epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Рулетка вінавата

Жыў-быў Начальнік. Меў ён не надта вялікую і зусім не маленькую, але адказную пасаду: загадваў маёмасцю будынка, дзе змяшчаліся рэдакцыі часопісаў і газет.

Захапленнем яўна не беднага чалавека была калекцыя мэблі: крэслы, шафы, сталы, зэдлікі, без якіх немагчыма ўтульна аддавацца журналісцкай працы. Пакладзе Начальнік вока на новы стол, быццам юнак на каханую, і на наступны дзень рэчы на ранейшым месцы няма.

Каб не апынуцца скандалістам на старонках прэсы, уладар нерухомага багацця браў грошы з залежных ад яго карэспандэнтаў, прычым — не саромеўся сваіх учынкаў. Ад лаянкі ўпартага кручкатвора звінелі шыбы ў пакоях і абуджаліся ад сну немаўляты ў суседніх дамах. Здавалася, гармідару канца чакаць не прыйдзецца, калі б не адно здарэнне, дзе не апошнюю ролю грабежніка сыграў наш герой.

Блукаючы ў пошуках прыгодаў па даўжэзных калідорах, завітаў няпрошаны госць у літаратурны штотыднёвік «Маладыя галасы». Угледзеўшы ў далёкім куце шафу, зароў ад сквапнасці:

— Вызваліць вось той антыкварыят. Паўгадзіны на роздум, інакш застануцца голыя сцены!

Рэдактара добра ведалі аўтары, калегі й чытачы за арыгінальную газету, дзе друкаваліся творы юнакоў і дзяўчат, што робяць першыя крокі ў Краіну Літаратуры. Нямала пабачыў знакаміты пісьменнік і выдавец ашуканцаў, што не спяшаліся сустракацца з ім. Сабе горш стане: не пашкадуюць рознакаляровых фарбаў мастакі на карыкатуры, лепшай славы на антырэкламу не пазычыш больш нікому.

Рэдактар спакойна запытаў у нахабніка:

— Хто вы? Чаму лямантуеце без прычыны? Няўжо справу нельга вырашыць без лішніх турбот?

У махляра скончылася цярпенне, і ён стаў раскідваць мацюкі налева і направа:

— Выконвайце, што патрабую!

Пісьменнік, прадчуваючы, што спрэчка з бюракратам — лішняя трата часу і нерваў, з іроніяй сказаў:

— Бярыце, толькі памятайце: ваша сквапнасць — калом у горле стане!..

Начальнік куляй выляцеў з «Маладых галасоў». Не прадбачыў тарбахват памылак у драпежніцкіх разліках, а тут няўдача атрымалася. Папярдзілі яго, што ліхія жарты могуць бокам вылезці.

Рэдактар задумаўся: як адвучыць абармота, каб падобныя гастролі не паўтараліся ў будучыні. Ён падняў слухаўку тэлефона, набіраючы патрэбныя лічбы:

— Інфармацыйны аддзел! Праверце, каму і куды сцягнуў рэдакцыйную шафу круцель. Звесткі паведамляйце ў любы час, зранку і вечарам, днём і ноччу.

Супрацоўнікі газеты падрыхтаваліся да небяспек, якіх заўсёды хапала. Колькі яшчэ няшчасцяў чакае наперадзе — наламаў дроў чыноўнік вагон і малую фурманку.

Падзеі нагадвалі дэтэктыў з камічным сюжэтам.

Ды развязка здзівіла Рэдактара: зразумела, прайдзісвет прагуляў у казіно значную суму грошай, а крэдыторам заплаціць не было чым, таму аддаў у заклад сціплы прадмет мэблі... Ясна, не сваёй.

У апраўданне Начальнік скардзіўся гучна:

— Рулетка вінавата!..


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 106-108
Крыніца: скан