epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Абраза

(Байка)

— Набраўся недзе, як свіння,

Дый брэша, як сабака;

Вось некаму цябе суняць! —

Так прабірае Жонка Мужа,

Які напіўся дужа

І лаецца са смакам.

— Няпраўда,— кажа тут Свіння

Да п’яніцавай жонкі,—

Ані гарэлкі, ні віна,

Ні нават самагонкі

Не п’ю я зроду,

А толькі п’ю памыі й воду,

І за такую вось абразу

Я падцягнуць магла б адразу.

— І я пакрыўдзіўся на вас,—

Спусціўшы хвост і морду нізка,

Сказаў вясковы Лыска.—

Ці чулі ж вы калі хоць раз

Такую лаянку між нас

Адборную, густую?

Я пратэстую!

 

Што можам мы дабавіць з вамі?

Жывёлы ўсё сказалі самі.

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 174-175
Крыніца: скан