epub
 
падключыць
слоўнікі

Юры Станкевіч

Ізумрудна-зялёныя мухі

Яны з'явіліся раптоўна: некалькі дзесяткаў, не менш, ён пачаў лічыць, але збіўся, бо мухі бегалі па ім бязладна і неяк бы з падскокам, у вачах у яго замільгацела, і ён перастаў лічыць. Мухі былі ізумрудна-зялёныя, таго неверагодна зялёнага колеру, які ўласцівы хіба толькі штучным стварэнням. Куртка яго была ў крыві: мухі трымцелі, адчуваючы гэта. І толькі тады ён зразумеў, што прыгожыя зялёныя насякомыя - звычайныя падлавыя мухі і яму, значыць, хутка гамон. Мужчына скасавурыўся на свае ногі, грудзі і жывот - нагам у красоўках было холадна, хаця сонца ўжо сляпіла яму вочы, і далонь, што ляжала на рукаятцы рэвальвера, таксама была халодная і мокрая ад поту. Ён сціснуў пальцы.

...Ён сціснуў кулакі, і тады, пэўна, нешта спрацавала ў яго галаве, быццам адбыўся шчаўчок і нібы пераключылася на больш высокае напружанне мазгавое рэле, бо яму раптам стала горача, а рука аўтаматычна нырнула за пазуху, дзе ў самаробнай кабуры грэўся яго «Радом», адзін з варыянтаў бельгійскага «Нагана». Гэта быў сямізарадны рэвальвер калібру 7,62 мм з барабанам, які насоўваўся наперад, - мадэль вытворчасці 1895 года. Паўгода таму малады мужчына набыў яго за пяцьсот даляраў у чалавека, які прыехаў з Польшчы.

Ён ускінуў руку са зброяй, і тры стрэлы адзін за другім, без паўзы, узарвалі вагон. Першая куля трапіла ў шыю аднаго з нападаўшых - укормленага, з чорнымі пукатымі вачыма і ў чорным доўгім плашчы. На ягоны белы шалік адразу пырснула крывёю, яго адкінула назад, у праход, дзе ён упаў і захрыпеў, драпаючы пазногцямі брудную падлогу. Другая куля трапіла ў лоб таму, хто ўставаў з сядзення, і мазгі яго абпырскалі спінку гэтага сядзення і дзяўчыну насупраць, якая адразу закрычала і крычала не перастаючы, калі ён стрэліў у трэці раз, услед таму, хто нападаў на яго, трымаючыся за спінай лупатага ў белым шаліку і плашчы. Гэты трэці, у жоўтай скураной куртцы і каўбойскіх вастраносых чаравіках, пэўна, хутка кумекаў, бо крутнуўся, спрабуючы ўцячы. Ён быў гонкі і спрытны, але ж куля была яшчэ больш спрытная, яна ўвайшла яму якраз між лапатак, і - усё было скончана.

Цягнік імчаў у прыцемках далей, вагон быў пусты, толькі ён і гэтыя трое ды шлюха, якая набрала ў грудзі паветра і закрычала яшчэ больш гучна.

Малады мужчына саўгануў наган за пазуху, падхапіў з сядзення сумку з газетамі і перакінуў цераз плячо. Ён быў светлавалосы, высокага росту, лічы, зусім хлопец. Толькі на твары ад носа да куткоў вуснаў рэзка выдзяляліся дзве зморшчыны, якія рабілі яго старэйшым. Пластмасавая бейсбольная кепка з брылём з матэрыі была нізка насунута на лоб. Мужчына памкнуўся да дзвярэй, але раптам павярнуўся і крыкнуў:

- Маўчы, жывёла!

Дзяўчына адхіснулася ад яго да акна і раптам змоўкла. Яна была скуластая, з кірпатым носам і пафарбаваная пад брунетку, з ярка-чырвоным ад памады ротам. Мужчына мімаволі адзначыў усё, хаця навошта гэта было яму, - крутануўся і кінуўся да выхаду - цягнік ужо замаруджваў хаду на чарговым прыпынку.

Ён выскачыў адразу ж, як дзверы расчыніліся, і пабег праз асветленую ліхтаром пляцоўку за будынак станцыі, у ноч - гэта быў адзін з бязлюдных прыпынкаў ля невялікага пасёлка ці нават вёскі. Прыглушаныя крыкі за яго спінай пачаліся зноў, але электрацягнік крануўся, набраў хуткасць і рушыў. Што ж, пакуль яны там паведамяць машыністам, а тыя па рацыі на бліжэйшую станцыю, а там падключыцца міліцыя, у яго будзе хвілін трыццаць - сорак, а мо, калі пашанцуе, і болей, каб адарвацца ад пагоні. А пошук пачнецца, магчыма, у гэтую ж ноч, хіба не так? Урэшце, ён не сумняваўся.

Прабягаючы ўздоўж пракапанай канавы (непадалёку грувасцілася і цёмная гара экскаватара), ён кінуў туды сумку з газетамі, крыху аддыхаўся і нагамі закідаў яе жвірам. Хаця, мільганула ў яго галаве, усё гэта дарэмна, бо тая дзяўчына, пэўна, ужо расказвае пра ўсё, і пра газеты таксама, а прыстрэліў бы і яе, дык усё было б інакш, можа б, і ўратаваўся, але ж вось сумленне, ці што там яшчэ, нейкая сіла ў ім не дазволіла лішняй крыві. Хаця - што яму да той дзяўчыны? Чаго вартае яе нікчэмнае жыццё і каму ўвогуле патрэбна гэткае смецце? Хіба што тым цыганам, каб прадаваць ёй наркату і карыстацца яе целам, пакуль яно здаровае?

Пазбавіўшыся ад сумкі, ён зноў пабег у цемру.

...Урэшце, усё з таго і пачалося, што ў іх с...м райцэнтры, звычайным правінцыйным гарадку, было мала дзевак. Іх проста не хапала на ўсіх, бо побач было два, ды не, нават тры гарадкі-спадарожнікі з вайскоўцамі - там дыслацыравалася цэлая армія. Штогод, штомесяц, штодня мангалоідныя лейтэнанты і капітаны бралі з гарадка даніну - дзевак у жонкі, звозілі іх за свет ці заставаліся з імі ў сваіх гарадках-спадарожніках, каб пладзіць такіх жа мангалоідаў і будучых вайскоўцаў, як і самі.

А то яшчэ дзевак з мясцовага педвучылішча - адзінай у іх горадзе навучальнай установы - размяркоўвалі пасля вучобы... у аддаленыя кішлакі азіяцкіх рэспублік. Нашыя мудрыя кіраўнікі ў сталіцы так вырашалі, гладкія і салодкамоўныя ёлупні - уся гэта шушамець, якая ў чарговы раз аб...сь са сваёй гісторыяй і сваімі перамогамі. Увогуле, гэта быў горад недачалавекаў. Такое можа быць, бо ён пабачыў за сваё жыццё шмат гарадоў - вялікіх і малых, калі служыў у чыгуначных войсках. Суцэльная гніль. А калі вакол цябе завялася гніль і яе не выпаліш у свой час з дапамогай агнямёта, напалму, трацілу ці яшчэ якім чынам, то яна размножыцца і ўсё стане гніллю. Дарогі пакрыюцца напоўненымі смярдзючай тванню ямамі, рэкі і азёры запаскудзяць мазутам, крышкі люкаў каналізацыі знікнуць, і ў іх правалы пачнуць скідваць смецце, пад'езды і лесвіцы ў дамах запаскудзяць п'яныя пралетары, а дахадзягі-старцы з устаўнымі сківіцамі пачнуць заклікаць да ўсялякіх узбуйненняў, быццам мала сваёй гнілі, дык каб прыйшла яшчэ і ўсялякая набрыдзь. Усе пачнуць слухаць розных ёлупняў, запабягаць перад імі, надзяляць пасадамі і кватэрамі. І калі гэта і хто тут вынішчаў тых ёлупняў, нават памкнуўся іх утаймаваць? Наадварот, яны нішчылі і нішчаць тых, хто з імі не згодны. Калі ж хто і браўся за дурноту, каб змагацца з ёй ейнай жа зброяй, то адразу ўсчынаўся сусветны гвалт. Вось дзе першапрычына, хаця дзевак было мала, нічога не запярэчыш і - гэта дакладна. І потым, калі ў яго з'явілася нявеста, а ён толькі адслужыў іх с...ю армію, то не тое што на якую-небудзь аднапакаёўку, а і на вяселле грошай у яго не было. З таго ўсё і пачалося, ён жа не быў сынком якога функцыянера, аднаго з тых, хто на іх с...я святы заўсёды стаяў на збітай мясцовымі цеслярамі трыбуне пад іх любімым правадыром і зекрыў вочы на шэсце тых, з транспарантамі, сцягамі, надзьмутымі шарыкамі-прэзерватывамі ў руках і п'янымі пысамі. Пэўна, і ён павінен быў штогод ісці пад тымі транспарантамі і сцягамі ў святы, пляскаць у далоні, працаваць на тых ёлупняў у будні і чакаць усё жыццё, пакуль яму, старому і нядошламу ад хвароб, выдзеляць урэшце якую с...ю кватэру, але нашто яму тое, у чым ужо не будзе патрэбы? Хіба тыя, у чырвоных мантыях на трыбунах, ці іх дзеці мелі ў тым патрэбу? Ім даставалася ўсё дарма, а яму нават на гэта варта было змарнаваць паўтара года катаржных работ. Хто прыгаварыў яго да тых работ? Пяць тысяч даляраў - вось была цана яго лаяльнасці, законапаслухмянасці і шчасця. Усяго толькі пяць тысяч. А ў тых цыганоў, па якіх ён адкрыў страляніну, былі кватэры? Ці цыганы ўсё яшчэ жывуць у сваіх шатрах дзе-небудзь на ўзлессі? Адкажы мне, лес? Цяжка дыхаючы, ён прадзіраўся праз начны гушчар.

...Лес шумеў у яго над галавой. Ён аблізаў вусны сухім языком і зірнуў на мух. Яны поўзалі ўжо і па твары, яны былі нахабна-смелыя і мэтаскіраваныя, як усе насякомыя. Лес. Адкуль яны ў лесе, паблізу ж няма, здаецца, ні падлы, ні звалкі? Адкуль яны з'явіліся так хутка, нібы іх навялі якім лакатарам? Лес жа такі чысты, жывы і вечны. Пошум лесу - самае цудоўнае, што ёсць на свеце. Хто гэта сказаў? Нейкі пісьменнік. Але ці ведаў пісьменнік, што ў лесе хаваюцца мірыяды такіх вось ізумрудна-зялёных мух і чакаюць свайго часу? Так, ён тады шмат чытаў і нават рыхтаваўся паступаць у інстытут замежных моў. Урэшце, куды заўгодна, толькі б вырвацца з таго гарадка, але тут з'явілася дзяўчына.

...Дзяўчына гнутка і зграбна падабрала пад сябе ногі, а потым лёгкім рухам паднялася з посцілкі, на якой яны ляжалі, і пайшла да ракі. Яна паволі ўваходзіла ў ваду, і ён назіраў, як рака ўбірае ў сябе спачатку яе доўгія ногі, потым голыя акруглыя клубы, спіну і спыняецца на ўзроўні шыі. Тады дзяўчына павярнулася і паклікала:

- Ідзі да мяне. Дно чыстае, пясок. Цёпла. І камары не ўкусяць.

Ён падняўся з зямлі і пайшоў да яе, і вада прыняла і яго, мякка заказытала цела прахалодай, і дзяўчына сказала:

- Хутка мы не зможам сустракацца. Прыйдзе восень, а потым зіма. Я жыву з бацькам, з сястрой і братам, а ў цябе таксама нельга. Чаму ты такі бедны? Навошта я кахаю менавіта цябе?

Ён падумаў, ён думаў пра гэта і раней, і праз паўзу адказаў:

- Калі ты пачакаеш з год, то я зараблю, колькі трэба. Усяго толькі год. Больш я нічога не магу і нічога не прашу.

Дзяўчына замест адказу заплюшчыла вочы і пацягнулася вуснамі да яго, каб ён пацалаваў. Валасы яе, колеру саломы, былі мокрыя. Яна абняла яго пад вадой і ашчаперыла нагамі.

- Які ты худы, - сказала дзяўчына. - Зусім хлопчык. І чаму менавіта ты? Магла ж я выбраць каго іншага і не сустракацца з ім вось так, як з табой: за горадам, у полі, у лесе, ля ракі, у пад'ездах?

Замест адказу ён з прыхаванай злосцю прыпаў да яе вуснаў у доўгім пацалунку. Пацалунак гэты станавіўся ўсё больш пажадлівым, і тады дзяўчына адарвалася ад яго і сказала:

- Занясі мяне цяпер назад. Ну, хутчэй...

Яна, вядома, згадзілася. Магчыма, такія абяцанні ў жанчын увогуле нічога не вартыя, але ён успрымаў усё сур'ёзна, два гады ўстрымання ў іх с...й арміі зрабілі яго такім, сентыментальным і ўлюблівым. Урэшце, ён увогуле быў такім. Тут якраз ішла ўжо поўным ходам іх с...я перабудова, і можна было зарабляць грошы, як здолееш.

Так, хто як здолее. Але ж не мог ён гарбаціць на якім з іх с...х заводаў, бо там цяпер і на хлеб часам не заробіш. Не мог і «шалясцець» валютай ці гандляваць пракладкамі, бо гэта - не для яго. Ён доўга прыкідваў тады так і гэтак, і, як ні круці, атрымлівалася яму ўсё роўна далёкая дарога. Так ён і завербаваўся ў адну прыватную будаўнічую фірму ў іхнюю дарагую і залатую сталіцу, як пелася раней у адной з іх с...х песень. Вось тут і пачаліся катаржныя работы, бо ён наняўся працаваць мулярам. Па дзесяць - дванаццаць гадзін у дзень, з раніцы да цямна, і ўсяго, як было сказана ў дамове, за пяцьсот «зялёных», больш яны не абяцалі, дый і так на яго месца было зашмат жадаючых з вёсак, пасёлкаў ды такіх с...х гарадкоў, як той, дзе ён нарадзіўся: толькі выйдзі на плошчу і свісні - адразу набягуць. У яго ўсё было разлічана: не піць, не курыць, нават не праядаць лішняга. Чатырыста пяцьдзесят кожны месяц ён павінен быў адкладаць. Але тут тыя сукі пачалі круціць і махляваць - што-што, а на гэта яны былі майстры ў іх с...й сталіцы. Замест абяцаных пяцісот выходзіла па чатырыста, а то і менш. Жыў ён у інтэрнаце, спаў у пракураным пакойчыку, дзе ложкі стаялі ў два ярусы, як калісьці ў казарме. Але горшае было не гэта і не рабская праца. Там нельга было давяраць нікому і ніколі, нават ноччу, калі спіш, нават у сне. Чыста выпадкова ён падслухаў размову каменданта інтэрната з адным памагатым-шасцёркай. Грошы адтуль не давалі вывозіць нікому. Калі не маглі скрасці па п'янцы, то рабавалі пасля палучкі; калі не ўдавалася абшукаць рэчы і сумкі ў час іх адсутнасці, калі яны гарбацілі на будоўлі, то падсылалі шлюх з клафелінам. Яму давялося прыдумаць версію пра брата, які, маўляў, жыве тут недалёка і да якога ён і адносіць на захоўванне грошы, і так ад яго на нейкі час адчапіліся, хаця ён ведаў, што пасля апошняга разліку хутчэй за ўсё будуць чакаць яго ў інтэрнаце, і тады ў ход пойдзе ўсё: гарэлка, шлюхі, а потым, калі не спрацуе, і сіла. Грошы ён зашываў у цяльняшку, якую амаль не здымаў, - вакол пояса і па баках, дзе прыстасаваў знутры спецыяльныя кішэні. З палучкі мяняў іх рублі на валюту і хаваў. І ўсё роўна ўвесь час трэба было сцерагчыся нечаканага нападу ці яшчэ якой падлянкі. Па хітрасці, зласлівасці і каварству яны былі горш за пацукоў: у іх там склалася нешта накшталт групоўкі, хеўра, якая тлусцела на рабочай скаціне, накшталт яго і падобных, і з механічнай абыякавасцю выплёўвала іх голымі і босымі назад, у іх пасёлкі і вёскі. І тым не менш яму ўдалося перахітрыць тых пацукоў з іхнімі «шчаміламі», «рэксамі» і шлюхамі са снатворным. Яшчэ раней, за некалькі дзён да апошняй палучкі, ён набыў білет і пасля канчатковага разліку ў інтэрнат не вярнуўся, пакінуўшы там ім на ўспамін тое-сёе з вопраткі, электрабрытву, ручнік, зубную шчотку і чамадан. А пэўна, яны доўга чакалі яго тым днём і той ноччу, анягож, і шлюху туды даставілі, усё як належыць, пакуль ён, як і быў, у рабочай робе і кедах, не занырнуў у вагон. Цягнік урэшце крануўся, ён заваліўся на верхнюю паліцу (надыходзіла ўжо ноч) і назіраў, як сплывае і меншае гэты жудасны мегаполіс, што адабраў у яго больш года жыцця, як агнёў горада ўсё меншае і меншае, і ўрэшце пачаліся дробныя пасёлкі, раўніны, а потым лес, і тады ён заснуў.

...Лес, па якім ён плёўся ў напрамку ад чыгункі, на яго думку, не мог цягнуцца на вялікую адлегласць. Ён прыкінуў прыблізна - кіламетраў дзесяць, пятнаццаць. Урэшце, тут не тайга, надта не схаваешся. Дый што толку хавацца, калі няма ні жытла, ні ежы, ні грошай, акрамя якой дробязі, толькі «Радом» пад пахай з чатырма патронамі ў барабане. Патроны ж есці не будзеш. Ён прыслухаўся да начных гукаў і вызначыў па іх, дзе чыгунка. Там у іх ужо, напэўна, усё спрацавала і міліцыянты з «калашнікавымі» пайшлі па следзе. А можа, і не - хіба даведаешся? Не азірайся, бо ззаду магчымая пагоня - хто гэта сказаў? Хутчэй за ўсё яны з сабой захопяць і сабаку. А калі ў цемнаце ён дрэнна прыхаваў сумку, то сабаку падсунуць яе пад нос і той лёгка возьме след. А пасля гэтага ўжо справа часу, каб дастаць яго. Ён будзе страляць? Скажы, лес, мне страляць? Трэба выбрацца на якую лясную дарогу, няхай цемра, ноч, але трэба - дарога ўрэшце прывядзе да якога балотца, ручая ці канавы і ён саб'е са следу сабаку. Не шукай мяне, сабака, бо я ні ў чым перад табой не вінаваты, падумаў ён. Хіба мне трэба ўвогуле тваё сабачае ці яшчэ якое іншае жыццё? Тым больш - чалавечае? Але ён адабраў ужо не адно. Тыя цыганы - чалавекі? Скажы мне, лес?

...Лес ціха шумеў над ім. Ён ляжаў на невялікай палянцы, галавой на спарахнелым сасновым ствале, рэдкія сонечныя промні прабіваліся да яго, станавілася горача. «Віць-віць-віць», - звінела ўгары птушка. Піць. У грудзях, правым баку і ў жываце тлела маленькае вогнішча, якое патрабавала вады.Ён хацеў піць. Пэўна, падумаў ён, зачапіла жыццёва важныя органы. Недарэмна на ім ужо некалькі гадзін кішаць гэтыя зялёныя стварэнні. А ўжо яны ніколі не памыляюцца, бо іх інстынкты адпрацаваны тысячагоддзямі, сотнямі тысячагоддзяў. Ён паварушыў галавой, каб сагнаць іх з твару, і адразу боль уварваўся ў яго, як урываецца на маленькую сонную станцыю ранішні аранжава-сіні экспрэс, каб, не спыняючыся, памчаць далей. Далей - куды? Куды і я неўзабаве памчу - ты ведаеш, птушка? Не крычы так, птушка, зрабі ласку, бо я хачу піць і хачу цішыні.

...Ля маленькай соннай станцыі ўсё і здарылася. Ён тады ўжо змяніў хуткі цягнік на звычайную электрычку, якая везла яго дадому, у той с...ны гарадок, дзе ён нарадзіўся. Ён паспеў купіць сабе спартыўны касцюм, красоўкі, куртку ды пару сумак, якія запоўніў такімі-сякімі падарункамі.

Мужчына быў амаль што дома, ціхая радасць пасялілася ў ім, ён расслабіўся, а гэтага рабіць цяпер ніколі няварта. Грошы, якія выпараў з цельніка, ён паклаў на дно сумкі, частку, некалькі соцень, пакінуў у кішэні курткі, а брудны цельнік выкінуў. Ён ехаў дамоў у звычайнай прыгараднай электрычцы, і ў душы ў яго панавалі ціхае замілаванне і спакой.

Электрычка была адна з апошніх, вагон паступова апусцеў, за акном панавала амаль што ноч, і толькі рэдкія агні наплывалі і зноў адыходзілі ў цемру: то заставаліся ззаду ўсе тыя бяздарна і безгустоўна пабудаваныя хаты і домікі, дзе жылі рахманыя, пакорлівыя і безадказныя дурні - такія ж, як і ў тым гарадку, дзе жыў і куды ехаў ён.

Таму ён і не надаў спачатку аніякай увагі тым траім, што зайшлі ў вагон на адным з прыпынкаў і, пэўна, збіраліся хутка выходзіць. Зайшлі неяк моўчкі, ціха, быццам заслізгнулі. У слабым святле, а працавала толькі частка асвятляльных плафонаў, ён глядзеў, як яны ішлі па праходзе між сядзенняў, адзін за адным - усе ў танных спартыўных касцюмах і з насунутымі на вочы брылямі плоскіх расейскіх кепак, і пачуццё неўсвядомленай небяспекі ахапіла яго.

У іх, пэўна, усё было разлічана, бо спачатку яны агледзеліся, агледзелі яго і, слізгануўшы вачыма па сумках, селі збоку і насупраць. Так, моўчкі, яны ехалі нейкі час, і мужчына пачаў супакойвацца. Цягнік замаруджваў хаду перад чарговай станцыяй, і тут адзін з іх - скуласты, цемнатвары, з праціснутым пасярэдзіне, нібы ў хворага на пранцы, носам, пасунуўся да яго і, быццам абыякава, спытаў:

- Здалёк едзеш?

І мужчына, падсвядома ўжо разумеючы, што трапіў у пастку, інтуітыўна прыхіліў бліжэй да сябе сумкі і адказаў:

- З Парыжа, мужычкі.

Гэта азначала, каб той не задаваў недарэчных пытанняў, і ў той жа час гаварыла незнаёмцам, што ён чалавек самастойны, не баязлівец і ведае правілы абыходжання. Але яны заспяшаліся, быццам прарвала гаць, і вадаспад пачаў змываць усё на сваім шляху.

- Ну, а нам якраз туды. Вось сумачкі твае там і спатрэбяцца. Дык ты б іх аддаў.

Гэта сказаў другі - у яго ўся левая рука з тыльнага боку была сіняя ад татуіроўкі. Ён выхапіў з кішэні нож. Утраіх яны накінуліся на яго. Адзін схапіў яго за рукі, другі падсунуў нож да шыі, а трэці пацягнуў да сябе сумкі. Мужчына супраціўляўся як мог, мёртва зашчаміўшы ручкі сумак, і тады адчуў удар па галаве, у вачах ярка бліснула святло, а потым ноч уварвалася ў яго і захапіла з сабой.

Ён хутка апрытомнеў. Цягнік, пастукваючы коламі, ішоў далей, кроў сцякала яму па твары на брудную падлогу, на якой ён ляжаў, - на ёй утварылася лужына. Але самае горшае было тое, што сумак, якія так утульна падпіралі яго бок, больш не было.

...Дадому ён не вярнуўся. Навошта? Вярнуцца, каб расказваць тым дурням, што яго абрабавалі, як апошняга лоха? Ці, можа, паплакацца дзяўчыне? І той дзяўчыны ён больш не бачыў. Хто ведае, дзе яна цяпер у гэты час, ноччу, калі ён бяжыць праз лес? Пэўна, яна даўно замужам і спіць зараз у ложку з мужчынам ці займаецца любоўю. Можа, яе звезлі за свет, а можа, з'ехала сама, а можа, проста стала шлюхай...

Урэшце, гэта даўно перастала яго цікавіць. Амаль з той пары, калі ён уладкаваўся ў рэдакцыю занядбанай другараднай газеты і стаў у іх распаўсюджвальнікам і адначасова начным вартаўніком - трэба ж было яму недзе жыць і спаць, вось ён і спаў у іх на складзіку, сярод мяшкоў і пачак з газетамі. А днём ён шукаў тых трох - паўгода з дня ў дзень па тым маршруце, прадаючы газеты ў цягніках і ўглядаючыся ў твары пасажыраў. Пад пахай у яго быў наган, яго «Радом», набыты на тыя даляры, што засталіся ў кішэні курткі і якія яны не паспелі ці не здагадаліся вытрасці.

Зрэдку на яго маршруце сустракаліся знаёмыя з таго гарадка, дзе ён нарадзіўся і адкуль знік, але ён навучыўся іх пазбягаць, дый часу прайшло шмат. Гаварыць яму з імі не было патрэбы, яны даўно існавалі ў розных вымярэннях. Дый пра што гаварыць? Пра тое, як ім жывецца ў іх с...м горадзе, адкуль усе, хто хоць чаго-небудзь варты, уцякае, а застаюцца толькі зусім бездапаможныя ды тыя самыя хітрыя ёлупні, якія групуюцца там па адных ім вядомых прыкметах?

Той-сёй з іх марыць пра заробкі на заходнім напрамку, пра тое, каб нават уладкавацца там і яшчэ болей - застацца назаўсёды. Але гэта марныя спадзяванні, як марна спадзявацца на тое, прыкладам, што цябе мінуюць хваробы, ці старасць, ці здрадніцтва, ці яшчэ што. Хіба не ездзілі яны да тых жа «паноў» за Буг і не ўпэўніліся на асабістай скуры, што большасць з іх зусім не добразычлівыя анёлы, а тыя ж самыя хітрыя дурні са зласлівымі тварыкамі гаспадаркоў і жывёльнай пагардай да тых, хто хоць часова, а трапіў пад іх уладу.

Ён часта ўяўляў сабе, як сустрэне тых трох - тых, хто, па сутнасці, адабраў у яго не грошы, а лепшы ў жыцці час, надзею, спадзяванні, пачуццё годнасці. Неяк ён нават вырашыў, што спаткаў іх, але калі падсеў бліжэй, зразумеў, што памыліўся. Ён працягваў шукаць, але аднойчы, седзячы ў напаўпустым вагоне з рэштай газет у сумцы, ён, па звычцы, пачаў аднаўляць у памяці абліччы ўсіх трох і ...сумеўся. Ну, што тыя скуластыя твары - зараз такіх поўна; што, урэшце, татуіроўка на далоні - і такіх цяпер хапае, кожны другі «распісаны». І ён раптам з жахам адчуў - ён стаў забываць іх. І тады ён спужаўся.

...Ён спужаўся ўва сне. У вагоне было шумна ад крыкаў, мужчына якраз задрамаў, і калі ачуняў ад кароткага і неглыбокага сну, убачыў, што крычаць і лаюцца цыганы, і яшчэ дзяўчына, па выгляду шлюха, а дзе яны ўвайшлі ў вагон, ён не бачыў. Ён міжволі прыслухаўся і зразумеў, што дзяўчына - наркаманка і просіць даць ёй «дозу», а грошы яна, вядома, аддасць ім пасля, што «машына», гэта значыць асабісты шпрыц, у яе заўсёды пры сабе, што ёй вельмі блага і трэба хутчэй, нават зараз, «шырануцца».

Цыганы былі маладыя, нахабныя, добра, але без густу «прыкінутыя», іх таксама было трое: ён даўно заўважыў, што яны амаль ніколі не ходзяць і не ездзяць па адным. Нават пакапаўся ў памяці, каб прыпомніць такі выпадак, і не знайшоў. Не было для яго адкрыццём і тое, што дзяўчына просіць у іх наркату, бо спытайце нават у іх с...м горадзе, там, дзе ён раней жыў, любога таксіста: куды той возіць вечарам маладых дзевак, і той адкажа - у мікрараён, туды, дзе жывуць панаехаўшыя з Расеі цыганы, якія і гандлююць цяпер наркотыкамі, папярэдне прывучыўшы да іх такіх вось с...х шлюх. І яму іх, тых шлюх, не шкада, няхай прападуць усе пропадам, усіх не выратуеш, бо дурнота даўно правіць тут баль і яе не пераможаш.

Між тым цыганы разваліліся на сядзеннях, адзін закінуў ногі на супрацьлеглае, і пачалі гаварыць між сабой па-свойму, выкрыкваючы асобныя словы, і яшчэ енчыла тая шлюха - усё гэта раптам пачало нерваваць яго. Іх крыкі станавіліся ўсё больш гучнымі, у яго закалола ў скронях. Хацеў устаць і перайсці ў іншы вагон, але яны раптам змоўклі, і ён застаўся.

Мужчына задрамаў, але шум пачаўся нанава. Дзяўчына зноў пачала прасіць, і адзін з цыганоў - лупаты, у доўгім, да пятак, плашчы і белым шаліку, нахіліўся да яе твару і раптам прапанаваў:

- А ты адпрацуй. Адразу і разлічымся, - ён ужо расшпільваў шырынку.

- Ды ты што, звар'яцеў? - заенчыла дзяўчына. - Я так не магу, не - ты вар'ят.

- Хіба ты так не рабіла? Якая табе розніца, дзе і як? Адзін француз сказаў: цяпер жанчыны кахаюць не сэрцам, а галавой. Вось і ты палюбі мяне галавой...

Абодва яго хаўруснікі зарагаталі.

- Што, так вось сорамна? - ціснуў на дзяўчыну лупаты. -А ты газетай засланіся. Зараз мы яе купім. Унь і разносчык сядзіць.

І крыкнуў праз праход, звяртаючыся ўжо да мужчыны:

- Гэй ты, прынясі газету! Усё роўна якую!

Мужчына не варухнуўся. У скроні яму грукала кроў, твар яго скамянеў.

Лупаты падняўся са свайго месца, выцягнуў з кішэні плашча банкноту і пайшоў да яго.

Цягнік імчаў, бразгала ад вібрацыі верхняя паліца, за вокнамі гусцела цемра.

- Рэшты не трэба. Давай газету.

- Не прадаецца, - мужчына змахнуў грошы на падлогу.

Лупаты зірнуў яму ў вочы і марудна, задам, адышоў да хаўруснікаў. Яны перакінуліся некалькімі словамі па-свойму, раптам падхапіліся і ўсе ўтрох пайшлі на яго. І тады мужчына саўгануў рукой пад куртку, і выцягнуты на волю наган цьмяна бліснуў у святле плафонаў.

Яны адразу спыніліся, але самы малады з іх, у жоўтай скураной куртцы, які ішоў ззаду, закрычаў:

- Ды не бойсь, гэта ў яго не сапраўдны!

І тут мужчына ўстаў ім насустрач, ускінуў руку са зброяй, і тры стрэлы, без паўзы, адзін за другім узарвалі вагон.

...Хутка развіднела. Лес ажыў і напоўніўся галасамі птушак і мяккім шолахам маладога лісця ў вершалінах дрэў.

Мужчына ішоў па вузкай дарозе ў выбраным ім напрамку. Ён стаміўся, бо не спаў ноч, але не гэта непакоіла яго. Мапа - вось што яму трэба, думаў ён, а яшчэ другая вопратка і потым - спадарожная машына ў бок мяжы. Лепш да ўкраінскай. Ён згубіцца там, сярод іншых, ідзе ўжо лета, на дарогах поўна бадзяг, уладкуецца куды на сельгасработы ці, наадварот, застанецца ў якім вялікім горадзе, не ўсё яшчэ так дрэнна. Мужчына абшукаў кішэні курткі і нагавіцаў. Грошай, у асноўным ад продажу газет у той дзень, было няшмат, але на хлеб і спадарожную хопіць.

Цяпер трэба зайсці ў якую вясковую краму і купіць хлеба. Усё роўна ён мусіць вылезці калі-небудзь з гэтага лесу - тут ужо нічога не зробіш. Лес станавіўся ўсё больш рэдкі, дарога ўсё шырэйшая, і мужчына разумеў, што хутка выйдзе да якога жытла. Ён зірнуў на гадзіннік і вырашыў адпачыць, бо крамы адчыняцца яшчэ не хутка. Мужчына збочыў на ўзгорак і прысеў пад сасной, спінай да дрэва. «Дай мне частку сваіх сіл, дрэва, - папрасіў ён у думках, - бо наперадзе ў мяне зноў дальняя дарога, і за мной ужо ідуць, каб адабраць апошняе, што ў мяне засталося: мой наган і маё жыццё».

Раптам ён задрамаў, нават не задрамаў, а быццам праваліўся ў забыццё. Сон быў кароткі і цяжкі. Мужчыну снілася будоўля: вецер працінаў яго на вьшыні, рыштаванні пахістваліся пад нагамі, а ён адну за адной клаў цагліны. Раствор - цэгла, цэгла - раствор. Ён прачнуўся і застагнаў, бо цела здранцвела, было золка і холадна, выпала раса, і ногі яго ў красоўках прамоклі. Мужчына зірнуў на гадзіннік і падняўся.

Праз нейкае паўгадзіны ён ужо выйшаў ці то да пасёлка, ці то да вёскі. Мужчына не рызыкаваў спытаць у рэдкіх сустрэчных, дзе знаходзіцца крама, меркаваў, што ўсе крамы звычайна ў цэнтры, і ён пайшоў па вуліцы да цэнтра, які вызначыў па двух, больш высокіх за іншыя, у два ці тры паверхі будынках.

Крама якраз займала першы паверх аднаго з гэтых будынкаў, яна адчынілася а восьмай гадзіне раніцы, ён прачытаў пра гэта на шыльдзе, а было ўжо каля дзесяці. Мужчына зайшоў у дзверы і спыніўся ля прылаўка. Людзей было зусім мала. Мужчына ўбачыў бляшанкі кансерваў, хлеб і стаў у чаргу. Ён папрасіў у прадаўшчыцы - мажной жанчыны гадоў сарака з ружовага колеру бародаўкай ля носа - хлеба, некалькі бляшанак кансерваў і мінеральнай вады.

Прадаўшчыца прынесла хлеб, кансервы, і мужчына дадаў:

- І торбачку якую.

- Хіба вы ішлі ў магазін без торбы? - раптам спытала прадаўшчыца і ўважліва зірнула на яго. - А вада? Вы не тутэйшы? У нас ніхто гэтую ваду не п'е, у мяне ўсяго адна скрыня, бярыце што больш моцнае.

- Угаварылі. Бутэльку віна.

- Зараз. Я толькі на хвіліну на склад.

Жанчына зайшла ў бакоўку і прычыніла за сабой дзверы, але ён не звярнуў на тое ўвагі. Неўзабаве прадаўшчыца выйшла. У руцэ ў яе была бутэлька віна. Яна палічыла грошы, збілася, пачала нанава, рукі ў яе нервова соўгаліся, і тут ён нібы ачуняў, заспяшаўся і сказаў ёй, што рэшту можна пакінуць сабе, і таропка выйшаў з крамы.

Мужчына ў думках аблаяў сябе за страту пільнасці, хаця, можа, яму і падалося, і шпарка пакрочыў па вуліцы назад, да лесу. Пласцікавы пакет у руцэ быў поўны. Ён хацеў збочыць у які завулак, а не ісці па гэтай бясконцай вуліцы - да лесу яшчэ было парадкам, але прымусіў сябе рухацца нармальна і не пераходзіць на бег. Да рэдкіх соснаў, што раслі на ўскрайку, было ўжо метраў трыста, калі за спінай ён пачуў гук матора, а потым віск тармазных калодак, азірнуўся і - пабег, бо з міліцэйскага «уазіка» ўжо выскоквалі міліцыянты ў камуфляжнай форме. Адзін з іх закрычаў: «Стой!»

Мужчына кінуў ужо непатрэбны пакет і паскорыў бег. Ззаду ён пачуў стрэл, потым другі, а потым загрукаў «калашнікаў», у правы бок ля грудзей яму ўдарыла, стала раптам горача, і ён упаў. Мужчына праляжаў так некалькі секунд, але ўскочыў на ногі і кінуўся да бліжэйшых дрэў, і лес схаваў яго. Ён адразу ўзяў убок, там былі кусты, раслі трава і мох, потым зноў памяняў напрамак, ззаду спачатку чуліся галасы і трэск сухіх галінак пад нагамі тых, хто яго праследаваў, а потым яны згубілі яго, не чулі, а сабакі ў іх не было.

...Сабака павінен вывесці іх да яго. Ну, няўжо ў іх няма сабакі? Чакаць не мае сэнсу, бо цяпер для яго ўжо нічога не мае сэнсу. Толькі адно, апошняе. Дык няхай яны прыйдуць хутчэй - тыя с...я міліцыянты, ён жа кінуў сумку і пакет, няўжо так цяжка ўзяць яго след і прыйсці сюды, на гэтую палянку, і забіць яго? Прыйдзіце і забіце - ён і адышоў у лес усяго якіх кіламетраў пяць - восем, не больш. Хіба так цяжка знайсці яго? Забіце, бо ён ляжыць ужо другія суткі, і мухі адкладаюць яму на твар яйкі лічынак.

Мужчына скасіў вачыма і ўбачыў, як ізумрудна-зялёныя насякомыя рухаюцца па яго шчоках, руках і грудзях. Мухі лезлі яму ў вочы, нахабна абляпілі твар, і ён нават не мог сагнаць іх. Навошта вы так мучыце мяне, мухі?

Мужчына застагнаў і паспрабаваў паварушыць пальцамі рук. Боль адразу працяў яго. Левая рука ўжо не слухалася, затое пальцы правай звыкла намацалі рукаятку рэвальвера. Хутчэй бы яны прыйшлі. Ён націсне на курок, яны пачнуць страляць у адказ і заб'юць яго. Цікава, кім яны яго лічаць: пэўна, небяспечным злачынцам, маньякам, які проста так забівае людзей? А кім яго лічыць тая шлюха-наркаманка? А яго былая нявеста, якая, пэўна, вырашыла, што ён з'ехаў назаўсёды і падмануў яе? А яго бацькі, якім ён не паказваўся на вочы ўжо два гады? А тая прадаўшчыца, якая пазваніла з падсобкі ў міліцыю ці ў сельсавет?

Пэўна, яе і многіх іншых ужо папярэдзілі, што ён можа зайсці ў краму ці неяк інакш звярнуцца да людзей. А яны - людзі? Скажы мне, лес, яны ўсе - людзі?

Сонца сляпіла яму вочы, але цела было халоднае, ён адчуваў гэты холад. То зямля цягнула яго да сябе. Што ж, ён стане зямлёй, і тое здарыцца, пэўна, ужо хутка. Але я не хачу, падумаў ён, ляжаць так яшчэ ноч і яшчэ дзень - мухі ператвораць чаканне ў суцэльнае пекла. А ноччу вы спіце, мухі?

Мужчына намацаў рукаятку рэвальвера і марудна, амаль пяшчотна сціснуў на ёй пальцы. Указальны лёг на курок. Ён прыўзняў рулю і двойчы націснуў. Стрэлы амаль аглушылі яго, цела ўздрыгнула, і ён адразу страціў прытомнасць, але хутка ачуняў. Больш страляць ён не будзе, бо ў барабане засталіся толькі два патроны.Чаму ж яны не ідуць, чаму ніхто не ідзе, каб скончыць усё гэта?

У грудзях у яго зноў запалала вогнішча. Чаму не ідзе дождж? Ён бы хоць і не напаіў яго, але напэўна прагнаў бы мух. А ноччу яны паляцяць у свае сховішчы ці застануцца поўзаць па ім і адкладваць яйкі?

Сонца паступова скочвалася да небакраю, і цень упаў яму на твар. Па-ранейшаму навокал было пуста, і лес ціха шумеў пра сваё. Пра што вы размаўляеце, дрэвы? Кажуць, што ўсе расліны разумныя і трымаюць сувязь між сабой і што яны прадстаўнікі высокаразвітой фітацывілізацыі. Кім вы лічыце мяне, расліны?

Урэшце, усе мы становімся раслінамі, хаця не - гноем для іх, гэта больш дакладна. Вы прымеце мяне як гной, дрэвы?

Мужчына пачаў павольна падцягваць рэвальвер: спачатку да грудзей, потым да галавы. Урэшце руля ўперлася яму ў скроню. І тады ён удыхнуў як мага больш паветра і націснуў на курок.

...Праз суткі на целе ўжо кішэлі чэрві, а яшчэ праз нейкі час на пах прыйшла пацучыха. Яна была брухатая і зрабіла гняздо проста ў трупе, разлічыўшы, што ежы ёй і патомству хопіць надоўга.


1995-1999?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая