epub
 
падключыць
слоўнікі

Юрый Мельнікаў

Сіла дзявочага праклёну

Антыўтопія

Неабсяжна Краіна Ведаў, дзе безліч люстэркавых рэк і багатых на ўраджай палеткаў. Неверагоднае тут жыццё: зранку спяшаюцца на заняткі школьнікі, лятуць, бы на крылах, на лекцыі студэнты, хуткай хадою шыбуюць на працу выкладчыкі. Бібліятэкары знаёмяць дзяцей і дарослых з новымі кнігамі пісьменнікаў.

У Горадзе Няўдач жыў-быў Настаўнік. Назва паселішча ўзнікла ад пакутаў насельнікаў за свавольствы чыноўнікаў. Людзі ведалі здольнасці маладога чалавека: заўсёды заступіцца за іхніх сваякоў перад пракурорам і паліцыянтамі, чыя служба мала адрозніваецца ад звычайнага рабаўніцтва; малых выхаванцаў падрыхтуе да вучобы так, што яны пасля будуць удзячныя за атрыманыя навукі; улетку дапаможа дзядам і бабулькам на прысядзібнай гаспадарцы, старыя потым распавядалі хлопцу займальныя эпізоды з асабістай біяграфіі. Ветлівага, дабразычлівага і надзіва ўраўнаважанага юнака паважалі мясцовыя дзяўчаты за спакойны нораў, стрыманасць у паводзінах і шчырае сэрца. Здавалася, з падобным характарам наш герой мог прыносіць карысць гараджанам на ніве асветы, калі б на яго творчым шляху не сустрэўся Дырэктар.

Дырэктар праславіўся на ўсю Краіну ашуканствам, кпінамі й інтрыгамі, дзе канфлікты — з’ява штодзённая, чаго не кожны педагог вытрымліваў. Прайдзісвет любіў прыгадваць прымаўкі ў цяжкія хвіліны паспяховай кар’еры: загады ствараюцца не для абмеркавання, а для выканання; з немагчымага стварыць магчымае; адных Бог надзяліў розумам, другіх — уладай... Зразумела, гэтага начальніка імкнуліся абыходзіць за вярсту, каб раптоўна не апынуцца беспадстаўна вінаватым.

Закончыўшы універсітэт на выдатна, маладзён паспрабаваў знайсці плён у руплівай дзейнасці выкладчыка. Аднак лёгка справа задумваецца, толькі марудна вырашаецца.

Прадчуваў Настаўнік шэраг непрыемнасцяў. І не памыліўся.

Перад пачаткам верасня завітаў мой калега ў школу. Пацікавіўся памочнік Дырэктара ў хлопца, што патрэбна незнаёмцу.

— З вашым шэфам паразмаўляць, — не разгубіўся з адказам юнак.

— Пачакайце крыху, цяпер ён заняты, — прамармытаў хітры намеснік.

Праз гадзіну выклікае былога студэнта кіраўнік школы да сябе ў пакой.

— Сядайце ў крэсла, — гасцінна запрашае Дырэктар. — Чым можаце мяне парадаваць?

— Жаданнем пазнаёміць вучняў з мілагучнай роднай мовай, са славутымі старонкамі айчыннай і сусветнай гісторыі, літаратуры.

— Прыемна бачыць таленавітага Настаўніка. Заўтра пойдзеце на ўрокі. Калі папрацуеце месяц без аніякіх заўваг, узнагароджу заробкам.

У дзве змены стараўся малады чалавек. Спраўляўся адзін, дзе і тром выкладчыкам было б не пад сілу. З праверкамі да яго чапляўся Завуч, толькі змікіціў, што ад справядлівасці не ўцячэш. Завуч ужо скарыўся абставінам, згодны нават уласнае паражэнне прызнаць. Але Дырэктар засупярэчыў, а такія выкрутасы куды горш за артылерыйскую кананаду.

На перапынку ўгледзеў хлопец свайго крыўдзіцеля, сказаў:

— Абяцанкі абяцанкамі, але дамоўленасць за вамі.

Залямантаваў служка Мамоны на ўвесь калідор:

— Пакуль не адрамантуеш за тры месяцы старую вежу, пра грошы й адпачынак забудзь.

Задумаўся над трагічным лёсам Настаўнік. «Вось і давярай словам апошняга нягодніка. Хацеў мяне маральна знішчыць, а вынік нулявы. Сілай не возьме, лайдаку з пячорным інтэлектам гусей на лузе пасвіць, а не ў школе камандаваць. Пацешыўся з мяне, а я да яго з жартам дабяруся».

Паколькі часу над аднаўленне вежы дастаткова, то юны педагог пайшоў у лес па грыбы. Крок за крокам, хвіліна за хвілінай, гадзіна за гадзінай, і баравікоў — поўны кошык. І неўпрыкмет заблукаў хлопец у лесе. Ідучы па сцяжынцы, нечакана напаткаў дзяўчыну незвычайнага хараства: блакітныя вочы ззялі ўпэўненасцю, чорныя локаны валасоў марскімі хвалямі апускаліся на плечы, стан прыгадваў пяшчотную бярозку, ласкавая ўсмешка ўпрыгожвала чароўны твар...

Позірк за позіркам — і завязалася гутарка між імі:

— Вы хто?

— Фея Радасці... Дапамагаю падарожнікам.

— Мабыць, пазбаўляеце бедакоў ад гора?

— Канешне. Няўжо, сябра, цябе напаткала ліха?

— Падмануў аднойчы мяне Дырэктар, у другі раз збіраецца з кімсьці на вайну, таму хоча мець надзейную фартэцыю. А без цэглы, камянёў і цэменту і сцяны не складзеш.

— Тваю душу сагрэе каханне, за астатняе не хвалюйся!

— Дзе ж вас мне знайсці, Фея?

— Запомні, як малітву: каля ляснога возера красуні водзяць карагод, варажбяць на шчаслівы вянок.

Супакоіўся хлопец, падбадзёрыўся: цяпер можна і д’ябла за рогі ўзяць.

Падзякаваў Настаўнік і рушыў дадому.

Не абмішурыла Фея маладога чалавека — з руінаў вырасла наўздзіў велізарная хароміна абарончага значэння.

Вядома, адразу не кожнаму ахламону ўгадзіш. Вось Дырэктар з хаўруснікамі чарговай бязглуздзіцай свет здзівіў. Закарцела ўладару ўпартасці сваю асобу прыраўняць да царскай, каб яго ўхвалялі ў дзяржаве, а дзеткі баяліся. І паперку не паленаваўся сабе накрэмзаць, дзе выслухоўваў толькі станоўчае. На адмоўнае і ўвагі не звяртаў. Усім работнікам школы ўмову паставіў: праз паўгоддзе чакайце дарагіх дарункаў, калі пад маю дудку спяваць будзеце.

Наш герой не ўмеў крывіць душой перад начальствам, ад падобных учынкаў сумлення больш не стане. Аднак хлопца выратавала прадбачлівасць. Неяк заглянуў да яго Дырэктар. Цікава распавядаў юнак пра класікаў роднай літаратуры, толькі нічога не сказаў пра кіраўніка школы.

Раззлаваўся нахабнік:

— Тваё месца ў астрозе!

Настаўніка не запалохала пагроза. Усміхнуўся малады педагог, прашаптаў цудадзейны пацер: «Каля ляснога возера красуні водзяць карагод, варажбяць на шчаслівы вянок.» Раптам рассунуліся фіялетавыя хмары, спыніўся халодны дождж, сціх вецер — на небасхіле зазіхацела промнямі восеньскае сонейка. І з’явілася перад Дырэктарам Фея Радасці.

Тут ужо круцялю не да гумару.

Задрыжаў ад жаху бюракрат. Маўчыць, быццам магніт праглынуў. Дзяўчына дапытвае небараку-махляра:

— Колькі разоў схлусіў людзям?

— Можа, тройчы.

— Колькі пачынаючых выхавацеляў аблапошыў?

— З дзесятак набярэцца... Толькі аднаго ніяк не здужаю.

— Будзеш і далей псаваць моладзі настрой?

— Рату-уйце!.. — колькі хапіла сілы закрычаў Дырэктар. — Што са мной будзе?

— Праклён і забыццё. Няўжо не надакучыла здзекі ўчыняць?

...Мінулі гады. Пабраліся Настаўнік ды Фея Радасці, яшчэ шмат добрага зрабілі жыхарам казачнай краіны. Пра Дырэктара ніхто болей не ўспамінаў. Кажуць, дзесьці грахі ўласныя адмывае.

Не ажыццяўляйце горшага іншым, потым не раз пашкадуеце самі.


2006?

Тэкст падаецца паводле выдання: Мельнікаў Ю. Калі сны здзяйсняюцца... Кніга прозы / Ю. Мельнікаў. - М.: Эксмо, 2006 - с. 114-118
Крыніца: скан