epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

«Будзь здарова!» — кажу школе

«Будзь здарова!» — кажу школе,

Сам — на луг, у лес, у поле.

Там я з пугай-дратаванкай

Аж да вечара ад ранку,

Покуль мой атрад рагаты

Не захоча зноў дахаты...

Мае выпусткі-цялушкі,

Як дзяўчаткі-весялушкі,

А малыя бычаняты —

Нібы тыя хлапчаняты.

Я хаджу за імі ззаду —

Павадыр свайго атраду.

Выйду з імі на паляну —

Люба, гожа, дзе ні гляну...

Жнуць кароўкі, нібы жнейкі,

Чуцен посвіст салавейкі

У дуброве над крыніцай,

Сонца мыецца расіцай,

Залатыя мочыць косы.

Па расе скачу я босы,

І пад спевы птушак мілых

Грае, грае кроў у жылах.

Ўсё, вясна, з табою скача —

Піянерка ты, няйначай!

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 200
Крыніца: скан