epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Лісты кахання

Люблю гартаць лісты надзеі й пяшчотнай дабрыні, якія прыносіць галубамі кахання каралева-пошта. Канверты нагадваюць цудоўную флатылію непарыўнага сяброўства, радкі пяюць мадрыгаламі чысціні, а словы, быццам казачныя дэльфіны, плывуць па чароўным моры спатканняў. Літары дыхаюць святлом пачуццяў, узвышаюць шчырыя душы й мужныя, заўсёды ветлівыя сэрцы.

Вядома, ад чытання пісьмаў радуецца вышынямі гор акаляючы свет, смяюцца з сонейкам вернасці каханыя, натхненне дае новыя сілы ў безлічы яскравых, неўміручых і спрадвечна вясёлых абдымкаў, таямнічых, жыццятворных і непаўторных, як сіняе неба, пацалункаў.

Канешне, мора спатканняў сустракае і штыль бестурботнасці, і хвалі акулы-рэўнасці, і штормы балючых няўдач. Стыхія сумнення спрабуе віжаваць за хараством, калі яно хаваецца ад злых клешняў электрычных скатаў, што парушаюць моц любові на цёплым дне царства жыцця, ды змаўкае кітом поспехаў. Цяжка ўспрымаюцца штармавыя вятры адзіноты, якія белымі чайкамі лётаюць ля вады, тым самым нагадваючы лёс Гамлета. Здаецца, не аднойчы маладыя праходзяць выпрабаванняў сур’ёзны іспыт, каб дасягнуць шчаслівых хвілін, што зліваюцца дотыкамі вуснаў і рук, каб вяселляў гучалі мілыя званы, дзе абяцанняў малітвы святыя...

Жыццё працягваецца, і дай Бог караблю прызнанняў абмінуць калючыя рыфы адчаю і помсты.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 92-93
Крыніца: скан