epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Калі сны здзяйсняюцца...

Багдан Цугля бачыў кепскія сны ў ноч з чацвярга на пятніцу: яму здавалася, быццам у пад’езд заскочылі тры амбалы ў масках з пісталетамі, адмычкамі адкрылі паштовую скрыню, узялі «Аргументы», «Камсамолку» ды «Прэсбол» і спакойна ўцяклі ў невядомым накірунку. Наш герой спрабаваў дагнаць гэтых злыдняў, але куды там: аматараў пачытаць на халяву набярэцца столькі, хоць у кожны пад’езд выстаўляй узброеных вартаўнікоў. Багданава жонка бачыла пакуты мужа, хвалявалася: «Няўжо ў яго зноў непрыемнасці на працы?.. Цікава, каму закарцела перабегчы яму дарогу. Багдан такі спакойны й спагадлівы!»

Зранку ў пятніцу Багдан Цугля пачаў збірацца на працу: апрануў шэрую кашулю, плямісты бушлат з налепкаю «Гарэнэрга», такога ж колеру штаны, узяў чамадан з электратэхнічным начыненем і пашыбаваў на прадпрыемства. Ён спадзяваўся, што перад выходнымі заявак па рамонце праводкі будзе дастаткова, каб забыцца пра жахлівы сон ды прыдбаць падарункі для жонкі — жанчыны ж так любяць прымаць разнастайныя прэзенты. Праўда, Багдан папярэдзіў Марылю, каб сённяшнюю пошту сама ўзяла са скрыні.

Аднак хада падзеяў аказалася зусім іншай, чым прадбачыла сям’я Цугляў: недзе а чатырнаццатай гадзіне ў дзяжурцы раздаўся тэлефонны званок — Марыля ў слязах паведамляла, што іхнюю прэсу нехта скраў, і пыталася рады, як болей не сустракацца з такой бядой. Багдан параіў жонцы правесці вышук, і тады, можа, якраз і трапяць на след рабаўнікоў.

Марыля за дзесяць хвілін паставіла на ногі бліжэйшае аддзяленне сувязі ў прамым сэнсе слова. Асабліва дасталася аддзелу дастаўкі: такой квяцістай лаянкі ў свой адрас паштальёны рэдка калі маглі пачуць. І ўсё ж работнікі пошты супакоілі Багданаву жонку, паабяцаўшы, што патрэбныя выданні яны знойдуць на наступны ж дзень, але заадно і параілі, што трэба неадкладна ставіць трывалыя дзверцы й надзейныя замкі.

Вечарам да Багдана завітаў яго сусед — былы аднакласнік Васіль Шпацыраў, студэнт каледжа сувязі й па сумяшчальніцтве паштальён. Марыля ўжо збіралася падрапаць твар Васілю, аднак Багдан не дазволіў псаваць настрой свайму сябру. Мужчыны вырашылі падрыхтавацца да знаёмства з няпрошанымі гасцямі, якія маюць сур’ёзныя намеры да выданняў у паштовых скрынях. У зале за сталом яны расклалі чарцяжы, прынеслі чамаданы з інструментам і пачалі тварыць.

Марыля час ад часу паспявала прыносіць гарбату ў шклянках ды печыва. Мінулі дзве гадзіны напружанай працы, у выніку чаго Багдан і Васіль змайстравалі браніраваныя дзверцы з петлямі, у замок прымацавалі надзейную засаўку, якую ломам не вырвеш. Не выклікала праблем і сігналізацыя: у калідорчыку кватэры прыладзілі тры лямпачкі, што загараліся на дотык, удар ці спробу ўзлому скрыні. Злодзеяў на закусь чакалі моцны электрычны штуршок і галас сірэны, падобнай на брэх тузіна сабак. Ад нечаканага падарунку з боку мужа і сябра сям’і Цугляў Марылю напаткаў вясёлы настрой, чароўная ўсмешка заззяла зоркамі на яе твары.

На развітанне Васіль пажадаў Багдану і Марылі тэлефанаваць на пошту ці яму асабіста, калі гэтая сістэма спрацуе, каб паглядзець на вынікі. Можа, удасца іх прыстасаванне паставіць у серыйную вытворчасць.

Птушкай праляцеў тыдзень, на гарызонце і па календары зноў пятніца. Вядома, «старыя знаёмыя» не пакінулі па-за ўвагаю скрыню Цугляў, але такога супраціўлення ўласным дзеянням не чакалі, пасля чаго і апынуліся ў будынку, дзе неба ў клетку, а сябрукі ў палосачку. Шкадуюць, што так усё здарылася, і наракаюць на тое, што ў нецвярозым стане былі.

Узрадаваны Багдан натхнёна прашаптаў:

— Калі сны здзясняюцца, трэба не сядзець склаўшы рукі, а знаходзіць выйсце!

Шаноўныя падпісчыкі са шматпавярховых дамоў! У кожным пад’ездзе сярод вас ёсць Кулібіны XXI стагоддзя.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 36-38
Крыніца: скан