epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Балабонь да пары, балабонь!

Гэты верш ахвяроўваю фашыстоўскаму «Беларускаму звону» і галоўнаму званару яго Антону Луцкевічу. Даведаўся я, што «Беларускі звон» не абышоў мяне сваёю панскаю «ласкаю», перадрукаваўшы на сваіх брудных старонках пару маіх вершаў. Ахвотна дазваляю яму перадрукаваць вось гэты верш. Ганарар хай пакіне сабе на хаўтуры.

 

Бразгатлівы, хлуслівы зык.

Чый матляецца ў «Звоне» язык,

Змочаны пенай шаленства няскупа?

Пазнаю — фашыстоўскага слупа.

У іржавы пашчэрблены «Звон»

Так агідна бражджыць,— гэта ён

Захліпаецца брэхам нялюдскім —

Патыхае ад прозвішча Луцкам.

Гэты слуп быў для катаў апораю,

Як катавалі работніцу хворую;

Гэтым звонам працоўных цешылі,

Калі лепшых сыноў іх вешалі.

Пабражджаць ён заўсёды рад

Каля луцкіх жалезных крат,

Дзе ўвіхаецца люты кат,

Каб працоўны не счуў беларус

Ў дзверы ўшчэмленых пальцаў хруст!

Бразгаціць фашыстоўскі «Звон»,

Заглушыць намагаецца ён

Будаўніцтва грымоты ў нас,

Творчы гоман мільённых мас,

Згодны голас народаў і рас

На будоўлі вялікіх дзён.

Бом!

Бом!

Бом!

Фашыстоўскім мядзяным ілбом,

Пазлацаным Кіртыкліса злотым,

«Біжмаваным» Пілсудскага ботам,

Апляваным даволі панамі,—

Аб фундамент, збудованы намі,

Бразь!

Бразь!

Бразь!

Хлоп!

Што мацней — ці фундамент, ці лоб?

Балабоніць у «Звоне» язык —

Такі хрыплы, фальшывы зык;

Падпадае антонаў агонь,—

Балабонь да пары, балабонь!

Дасканалы ў працоўных слых;

Сярод іх шмат упартых і злых,

Што рыхтуюць на ката ўдар

І на тых, хто іх кату прадаў,

Каб на гонях скрываўленых ніў

«Звон» хаўтуры сабе адзваніў.

 

1932


1932

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 231-232
Крыніца: скан