зразумеў?

І адразу быццам расслабіліся, напруга спала, і абодва, зрэдку перапыняючы і дапаўняючы адзін аднаго, пачалі тлумачыць, што знайшлі яго не проста так, але калі сюды ехалі, то перагаварылі паміж сабой і прыйшлі да высновы, што ён ім, вядома, ніякі не вораг і яны нават паважаюць яго, таму што ў вядомых ім колах ён ні на якай падлянцы не засвяціўся - такі расклад, але жыццё і ўсё астатняе (ён жа павінен разумець) не імі прыдуманае, і заданне яны павінны адпрацаваць, бо і ў іх задніцы таксама не жалезныя.

Фёдар Сак, які ўжо зусім ачуняў, патрос галавой, каб суняць боль, і спытаў:

- Ну, і што за заданне? Гаварыце карацей, а то сцямнее, ці, можа, вы і чакаеце, каб стала цёмна?

Але тут яны пачалі нават смяяцца і сказалі, што пакуль не «мачыць» яго прыехалі, а цемра якраз тое, што можа яго выратаваць, бо якія фотаздымкі атрымаюцца ў цемры? Вядома, аніякія. І выцягнулі невялічкі фотаапарат у паўдалоні велічынёй - паказалі.

- Дык ваша заданне - прывезці мой здымак? Каб упэўніліся, што я плацежаздольны?

На гэтыя яго словы бандыты зусім развесяліліся і пачалі тлумачыць, што ён не кіназорка, каб рабіць яго здымкі, а аб'ект сур'ёзнай справы - задання. Толькі вось выканаць яго ці не - іхні клопат. Яны ж могуць адгаварыцца і тым, што стала цёмна, і што апарат нібы адмовіў, і яшчэ чым-небудзь. А заданне ў іх простае: адным словам, іх паслалі, каб яны прывезлі доказ яго прыніжэння. Бо так патрабуе паняцце.

- Прыніжэння? - знешне спакойна спытаў здзіўлены Фёдар Сак.

І бандыты, уладкаваўшыся зручней на пяньках і па-ранейшаму сплёўваючы ў вогнішча, гаварылі, што вядомы яму чалавек, якому ён, Фёдар Сак, вінен грошы і які іх паслаў, хоча не толькі вярнуць тыя грошы, а і захаваць за сабой пэўны імідж, інакш яго самога не стануць паважаць і тым больш баяцца ў іх колах і ў некаторых сітуацыях, бо варта ж згадзіцца з тым, што калі чалавек не будзе жорсткім - ён не выжыве, хаця, з іншага боку, калі той жа чалавек не будзе мяккім да людзей, то ён не заслугоўвае таго ж жыцця, хіба не так? Дык вось, працягвалі яны, ну, які з яго, урэшце, бізнесмен, ха-ха, ён жа прагарэў на першым жа прыліпале: той уцёк, а яму, «свежаку», расплачвацца. Сэнс усяго ў тым, казалі далей яны, што яны знайшлі яго, каб апусціць і прывезці доказ у выглядзе адпаведнага здымка. Але ж яны не якія там казлы ці ваўкі пазорныя, гаварылі бандыты, і задніца яго ім не патрэбная, а сама акцыя будзе прыкладна заключацца ў тым, што яны, дакладней, адзін з іх, правядзе каля яго твару чэлясам, а другі проста зробіць здымак - вось і ўсё, але такі вось просценькі, на першы погляд, ха-ха, рытуал знішчыць яго як чалавека для ўсіх астатніх, ён згодны? Ну, хто стане пасля таго фотаздымка мець з ім якія справы ці, увогуле, паціскаць яму руку? У яго хутчэй за ўсё пасля гэтага будуць толькі два шляхі: першы - наскрэбці і аддаць грошы, забраць негатыў і жыць з такім раскладам далей, ці другі - стаць снайперам ля якога гастранома. Але ж яны, доўжылі далей бандыты, згодныя заключыць з ім невялікае пагадненне: ён, Фёдар Сак, за іх шчырасць і памяркоўнасць ахвяруе ім палову той пазыкі - вось і ўсё. І ім будзе няблага, і яму, а таго чалавека, які іх паслаў, яны адвядуць ад мэты ўбок. Тут ёсць шмат варыянтаў: і ўвогуле яго не знайсці, і падзельнік быццам, па чутках, вось-вось з'явіцца - варта на таго пераключацца. А там усё сплыве, бо жыццё, як вада ў рэчцы, не стаіць на месцы, хіба не так? А грошы - справа нажытная: яму ж павінны хутка заплаціць за лес, знойдзе яшчэ тое-сёе, паднапнецца як-небудзь, аддасць і - расход.

- Але ў мяне больш няма грошай і наўрад ці будуць, - сказаў Фёдар Сак.

- Вось гэта ўжо твая праблема. Захочаш - знойдзеш. Вельмі захочаш - хутка знойдзеш. І тэрмін твой - тыдзень.

- Падумаю. Я магу падумаць?

- Вось гэта правільна. Думай. Уключай макітру. Не давай ёй адпачываць.

І яны засмяяліся, а потым, як па камандзе, разам ускочылі на ногі, сплюнулі напаследак у вогнішча і пайшлі праз лес назад, а Фёдар Сак абмацаў твар з распухаючым вокам і з паўгадзіны сядзеў, прыходзячы ў сябе, а потым узняўся на ногі, вогнішча ўжо дагарала, запіхаў у футляр «шведку» і рушыў на бальшак, да бліжэйшай вёскі, дзе доўга чакаў на прыпынку рэйсавага аўтобуса, пачынала ўжо цямнець, яго званітавала ў кустах, а потым урэшце прыйшоў аўтобус, поўны людзей, разам з ім уціснуліся ў салон некалькі чалавек, і давялося амаль увесь шлях стаяць, прытуліўшы да ног «шведку» і назіраючы ў духаце і бензінавых выпарэннях, як за бруднымі ад пылу вокнамі салона праплываюць убогія вёскі з аднолькавымі хатамі і дзе-нідзе лаўкамі каля тых хат, а на тых лаўках калі-нікалі сядзелі спрацаваныя нямоглыя старыя, якія праводзілі машыну патухлымі позіркамі і гаварылі, меркаваў Фёдар Сак, яны паміж сабой, пэўна, аднолькавае і неістотнае, - такія сядзелі ля пад'ездаў і ў тым мікрараёне сталіцы, дзе ён жыў, гаворачы што-небудзь накшталт:

«- Ідзе Кітай - усё кідай».

І ўздыхалі цяжка і скрушна:

«- А-ха-ха, так».

Хаця пры чым тут быў сапраўдны Кітай - ніхто, і самі яны, не ведалі, думаў Фёдар Сак, назіраючы ў акно, як у промнях заходзячага сонца за вёскамі цягнуліся палеткі з нявыкапанымі буракамі, пачынаўся і сплываў назад лес, а потым брукаванка раптоўна скончылася, і пад коламі аўтобуса зашамацеў асфальт. Ён назбіраў у кішэнях дробязі на білет, перадаў шафёру і падсвядома ўвесь час меркаваў пра тое, што яму, пэўна, ніколі не ўзбіцца на тыя дзесяць «штук» - гэта ж кошт кватэры ў тым мікрараёне, дзе ён жыве, а можа, у яго становішчы варта ўвогуле з'ехаць куды, але ж бандыты пойдуць да бацькоў, праз квартал ад іх жыве і сястра з малой дачкой - яны дакладна ўсіх вылічылі. Не шмат заробіць ён і «шведкай», хіба што аэрапорт хутка пабудуюць, зіма паставіць кропку на ўсім, не сезон - і ўсё. Але тыя жывёлы чакаць не будуць, маць іх, а то, можа, з'явіцца на вочы падзельнік - ён жа павінен урэшце вынырнуць, але чакаць гэтага дарэмна, думаў Фёдар Сак, і тут аўтобус завярнуў на аўтавакзал.

Увесь час ён стаяў, сціснуты целамі, таму, калі саступіў на зямлю - галава закружылася, ён раптам адчуў, што яму блага, пашукаў вачыма лаўку, пасунуўся да яе і на кароткі час страціў прытомнасць, паспеўшы прыціснуць да сябе пілу. Праз паўхвіліны ён ачуняў: балела скронь - і тут ён пабачыў «гопнікаў» - іх было каля пяці - у танных куртках і заношаных джынсах, усе спрытныя, зухаватыя, абстрыжаныя амаль нагала і з цупкімі галоднымі позіркамі - гэтыя на ўсё пойдуць, думаў ён, а справа ў тым, што яны сесці не баяцца, не тое, што ён. Ён ні турмы, ні лагера доўга не вытрымае - вось у гэтым прычына, а ім там ледзь не ў кайф, і назіраў, як яны кругамі набліжаліся да яго, - пабачылі «шведку» і, пэўна, прынялі яго за гуся - за п'янага рабацягу, здагадаўся ён; і кругі іх рабіліся ўсё вузей, хаця яны і прыкідваліся, што не ведаюць адзін аднаго, і тут з-за пляча вытыркнуўся першы: вострыя вочы на невялікім, у прышчах, тварыку, вывучаючы, утаропіліся на яго, і, прагна зыркнуўшы на «шведку», «гопнік» спытаў быццам неістотнае:

- Закурым, мужычок, ці як?

Фёдар Сак азірнуўся навокал: ну, што за дзень сёння, - думаў ён, - быццам вакзал, але міліцыянтаў якраз ніводнага, хаця ў такіх выпадках іх ніколі няма, а пасажыры і насельнікі гэтага месца, учуўшы небяспеку, свядома і абачліва рассыпаліся па баках, - звычкі «гопнікаў» тут ведалі, і зразумеў толькі, што гэты дзень можа закончыцца для яго зусім ганебна, і выціснуў адчэпнае:

- Не куру.

Прышчаваты ўжо заходзіў з-за спіны і раптам прысеў на лаўку, а з другога краю сеў яшчэ адзін, які зіркнуў па баках і прапанаваў, мяшаючы расейскія і мясцовыя словы:

- Дак, можит, схрюкаемся, мужычок, - ты нам пілку, а мы цябе біць не станем, га?

Былы бізнесмен Фёдар Сак не адказаў. Словы, з якімі ён мог звярнуцца да іх, не маюць сэнсу, думаў ён, разглядаючы зблізу пустыя вочы, на дзіўны капыл зрэзаныя патыліцы, малыя галовы, нават галоўкі, як у мікрацэфалаў, - успомніў ён медыцынскі тэрмін: такіх, з галовамі з кулачок, пэўна, лёгка раджаць жанчынам, але вось такія асабліва небяспечныя, непрадказальныя і жорсткія. Як гэта філасофствавалі бандыты? Калі не жорсткі - то не выжывеш, а калі не будзеш мяккім да людзей, то ўвогуле не заслугоўваеш існавання...

І ён сядзеў і назіраў, чакаў, сам не ведаючы чаго, а «гопнікі» паселі з бакоў на лаўку насупраць і таксама чакалі, як гэта робяць драпежнікі, калі аточаць аслабелую ці параненую ахвяру.

Між тым хутка цямнела, запаліліся электраліхтары, і гэты перыферыйны аўтавакзал пакуль яшчэ ледзь улоўна, але пачынаў пусцець, а Фёдар Сак шчыльней ашчаперыў і прыціснуў да сябе пілу і ўявіў, як ён заявіцца да бацькоў: збіты, без грошай, але да іх яшчэ трэба было дабрацца без прыгод. Няблага ўскочыць зараз у таксі і - падалей ад гэтых вартавых, але ж дзе тое таксі, і грошы, грошы - вось пытанне, тужліва меркаваў ён.

 

* * *

 

Сутонела. Ацяпленне яшчэ не ўключылі, і было халодна. Захутаўшыся ў паліто, літсупрацоўнік ведамаснай шматтыражкі Ева Мураш сядзела ў крэсле ў сябе ў кабінеце, паліла цыгарэту і набірала на дыскету кароткія паведамленні з аператыўнай міліцэйскай зводкі пад рубрыку «Дасье 02».

«...устанаўліваецца месцазнаходжанне без вестак прапаўшай Яраш Юліі Антонаўны, 1978 г.н., ураджэнкі Менска (пакутавала на псіхічнае захворванне), якая 19 верасня г.г. пайшла з дома-інтэрната «Карасікі» і знікла.

Прыкметы: на выгляд 20 гадоў, рост 170 см, валасы светлыя, кароткія, хада няроўная, хісткая.

Была апранута: чырвоная вязаная шапка, карычневая куртка, чорныя гумовікі...»

Ева Мураш кінула недапалак у попельніцу, прыпаліла новую цыгарэту і працягвала набіраць. Пальцы яе былі жоўтыя ад нікаціну.

«...месцазнаходжанне Гапончыка Анатоля Іванавіча, 1975 г.н., ураджэнца в. Барсукі Менскага раёна (пакутаваў на псіхічнае захворванне), які 29 верасня пайшоў з дома-інтэрната «Карасікі» і не вярнуўся.

Прыкметы: рост 175 см, целасклад сярэдні, валасы светлыя.

Быў апрануты: шапка чорная, вязаная, шэрая куртка, чорныя гумовікі...»

Ева Мураш набірала механічна і падвярстала яшчэ дзве аналагічныя інфармацыі ў тую ж калонку, пасля пачала вычытваць, адначасова рэдагуючы тэкст.

Дом-інтэрнат «Карасікі», размешчаны ў прыгарадным лесе, рэгулярна пастаўляў некалькі трупаў: звычайна вясной, а то і зімой, іх знаходзілі аб'едзенымі дзікімі жывёламі. Зацікавіла яе іншая дэталь - усе прапаўшыя без вестак хворыя былі ў гумовіках, і гэта ўвосень, думала дзяўчына, і вычытала тэкст, а потым аднесла лісткі адказнаму сакратару: пенсійнага ўзросту, але маладжаваму мужчыну з выцягнутымі наперад, як у сабакі, сківіцамі, без адзінага сівога воласа на чорнай, абсыпанай перхаццю невялікай галаве. Той нядбайна кінуў лісткі ў стос перад сабой і быццам хацеў нешта сказаць, але дзяўчына знарок апярэдзіла яго - павярнулася і пайшла да сябе.

Ева Мураш зноў села ў крэсла, захуталася ў паліто, запаліла і стала назіраць праз акно, як на двары рэдакцыі бегаюць арандатары з другога паверха, фірмачы, якім здалі частку кабінетаў пад офісы, каб было чым плаціць зарплату сваім рэдакцыйным супрацоўнікам. Чым яны займаліся ў сваіх офісах, яна не ўнікала, бо ва ўпор не заўважала румянашчокіх маладых людзей яе ўзросту, у аднолькавых чорных плашчах ці паліто да пятак і з мабільнымі тэлефонамі ў руках, па якіх яны ўвесь час перагаворваліся адзін з адным, ці са сваімі істэрычнымі жонкамі, ці такімі ж каханкамі, ці проста бегалі па двары ля сваіх іншамарак і балбаталі нешта ў слухаўкі з антэнкамі ля вуха.

Часам гэта было ёй смешна - асабліва калі той-сёй з «дзялкоў» спехам наскокваў на яе, запрашаў на «кубачак кавы», але яна адказвала, што п'е толькі дома і шампанскае, і заўсёды ў іх перамагала хцівасць ці не было часу на працяглыя заляцанні.

Але ў сённяшні дзень ні броўнаўскі рух фірмачоў на двары, ні «траўка», ні званкі сяброў не маглі абстрагаваць яе ад думак пра тое, што здарылася ў яе кватэры тры дні таму, у той час, калі яна была ў камандзіроўцы. Алег, сябра, які часта заходзіў да яе, як да сябе, і які меў ключ ад яе кватэры, ляжаў зараз у гарадскім моргу.

Па цела павінны былі прыехаць бацькі, якія жылі ці то ў Лідзе, ці то ў Вілейцы, яна не памятала дакладна, і забраць яго, каб пахаваць там. І хаця Алег быў для яе сябра і не больш - іх адносіны ніколі не пераходзілі на поле кахання - Ева Мураш адчувала страх і адзіноту.

Ключ, а таксама ўсе паперы з кішэняў, перад тым як выцягнуць цела на лесвіцу, здагадаліся выняць сябры: Косця Ізмайловіч (Кім) і Раман Гурыновіч (Гуру) - яны казалі, што прыйшлі занадта позна, ужо нічога нельга было зрабіць, бо мёртвы Алег валяўся тварам у ванітах. Падлогу давялося тэрмінова замываць, але выкінуць праз вокны «смэк» і «траўку» - усё, што ў іх было, - не паспелі, і толькі неахайнасць міліцыянтаў дазволіла ёй цяпер адносны спакой, віны яе няма, думала яна, проста Алег нешта пераблытаў ці набыў нешта бруднае. Гэта магло здарыцца ў любы час і ў любым месцы. Рэшткі таго, набытага ім, «дазняка» засталіся на кухні, і яна схавала іх, не ведаючы для чаго, у халадзільнік.

Ева Мураш запаліла новую цыгарэту і перакінулася некалькімі фразамі з супрацоўнікамі, што зрэдку заходзілі і выходзілі з кабінета. Яна лічыла хвіліны і хацела аднаго: каб хутчэй скончыўся працоўны дзень і пайсці дадому, і, урэшце, не вытрымала, як часта рабіла ў апошнія дні, накінула паліто і пайшла раней.

Дзяўчына пакрочыла праз скверык, а потым і аўтавакзал. Яна адразу пачала пакутаваць ад холаду, нібы на вуліцы была ўжо зіма, да таго ж прыхапіў страўнік, і яна пашкадавала са спазненнем, што не наведала туалет - грамадскія прыбіральні заўсёды наводзілі на яе жах. Некалькі секунд Ева Мураш раздумвала, як зрабіць, мо варта вярнуцца, а потым вырашыла ўзяць таксі - праз дзесяць хвілін яна будзе дома, і, каб скараціць шлях, пайшла напрасткі, проста па газоне, але раптам спынілася: ёй падалося, што на лаўцы прама перад ёю сядзіць Алег.

Міжволі яе штурхнула ў той бок, але толькі зблізу яна апамяталася: мужчына на лаўцы быў старэйшы на выгляд, яго старылі зарослыя, даўно няголеныя сківіцы і падбародак, адно вока было амаль закрытае крывавай пухлінай, а ў руках, прыціскаючы да грудзей, ён трымаў бензапілу.

На лаўцы перад ім і па баках ад яго сядзелі ў ненатуральных, напружаных паставах некалькі «гопнікаў» - Ева Мураш адразу вызначыла іх па бледнай, нездаровай скуры на тварах, галоднаму бляску ў пустых вачах і па распісаных «пярсцёнкамі» фалангах пальцаў. Мужчына тым часам заўважыў яе імпэтны рух насустрач, здзіўлена кіўнуў галавой, і дзяўчына, ужо апамятаўшыся і зразумеўшы, што абазналася, тым не менш рашуча падышла ўсутыч і спытала ў сваёй звычайнай, рэзкай манеры:

- Вам блага?

Мужчына схамянуўся:

- Падыдзіце на стаянку таксі - гэта побач, і ўгаварыце таксіста, каб заруліў сюды. Мне трэба дадому. Буду вельмі ўдзячны. Вельмі.

- А гэтыя што? - паказала Ева Мураш на «гопнікаў», ужо і сама здагадваючыся.

- Інструмент мой упадабалі, - патлумачыў мужчына, - цемнаты чакаюць.

- Ты, дзеўка, тусуй адсюль, - зашыпеў між тым адзін з «распісаных», той, што сядзеў на лаўцы побач з мужчынам, - і хуценька, а то мы табе дрэнна зробім.

Але ў такіх сітуацыях Ева Мураш не гублялася.

- Можа, хто і зробіць, але не такія неда...кі, як вы, - сказала яна, дадаўшы гучна: - Я вось зараз «крутых» паклічу! - і паказала ў бок, адкуль прыйшла: дзесьці там бегалі тыя фірмачы са сваімі слухаўкамі. І хаця пагроза яе была наіўнай, але «гопнікаў» уразіла яе ўпэўненасць, і яны пасунуліся далей ад сваёй ахвяры і незадаволена забурчэлі - пралічвалі сітуацыю.

- Ну, ісці можаце? - рашуча спытала між тым Ева Мураш у мужчыны і, схапіўшы за ручку «шведку», скамандавала: - Падымайцеся, я дапамагу. І хутчэй варушыцеся. Праз некалькі хвілін яны ўжо сядзелі ў аўто, Ева Мураш назвала адрас, машына кранулася, і задаволены прыватнік, які зачакаўся кліентаў, павёз іх, абрадаваны, што атрымае надбаўку за хуткасць, якую паабяцала дзяўчына.

У двары дома, дзе жыла Ева Мураш, іх з'яўленне ў гэты час не выклікала ніякай цікавасці. Некалькі пенсіянераў шпацыравалі ля сваіх пад'ездаў, адзінокі бомж даследаваў палкай сметнік, ды малалеткі перакрыквалі адзін аднаго істэрычна-блядскімі галасамі: «Я атвичаю!.. Па жизни!.. За падло мяне, сука, прынимаиш?!»

- Зараз падымемся да мяне, - сказала Ева Мураш і спытала: - Дарэчы, як вас завуць?

- Фёдар Сак, - прадставіўся мужчына. Ён рухаўся з цяжкасцю.

- Ева.

- Я данясу сам, - былы бізнесмен Фёдар Сак перахапіў ручкі пілы.

- Дайце мне слова, - раптам сказала дзяўчына.

- Наконт чаго?

- Што не перапілуеце мяне вашым інструментам. Я ж вас зусім не ведаю.

- Даю, - усміхнуўся распухлым ротам Фёдар Сак і пацягнуўся за ёй у ліфт.

І праз гадзіну, калі ён, паголены, піў гарбату, Ева Мураш са здзіўленнем думала, што падабенства з Алегам амаль што знікла, хіба што высокі рост і хударлявасць нагадвалі ёй нябожчыка, і неспадзявана вырашыла, што гэта сустрэча і гэты хлопец - знак, не інакш, і сказала:

- Ну, а цяпер, паводле традыцыі, вы павінны расказаць мне сваю гісторыю.

І дадала:

- Толькі праўдзівую.

Усталявалася доўгая паўза, пасля якой Фёдар Сак падумаў, згадзіўся і пачаў расказваць.

 

ГІСТОРЫЯ ФЁДАРА САКА, БІЗНЕСМЕНА, РАСКАЗАНАЯ ІМ ЕВЕ МУРАШ УВЕЧАР, 18 ВЕРАСНЯ, У АЎТОРАК

 

«Я, Фёдар Сак, беларус па крыві, нарадзіўся ў рабочым мікрараёне пры бальшавіках. Мае бацькі ў тыя сямідзесятыя былі бедныя людзі, бацька працаваў на заводзе, а маці спачатку там жа, а потым, калі нарадзілася і сястра, пайшла ў прыбіральшчыцы - каб было крыху часу на дзяцей. Спачатку сям'я здымала пакойчык, а потым нам далі кватэру побач з вакзалам, на скрыжаванні аўтатрасы і трамвайных пуцей. Пэўна, гэта было самае дрэннае месца ва ўсім горадзе, сапраўднае пекла. Грукат і ляскат колаў і роў матораў не перарываліся там ні на гадзіну.

У школе я нічым не вызначаўся, хіба што няблага гуляў у любімую гульню неграў - баскетбол. Перад тым як мяне забралі ў армію, бацьку пасадзілі ў турму: ён суправаджаў нейкі груз на чыгунцы і быў адказны за яго, калі вагон ускрылі і частку таго грузу скралі. Так як гэта адбылося на тэрыторыі Расеі, ён і сядзеў на расейскай зоне. Далі яму няшмат - чатыры гады. Адкінуўся ён датэрмінова, а так як у сям'і ўзнікла праблема (думаю, у маці нехта з'явіўся, хаця гэта іх справы), а ён быў выдатным спецыялістам, то застаўся часова на Поўначы, бо добра зарабляў і дасылаў грошы дадому. У арміі я рэгулярна атрымліваў ад яго па дзесяць рублёў у месяц. Я не курыў і не піў гарэлкі. Грошы я траціў так: як толькі была магчымасць вырвацца з роты, ішоў да бліжэйшай крамы, купляў два літры малака і бохан белага хлеба. Той дзесяткі мне на месяц і хапала.

Пасля арміі - якраз толькі пачынаўся зыход у цень бальшавікоў, я неяк зайшоў у спартзалу, дзе зноў пачаў гуляць у негрыцянскую гульню. У мяне гэта няблага атрымлівалася, а так як я не піў і не курыў, мяне неўзабаве запрасілі ў юнацкую зборную абаронцам, уручылі імпартовы спартыўны касцюм і адзідасаўскія красоўкі. Я паступіў вучыцца на эканамічны факультэт і пазнаёміўся з дзяўчынай, сястра якой якраз выходзіла замуж за вугорца. Той вугорац - старшакурснік, быў спачатку бедным студэнтам: маладым хлопцам, усяго гадоў на пяць старэйшым за мяне. Я падарыў яму на вяселле свае красоўкі - самае каштоўнае, што меў на той час. Праз год вугорац - яго звалі Цібар, у сябе на радзіме «падняўся» ў адной вядомай вінаробнай фірме, стаў кіраваць там аддзелам, купіў у крэдыт дом з садам і басейнам. Ён запрасіў мяне летам да іх па візе і сказаў мне па прыездзе, што ніколі не забываў на маю шчырасць (красоўкі) і таму хоча аддзячыць мне. Ім якраз патрэбны быў пасрэднік, каб пераганяць партыі сухіх він да нас на ўсход Эўропы, і ён прапанаваў мяне. Я згадзіўся, узяў акадэмічны адпачынак у інстытуце і так стаў бізнесменам: заказаў асабістую пячатку, атрымаў за кошт фірмы сотавы тэлефон, адпаведныя дакументы. Я стаў працаваць, і ў мяне з'явіліся вялікія грошы. Я не траціў іх ні на што іншае, акрамя справы, і па-ранейшаму піў толькі малако, заядаючы яго ў дарозе самымі свежымі і белымі боханамі, што было вядома дырэкцыі фірмы і што рабіла мне карысць і давер. Грошы (валюту) я пакідаў у сваёй дзяўчыны, сястра якой, як я ўжо гаварыў, была замужам за Цібарам. Мы стварылі ў Менску нешта кшталтам філіяла сумеснай фірмы. Аднойчы Цібар спытаўся ў мяне, ці не гатоў я да пашырэння справы, а самому ўзяць ужо ролю кіроўцы, а не выканаўцы і не матацца ў фурах па дарогах, і я з удзячнасцю прыняў яго прапанову. Цібар дадаў яшчэ, што я падабаюся адной іх дзяўчыне (сціплай і някідкай сакратарцы, што я і сам заўважыў) і што я магу ўвогуле вырашыць усе свае праблемы, стаўшы яе мужам і праз гэта грамадзянінам Вугоршчыны, і працягваць бізнес далей, але я, падумаўшы, сказаў яму, што не магу здрадзіць сваёй нявесце, сястры яго жонкі, і радзіму сваю таксама не выбіраюць, хіба не так, і на тым мы размову спынілі.

Але мой выбар меў для мяне самыя фатальныя наступствы. Да таго часу ў мяне з'явіўся кампаньён, якога прапанавала мая нявеста. Так як нейкі чалавек усё роўна быў патрэбны, я згадзіўся. Далей усё адбывалася даволі трывіяльна: мая нявеста знікла разам з ім і грашыма, пакінуўшы пазыковыя абавязацельствы, неабачліва падпісаныя мной паперы і запазычанасць за апошнюю партыю він.

Я прадаў усё, што меў, нават аднапакаёўку, якую дагэтуль купіў, і вярнуў частку грошай, але больш іх не было; на мяне ўжо наехалі, і я збег у лес, дзе зарабляў «шведкай». Цяпер у мяне ёсць тыдзень на роздум. Але, мяркую, гэта апошняя адтэрміноўка...»

Ева Мураш слухала, паліла, усміхалася і гаварыла ўжо на «ты»:

- Ну, проста блажэнны. Дурдызель. Лох.

І дадавала, прыпальваючы цыгарэту ад цыгарэты:

- Буду зваць цябе Праўдзій.

Пад вечар, калі прыйшлі сябры: Раман - малы, з круглай, як клёцка, галавой, «упрыгожанай» круглымі ж акулярамі, Косця - высокі, худы і з вузкім хваравітым тварам, а таксама Ларыса - маўклівая дзяўчына з валасамі зялёнага колеру, - так і прадставіла яго:

- Знаёмцеся - Праўдзій. Ён п'е толькі малако.

- Гуру, - назваў сябе па мянушцы невялічкі Раман.

- Кім, - дадаў ва ўнісон яго сябра.

Пасля чаго размова адразу зрабіла рэзкі пераход, і сталі гаварыць пра Алега і доўга ўсё гэта абмяркоўвалі, а Фёдар Сак слухаў іх перамешаную слэнгам гаворку і падлічыў, што іх якраз па пары, а ён быццам лішні, і вырашыў пайсці, але гаспадыня кватэры не пусціла яго, і ён застаўся.

Ева Мураш між тым успомніла:

- У «калясачнай» жыве таксама аматар малака і кефіру, ён быццам слесар-сантэхнік.

І расказала пра званкі і як сантэхнік Ілля папярэдзіў яе, ну, а пра камандзіроўку і што здарылася тут потым, яны ведаюць лепш за яе.

- Сантэхнік, пэўна, не чалавек, - сказала яна. -Бо ён з'явіўся ніадкуль і не мае ні сяброў, ні жытла, ні бацькоў. Да таго ж яго інтэлект яўна не пралетарскі.

- Можа, ён ад інкуба? - заўважыў Кім.

- А калі сам інкуб?

- Хрыстос таксама быў інкубам, - абвергнуў іх Гуру.

І, пабліскваючы акулярамі, тлумачыў ім, каб не перабольшвалі вартасці сантэхнікаў, таксістаў і «апіюшнікаў». І таму няма чаго завышаць статус нейкага слесара і тым больш ідэалізаваць яго.

- Дарэчы, ад яго ў ліфце пахла «травой», - сказала Ева Мураш.

- А можа, ацэтонам*? - з'едліва спытаў Гуру.

* Пах ацэтону звычайны для тых, хто ўжывае опіумныя прэпараты (аўт.).

І адразу гутарка пераключылася спачатку на «апіюшнікаў», сярод якіх стукачоў, як у сучкі блох, а потым увогуле на «кайф». І тут гаварылі шмат і падрабязна, часта цытуючы не вядомых былому бізнесмену Фёдару Саку Рама Даса і Алана Ўотса, апелюючы да таксама ніколі ім не чытаных Рычарда Баха, Пола Брэнтана і Франкліна Мерэл-Вольфа. І тут, пад мелодыю малазнаёмых тэрмінаў і імёнаў, ён раптам заснуў проста ў крэсле - адбіліся стома і лес, і, заўважыўшы гэта, госці развіталіся з гаспадыняй і зніклі ў начы.

Раніцай былы бізнесмен Фёдар Сак пайшоў, але пілу не забіраў, патлумачыўшы, што вернецца за ёй потым. Вярнуўся ён ужо вечарам, прынёс з сабой малака і папрасіў дазволу пажыць яшчэ некалькі дзён.

Ева Мураш не пярэчыла. Яна паліла цыгарэты, краем вока пазірала ў тэлевізар і да ночы напісала ліст сяброўцы.

 

* * *

 

Сантэхнік Ілля адамкнуў падвесную скрыню на дзвярах, забраў некалькі лістоў, што накідалі туды за дзень і вечар, зайшоў у «калясачную» і пачаў чытаць першы.

«... уважаемый мастер, -

гаварылася ў ім з памылкамі:

...пратекаит труба и заливаит нас, просьба прийдти разабрацца, кв. 47, Конюховы...»

Адклаў яго ўбок і разгарнуў другі ліст, без канверта, на якім было выведзена друкаванымі літарамі:

«... ПАЙШОЎ ТЫ... ДЭБІЛ»

Ён кінуў ліст у сметніцу, разарваў яшчэ адзін канверт і пачаў чытаць:

«... Дабрыдзень, Дана, душа мая!»

І зразумеў, што ліст прыватны і кінуты ў скрыню хутчэй за ўсё памылкова, але ўладкаваўся зручней, нават выключыў радыё і працягваў чытаць:

«...Спачатку пра дрэннае. Так, вельмі дрэннае, жахлівае. Ты памятаеш з фільма Копалы? «Жах, жах, жах...» Некалькі дзён таму мне званілі ў кватэру, але за дзвярыма я нікога не бачыла, і адзін блажэнны ці д'ябал (яго завуць Ілля, ён сантэхнік, але быццам медытуе) давёў мне, што да мяне хутчэй за ўсё стукалася смерць. А потым я была ў камандзіроўцы, а ключы ад кватэры мелі нашы, ну, і Алег. Так, Алег. Ён памёр у маім пакоі. Казалі, што ад перадазіроўкі, але я думаю, што справа ў брудным гераіне. Ты ж ведаеш: умажаш такі «смэк» - і ў арганізме вырабляюцца антыцелы. Дык вось, калі праз месяц ужываеш тое ж - атрымліваеш анафілактычны шок. А можа, тыя ўблюдкі падмяшалі стрыхніну, ты ж, вядома, кубатурыш - гэта атрута ад пацукоў, і, калі яе датасоўваюць да вагі з пераборам - то гамон. Нашы хіба што зрэагавалі: выцягнулі цела на лесвіцу. Я прыехала пастфактум. Міліцыянты хадзілі па кватэрах, але ты можаш уявіць, я нагой запіхвала пад ложак увесь наш «драгс»* і шпрыцы (мае ж дурні не здагадаліся прыбраць ці, можа, надта разгубіліся), каб не заўважылі, і - усё абышлося. Жах. Сантэхнік да дрыжыкаў палохае цяпер мяне сваёй інфернальнасцю. Мне шкада Алега, але нешта накшталт такога чакае (раней ці пазней) амаль кожнага з нас. Цяпер пра ўсё астатняе.

* Drugs (англ.) - лекі і наркотыкі (адназначна).

Як усе разначынныя мяшчанкі, абажаю ўсялякі дастатак. І, як усе, хто прэтэндуе на інтэлектуальную эліту, таксама люблю крэмзаць паперу.

Калі я выходзіла з «дуркі» ў 199... годзе, ужо тады мяне грызлі прарочыя падазрэнні: я яшчэ вярнуся, мы абавязкова сустрэнемся, але ты («дурка») мяне не пазнаеш - я прыйду ў новым абліччы, г.зн. з іншым дыягназам... І праўда, спадчынная псіхапатыя стала мутыраваць, і як падумаю, што будзе...

Урокі маральнасці - адзінае, што дае мне зараз сэнсавыя сродкі да існавання. Таму што ўсё астатняе жыццё то выбухае, то, наадварот, такое спакойнае, што так і цягне зрабіць якую правакацыю, ну, нагаварыць каму праўды ці яшчэ што...

Таго маладога чалавека (Вадзіма К., ты памятаеш) я сумленна і платанічна (ён бісексуал) любіла ў ранняй маладосці за ўсё... Але ён з часам аказаўся не геніяльным вундэркіндам з антычным профілем, а правінцыйным журналістам з замашкамі бульварнага педэраста, які да таго ж схільны зазіраць у чужыя кашалькі. Я не правяралася на..., але я падазрона худзею, да таго ж - нешта са страўнікам. Таму, калі ён на гэты раз аб'явіўся, я толькі спала з ім побач і да раніцы тлумачыла яму, што маральнасць - гэта гігіена.

Незадаволены і помслівы, ён забраў у мяне пачытаць Л.Шэстава і Картасара і знік у сусветнай цемры. Праз месяц гэта здань стала мяне шукаць, з баязлівым трымценнем дапытваючыся, што са мной? (Карацей, пакуль я спала, ён абакраў мяне на адзін «дазняк» і, дурачок, пакарыстаўся маёй «машынай».) Я сказала, што ён цяпер запомніць гэта на forewer.

Кнігі так і не аддаў, сволач...»

Сантэхнік Ілля спыніўся, разгледзеў аркушы паперы, якія былі спісаны з двух бакоў, але пранумараваныя, перакінуў падушку і лёг на ложак галавой да акна, каб лепей бачыць, і чытаў далей:

«... Я, пэўна, і не пайду правярацца. Як у Гаркушы: «Ды што нам СНІД, чым толькі не хварэем...» Карацей, час сціскаецца, і механіка незваротных працэсаў хутка задзейнічае такую псіхадраму, што толькі трымацца. Я ў выніку буду ці са шчытом, ці - на шчыце.

Да таго ж я набыла новую гульню і забаўляюся з ёю і смакую, як сыр з плесняю...

... Also, у мяне тры дні, як з'явіўся новы «чоловік». Ён знешне падобны на Алега, але быццам выскачыў зусім з іншага часу. Ён не спрабаваў нават «траву», у яго чыстае мінулае, запазыка ў 10 000 USD (яго «кінулі»), уключаны лічыльнік і бандыты на хвасце. Я падабрала яго на аўтавакзале, дзе на яго наехалі «гопнікі», і прывезла дадому. Ён пілаваў лес дзесьці за горадам, каб з часам аддаць грошы. Уяві, колькі лесу яму трэба было спілаваць! Ён быццам былы бізнесмен (ха!), мае, апроч пілы, якую ўвесь час разбірае і змазвае, пячатку са сваім прозвішчам. Ён, на мой недасканалы погляд, наіўны і, баюся, прыгавораны да паразы. Заву яго Праўдзій, як сабачку. Ён цікавы мне тым, што яму ніхто не патрэбен, а мне толькі гэта і важна, каб не згубіць тонус. Але ж гэта гісторыя доўгая, эпічная, у сэнсе трагедыі (чытай: камедыі) якой-небудзь новай Сафо.

Выключна дзякуючы тваёй думкаформе, маці купіла мне чаравікі. Я раблю зарадку раніцай, каб не звіхнуцца канчаткова. Калі я гэта не раблю, то губляю над сабой кантроль, а таксама над сваякамі, г.зн. мацюкаючыся, плачу, раскідваю посуд і пішу вершы. Гэты дзівак з пілой адкрыў мне нейкую фортку ў нябёсы. Дзіўны стан не пакідае мяне ні з «травой», ні без «травы».

Але так званая творчая праца і асабістае жыццё ідуць сваёй чарадой. Пішу гнюсныя артыкулы пра розных мазілкаў, якія любяць (прабач) мудзець за высокія матэрыі фальшывымі словамі, хаця гэта не іх работа, а мая. У заказных артыкулах усе просяць пісаць пра іх праўду і сапраўды не ведаюць, што просяць. Практыкую напісанне двух артыкулаў адначасова: адзін - заказны - у газету, а другі - праўдзівы - «для душы» ў стол. Калі-небудзь няблага б надрукаваць...

Адчуваю сябе «сіняй панчохай», непрыгожай і старэючай. Зноў жа - страўнік... Пагаварыць няма з кім. Усе нейкія недарэкі ці наадварот: першым гаварыць яшчэ няма пра што, другім - ужо няма пра што. Да таго ж усе быкі і «дзелавыя» навокал пазбаўлены пачуцця гумару. Суцяшаюся тым, што смяюся з іх мітусні: пэўна, яны думаюць, што будуць жыць заўсёды...

Па-ранейшаму люблю кнігі, якія даражэюць з кожным днём. Цяпер, апроч 4-томніка Картасара, хачу ўсяго Томаса Мана, Набокава і Лопэ дэ Вэга... 2-томнік Бродскага. Балдзею ад Юліі Сілаевай і яе «новай музыкі».

 

Пора собираться.

Всё чаще мне снятся

Следы на осенней траве.

 

A propos: што вы там спажываеце і ўжываеце? У мяне перадусім быў вялікі trable: замест какаіну ўдыхнула гераін, праўда, зусім крышачку. Падвёў колер - і адзін, і другі белыя. З комы, у выніку, выцягнулі нашы эскулапы. Урэшце, навошта?.. Зараз усе нашы, як толькі пачынаюць глядзець дзе-небудзь «Крыміналку» Таранціна, пры адпаведнай сцэне крычаць: «Ведаем, каштавалі!»

Сантэхнік Ілля адшукаў яшчэ аркуш (усіх было чатыры), старанна праверыў па нумарацыі і стаў чытаць далей:

«... Адно з маіх жыццяў складаецца толькі з цытат з Бродскага, розных:

 

Того гляди, что из озерных дыр,

Да и вообще через любую лужу,

Сюда полезет посторонний мир.

Иль этот ускользнет наружу.

 

У мяне гэта ўжо пра самоту; поўная блытаніна ва ўсім: тэарэтызацыя асабістых недахопаў адхіляе ўвагу ад комплексаў, пра якія я падазраю. Адчуваю сябе падручнікам па псіхааналізу, ад якога добра патыхае паталогіяй. І французскімі духамі. Калі б не іпахондрыя (здаецца, да таго галоўнага - жах - у мяне яшчэ і пухліна на глебе эрозіі), усё было б зусім лёгка і спакойна. Пэўна, я адношуся да той пароды людзей, чыя асоба складаецца з непаўторнай камбінацыі заганаў, комплексаў і страхаў.

Маці, з якой я памянялся кватэрамі, прынесла мне чаравікі і на тым знікла. Але мне так лепш: у мяне часта збіраюцца і г.д. А ў яе часам зацягваецца інстынкт мацярынства: збіраецца ахвяраваць мне халадзільнік, але я не здзіўлюся, калі яна на гэтыя грошы паедзе куды-небудзь да Труны Гасподняй. З верай цяжка, з бязвер'ем страшна, але пакуль трываю...

У мяне ёсць сёе-тое з відэастужак і музыкі (Кэйв, Вейтс, ІВ, «Каўчэг», «К.О.Т.», «Нейра-Дзюбель» і г.д.). Ёсць Курасава, Бергман, Антаніёні, Пазаліні, Скарцэзэ, Таранціна, Фасбінгер, Берталучы, Вендэрс і г.д. Аддаю перавагу класікам. Бачыла «Pulp...», «Ад захаду да раніцы». Уважлівы driwe разлажэння. Якія ў іх твары пад наркотыкамі!

Кім стаў надзіва шчыры і адкрыты. Хоча ажаніцца з нейкай вінтавой Наталляй з сямю класамі за плячыма і ў якой не нос, а хобат (Ларыса казала). Днямі ён спаліў свае формулы і чырвоны фосфар, астатняе знесла міліцыя, уключаючы і хімшкло. Мой былы каханак пакінуў пасля сябе кучу маіх фотаздымкаў, у вопратцы і без. Не высылаю, бо моцна схуднела ад немачы і недахопу тэмпераменту. Але пра гэта не хачу: становіцца вусцішна і ў вочы зазірае бездань.

Ніяк не магу спыніцца, але заканчваецца стрыжань, і рука баліць. Ты ж разумееш, гэты паток свядомасці можа выліцца ў цэлую лужу...

Прабач за «соплі і воплі».

P.S. Што тычыцца «Вежы з...» - рэч тонкая, цудоўная, але зусім не тая, якая можа моцна ўразіць. Мне давялося ўважліва разгледзець гэту кнігу, каб успомніць, пра што там. Там пра жывапіс добра, а астатняе так сабе. Бадай, я мяняюся, ці проста з памяццю нешта не тое. Зараз - хваля Томаса Мана, асабліва навела «Тоніо Крэгер». Гэта лепш.

Не прападай. Ай, зноў страўнік. Мне страшна, можа, вечарам што паспрабую («трава» ўжо не дапамагае).

Nota Bene. Асцярожна загаворваю пра СНІД з Кімам і сваімі апошнімі хлопчыкамі. Косця крычыць: «Гэта не хвароба! Такой хваробы няма! Speed па-ангельску - гэта хуткасць! Я таксама хуткі! Гэта - вінт, гэта - лёгкасць!» І, кажучы гэта, скача даволі элегантна і ўскідвае ногі, як Нурыеў...

P.P.S. Мне апошнім разам сніцца дзіўны і аднолькавы сон: у пакоі хаваецца нешта пагрозлівае і жахлівае, і гэта нешта, хаця і нябачнае, ведае, што я пра яго ведаю, і сочыць за мной і рыхтуецца да нападу. У мяне ж тады адно жаданне - знікнуць, схавацца, і я ціхенька збіраюся і выслізгваю з сваёй схованкі, бо яна ўжо і не схованка, і не жытло, а пастка. Сёння ноччу я зноў сніла тое ж, але з'явілася новае і нечаканае адценне: у гэтага нешта вызначылася імя, назва. Вось яно:

БЕСАПАТАМ».

Далей сантэхнік Ілля ўзяў у рукі апошні, чацверты аркуш паперы, які быў чысты з аднаго боку, а на другім баку па дыяганалі было напісана вялікімі літарамі:

«МНЕ

СТРАШНА,

ДАНА! БЬІВАЙ.

Ева, 98, субота».

Сантэхнік Ілля акуратна склаў усе чатыры паперкі ў канверт, паклаў на стол і сказаў сам сабе ў пустэчу:

- Ну, сунуў носа ў чужое проса.

Потым ён выцягнуў пакет малака, акуратна адрэзаў нажом кончык, наліў у конаўку і пачаў піць, заядаючы хлебам. Дапіўшы, сантэхнік Ілля дастаў нататнік і запісаў у ім наступнае:

«...2 кастрычніка. Пятніца.

неверагодны рост графаманіі ва ўсім свеце нараджае розныя яе формы ў тым ліку і замаскіраваныя адной з іх на маю думку з'яўляецца прага да эпісталярнага жанру пішуць не толькі палітыкі акцёры спартсмены лекары але і кілеры зладзеі прастытуткі парадзіхі таксісты пытанне чаму яны пішуць а таму што яны адзінокія і слабыя а больш за ўсё іх пужае Космас бо яны падсвядома адчуваюць яго неабсяжнасць і баяцца згубіцца ў акаляючым іх варожым Сусвеце

ментальнасць гэтай жанчыны

Евы Мураш

мяркую дакладна вызначана радкамі паэткі «с змеею в сердце и с клеймом на лбу - я утверждаю, что невинна...» хаця магчыма я памыляюся што не вельмі важна для мяне ва ўсякім разе...»

Сантэхнік Ілля закрыў нататнік, паклаў яго ў схованку, пасля чаго сабраў сакваяж з інструментамі і, прычыніўшы дзверы, рушыў у суседні пад'езд, каб трапіць урэшце ў сорак сёмую кватэру да невядомых яму Конюхавых.

 

* * *

 

У сваім службовым пакойчыку літсупрацоўнік Ева Мураш набірала на кампутары, адначасова назіраючы ў акно за рухам дзялкоў, і калі-нікалі грэла пальцы на батарэі ацяплення - апошнім часам у яе павышалася на два-тры дні тэмпература і зноў слабіў страўнік, і, калі палезла ў сумку, каб адшукаць таблетку актываванага вугалю, у бакавым аддзяленні ўбачыла неадпраўлены канверт і раптам зніякавела: не таму, што не паспела кінуць канверт з лістом да сяброўкі ў паштовую скрыню, а таму, што канверт быў для сантэхніка - на ім і надпіс быў адпаведны:

«САНТЭХНІКУ ДЛЯ ВЬІКАНАННЯ»

Яна раптам зразумела, што пераблытала канверты і кінула свой ліст да сяброўкі таму Іллю ў скрыню, і адразу зазбіралася - настрой у яе сапсаваўся, званіў тэлефон, але яна ўжо апраналася і праз некалькі хвілін ехала ў тралейбусе і думала: прачытаў ліст сантэхнік Ілля ці не, а калі не, то чаму ён адразу не занёс ёй ці кінуў бы ў яе скрыню ў пад'ездзе, а можа, ён і кінуў, меркавала дзяўчына, але выцягнулі малалеткі, што ашываліся ў падвале.

Калі дзяўчына зайшла ў пад'езд, то адразу праверыла на ўсялякі выпадак сваю паштовую скрыню, але тая, з выламаным замком, была пустая. Яна пагрукала ў дзверы да сантэхніка Іллі, але ёй ніхто не адчыніў і не адгукнуўся. Дзяўчына выйшла ў двор і пачала пытацца, ці не сустракаў хто сантэхніка Іллю, але праз хвіліну ўжо ўбачыла яго самога ў глыбіні двара пад клёнам з двума несамавітага выгляду мужчынамі і нервова, але рашуча паклікала. Сантэхнік Ілля ахвотна пакінуў суразмоўцаў, падышоў, павітаўся і запрасіў яе да сябе ў «калясачную», але Ева Мураш адмовілася зайсці.

- Вы ж ведаеце, таварыш пралетар, што гэта не зусім прыстойна: ні з таго ні з сяго заходзіць да адзінокага мужчыны, - сказала яна.

- Чаму ж не зайсці, у вас жа, пэўна, інтарэс маецца, - заўважыў сантэхнік Ілля, па-змоўніцку ёй усміхнуўшыся, але, як і раней, яго спроба на флірт выглядала штучнай.

Твар дзяўчыны нервова пакрывіўся.

- Аддайце ліст, - коратка і рашуча сказала яна. - Ён у вас?

- Вядома, у мяне, - супакоіў яе сантэхнік Ілля і дадаў: - Трэба ж быць такой неабачлівай, ай-яй-яй. -Ён нават пацмокаў губамі.

Сантэхнік Ілля хацеў і далей працягваць у тым жа выбраным ім амаль блазенскім тоне, але дзяўчына перапыніла яго:

- Не юродствуйце. Вы што - прачыталі?

Сантэхнік Ілля развёў рукі.

- Вядома, прачытаў, - пагадзіўся ён. - І даўно, ведаеце, не атрымліваў такога задавальнення. Цікава, вельмі цікава. Я люблю чытаць нешта такое, непадробнае...

Але Ева Мураш закрычала:

- Аддайце ліст, чорт бы вас пабраў!

Сантэхнік Ілля адразу пагасіў усмешку, нахіліўся да яе бліжэй і сказаў скрушна:

- Вы б не клікалі таго, хто даўно ўжо тут, а дзе ж яму быць, як не на зямлі, угноенай васьмюдзесяццю мільёнамі кюры, і ўсё-ткі зайшлі б, а то крычым у пад'ездзе, а што жыльцы на гэта падумаюць?

І дзяўчына праз секунду-другую роздуму ступіла ў пакой, а сантэхнік Ілля зачыніў за ёй дзверы, падсунуў крэсла і дастаў канверт. Ева Мураш выхапіла яго з рук мужчыны, выцягнула знутры аркушы, зірнула і пачала рваць на дробныя шматкі. Сантэхнік Ілля пакруціў акуратнай галавой з роўным праборам.

- У вас там на канверце, - сказаў ён, - і ў канцы ліста быццам месяц быў намаляваны, але ж калі прыглядзецца, то малюнак вельмі нагадвае голую жаночую задніцу.

- Вы б жаніліся, - пасля паўзы з'едліва заўважыла дзяўчына, - і нішто б вам нічога не нагадвала.

Яна села ў крэсла, запаліла і па-ранейшаму, быццам ідучы ў наступ, спытала:

- Навошта вы прачыталі ліст?

Сантэхнік Ілля паціснуў плячыма і прысеў на ложак.

- Чалавек слабадушны, - сказаў ён і дадаў з намёкам: - А хіба вы - бязгрэшная?

- Ідзе пагалоска, што вы быццам бы з «дуркі» выйшлі, - злосна заўважыла далей дзяўчына.

Некалькі секунд сантэхнік Ілля раздумваў.

- Так, - урэшце пацвердзіў ён, - але ж ніхто ва ўсе часы не застрахаваны ад холаду, голаду, хваробы, турмы і псіхушкі таксама. І вы ж, так бы мовіць, не абмінулі калісьці той юдолі.

І сантэхнік Ілля растлумачыў ёй, што ў тых, хто, як ён, эксперыментуе з медытацыяй, бываюць праколы, якія, здараецца, прыводзяць у «дурку». А ўвогуле ён здаровы псіхічна і ніякі не дэбіл і не шызоідны тып.

- Дарэчы, мне патрэбен, як вы кажаце, «драгс», - сказаў ён. - Я тут у вас нікога не ведаю, а шукаць на баку не маю часу. Вы мне і дапаможаце. А я вам за тое зраблю ўвесь неабходны рамонт па сваім профілі.

- Я не дылер. Ідзіце і купіце. Драгс, шнапс, хракс...

- Кіньце, - перапыніў яе сантэхнік Ілля. - Я ж чытаў ваш ліст. Вы не дылер, так, але ж вы іх ведаеце. А прадаюць толькі тым, каго ведаюць, не пайду ж я да цыганоў за «шмаллю» - апошняя справа.

- Не ўпэўнена - мо вы інфармуеце ў «кантору», - выказала незадаволенасць Ева Мураш.

Але сантэхнік Ілля не выказаў ні здзіўлення, ні абурэння, а патлумачыў ёй, што ноччу яму перашкаджаў шум матораў на трасе, але цяпер стала быццам цішэй, і ён мае намер заняцца сваім зноў, і што ніякі ён не інфарматар, ніколі ім не быў і не будзе, але вось якая, да слова, дэталь, - падкрэсліў сантэхнік Ілля, - ва ўсякіх суполках, тусоўках, групоўках, як правіла, заводзіцца такі стукач і, магчыма, не адзін - павінны ж у «канторы» ведаць, напрыклад, пра ход наркаты, усялякія спантанныя намеры і рухі, хіба не так? Дык вось, той, хто першы выказаўся ёй пра псіхушку і ў гэтай сувязі пра яго самога, хутчэй за ўсё і ёсць стукач, бо адкуль той мог пра ўсё даведацца, асабліва пра «дурку»? Вы ж дзяўчына разумная і павінны раскласці аскепкі мазаікі правільна, каб беспамылкова ўявіць усю карціну, - блытана даводзіў ёй сантэхнік Ілля.

- А шум моцна перашкаджае? - спытала Ева Мураш.

- Так, - пацвердзіў сантэхнік Ілля. - У мяне тонкі слых. Я іншы раз нават чую, як малалеткі ў падвале дыхаюць «Момантам».

- Вы кажаце - «драгс». Што менавіта вы маеце на ўвазе? - удакладніла Ева Мураш.

- Ідэальны варыянт - крыху элэсдэ, - сказаў сантэхнік Ілля. - Сто мікраграмаў на раз. Вось каб дастаць - я б купіў. Але пра «чысты Сандаз» можна толькі марыць. У нас яго не бывае. Можна ўжываць «траўку», какаін, гераін, кетамін, урэшце... Лепш какаін, бо ён не выклікае прывыкання.

- І што далей? - асцярожна пацікавілася Ева Мураш. - Вы «ганяеце энергетыку»? Які сэнс?

Але на яе пытанні сантэхнік Ілля, не выказваючы ніякіх прыкмет раздражнення, патлумачыў, што ён не «ганяе энергетыку», а імкнецца эмпірычным шляхам дасягаць найвышэйшага стану свядомасці, так званага Высокага Ўзроўню, і патлумачыў, што гэта не проста і што некаторыя з тых, хто адыходзіў у гэтыя Найвышэйшыя Ўзроўні, здабылі там веды. Іншыя вандроўнікі вярнуліся назад, але занадта напалоханыя і зломаныя, каб не тое што выправіцца туды зноў, але нават і проста расказаць каму-небудзь пра ўбачанае.

- І калі вы хоць раз былі там, то што вы бачылі? - спытала Ева Мураш у сваёй звыклай нецярплівай і рэзкай манеры.

Сантэхнік Ілля азірнуўся па баках, устаў, прыадчыніў дзверы і выглянуў за іх. У пад'ездзе ў гэты час было пуста, толькі вецер хвалямі заганяў у прастакутнік выхаду халоднае паветра ды з двара даносіліся рэдкія дзіцячыя крыкі і чыесьці галасы.

- Я нічога не скажу вам, бо яны могуць даведацца пра гэта.

- Хто - «яны»?

Сантэхнік Ілля паціснуў плячыма, нібы даючы гэтым зразумець, што далейшыя пытанні ў гэтым накірунку яму непажаданыя.

- А вам абавязкова трэба нейкі «падагрэў»? - пацікавілася Ева Мураш і запаліла новую цыгарэту. - Хіба ён такі важны і неабходны - стан кунегі?

На гэта яе пытанне сантэхнік Ілля ахвотна патлумачыў, што неабавязкова - раней і, магчыма, сёння ён паспрабуе выскачыць з рэальнасці так, ну, можа, праз «траўку», у яго засталося крыху, яшчэ ёсць адна ампула з тым-сім, але каб сапраўды дасягнуць Высокіх Узроўняў, трэба менавіта добры, як яна кажа, «падагрэў». Метафарычна, працягваў ён, увесь сеанс можна назваць «утварэннем кукалкі». Вусень стварае кокан, а потым адбываецца яго ператварэнне ў кукалку. Толькі пасля можа з'явіцца мятлік. Урэшце, калі мятлік пабачыў свет, ён будзе здольны лятаць, але пакуль гэта - яму трэба абсохнуць, набрацца энергіі сонца і ўявіць самога сябе суб'ектам існавання. «Падагрэў» у выглядзе наркотыку гэта па сутнасці і ёсць дэзарганізаваная арганізацыя, перыяд выяўлення кукалкі. У гэты перыяд вы выходзіце са звыклых рамак і ўяўленняў, з рэальных рэчаў, час мяняе свой звыклы стан, і...

- І што? - спытала дзяўчына.

- І вы можаце стаць вусенем і мятлікам адначасова, і шмат яшчэ чаго, - усміхнуўся яе суразмоўнік. - Я, як толькі прачытаў ваш ліст, так адразу і падумаў: рэдкага розуму дзяўчына. Скажу вам больш - толькі вы і зразумееце мяне. Вы б маглі стаць маім аплікантам, вучнем, а потым, потым...

Ева Мураш паморшчылася. Напамін пра тое, што яе ліст да сяброўкі быў прачытаны, зноў абудзіў у ёй агрэсіўнасць.

- Вы ўлазіце не ў сваё, - сказала яна, - сунеце нос у свет, дзе, магчыма, пануюць іншыя сілы. Хіба не пра гэта ўвесь час перасцерагае і даводзіць царква?

- Але ж званочкі былі вам, а не мне, - нават весела і не крыўдуючы адпарыраваў сантэхнік Ілля. -Хіба я вас не папярэджваў, каб не адчынялі дзверы? Хіба не з вашай кватэры потым сцягнулі на другі паверх труп? І хіба не вы ходзіце ўвесь час па лязу? І калі б я быў інфарматарам, - важка дадаў ён, - дык я пра таго мерцвяка даўно б паведаміў куды трэба, і ў вас былі б, да слова, праблемы.

- Вы раней пра восемдзесят мільёнаў кюры гаварылі, - дзяўчына павярнула размову назад да зацікавіўшай яе тэмы, - і што менавіта на гэтай зямлі павінен з'явіцца... Хто, дарэчы?

- Ш-ш-ш-ш, - замахаў рукамі сантэхнік Ілля. - Маўчыце. Двойчы пра адно гаварыць не варта. Дзе ж яму быць яшчэ, калі не тут? Калі-небудзь вы самі адчуеце яго прысутнасць. І не будзе ні рожак, ні капытоў, ні паху серы...

Ева Мураш пашукала вачыма, куды прыткнуць недапалак, але не знайшла і паднялася з крэсла.

- Бывайце, - сказала яна. - Мне на свой узровень.

Сантэхнік Ілля паслужліва расчыніў дзверы, выйшаў услед за дзяўчынай і нават давёў яе да ліфта. Там яна азірнулася і сказала:

- Пра «дазняк» я падумаю.

Сантэхнік Ілля правёў яе позіркам сваіх бясколерных вачэй, замкнуў «калясачную» і скіраваў на выхад да дзвярнога пралому пад'езда, у якім, як на экране, падаў ужо буйнымі кроплямі дождж, і адразу нібы растварыўся ў брудна-шэрым мроіве.

 

* * *

 

Уставіўшы ключ у замок, Ева Мураш зразумела, што ў кватэры нехта ёсць, і гэты нехта мог быць толькі адным чалавекам - менавіта яму яна аддала нядаўна ключ Алега, і нечакана гарачая хваля радасці ўспыхнула ў ёй.

Сапраўды, былы бізнесмен Фёдар Сак выйшаў ёй насустрач. Ён быў у джынсах і майцы. На левым перадплеччы невялікай каляровай плямай выдзялялася татуіроўка: кляновы ліст і на ім абазначэнне групы крыві і рэзус-фактара: 0(1)Rh+. Пухліна на яго воку зменшылася, але стала чырвона-сіняй.

- Ну, прывет, - павіталася Ева Мураш, - спадзяюся, на цябе не наехалі «гопнікі»? Усё пуцём?

- Я вярнуўся па пілу, - сказаў мужчына, - і зрабіў заадно паесці, каб у гаспадыні было менш клопату. Хутка я мушу ісці.

Ева Мураш усміхнулася.

- Заставайся. Але мне не патрэбен кухар, хаця ты і падыходзіш, Праўдзій. Справа ў апетыце, якога няма. Зірні, я ж худзейшая за цябе. Тым не менш зараз будзем збіраць на стол.

Яна пачала распранацца, і тут сарваўся разам са шрубкай вяшак. Нешта бразнула. Падымаючы з падлогі куртку мужчыны, Ева Мураш намацала ў кішэні і выцягнула рэвальвер. У барабане былі бачныя жоўтыя галоўкі патронаў.

- І даўно гэта штука ў цябе? - спытала яна.

- Якраз учора забраў з дому, - патлумачыў былы бізнесмен Фёдар Сак.

- Навошта? Ты рызыкуеш.

- Наадварот. Мне так утульней, і ўвогуле, як кажуць, час выходзіць на сцэну, Ева.

- І як хутка? Мо ты не такі ўжо правільны і праўдзівы, як кажаш?

- Мне зручна заўтра, - сказаў ён. - Адпачынак заканчваецца. Мне трэба ў лес.

- Не разумею, - заўважыла Ева Мураш і запаліла цыгарэту. - Цябе тут ніхто не адсочыць. А мне побач з табой спакайней. Я адмакаю душэўна. Як у цёплай вадзе.

- Бандыты пойдуць да сястры, да бацькоў. Нічога, усё неяк вырашыцца, і я хутка вярнуся. Ты будзеш чакаць? - раптам спытаў ён амаль сарамяжліва.

- Не даю гарантый, Праўдзій. Але прыходзь. Ты заўсёды знойдзеш тут канапу і цыгарэту з «траўкай», прабач, конаўку з малаком.

- А месца не зоймуць? У цябе круціцца шмат народу.

- Месца - дзе? Ля майго цела? Ты гэта маеш на ўвазе, Праўдзій? Я цікаўлю цябе ў такім варыянце?

- Так. Ты вельмі цікавіш мяне, Ева.

Былы бізнесмен Фёдар Сак зрабіў крок наперад і абняў дзяўчыну. Але тая неўзабаве вызвалілася з яго абдымкаў.

- У мяне зашмат заганаў, Праўдзій, - сказала Ева Мураш. - Ты ж бачыш, якой я бываю, - зласлівай і неўраўнаважанай, непрыгожай і хворай, і лепшай не буду ніколі.

Замест адказу мужчына нечакана пяшчотна пацалаваў яе ў вусны.

- Сёння, - сказаў ён. - Цяпер.

- Зараз, зараз, - апярэджваючы яго рухі, загаварыла яна ліхаманкавым шэптам, пазбаўляючыся ад ботаў, світэра, а потым і спадніцы, і таропка занырнула ў ванную, але ўжо там, стоячы пад занадта гарачым душам - змяшальнік быў звыкла няспраўны, - яна нібы апамяталася, няспешна расцерлася ручніком, накінула халат і пачала шукаць, пакуль урэшце не знайшла пакецік з прэзерватывам, і так і выйшла, няўпэўнена трымаючы яго ў руцэ.

- Бяры, - сказала яна. - У мяне ў апошні час дрэнная сімптаматыка. Табе лепш не рызыкаваць.

- Магу я ведаць, што ў цябе? - спытаў Фёдар Сак.

- Неяк я хацела праверыцца. Варта схадзіць. Але не пайшла. Калі ў мяне гэта - ад яго ўсё роўна няма лекаў.

- Што - «гэта»?

- Не будзь такім наіўным, Праўдзій. Я маю каля двух дзесяткаў знаёмых і нават сяброў, якія ўжо адносна даўно ВІЧ-інфіцыраваныя. Не ад распусты. Проста калі пачынаеш больш-менш рэгулярна ўмазвацца, бяда калі-небудзь абавязкова прыйдзе.

...Потым яны ляжалі ў ложку, Ева Мураш паліла, а мужчына на паўхвіліны выключыўся ў сон, але раптоўна, нібы ад штуршка, абудзіўся. Ложак быў занадта кароткі для яго росту, і ногі яго датыкаліся да радыятара ацяплення.

- Хочаш паспрабаваць «траўкі»? - спытала дзяўчына.

- Калі ты паабяцаеш перайсці толькі на яе, я буду тваім кампаньёнам.

- На жаль, гэта немагчыма, Праўдзій. Але ты пацярпі крыху, прывыкаюць да ўсяго: ёсць хворыя пары ці адзін хворы, другі - не, і такія жывуць разам гадамі. А можаш пайсці хоць зараз - я не пакрыўджуся.

- Прыхаваны суіцыд. Вось на што ўсе вы хворыя. І ты, і Ларыса, і Кім, і Гуру, і ўсе вашы «моцна прасунутыя».

- А твой так званы бізнес - хіба таксама не прыхаваны суіцыд? Толькі форма іншая. Ну, у чым твая мэта, скажы? Можа, ты хочаш набыць сабе «мерс», макінтош да пятак, норкавую шапку, у два разы вышэйшую за нармальную, і сотавы тэлефон? Каб сядзець з ім нават у тэатры і з бутэрбродам з ікрой у другой руцэ? І гэта - усё? Адзіная радасць - паказваць сваё багацце?

- Але ўсе мы аддаём перавагу лепш жыць, няважна, урэшце, - як, чым памерці, і гэта вызначае наш выбар, - сказаў былы бізнесмен Фёдар Сак.

- А навошта жыць, які ў гэтым сэнс? - спытала дзяўчына і патушыла недапалак. - Можа, ты мне растлумачыш, дзеля чаго?

- Не ведаю. Можа, жыццё ўвогуле не мае сэнсу. Можа, гэта які падарунак нам, а можа, наадварот, пакаранне. У адным я ўпэўнены - яно дадзена не для таго, каб у ім быў толькі ваш «кайф».

- Так, - раптам пагадзілася дзяўчына. - Я і сама часта думаю - ну навошта бацькі вучылі мяне чытаць, пісаць, разумець свет - каб я ўрэшце зведала, што такое кумар, і баялася яго больш за ўсё?

- Вось бачыш, як ты добра ўсё разумееш, - нібы ўзрадаваўся мужчына. - Кінеш гэтыя справы, і ўсё будзе інакш.

- А ты не задумваўся пра тое, што спярша такіх, як я, стане большасць? А потым увогуле ўсе вымруць. Застанецца адна жамяра. І потым я... не люблю людзей.

- Чаму? Трэба не любіць іх недахопы.

- Не. Я людзей ненавіджу. Ты ведаеш, напрыклад, што робяць якія-небудзь неда...я міліцыянты з адзінокай дзяўчынай з правінцыі дзе-небудзь на вакзале пасля таго, як на яе вачах парвуць яе пашпарт? Спытай у Ларысы. Але лепш табе не ведаць. Дык у якога яшчэ чалавека мне верыць? Калі я з раніцы тусуюся сярод іх - вечарам мне трэба ўмазацца. Прабач, мне сумна гаварыць пра гэта, Праўдзій.

Дзяўчына села на ложку. Пад вострымі плячыма ўздрыгвалі яе маленькія грудзі. Нават у цемнаце бачныя былі выступаючыя рэбры і рыса пазваночніка.

- Паспі, - сказала яна. - А потым мы будзем вячэраць.

 

* * *

 

Раніцай зноў ішоў дождж. У дзверы некалькі разоў нягучна грукалі, і сантэхнік Ілля ішоў і адчыняў, але нікога не выяўляў. Вочка ў дзвярах не было. Раптам ён устрывожыўся і доўга сядзеў задумаўшыся і напружана чакаў, падышоў нават да дзвярэй усутыч, каб рэзка іх адчыніць, але больш яго не турбавалі. Сантэхнік Ілля паступова супакоіўся, паслухаў радыё, паснедаў і выйшаў з «калясачнай», адразу звярнуўшы ўвагу на скрыню. Ён адамкнуў яе, выцягнуў адтуль некалькі паперак-скаргаў, а таксама недапалкі, бананавае лупінне і агрызкі яблык. Смецце ён кінуў у смеццеправод, а паперы занёс да сябе, але чытаць іх не стаў, дастаў нататнік і запісаў у ім:

«9 кастрычніка. Пятніца.

варта спяшацца са здабычай ведаў у неарганічных сутнасцяў на маю думку і што пацвярджаецца некаторымі заўвагамі вялікіх вандроўнікаў Космасу яны не валодаюць паняццямі маны і хітрасці каб у іх мяркую было нешта накшталт службы бяспекі ніхто не здолеў бы нават даведацца пра іх існаванне хаця тут усё адносна меркаванне маё між тым што наша цывілізацыя можа не паспець пераўтварыцца ў цывілізацыю пятага парадку і авалодаць усёй энергіяй зоркі і дэградзіруе ў выніку нарастання экалагічных катастроф крымінальнага тэрору і масавай наркаманіі думка некаторых даследчыкаў пра тое што любая цывілізацыя Космасу існуе толькі каля трох тысяч гадоў з пачатку работы яе першага радыёперадатчыка а потым гіне таму мы і не чуем радыёфону Сусвету мае падставу але ёсць шанс пераўтварыцца ў неарганічную цывілізацыю заўважана што Сусвет імкнецца да неарганічнага стану адбудзецца гэта ці не вось пытанне за стагоддзе мы дайшлі да перасадкі органаў кланіравання і працэс ужо некіравальны яшчэ праз два-тры дзесяцігоддзі Зямлю магчыма будуць насяляць трансплантанты з убудаванымі ў галовы інтэрфэйсамі якія звяжуць іх з кампутарнай сістэмай планеты а яшчэ праз дваццаць - трыццаць гадоў пачнецца масавы зыход з біяабалонкі якую мы называем целам і пераход на неарганічную аснову што па сутнасці з'явіцца неўміручасцю трэба пратрымацца па маіх падліках каля пяцідзесяці гадоў каб дасягнуць мэты а калі я здабуду веды і энергію то здолею ажыццявіць гэта бо апошнія даныя НАСА атрыманыя зусім нядаўна сцвярджаюць што Сусвет адкрыты і яго пашырэнне можа быць і ідзе толькі адзін раз і незваротнае як у паветранага шарыка які надзімаюць да таго часу пакуль не лопне і ўзнік ён са стану бясконцай шчыльнасці але такі стан раўназначны паняццю «нішто» і значыць Галгофа не паўторыцца ніколі а калі дадаць да гэтага падлік верагоднасці выпадковага сінтэзу звышскладаных біямалекул пры ўмове выпадковага злучэння іх частак 1010000 то ў Сусвеце няма такой колькасці атамаў а гэта значыць што існуе Найвышэйшы Ўзровень які запаліў з «нішто» сто пяцьдзесят пяць мільярдаў галактык і пасеяў іх у небе і стварыў малекулу ДНК і гома сапіенс але тут надыходзіць пытанне а што было да таго гэта значыць пра вечнасць але што такое вечнасць бо само ўзнікненне Сусвету і нараджэнне любога чалавека ўжо бунт і яе аспрэчванне хіба што яна будзе «лазняй з павукамі па кутах» і вось з гэтай нагоды ўзнікае пытанне а ці не нагоніць тая ж неўміручасць неарганічных істот на іх саміх праз якія тысячагоддзі нясцерпны сум што прымусіць іх зноў імкнуцца ў чалавечую абалонку і хіба не назіраем мы час ад часу так званыя шаленства і апантанасць але пра гэта пісаць небяспечна так небяспечна...

дарэчы пра небяспеку статыстычныя даныя крымінолагаў сведчаць што небяспека для жыцця чалавека зыходзіць ад знаёмых бацькоў ці сваякоў так да дзесяці гадоў пагрозу жыцця ўяўляюць бацькі да трыццаці гадоў знаёмыя да пяцідзесяці гадоў сужэнцы да шасцідзесяці гадоў дзеці і пасля шасцідзесяці зноў знаёмыя ўсё гэта ўвогуле сцвярджае абсалютную схільнасць да агульнай дэградацыі а калі ты крочыш у адзіноце у рызыцы і цемры то шлях можа быць толькі адным спасцігнуць дзіўныя сілы якія існуюць у Сусвеце і з іх дапамогай быць заўсёды ў стане змяніць ход падзей ці ход свайго жыцця ці жыцці іншых людзей і калі трэба абараніць сябе без прамога ўздзеяння на ход тых самых падзей што з'яўляецца безумоўна адзнакай таго хто пабываў на Высокіх Узроўнях вядома заўвагі гэтыя не павінны тычыцца вялікай колькасці чарнакніжнікаў якія вельмі распладзіліся ў апошні час і займаюцца тым што псуюць жыццё іншым ці ўмешваюцца ў тую ж статыстыку павялічваючы эфект паўсюднага разлажэння не могуць жа сапраўды сто пяцьдзесят пяць мільярдаў галактык разлятацца толькі для таго каб у кінутай лазні павукі сядзелі б па кутах і чакалі як не могуць яны разлятацца і для таго каб якое-небудзь пакрытае каростай і ў сцаках дзіця з распухлым ад паразітаў жыватом усё-такі выжыла і ўмешвалася б зараз у ход жыцця іншых людзей прамым уздзеяннем...

і быццам я зноў іду ўсё далей у лес і пад нагамі робіцца спачатку вільготна а потым выступае чорная з пухірамі вадкасць і ўрэшце бачу балота і прысеўшы на паваленае дрэва назіраю за яго насельнікамі так насельнікамі... бабуры ў браклаце хіба гэта ўся вечнасць?

калі я ўспамінаю сябе ў дзяцінстве то згадваю дзіцячы дом на ўскрайку горада чамусьці такія дамы і інтэрнаты заўсёды выносілі як надалей ад вачэй пэўна каб не бачыць сваёй непаўнавартасці адразу за агароджай пачынаўся лес хаця назваць гэта лесам цяжка бо кіламетры два-тры ў радыусе ён быў звычайнай звалкай а потым балотам я не любіў свой дом і сваіх таварышаў там увогуле ніхто нікога не любіў і гэта не тыя словы калі ўспомніць пра юдоль нянавісці і маны дык вось я ўвесь час сыходзіў у лес і на балота і там здаралася назіраў за мурашнікамі чым не цывілізацыя падобная сваёй арганізацыяй на чалавечую дасканаласць якой дасягнула неверагоднага ўзроўню бо ёсць мурашы крайняй формы спецыялізацыі якія нават не могуць рухацца а служаць накапляльнікамі корму і цяпер я думаю хіба я тады і цяпер і кожны з нас мае якую каштоўнасць інтарэс ці хаця б якую нязначную цікавасць для мурашоў пчол ці яшчэ якіх кузурак яны проста не ўспрымаюць нас не бачаць так і мы не ўспрымаем сапраўдны рэальны свет а ў ім нашмат больш таго што мы звычайна заўважаем і каб стварыць новы кансэнсус трэба аднойчы выйсці з цела і ўбачыць Запрашальніка які праводзіць цябе ў іншыя светы што з'яўляюцца вялікімі загадкамі але недахоп псіхадэлічных сродкаў стварае ў гэтым пэўныя перашкоды мяне непакоіць славутае маўчанне Сусвету бо ў ім крыецца нешта надзвычай незразумелае быццам наш свет не больш як мурашнік у вялікім лесе але мне не хочацца думаць што і там ідзе паляванне на энергію гэта было б суцэльным жахам і аспрэчвала б самую ідэю Галгофы...»

Сантэхнік Ілля адклаў асадку з нататнікам і задумаўся, гледзячы ў акно, у якім зрэдку слізгала шэрая постаць прахожага з парасонам над галавой, а то і без яго, а потым увогуле прайшоў чалавек, апрануты ў пінжак і без капелюша, быццам на дварэ не ішоў халодны дождж і не стаяла сярэдзіна восені. Ён доўга назіраў так, а затым пачаў хадзіць туды-сюды - у амаль пустым пакоі без аніякай мэблі хапала месца, зноў разгарнуў нататнік і запісаў:

«...калі суботу яны часам яшчэ і аб'яўляюць працоўным днём то нядзеля амаль заўсёды выхадны і мяркую ў гэтую нядзелю на аўтастрадзе будзе спакойна і шум не будзе перашкаджаць да таго ж па нядзелях у сістэме звычайна не адключаюць ні гарачай ні халоднай вады што таксама павінна мне паспрыяць і такім чынам вырашана я паспрабую ў чарговы раз дасягнуць Узроўню ў бліжэйшы выхадны апошняя ампула якая засталася дазволіць мне гэта зрабіць а потым трэба звярнуцца да дзяўчыны «с змеею в сердце и клеймом на лбу» з шостага паверха Евы Мураш

так Евы Мураш

якая абяцала мне набыць тое што трэба дарэчы яна вельмі цікавіць мяне шкада што жанчыны яе тыпу не ўспрымаюць такіх як я магчыма з-за снабізму ў адносінах да пэўнай сацыяльнай катэгорыі а дзяўчына магла б быць выдатнай спадарожніцай і ахоўнікам на той час калі я часова пакідаю цела...»

У пакой раптам зноў пастукалі. Сантэхнік Ілля схаваў нататнік і прыадчыніў - за дзвярыма нікога не было, і ён, вырашыўшы і супакоіўшы сябе, што зноў гарэзуюць і шкодзяць малалеткі, пачаў збірацца на чарговы абход.

 

* * *

 

Чалавека, які хацеў яго прыніжэння, былы бізнесмен Фёдар Сак высачыў на другі дзень. Урэшце, зрабіць гэта было няцяжка, бо адрас ён ведаў, заставалася толькі заспець яго ў той момант, калі той застанецца адзін, на якую хвіліну-дзве, а ўжо гэта было больш складаным.

Тым не менш яму паспрыяла надвор'е: ішоў дробны дождж, рана сцямнела і можна было без апаскі хадзіць у цені ад клёнаў, якія густа раслі ля пад'езда. Было бязлюдна, нават сабак з-за дажджу ніхто не выводзіў на шпацыр, хіба толькі некалькі падлеткаў, азіраючыся па баках і паспешліва торкнуўшы сябе адным шпрыцам на ўсіх, зноў зніклі ў пад'ездзе, і ён меркаваў, што не прыцягне ў гэты вечар залішняй да сябе ўвагі.

Незаўважаны, Фёдар Сак убачыў, як цёмнага колеру іншамарка амаль бязгучна праслізнула да пад'езда. Дзверцы кабіны адчыніліся, і праз іх неахвотна выйшаў на дождж спачатку целаахоўнік, ён жа вадзіцель, а за ім той чалавек. Чалавек нешта сказаў і ўзмахам рукі адпусціў целаахоўніка, а сам рушыў да пад'езда. Цяпер усё залежала ад таго, як хутка ад'едзе машына і як доўга затрымаецца той чалавек, выклікаючы ліфт, ці, наадварот, калі ліфт на першым паверсе, адразу зойдзе ў яго, і тады б ён, Фёдар Сак, не паспеў. Усё гэта прамільгнула ў яго ў галаве, пакуль ён назіраў, прыціснуўшыся да дрэва, і вось машына імкліва нырнула ў цемру, і той чалавек адначасова зайшоў у пад'езд - кодавы замок быў сапсаваны, і ён не затрымаўся ля дзвярэй, і адразу Фёдар Сак ірвануўся за ім следам, і яму зноў пашанцавала - заўважыў, што, апроч іх дваіх, ля ліфта няма нікога, адтуль ніхто не выйшаў і ніхто не чакаў унізе, каб увайсці, дзверы ліфта якраз расчыніліся, і ён ускочыў у іх следам за тым чалавекам, штурхнуўшы таго да сцяны, адначасова націснуў кнопку ходу і выхапіў з кішэні рэвальвер.

Чалавек, які хацеў яго прыніжэння, здзіўлена і незадаволена выкрыкнуў нешта, не аформленае ў слова, і - пазнаў яго. Ён кінуў позірк на рэвальвер, які ўпіраўся яму ў жывот, і яго рана атлусцелы твар з двайным падбародкам перакрывіўся ад раптоўнага прыступу страху і хвалявання.

- Што? - бессэнсоўна спытаў ён. - Што здарылася?

Былы бізнесмен Фёдар Сак навобмацак націснуў левай рукой у сябе за спінай кнопку, не даючы ліфту спыняцца, і сказаў, ужыўшы імя чалавека. Урэшце, ён ніколі не забываў тое імя.

- Жыццё кароткае, праўда, Мар'ян?

І бізнесмен Мар'ян сутаргава зглынуў паветра і пагадзіўся:

- Так, Федзя, ты толькі не дуры.

- За што ты хочаш знішчыць мяне, Мар'ян? - спытаў Фёдар Сак. - Хіба я не расплаціўся з табой за сябе? Хіба не табе, ваўку пазорнаму, вярнуў грошы?

- Так, так, - заківаў галавой бізнесмен Мар'ян. - Я памыляўся і благога табе не хачу. Мы ў разліку, Федзя. Схавай «пушку» і давай разбяромся, зойдзем да мяне, урэшце, пасядзім, пагаворым. А пра грошы забудзь.

- Я паверу табе, а заўтра ты пашлеш сваіх людзей, каб прынізіць мяне, - ты ўжо не раз рабіў такое, Мар'ян?

- Не дуры, Фёдар. Я аддам табе і тыя грошы, якія ты мне вярнуў. Толькі не дуры. У мяне і з сабой ёсць - «штука». Нашу на ўсялякі выпадак.

І чалавек, які хацеў яго прыніжэння, палез свабоднай рукой у кішэню на грудзях і выцягнуў грошы, але Фёдар Сак узяў з яго рукі толькі адну стодаляравую паперку.

- Твае людзі гвалтам забралі ў мяне стольнік, дык я вяртаю, астатняе мне не трэба, - патлумачыў ён.

Чалавек па імені Мар'ян пасля гэтых слоў адразу падбадзёрыўся. Твар яго, рана атлусцелы ад багатага ўжывання ежы, з шэрага набыў амаль нармальны колер.

- Дык усё пуцём, Фёдар? - спытаў ён і дадаў таропка: - Схавай ствол, зойдзем да мяне і разбяромся, ты не пашкадуеш.

- Не лямантуй, - адрывіста кінуў у яго бок Фёдар Сак. - Бачыш, я думаю.

- Думаеш пра што?

- Пра тое - забіваць цябе ці не.

І ён сапраўды быццам скамянеў - задумаўся, стоячы ў няёмкай позе, амаль упіраючыся галавой у столь ліфта і па-ранейшаму трымаючы рэвальвер ля грудзей свайго праціўніка.

- Ну навошта забіваць, толькі сапсуеш сабе карму, - сказаў бізнесмен Мар'ян, - забудзем пра тыя грошы і - расход.

І свабоднай рукой ён асцярожна паспрабаваў адвесці ўбок зброю.

На гэты яго рух Фёдар Сак нібы ачуняў і з нечаканай сілай і злосцю ўдарыў яго ў твар локцем. З рассечаных вуснаў бізнесмена Мар'яна пацёк струменьчык крыві.

- Карму ўспомніў? А раней ты пра што меркаваў, жывёла? Ты б лепш пра хуткаплыннасць жыцця думаў, пра тое, што нельга беспакарана на ўсіх перці рогам. Ты не варты жыцця, не.

Раптам ліфт спыніўся. Былы бізнесмен Фёдар Сак не гледзячы зашоргаў далонню, каб зноў надаць яму ход, але не здолеў знайсці і націснуць адпаведную кнопку. Дзверы ліфта расчыніліся.

Міжволі ён азірнуўся. Перад ім на лесвічнай пляцоўцы стаяла жанчына, трымаючы на руках дзіцё. Вочы яе былі расшыраны ад сполаху.

Чалавек па імені Мар'ян спаўна скарыстаў момант няўпэўненасці. Ён з крыкам рынуў з ліфта, паднырнуўшы пад руку Фёдара Сака, збіваючы з ног жанчыну, і з нечаканым спрытам панёсся ўніз па лесвіцы, не перастаючы крычаць.

Фёдар Сак не пабег за ім. Праз імгненне нерашучасці ён націснуў кнопку ліфта і пачаў правальвацца ўніз, да першага паверха, дзе, не марудзячы ні секунды, выбег з пад'езда, завярнуў за вугал і дварамі выйшаў на вуліцу, пасля чаго ўскочыў у тралейбус. «Справа ў тым, што я не магу забіваць, - думаў ён. - Але ж калі я занадта мяккі да людзей, то я, пэўна, таксама не варты жыцця...»

 

* * *

 

Леснікі сустрэлі яго з'яўленне, як заўсёды, амаль раўнадушна і ажывіліся толькі тады, калі ён звыкла пачаставаў іх гарэлкай. Начаваў ён у пуні.

Лес ужо барвовеў апалым лісцем. Часам у стрыманым шолаху дрэў чуліся рэдкія і трывожныя крыкі птушак, якія, пэўна, рыхтаваліся заставацца і сустракаць тут зіму. З раніцы Фёдар Сак распальваў невялікае вогнішча, якое падтрымліваў, падкідваючы раз-пораз сухое галлё, да вечара.

Ён чакаў іх, але надзея на тое, што яны ўсё-такі не прыйдуць і ўсё абыдзецца, цеплілася ў ім. Надзея была марная.

Страляць яны пачалі адразу, пэўна, як толькі яго ўбачылі, і з блізкай адлегласці, таму адна з першых, выпушчаных імі куль, трапіла яму ў жывот. Былы бізнесмен Фёдар Сак здолеў яшчэ запаўзці за ствол паваленага ім дрэва і выцягнуць з кішэні камбінезона рэвальвер.

Ён знайшоў у сабе сілы стрэліць у адказ: раз, другі, трэці, а потым жыццё пачало імкліва выцякаць з яго, як выцякае паветра з надзьмутага і праколатага іголкай шарыка, і ён то губляў прытомнасць, то яна зноў прыходзіла да яго, і гэтыя паўзы станавіліся ўсё карацей і карацей, а потым усё агарнула цемра, і ён знерухомеў.

Бандыты яшчэ доўга чакалі і не рашаліся падысці да яго схованкі, але потым зайшлі з розных бакоў і ўбачылі, што чалавек, якога ім загадалі забіць, мёртвы. Тады яны забралі з яго рукі рэвальвер, вынялі з кішэняў стодаляравую паперку і ўсё, што там было, адцягнулі труп падалей у лес і, прыхапіўшы «шведку», таропка рушылі ў той бок, дзе знаходзілася іх машына.

 

* * *

 

У нядзелю з раніцы і к вечару сантэхнік Ілля амаль не еў. Між тым хутка сцямнела, і праз гадзіну рух машын на дарозе зусім перапыніўся. Яшчэ з вуліцы нейкі час чуліся крыкі падлеткаў, але потым холад загнаў іх па кватэрах, і наступіла цішыня.

Сантэхнік Ілля запоўніў ванну вадой і ўстанавіў патрэбную яму тэмпературу, пасля чаго выцягнуў з шуфлядкі стала аднаразовы шпрыц і загорнутую ў паперу ампулу з марфінам, якую, разгарнуўшы, папстрыкаў пазногцем, а потым старанна і ашчадна адламаў ад яе кончык і набраў у шпрыц вадкасць. Затым ён паклаў шпрыц на зэдлік каля ванны і, зачыніўшы на ключ дзверы «калясачнай» і фортку, вярнуўся і, зірнуўшы на гадзіннік, выняў нататнік і запісаў:

«3 лістапада. Нядзеля.

існуе некалькі шляхоў каб трапіць на адпаведны ўзровень адзін накапіць дастатковую колькасць энергіі каб пераключыць бар'ер а энергія шматкрат павялічваецца пры «падагрэве» а другі шлях гэта ўбачыць у самім бар'еры адтуліны і калі рухацца дастаткова хутка то можна праскочыць праз адзін з такіх «тунеляў» гэты «тунельны» эфект сапраўдны для ўсіх бар'ераў уключаючы квантавамеханічны бар'ер для электронаў ці іншых часціц але ўсё гэта дэталі якія мяркую вырашаюцца падчас уваходу ў транс мяне больш непакоіць загадкавасць Запрашальніка ў вызначэнні сутнасці тых істот якіх ён прадстаўляе і ў сувязі з чым узнікае мноства пытанняў адно з асноўных гэта формы жыцця Сусвету і іх суадносіны з нашым і тут міжволі ўспамінаецца выказванне ангельскага астрафізіка Джынса які сцвярджаў што жыццё ў зямным варыянце з'яўляецца «выраджэннем» матэрыі яе хваробай якая паражае субстанцыю ў перыяды неспрыяльных сітуацый а калі гэта так то які сэнс ва ўсіх перабудовах рэвалюцыях войнах і ўвогуле ўся наша дзейнасць законы і грамадскія ўзрушэнні не што іншае як капрыз Космасу але я адхіляюся час прыступаць так прыступаць...»

Сантэхнік Ілля адклаў убок асадку і нататнік і задумаўся. Потым схаваў нататнік у стол і прайшоў за пераборку, дзе была ванная. Ён распрануўся, акуратна начапіў адзенне на вяшак і марудна і асцярожна апусціўся ў цёплую ваду, паляжаў так некалькі хвілін, пасля чаго ўзяў з зэдліка шпрыц і выціснуў з яго ў набухлую вену. Затым ён сунуў у вушы берушы і выключыў святло.

Ён выйшаў з цела лёгка і раптоўна, нібы выскачыў, і лёгка прайшоў адтуліну і доўгі тунель. У канцы яго ён убачыў Запрашальніка. На гэты раз той не прадпрымаў спроб пераўвасаблення і нагадваў звычайную бурбалку, якая часам ускіпала і свяцілася ад перапаўнялай яе энергіі.

«Сёння я гатовы», - падумаў ён і адразу ўспрыняў адказ Запрашальніка: «Так, прыйшоў час, калі ты станеш адным з нас». - «Але я яшчэ не вырашыў і хачу ўсё ўзважыць», - працягваў ён, і тут тунель скончыўся, і яны апынуліся ў замкнёнай прасторы накшталт пустога пакоя, падзеленага на нішы, углыбіні якіх былі таксама нішы-соты, нібы мноства каробачак ад запалак. Ён адчуў жаданне ўвайсці ў адну з такіх каробачак і, нягледзячы на ўзніклы раптоўны страх, пераадолеў сябе.

«Уваходзь, - чуў ён думкі Запрашальніка, - і ты спрычынішся да таго, чаго так прагнуў, - ведаў».

І ён увайшоў і адразу адчуў слабы воплеск, і прастора нібы замкнулася за ім, ён хацеў прасунуцца далей, потым у бакі ці назад, але ўсе намаганні былі дарэмнымі. «Пастка?» - падумаў ён. «Ты можаш лічыць гэта і пасткай, але ты хацеў гэтага, і назад шляху ўжо не будзе». - «А маё цела?» - «Ну, цела можа само паклапаціцца за сябе, хіба не так?» - «І што са мной будзе далей?» - спытаў ён. «Не больш і не менш таго, што адбываецца пры звычайнай дамове паміж д'яблам і яго ахвярай», - пачуў ён здзеклівы адказ. І ён закрычаў: «Дык ты д'ябал?» - «Ну, гэта вызначэнне адвольнае, хаця людзі іншы раз лічаць і так». - «І якая карысць трымаць мяне ў гэтым напарстку?» - спытаў ён. «Ты будзеш сартаваць даныя, бо ў нас не хапае выканаўцаў, ты набудзеш вечнасць і неабмежаваную колькасць ведаў, чаго так прагнуў». - «А назад я вярнуся?» - «Вядома, не». - «А якія даныя я буду сартаваць?» - «Тыя, якія мы збіраем і якія дадуць урэшце адказ пра ідэю і намер Сусвету». - «А ў яго ёсць намер?» - «Так, але мы не ведаем яго, бо калі б даведаліся, усё б змянілася». - «Што - усё?» - «Наша існаванне». - «І колькі я буду тут знаходзіцца?» - «Практычна заўсёды». - «Тыдзень, месяц?» - «Ты не разумееш. Магчыма, мільярды тысячагоддзяў, пакуль не будзе знойдзены адказ». - «А калі ён будзе знойдзены, то што?» - «Тады мы зменім ідэю і намер. Ведаць іх - гэта значыць мець магчымасць змяніць». - «А калі я не захачу сядзець у гэтым напарстку і лічыць веды?» - «Мы цябе іх пазбавім». - «І што?» - «Ты будзеш невыносна пакутаваць». - «Але я проста звар'яцею праз паўгода». - «Тут не вар'яцеюць». - «Дык што - гэта і ёсць абяцаная мне вечнасць?» - «Так». - «Я не хачу, я вярнуся назад». - «На жаль, гэта немагчыма». - «Не! Не! Не!»

 

* * *

 

Будаўніцтва запаснога аэрапорта, мяркуючы па руху машын, яшчэ працягвалася, хаця дажджы ўсё часцей пераходзілі ў слабыя снегапады, а раніцамі падмарожвала. Міналі дзень за днём, але былы бізнесмен Фёдар Сак так і не аб'яўляўся, затое часцей заходзілі Кім і Гуру, а з імі Ларыса, якая адразу пыталася:

- Праўдзій дома? Хіба ён не вярнуўся?

І, скінуўшы на канапу куртку і берэт, ішла на кухню, дзе рыхтавала «траўку», а то і што-небудзь больш крутое, але пра Фёдара Сака іншых пытанняў не задавала, адчуваючы, што яны трывожаць гаспадыню.

Ева Мураш хадзіла на працу ўсё радзей і радзей. Шматтыражка, ці, як яе называў Кім, «сучка», - жыла між тым сваім жыццём: штодзённым наборам навінаў, колькасцю здадзеных радкоў, карэктурай, дробнымі даносамі, зарплатай два разы ў месяц, нязначнымі сваркамі і інтрыгамі.

Выходзіць з раніцы на залітую халоднымі, бруднымі, падмярзаючымі за ноч лужамі вуліцу, а потым ехаць у перапоўненым аўтобусе з перасадкай станавілася для яе невыносна, а яшчэ больш пакутлівай была прысутнасць ля асветленага мёртвым святлом неонавага плафона стала, назіранне за віраваннем дзялкоў за акном - тыя па-ранейшаму выскоквалі са сваіх машын, прыціскаючы да вушэй мабільныя слухаўкі, усе ўжо ў цёмна-карычневых норкавых шапках на галовах - чым вышэйшы статус, тым вышэйшая шапка, - іранізавала Ева Мураш, прыпальваючы жоўтымі ад нікаціну, дрыготкімі пальцамі цыгарэту ад цыгарэты і вылічваючы хвіліну, калі можна апрануць паліто і збегчы дадому.

Усё часцей яе даймаў страўнік: часам у дарозе даводзілася выходзіць з транспарту і шукаць грамадскую прыбіральню. Два-тры дні ў тыдзень звычайна трымалася павышаная тэмпература, а потым быццам праходзіла. Яна яшчэ больш схуднела, шчокі запалі, а на твары ад носа да вуснаў прарэзаліся дзве глыбокія зморшчыны.

Потым у яе на шыі, а праз тыдзень і ў роце з'явіліся невялікія цёмна-барвовыя плямы. Яны не балелі, але ёй стала нязручна насіць шалікі і есці счарсцвелы хлеб - тады ранкі крывавілі. Такія ж плямы яна неўзабаве заўважыла ў паху і пад пахамі. Яна часта мерзла, але калі-нікалі яе нібы насуперак кідала ў жар, да таго ж не давалі спакою частыя прастуды, бранхіты і ангіны.

Ева Мураш уяўляла, якія б твары зрабіліся ў калег па працы, калі б яна сказала ім праўду, як імгненна яны адхнуліся б ад яе, як іхняя інтуітыўная непрыхільнасць перайшла б у глухую варожасць. Але што ад таго прызнання змянілася б для яе самой? - думала яна. - Урэшце, усё калі-небудзь вырашыцца.

Раз, а потым другі яе выклікаў на гутарку рэдактар - вусных даносаў і крыўдаў, што яна прапускае працоўныя дні і пакідае работу раней, станавілася ўсё больш, але яна яшчэ выконвала свой мінімум - дзвесце радкоў штодня - і гэта яе неяк ратавала.

У адзін з такіх дзён - на зямлю ўжо ападаў снег, ёй стала блага, не дапамаглі і некалькі шклянак кавы: пачынаўся кумар, і тады яна зачынілася ў прыбіральні. У сумачцы было ўсё, што трэба, а потым ёй быццам палепшала, яна села за стол, каб нешта зрабіць, і ўрэшце пачала тэлефанаваць аператыўнікам, каб далі зводку. Запісвала Ева Мураш заўсёды хутка, амаль не ўнікаючы ў тэкст, часта карыстаючыся стэнаграфічнымі знакамі, якія расшыфроўвала пасля. Механічна яна набрала звыклыя кароткія паведамленні пра ўцекачоў з інтэрната «Карасікі», целы якіх знайшлі ў лесе, і пачала набіраць чарговае, як раптам яе ўвага абвастрылася, а сэнс набранага тэксту дайшоў да свядомасці:

«...апазнаецца асоба мужчыны, труп якога са слядамі агнястрэльных пашкоджанняў выяўлены ў раёне ўрочышча Баранава на тэрыторыі прыгараднага лясніцтва.

Прыкметы: на выгляд гадоў трыццаці, высокага росту - сто дзевяноста - сто дзевяноста пяць сантыметраў, валасы цёмныя, на левым прадплеччы татуіроўка - кляновы ліст і ў ім лічбавае абазначэнне - 0(1)Rh+ - група крыві. Быў апрануты ў вайсковы маскіровачны камбінезон і чорныя армейскія чаравікі на шнуроўцы...»

Некалькі хвілін Ева Мураш сядзела нерухома, потым запаліла, але амаль адразу патушыла цыгарэту ў попельніцы і пачала збірацца дамоў.

Адказны сакратар выйшаў са свайго кабінета, зазірнуў ёй у твар і нешта сказаў, але яна не зразумела. Тады ён паспрабаваў затрымаць яе за руку.

- Ева, - казаў ён, - ты зноў парушаеш распарадак, і я калі-небудзь мушу сапсаваць твой табель. Загад рэдактара, дарэчы.

На кароткі міг, ужо ў дзвярах, Ева Мураш спынілася. Ёй раптам авалодаў прыступ смеху.

- Ха-ха-ха-ха!

Здзіўленыя твары адказнага сакратара і супрацоўнікаў толькі ўзмацнілі яе нечаканую весялосць.

- Ха-ха-ха-ха!

З гэтым смехам яна і пайшла ў ноч, дакладна паўтарыўшы свой шлях таго дня, калі ўпершыню сустрэла Фёдара Сака (Праўдзія), што знік больш за месяц таму і чый труп ляжаў цяпер, пэўна, дзесьці ў халадзільнай камеры, - так, у якой бруднай камеры на падлозе, - думала яна, ідучы па алейцы праз аўтавакзал да стаянкі таксі, дзе села ў машыну і назвала свой адрас.

Яна ўжо рыхтавалася зайсці ў ліфт, але той не працаваў, і тут якраз рыпнулі дзверы «калясачнай», і Ева Мураш пазнала сантэхніка Іллю, які з ліхтарыкам у руках асвятляў сабе пад нагамі.

Сантэхнік Ілля скіраваў прамень ліхтара на дзяўчыну і павітаўся, патлумачыўшы, што тыя склезні-малалеткі не толькі разбілі лямпачку, а і, пэўна, сапсавалі ліфт.

- Мо зойдзеце на хвіліну, - прапанаваў ён. - На два словы.

Ева Мураш моўчкі зайшла за ім у пакой і села ў крэсла.

- Памятаю нашу мінулую гутарку, анягож, - сказала яна. - Вы, пэўна, зноў накшталт «драгса». Але я магу прапанаваць вам толькі «смэк». Лепшага нічога не маю.

- Вы дрэнна выглядаеце, - спачувальна заўважыў сантэхнік Ілля. - Здарылася што-небудзь?

- Здарылася, але гэта мая справа, - сказала дзяўчына і спытала: - Дык што вы хацелі? «Дазняк»? Сёння?

- З гэтым потым, - памарудзіў з адказам мужчына і зірнуў на яе бясколернымі вачыма. - Я б хацеў, я...

- Гаварыце хутчэй, не цягніце, у мяне мала часу, таварыш пралетар. Чаму вы стаіце, як стод?

Сантэхнік Ілля сеў на ложак.

- Мне патрэбны гід-ахоўнік, - урэшце сказаў ён ціха і быццам нерашуча, - я мяркую, калі б вы згадзіліся...

- Гід-ахоўнік куды?

- На Высокі Ўзровень.

- Ха. І гэта дзе?

- Калі я прачытаў ваш ліст, то адразу зразумеў, што вы асоба, так бы мовіць, неардынарная, здольная на большае, чым астатнія, у вас інтэлект...

- Чорт бы вас пабраў з вашай цікаўнасцю і чытанкай чужых лістоў, - у звыклай выбуховай манеры незалюбіла дзяўчына.

- Ціха, ціха, - адразу замахаў рукамі сантэхнік Ілля. - Не ўспамінайце нанач таго, хто, можа, выбраў сабе менавіта гэтую зямлю, якая для таго і засыпана васьмюдзесяццю мільёнамі кюры. Маўчыце і памятайце.

- Ну, згода, згода, - раптам пагадзілася Ева Мураш. - Калі вы такі баязлівец.

- Дык вось, я б вельмі хацеў паразумення.

- Вы быццам трызніце, але няхай, - сказала дзяўчына і спытала: - І як вы ўяўляеце мае абавязкі ў ролі гэтага гіда-ахоўніка?

- Вы павінны будзеце спачатку назіраць за маім целам, калі я адпраўлюся вельмі далёка, ну, скажам, на той самы Высокі Ўзровень. Сачыць, каб я не зайшоў занадта ўбок, у сэнсе небяспекі, каб не задыхнуўся ці не набраў у лёгкія вады, за колерам майго твару, за тым, каб малалеткі не кінулі ў фортку выбуховы пакет ці запаленую анучу ці мала яшчэ што. Гэта, вядома, напачатку...

- Так. Ну, а якую форму аплаты вы мне прапануеце за гэтыя пасядзелкі? Вы ж думалі пра гэта?

Сантэхнік Ілля пацёр далоні. Ён быў відавочна ўсхваляваны.

- Прабачце, - пачаў ён, - але я за вамі ўвесь час пакрысе назіраю. У вас тут нядаўна быў, скажам так, сябра. Такі высокі, з бензапілою. Ён браў у мяне ключы, каб яе разабраць і зноў сабраць. Але гэты мужчына больш не з вамі. Ён сышоў. Хіба не так? А вам трэба чалавек, на якога вы маглі б спадзявацца. Я мог бы падвесці вас да самага галоўнага, я...

Сантэхнік Ілля спыніўся. Плямы выступілі на яго бледным твары.

- Да чаго галоўнага? - спытала дзяўчына даволі здзіўлена.

- Да... неўміручасці.

- Ха-ха-ха-ха!

- Чаму вы смеяцеся? - пакрыўдзіўся сантэхнік Ілля.

Ева Мураш паднялася з крэсла.

- Не крыўдуйце, але вяртайцеся лепш у «дурку», - з нечаканай злосцю сказала яна. - Калі б вы нават і падсунулі мне ў нос вашу неўміручасць, вы што, сур'ёзна лічыце, што яна нечага вартая? Я, дарэчы, не вас першага пра гэта пытаю. Ну, дзеля чаго? Адкажыце! І няма ніякага Высокага Ўзроўню. Звычайны «глюк» - і ўсё.

Сантэхнік Ілля маўчаў.

У цемры Ева Мураш падымалася па лесвіцы да сябе на сёмы паверх. Маўчанне нібы цягнулася ўслед за ёю. Некалькі разоў яна спынялася адпачыць, бо задыхалася, пакуль урэшце не ўпала на ложак, як была, у паліто і запаліла цыгарэту. Потым усё ў тым жа паліто яна села за стол і напісала ліст да сяброўкі. Ліст быў надзвычай кароткі і складаўся з аднаго слова:

ЖАХ

І падпісалася:

Ева, 98. Чацвер.

Больш на працу яна не наведвалася. Так ішлі дні, зрэдку яна спускалася ўніз, хадзіла ў краму па хлеб, ёй спачатку званілі, але потым тэлефон адключылі - за нявыплату. У яе яшчэ быў «смэк» са старых запасаў, да таго ж заходзілі сябры, аднойчы прыйшла і маці, але яна нешта звыкла зманіла ёй і хутчэй выправадзіла дадому.

Яшчэ праз некалькі дзён у яе скончылася апошняе, што можна было ўжываць, нават «траўкі» не засталося, і толькі запалкавы карабок з «дазняком», што апошнім увёў сабе нябожчык Алег, так і ляжаў у халадзільніку.

Ева Мураш з раніцы прыняла ванну, а потым сядзела ў паліто, паліла і глядзела ў акно на вуліцу, дзе бегалі людзі, збіраючыся ў натоўп, даносілася музыка, з дынаміка гучалі песні, і яна ўспомніла, што на дварэ ўжо сёмае лістапада. Дзяўчына знайшла каляндар і чырвоны ліст з надпісам

7 лістапада

пятніца

Машынальна вырвала яго і кінула ў сметніцу, а потым выцягнула з шуфляды ампулу з вадой для раствору, адламала кончык. Усё, што пакінуў Алег, яна акуратна размяшала - дазіроўка ўжо не мела сэнсу, - набрала ў шпрыц і знайшла вену...

Ева Мураш выйшла на балкон, села ў старое крэсла, што стаяла сярод рознага хламу, ухуталася ў паліто і стала чакаць, прыслухоўваючыся да таго, як б'ецца сэрца, а яно грукала ўсё часцей і часцей, а потым яе званітавала, у скронях быццам запалаў агонь, ёй стала жудасна, сапраўдны жах працяў яе, дзяўчына зірнула ўніз, дзе ўжо было амаль пуста - натоўп сышоў, - і на неба, і раптам шырока раскрытымі вачыма ўбачыла, як па гэтым небе імкліва і бязгучна імчыць, зніжаючыся ў бок запаснога аэрапорта, нязграбнае, гіганцкае цела авіяматкі, падобнае на вялізнага гіпапатама, і гуку ўсё яшчэ не было, а потым з бакоў вынырнулі два знішчальнікі аховы, у той час, як авіяматка ўсё так жа бязгучна слізганула за дахі дамоў, на пасадку, і тады Ева Мураш нечакана ўспомніла словы сантэхніка Іллі і ўжо затухаючай свядомасцю зразумела: вось яно - тое самае, пра што калісьці гаварыў ёй вар'ят, і сінія вусны яе, на якіх ужо пухірылася жоўтая пена, вымавілі дзіўнае слова:

- Бесапатам!

І яна паўтарыла двойчы:

- Бесапатам, Бесапатам!

 

* * *

 

Бляшаная скрыня на дзвярах «калясачнай» паступова запаўнялася скаргамі жыльцоў, але самога сантэхніка Іллі даўно ніхто не бачыў. Урэшце нехта звярнуў на гэта ўвагу і патэлефанаваў у жыллёва-эксплуатацыйны ўчастак, але і там не ведалі, дзе знаходзіцца слесар-сантэхнік. Скрыня між тым была запоўнена лістамі і заявак у сваё чэрава больш не ўмяшчала. Прайшло яшчэ некалькі дзён, у камунальнікаў якраз выдавалі зарплату, але сантэхнік Ілля па грошы не прыйшоў, і тады з раніцы пачалі грукаць у дзверы «калясачнай», але іх ніхто не адчыняў і не падаваў голасу ў адказ. Дзверы, параіўшыся, урэшце ўзламалі, і мужчыны зайшлі ўнутр, але неўзабаве выбеглі адтуль - аднаму з іх стала блага, а другога званітавала проста ў пад'ездзе.

Пакуль прыехала спецыяльная машына, у «калясачную» заходзілі яшчэ некалькі цікаўных, але хутка выбягалі адтуль і папярэджвалі, каб туды не пускалі дзяцей. Урэшце прыбылі людзі з празектуры і, надзеўшы камбінезоны і пярэднікі і насунуўшы процівагазы, вынеслі з пакойчыка ванну, дзе боўталася мешанка, якая кішэла чарвякамі, - усё, што засталося ад сантэхніка Іллі.

 

1999


1999

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая