epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Хвядос — чырвоны нос (Казка)

ЖЫЎ ХВЯДОС ТОЙ НЕ СЯГОННЯ
Я Ж КАЖУ — МАСТАК БЫЎ ВЫПІЦЬ
ПАЎ ХВЯДОС НА ПОЛІ БРАНІ
У ШКЛЯНОЙ ВЯЛІЗНАЙ СКРЫНІ
ПАКРАСУЙСЯ ТРОХІ, ХЛОПЕЦ
ЗАДРАМАЎ Я, МАБЫЦЬ, ТРОХУ
ШТО НІ СТУПІШ, ДЫК І ЦУД
ПРАЯЗДЖАЕ ЁН «СПАКОЙНА»
ВЫ Ж МНЕ НАВАТ МО Й РАДНЯ
ЧАЛАВЕК СТО ГОД НЕ СНЕДАЎ
ЕЖА ВАЛІЦЦА, ЯК З НЕБА
СПЯЦЬ ДАЎНО Ў ЗЯМЛІ СЫРОЙ ЛЮДЗІ З ПСІХІКАЙ СТАРОЙ
МАГАЗІН — МІНШВЕЯЎ ДВАЦЦАЦЬ
ТУТ ГЕРОЮ ПРЫВІТАННЕ З ПЕРШАЙ СПРОБАЮ ЛЯТАННЯ
СПАКАЙНЕЙ БЫЛО Б НА КОНЦЫ
СКРОЗЬ ЭЛЕКТРЫКА СЛУГУЕ
ПАМІЖ ГОРАДАМ І ВЁСКАЙ АНІЯКАЙ РОЗНІЦЫ
ПРЫГЛЯДАЙСЯ НА СТРАСЕ, РАЗБІРАЙСЯ ПАКРЫСЕ
НЕ ХЛЯСЦІЦЬ ПАЛЕССЕ ПУСТКАЙ
НАД ПЕЙЗАЖАМ НАД ПРЫГОЖЫМ АСЫПАЮЦЦА ЎСПАМІНЫ
ПРЫЗНАВАЙСЯ — ХТО ТУТ ПРАЎНУК?!
НА НЯБЕСНЫМ НА ЭКРАНЕ
СТАРЫ МІНСК
У МУЗЕІ КАРЫКАТУР


ЖЫЎ ХВЯДОС ТОЙ НЕ СЯГОННЯ

Раскажу я казку-складку

Пра асобу з дзіўным лёсам;

Дам імя ёй для парадку:

Хай завецца хоць Хвядосам.

 

А жыла асоба гэта

Не сягоння,— даўнавата,

Калі шмат было паэтаў,

А паэзіі не надта.

 

А пісалі часам лоўка,

Ўсё паэмы былі ў модзе:

Твор напіша — як вяроўка,

А чытаць — наймай дый годзе,

 

І бяссонніцаю хворым

Паэтычных пару каліў

Дактары з такога твора

Па рэцэпту адпускалі.

 

Настрачылі твораў горы,

І чытаць іх давялося:

Пралетарскія ўсё творы,

Толькі шмат з іх у двукоссі.

 

Ад мастацтва тады Кучар

Браць вучыўся ў рукі лейцы...

Камандзіраў было — куча,

Болей як культурармейцаў.

 

Марксам моцна пабажыцца

Мы любілі так і гэтак,

Ды не часта мог ужыцца

У мазгах марксісцкі метад.

 

І вучоныя, што ў БАНе

Над тым метадам пацелі,

Часта ўцяміць анізвання

Не маглі ці не хацелі.

 

Выпраўлялі ягамосці

На сваёй яго калодцы,

Меркавалі ўзяць за хвосцік,

Каб самім як не ўкалоцца.

 

А працоўныя тым часам,

Не чакаючы паперак,

Праз заводы і калгасы

Шпарка крочылі наперад.

 

Квас яны сярбалі з кропам,

А па святах — з таранамі,

Але тлустая Еўропа

Не спраўлялася за намі.

 

За імпэтным крокам гэтым

Ад Палесся да сталіцы

Не ўганяліся й паэты,

Нават зняўшы нагавіцы.

 

І пад грукат індустрыі

Над палямі і лясамі

Гімны кволыя Марыі

Ціха нюнялі часамі.

 

А другія, каб угнацца,

Дык рабілі вельмі проста:

Не ўзіраючыся ў працу,

Пераймалі дым і лёскат,—

 

Ды ў абнімку з камінамі,

Ды ў начальства ўсё на воку...

Часам масы ўспаміналі,

Толькі масы — дзесьці збоку.

 

Лез, узняўшы лямант немы,

Капітал на нас замежны,

Яшчэ марылі нацдэмы

Аб «сваёй», аб «незалежнай».

 

Кампліменты гаварылі

Яны з фігаю ў кішэні,

Аж пакуль пальбу адкрылі

Па нацдэмаўскай мішэні.

 

Я Ж КАЖУ — МАСТАК БЫЎ ВЫПІЦЬ

Вось у Мінску ў гэту пору

Падымаўся хутка ўгору,

На дражджах як быццам рос,

Мой Хвядос — кірпаты нос.

 

Нос кірпаты ды чырвоны:

Гаспадар жа быў ягоны

«Буслу» блізкая радня —

Сустракаліся штодня.

 

Да размовы быў ён вялы,

Хараством не вельмі ўдалы,

Да работы сяк і так,

Ну, а выпіць быў мастак.

 

Я ж кажу,— мастак быў выпіць:

Праз яго не то што Прыпяць —

Можа цэлае Дняпро

Пралілося праз нутро.

 

Да яго сцякалі рэчкі

І клубнікі, і парэчкі,

Рэкі хлебнага віна —

Глыбіня — не ўбачыш дна!

 

І дубняк пякучы, горкі,

І каньяк — чатыры зоркі,

І яшчэ там розных шмат —

Проста цэлы вінаспад.

 

Не маглі здаволіць смагі

Ні партвейны, ні малагі,

Ані хмельны кюрасо,

Ні шыпучае дзюрсо.

 

Так, бывала, ночка ў ночку

Ліў Хвядос мой, як у бочку

(Ў тую бочку, што без дна),

Безліч рознага віна.

 

ПАЎ ХВЯДОС НА ПОЛІ БРАНІ

Раз Хвядос на бранным полі

Увіхаўся з сябрукамі:

Вёў змаганне з алкаголем

І закусваў агуркамі.

 

Так змагаліся заўзята,

Батарэй так шмат узята,

Шмат скацілася з сталоў

Мёртвых коркавых галоў.

 

За калонамі калоны

Розных колераў і марак,—

Разгарэўся бой шалёны:

Гвалт і звон разбітых чарак,

І цякуць ужо равы

Мнагаградуснай крыві.

 

Цэлу ноч так, але ўранні

Ён не вытрымаў напору:

Паў Хвядос на полі брані,

Капыты задраўшы ўгору.

 

З крэсла ўпаў далоў на спіну,

Ногі доўгія раскінуў,

Ашчарэпіў моцна «бусла»,

На губах віно загусла

(Хоць куды рэклама він!) —

Памяць вечная! Амін!

 

Церлі, пырскалі, качалі...

Нашатыр... Адэкалон...

Хутка доктара прымчалі —

Не памог нічога ён:

 

Прылажыў да трубкі вуха,

Пульс памацаў ды паслухаў

І сур’ёзны сеў за стол,

Ціха буркнуўшы: «Гатоў».

 

А Хвядос і піць не просіць,

І ляжыць сабе, не дыша,—

У вачах застыла просінь,

Доктар пашпарт смерці піша.

 

Спачуванні і гамонка...

Жалю, слёз было нямала.

Хутка тут прыбегла жонка,

З плачам рукі заламала:

 

— Ой, саколе мой, Хвядос! —

Ды як крыкне: — Доктар, нос!

Не памёр ён! Ён нарокам!

Любы, ўстань! Хадзем дахаты!

 

А сама ўпілася зрокам

У Хвядосаў нос кірпаты.

Галавою доктар круціць:

— Небарака, звар’яцела:

 

Зрок пагас, уціхлі грудзі,

Пачало ўжо стынуць цела.

Не паверыў, але скоса

Глянуў ён у бок Хвядоса,

 

І здзівіўся доктар дужа:

У Хвядоса нос, як ружа:

Повен чырвані, здароў,

Здэцца, капне з яго кроў.

 

Доктар шэпча: — Што за чорт?!

Стаў да носа прыглядацца,

Акуляры зноў працёр,

Зноў паслухаў, пульс памацаў

І навокал на людзей

Сам здзіўлёны паглядзеў.

 

— Ані пульсу, ні дыхання

Не чуваць нідзе нізвання,—

Гэта ж бачыце і вы,—

Ну, а нос... зусім жывы.

 

Доктар я, сказаць, нядрэнны —

Памагу і мерцвяку,

Ды такое вось здарэнне

Першы раз мне на вяку.

 

Я так думаю, што тут

Усё роўна ўжо капут,

Але, каб не памыліцца,

Хай расхлёбвае бальніца.

 

Захадзіла ўся бальніца,

Робяць штучнае дыханне,

Дагары кладуць і ніцма,

Ды дарэмна — больш не ўстане.

 

І якую даць тут раду?

І за што тут ухапіцца?

І сышлося на нараду

Дактароў якіх мо з трыццаць.

 

Прыглядаліся да носа,

Прыслухаліся да сэрца

І дзівіліся з Хвядоса —

Нос, як струк чырвоны перцу.

 

Бровы супілі ў бяссіллі

Ды злавацца пачыналі

І нарэшце ухвалілі:

Трэ зрабіць крыві аналіз.

 

Падышла, як бач, сястрыца,

Каля носа захадзіла

І крыві тут нейкім шпрыцам

З паўнапарстка нацадзіла.

 

І праз доследы праз тыя

Быў такі здабыты вынік:

Кроў Хвядоса не застыне,

То не кроў — спірытус віні.

 

Думкай згоднаю спавіты

Дактары і асістэнты:

Спірту чыстага ў крыві той

Дзевяноста тры працэнты.

 

І яшчэ рабілі спробы

Ды дзівіліся нямала:

Ні адной нідзе мікробы —

Праспіртован дасканала.

 

Сэрца стала, сціхлі грудзі,

На жыццё няма надзеі,

Але й гнісці ён не будзе —

Хай ляжыць сабе ў музеі.

 

У ШКЛЯНОЙ ВЯЛІЗНАЙ СКРЫНІ

У музей Хвядос паложан

Гол, як мама нарадзіла,

І з мінчан спяшаўся кожын

Паглядзець на гэта дзіва.

 

Доўга так ляжаў адкрыты,

Нерухомы, быццам камень.

Толькі дошчачка прыбіта,

Каб не краталі рукамі.

 

Даглядала яго цётка

І з усмешкай немінучай

Пыл сцірала часам шчоткай,

Часам мокраю анучай.

 

Ён адзін у змрочнай цішы

Заставаўся часта ў зале,

Дык яго заразы-мышы

Трошкі раз паабгрызалі.

 

Тут загадчык аб вітрыне

Быў прымушан клапаціцца,

І ў шкляной вялізнай скрыні

Наш Хвядос, як плашчаніца.

 

Зараўлі, напяўшы жылле,

Тут папы, ксяндзы-прабошчы:

«Камуністы палажылі

У музей святыя мошчы!!»

 

Закруціла, завярцела

Гэта хеўра ўсе калёсы,

Каб царкве аддалі цела

Прападобнага Хвядоса.

 

А набожныя бабулі

Ціха плакалі ў прыглядку —

Больш ім нельга, як замкнулі,

У святую цмокнуць пятку.

 

Напісаў адозву папа,

Абвясціў паход крыжовы,

Растапырыў прагна лапы

У святле падзей ружовых.

 

Хрысціянскія пляменні

Ад Аляскі да Радоса

Заклікаў да вызвалення

Ён святой труны Хвядоса.

 

Толькі сеў тут папа макам,—

Не йдзе ў бойку люд працоўны:

— Прападобных выпівакаў,—

Кажа,— ёсць усюды поўна;

 

І дурных між намі мала

Ваяваць ісці за труны,—

Будзем біцца з капіталам

За сусветную камуну.

 

Выюць зноў ксяндзы-прабошчы,

Падвываюць папяняты:

Не папаў Хвядос у мошчы,

А застаўся экспанатам.

 

Як найлепшая агітка,

Пераконваў ён штогодна,

Што так піць не толькі брыдка,

Але нават вельмі шкодна.

 

Шпаркім тэмпам, скорым ходам

Прабягаюць год за годам,

За гадамі — пяцігодкі,

Як бурлівай рэчкі хвалі,

І даўно памерлі продкі,

Што з Хвядосам выпівалі.

 

А за продкамі — іх дзеці,

А за дзецьмі — ўнукі следам.

Шмат навін у белым свеце,

Што пра іх Хвядос не ведаў.

 

Рэвалюцыі сусветнай

Адгрымелі навальніцы,

Сцерлі класавыя мэты

І дзяржаўныя граніцы.

 

І плямён адсталых масы

Развівацца сталі бурна,—

Гатэнтоты, папуасы

Хутка выраслі культурна.

 

У спаборніцтве заўзятым

Не здаюцца ім бушмены...

Год дзве тысячы трыццаты

Тут старому йдзе на змену.

 

З ім і новыя падзеі,

З ім наперад поступ новы,

А Хвядос усё ў музеі

Нерухомы і бязмоўны.

 

Што яму людская слава!

Што яму і поступ шпаркі!..

Небарак не выпіў нават

За сто год ніводнай чаркі.

 

Нос жа той — як і раней:

Ні бялей, ні чырваней.

 

ПАКРАСУЙСЯ ТРОХІ, ХЛОПЕЦ

Новы спосаб лекаў выкрыў

Доктар-хімік Набгарата.

Дзіўным спосабам нязвыклым

Ён лячыў людзей багата,

 

Ад атрутных розных ядаў

Адратоўваў іх нямала,

І ні разу смерць прынаду

З яго рук не вырывала.

 

Хай на смерць бядак атручан.

Хай атрута страшнай сілы,—

Уліваў бальзам гаючы

У застылыя ён жылы.

 

Пройдзе дзве ці тры гадзіны —

І нябожчык цісне руку,

Ўспамінае лёс свой дзіўны,

Славіць доктара й навуку.

 

Як дачуўся пра Хвядоса

Слаўны доктар Набгарата,

Зацікавіўся ён лёсам

Незвычайным экспаната:

 

— Вось на гэтакай арэне

Выпрабоўваць сілу ведаў!

Каб не ўтраціць мне здарэння,

Безадкладна ў Мінск я еду.

 

Аглядзеў Хвядоса скрозь

Пільна доктар Набгарата,

Запісаў у кніжку штось,

Лоб памацаў, нос пакратаў.

 

Як жывы, адно не дыша...

Праўда, трошкі сёе-тое

Пачапалі ў яго мышы,

Але гэта ўсё пустое.

 

Распачаў тут доктар лекі:

Апарацік выняў нейкі,—

Трубак, шрубак там мільён,

А да іх яшчэ балон.

 

У Хвядосаў труп застылы

Ён бальзам уліў у жылы,

Слой шкляны сказаў падаць,

Стаў за хворым наглядаць:

 

Гукамер прыклаў да вуха,

Да грудзей прылёг, паслухаў,

Праяснілася чало:

Сэрца біцца пачало...

 

Так павольна... ціха-ціха...

Вось гучней, мацней, часцей:

Знаць па ўсім — праходзіць ліха,

Моц жыццёвая расце.

 

Вось пачаў Хвядос лячыцца,

Пачало з яго сачыцца;

Вось цурком бяжыць наўздзіў —

Цэлы слоік нацадзіў.

 

Дух стаіць цяжкі ў пакоі,

Дзіва ўсім тут — што такое?

Ў нос дае, ну акурат,

Як даўней дэнатурат.

 

Доктар мусіў растлумачыць:

Гэта ёсць спірытус віні;

Запаліў, і людзі бачаць:

Запалаў агеньчык сіні.

 

Невялікая ў ім прымесь —

Асядае муць на дно,

Ім распальваць добра прымус,

Ды ўжо іх няма даўно.

 

Доктар тут старой на змену

Літраў пяць уліў у вены

Штучнай свежанькай крыві,

Кажа хвораму: — Жыві!

 

Пакрасуйся крыху, хлопец,

У праменнях камунізму.

Соку тут пакуль што хопіць,

А цяпер паставім клізму,

 

Каб ачысціць шлунак трохі

Ад смяцця былой эпохі.

 

ЗАДРАМАЎ Я, МАБЫЦЬ, ТРОХУ

Вось і бруд даўнейшы выйшаў,

Вось Хвядос нармальна дыша,

Працірае нават вочы,

Вось сказаць ён нешта хоча:

 

— Задрамаў я, мабыць, троху...

Так яшчэ праспіш эпоху.

Не праспаць каб нам ўсё,

Вып’ем, хлопцы, кюрасо.

 

Ён абвёў пакой вачыма:

— Гэта што за чартаўшчына?

 

Зала... Белыя халаты...

Ці не ў сне мне ўсё звярзлося?

Ці мо гэта толькі сніцца,

Ці сапраўды тут бальніца?..

Я здароў, хачу дахаты —

На Падхлюпіскную восем.

 

Незнаёмую гаворку

Чую я. Што ж гэта, ўрэшце?

Дзе я? Ў Лондане? Ў Нью-Йорку?

У Шанхаі? Ў Бухарэсце?

Якім чынам сюды трапіў,

Не магу ніяк уцяміць.

Ці не даў мне хто па храпе

Ды адбіў да рэшты памяць?

 

Мо за п'янае бадзянне

Хто й загрэў па мызе кія...

Людзі! Людзі! Грамадзяне!

Хто ж вы будзеце такія?

 

Без адказу тут застацца

Давядзецца з вамі, мусіць,

У каго ж бы распытацца?

Можа ёсць хто з Беларусі?

 

Тут жанчына адказала:

— Ты ж у Мінску, не ў Нью-Йорку,

Толькі ведае хто мала

Тваю родную гаворку.

 

Бач, з эпохай нашай новай

Незнаёмы ты праз хворасць:

Ўсеагульнай земнай мовай

Людзі ў большасці гавораць.

 

А ранейшыя ўсе мовы

Шчэ жывуць як дыялекты.

Для цябе ўсё гэта нова,—

Праляжаў жа цэлы век ты.

 

Вось мы трохі пагаворым...

Лёс бы твой мог быць і горшы:

Ты ж сто год ляжаў тут хворы,

Ды не хворы, а памёршы.

 

А як ты навек уклаўся,

Спаў, не дрыгаў і нагамі,

Дык тым часам кроў лілася

Тут у класавым змаганні.

 

Як працоўныя Расіі

Паказалі пуцявіну,

Дык буржуяў папрасілі

Не з адной яшчэ краіны.

 

Усё болей год ад году

Капітал у змозе кленчыў.

Перш за ўсё краіны Ўсходу

Рух узнялі вызваленчы.

 

За кітайцамі індусы,

За індусамі нубійцы

Захацелі з-пад прымусу

Лёсу лепшага дабіцца.

 

Калі спаў ланцуг іржавы,

Што зямля была ім скута,

Дык «вялікія дзяржавы»

Падрабнелі вельмі хутка.

 

І працоўныя Еўропы

У сябе ўжо далі раду.

Скарыстаўшы ўсходні вопыт,

Захапілі ў рукі ўладу.

 

Найдаўжэй у «Новым свеце»

Капітал трымацца здолеў,

Ды прайшло ўжо з паўсталецця,

Як яго рашылі долю.

 

Сам ты бачыш, такім чынам,

Час мы тут не марнавалі;

Пакуль меў ты адпачынак,

Крыху штосьці збудавалі.

 

— Гладка ўсё — камар не ўкусіць;

Складна так у вас выходзіць,

Але цётка, мабыць, хлусіць,

Разам з хлопцамі падводзіць.

 

Я ж не еў даўно гароху,—

З вамі цяжка згаварыцца;

Праўда, спаў я, мабыць, троху,

Ды не век — хвілін мо трыццаць.

 

Тут мяне й завезлі дзесьці,

А куды — не ўзяў я тропу.

Ну, куды ж маглі завезці?

Мо ў гасцініцу «Еўропу»?

 

— Ну не буду намагацца,—

Тут табе не растлумачыш;

Як не верыш, то памацай —

Хутка сам ты ўсё пабачыш.

 

Вось удзвюх атакавалі,

Павялі Хвядоса к ванне,

Мылі, церлі, шаравалі

Плечы, грудзі, ўсё дазвання.

 

Не саромеліся з хворым,

Завіхаліся сястрычкі,

А Хвядосу трохі й сорам,

Бо, вядома, без прывычкі.

 

Растлумачыла сястрыца

Тут Хвядосу ягамосцю,

Што ў іх звычай — ганарыцца

Свайго цела прыгажосцю.

 

Ды яму не палягчэла,

Не разважыў гэты гумар:

«Добра ім з такім вось целам,—

Сам сабе Хвядос падумаў.—

 

Я ж не бачыў на вяку,

Каб такія рукі, плечы...

А Хвядосу-бедаку

Ганарыцца вельмі нечым».

 

ШТО НІ СТУПІШ, ДЫК І ЦУД

Праз гадзіну Федзя з ванны

Выйшаў чысты і прыбраны

У дзівосныя трусы —

Шаўкавістыя, ў абліпку.

 

Зачасаўшы валасы

І задраўшы нос, як піпку,

Выйшаў зараз ён на ганак

Прывітаць жыццё і ранак.

 

І Хвядоса тут здзівіла.

Сапраўды бо — што за ліха?

Дом — не дом, у парку віла,

А наўкола ціха-ціха.

 

Толькі збоку за прыгожай

За жывою агарожай

Смех часамі чуцен звонкі

Ды прыбой людской гамонкі.

 

У спакойнай сіні мая

Не бразджаць званкі трамвая,

Не чуваць аўтаматораў,

Грукатні ламавікоў,

 

Звонкіх цокання падкоў,

Матацыклы ім не ўтораць.

На праспект Хвядос як выйшаў

Рот разявіў, сам не дыша:

 

«Гэта ж,— думае ён,— тут,

Што ні ступіш, дык і цуд!..»

Яшчэ й цуд які — уга!

Як ступіў, адна нага

 

У адзін бок шпарка едзе,

А ў другі другая недзе,—

Пакаціўся колесам.

Добра, што яшчэ не тварам —

 

Прывітаўся з тратуарам

Процілеглым полюсам.

Вось па гэтым першым цудзе

Падхапілі яго людзі,

 

Пераставілі убок,—

Ледзь адсопся галубок.

Глянуў ён, а перад носам

Дзве рухомыя палосы

 

Так бягуць нячутна, жвава:

Гэта — ўлева, тая — ўправа.

Ў кожнай з іх па тры струмені

З рознай шпаркасцю ў імкненні.

 

Па баках, як быццам бераг,—

І прысады, і кусты;

Ад прысадаў цень густы;

На панелі лаўкі ў шэраг,

 

Шмат людзей на лаўках едзе,

Той чытае, той гамоніць,

І ніяк не ўцяміць Федзя —

Як жа іх нячысцік гоніць?

 

А прыгожыя ж, наўздзіў!

Хто такіх і напладзіў?

Стан той стройны ды крамяны,

Твар прыветны ды румяны,

 

Тыя формы рук і ног

Быццам вытачыў станок,

Проста твор мастацкі нейкі,

Супраць іх куды там грэкі!

 

А як глянуў на свой стан,

Сам сабе нялюбы стаў:

Зложан так, без жаднай меркі,

Дзе ні глянь, дык скрозь загана

 

Ногі тыя, быццам жэрдкі,

Рукі, як у павіяна,

Рэбры тыя, быццам лёсткі,

Прадзіраюць скуру косткі,

 

Сам гарбаты, нос кірпаты...

Дзёру даў бы ён дахаты,

Ды няма дзе толькі дзецца,

А вакол — не наглядзецца.

 

Далей, там, за тратуарам,

Бы ў разводдзе дзве ракі,

Два канвееры з таварам

Мкнуцца ў розныя бакі.

 

Ў карагодзе нейкім дзіўным

Ланцугом бесперарыўным

Прэ тавар на поўны ход,

Быццам крыгі ў ледаход.

 

Між канвеераў дарога,

Шліфаваная да бляску,

Па дарозе ж гэтак многа

За каляскаю каляска.

 

Як відаць — аўтамашыны,

Але што ж іх прэ так скора?

Шалясцяць-шапочуць шыны,

Не чуваць зусім матораў,

 

Не бразджыць нідзе жалеззе,

Дым бензіну ў нос не лезе.

 

Хоць дрыжалі трохі лыткі,

Хоць і сорамна без світкі,

Хоць і боязна Хвядосу,—

З нерухомай стаў ён пліткі

На рухомую палосу.

 

Побач з ім стаіць канапа.

Сеў, пусціўся ў падарожжа.

Разглядаць стаў паабапал —

Дзіўна так і так прыгожа.

 

Вось дзе вынік вольнай працы,

За якую... піў ён колісь:

Што ні дом, то ўсё палацы,

І не сніў такіх ніколі:

 

Формы розныя і стылі,

Быццам мары і імкненні,

У каменні тым застылі.

Ці жыве само каменне?

 

Пазнаваў Хвядос на вока

Сярод новых стыль калішні,

Але грэцкі ці барока,

Разбіраўся ён не лішне.

 

Ды прызнацца трэба шчыра,

Ён сто год назад і ў школе

Побач з готыкай ампіра

Не адрозніваў ніколі.

 

Шмат цудоўных кампазіцый

Ля палацаў з дрэў і кветак.

І Хвядос не наглядзіцца —

Незвычайна, дзіўна гэтак!

 

Вось нібы паўночны востраў,

Ён укрыт ледавікамі.

Лёд на ім у грудах вострых

Нагрувазджаны вякамі.

 

Там бразільскі лес, ліяны,

Тут дыван зялёны прэрый.

Іх ад сіні акіяна

Аддзяляюць Кардыльеры;

 

Вось граніт прабуе сілу

Белапеннай Ніягары,

Вось за сіняй стужкай Нілу

Мора жоўтае Сахары.

 

Арашаюць дрэвы й кветкі

Незлічоныя фантаны.

Між палацаў авіеткі

У ляту бесперастанным.

 

Адзіночкі аўтаптахі

Без магчымасці аварый

Апускаюцца на дахі,

Узвіваюцца пад хмары.

 

І дзівіўся з кожнай з'явы

Наш Хвядос аж можа лішку,

А пакуль ён рот разявіў,

Мы тут зробім перадышку.

 

ПРАЯЗДЖАЕ ЁН «СПАКОЙНА»

Вось плыве Хвядос, плыве,

А куды — не ў галаве:

Ў сузіранні патануў

Свежай рані, летуноў.

Вось узняўся рой лятучы.

Неўзабаве хтось гукае.

Не пазнаць, што голас штучны —

Прыгажосць у ім такая.

Пра Хвядоса тут гаворка,

Ён і сам мог дагадацца:

Да яго народ навокал

Стаў уважна прыглядацца.

А па радыё тым часам

На кароткай моўнай хвалі

Навіну сусветным масам

Пра яго перадавалі:

«...Медыцыны дасягненні!

Зноў над смерцю перамога!

Шчыра мы вітаем геній

І нябожчыка жывога!

Сёння ў Мінску а дзевятай

Той Хвядос заспіртаваны

Неўміручым Набгаратай

Для жыцця адратаваны.

І цяпер жывы пакойнік

Выйшаў нават на прагулку,—

Праязджае ён спакойна

Па Сатурнаўскім завулку.

Грамадзяне шчасце мелі

На Хвядоса любавацца

На дванаццатай панелі,

На дзялянцы трыста дваццаць...»

 

Праз хвіліны дзве ці тры

Чуе Федзя сам не свой

Крылляў шум над галавой:

«Хай ты,— думае,— згары,—

Тут яшчэ які птах-дзядзя

Проста мне на карак сядзе

Ці, як некалі гракі,

Нумар выкіне такі».

Толькі-толькі ён нагнуўся,

Белы птах над ім мігнуўся

І спусціўся твар у твар

Побач з ім на тратуар

Ды з усмешкаю вясёлай

Вабіць чорнымі вачамі.

Забабонныя анёлы

Побач з ёй былі б сычамі —

Выглядала гэтак міла

Ў беласнежным штучным пер’і.

Хутка крыллі адшпіліла,

Непатрэбныя цяпер ёй,

І пусціла праз хвіліну

Апарацік фона-кіна,

Каб Хвядоса рухі й гукі

Занатоўваць для навукі.

Над Хвядосам той парой

Птахаў гэткіх цэлы рой.

Той на дол на момант стане,

Той узнімецца ў паветра,

Да Хвядоса з прывітаннем

Падлятаюць на паўметра,—

Белай, шумнай чарадою.

Так кружыцца маюць звычай

Часта чайкі над вадою

Над прынаднаю здабычай.

А Хвядосу недзе дзецца

Перад тым крылатым зборам,

Каб прымеў, то збег бы, здэцца,—

Непрыемна нек і сорам,

Калі круцяцца над каркам.

Вось ён злез і крочыць паркам

Па дарожцы між прысад,

Не ўглядаецца назад.

Шпарка крочыць, хоць не снедаў,

А за ім дзяўчына следам.

 

ВЫ Ж МНЕ НАВАТ МО Й РАДНЯ

Вось між шолаху вяршын

Чуцен роўны шум машын.

За прысадамі — будынак.

На пляцы перад франтонам

Разляглося з сотня свінак —

Што ні дзёдзя, дык і тона.

Бачыць гэтакіх свіней

Федзю нашаму ніколі

Не здаралася раней,

Як ён пасвіў іх у полі.

Той вунь містэр іоркшыр

Ці яго мадам свіння,

Як удоўж, дык так і ўшыр —

Проста з добрага каня.

Зацікаўлен дужа Федзя,

Да відовішча ён ласы,

Каб папесціць ды разгледзець,

Пералез цераз балясы.

З ласкай цёплай ён да дзёдкі,

Як да роднай, здэцца, цёткі:

— Не зважайце, што свіння,

Вы ж мне нават мо й радня:

Я ж калісьці з вашым продкам

(Белы быў, з лычом кароткім),

Малады як быў і дужы,

У адной купаўся лужы.

Бруднай шмат было вады,

Ды я п'яны быў тады,

А цяпер вось і цвярозы

(На вачах Хвядоса слёзы)

Вельмі рад, што вас сустрэў я.

Стаў ён чухаць падчарэўе,

А яна — «без задніх ног» —

Так пяшчотна: рох ды рох.

Не заўважыў нават Федзя

Праз свіную гэту ласку,

Што з «раднёю» разам едзе

Свінабойні проста ў пастку.

Вось сталёвая рука

Згрэбла спрытна вепрука,

Аглушыла кухталём,—

Скура коціцца кулём.

Развітальны віск пачуўся —

Аж тады Хвядос прачнуўся,

Завішчаў ад жаху так,

Як у плоце падсвінак;

Перапуджаны без меры

Шмаргануў якіясь дзверы.

 

ЧАЛАВЕК СТО ГОД НЕ СНЕДАЎ

Як, стуліўшыся ў куток,

Ён асвойтаўся чуток,—

Аж пад ложачкай зассала:

Колькі тут вянгліны, сала!..

Паляндвіцы, кумпякі!

Смачны дух ад іх такі.

Самі робяцца кілбасы,

Самі валяцца на пасы,

Самі едуць да варот,

Чуць не лезуць самі ў рот.

І кіруюць рухам цэлым

Чалавек мо з пяць у белым,

На пляцоўках угары

Націскаюць вагары.

У варотах змена плыні,

Федзю зноў — не надзівіцца:

Самі лезуць тут у скрыні

І кілбасы й паляндвіцы,

Хітрым шэрагам прылад

Самі рухаюцца ў склад,

Так імчаць, аж вецер дзьме.

Ды Хвядосу не на ўме

Ні канвееры, ні вышкі,

Калі граюць марша кішкі —

Чалавек сто год не снедаў.

Смачнай ежы шмат навокал

Так прывабна песціць вока,

Пажывіцца ж як — не ведаў.

«Каб было куды пакласці,—

Сам сабе падумаў Федзя,—

То не грэх было б і ўкрасці,

Ды схаваць, хоць трэсні, недзе».

Сам пры гэтым аглянуўся,

Над канвеерам нагнуўся

Ды цішком паўкілбасы

Палажыў сабе ў трусы

І, як выслізнуў за дзверы,

Свайму шчасцю сам не верыў,

А дзяўчына там была,

Цікавала ўсё з-за сала,

Апаратам зазняла

І ў блакноцік запісала.

Задзівіла яе троху,

Што ў мінулую эпоху

Мелі звычай людзі ежу

Запіхаць сабе ў адзежу.

Федзя мерыўся ўжо есці

Так нязручна ежу несці;

Глянуў ён цераз плячо,

Зноў тут гэтае дзяўчо:

«Яшчэ,— думае,— халера,

Клікне міліцыянера»,

І збянтэжаны Хвядос

Далей снеданне панёс

У трусах, аж да панелі,

Хоць не еўшы ногі млелі.

Гэтым часам людзі скоса

Паглядаюць на Хвядоса.

Вось да нашага «калекі»

Падышоў вучоны нейкі,

Антраполаг, мо, ці доктар,

Зацікавіўся, паторкаў.

Вось за ім яшчэ другія

Падыходзяць да Хвядоса.

Тут паперы ўжо благія —

Небарак наш толькі носам

Безупынна хліп ды хліп:

«Вось дзе,— думае,— я ўліп!

Што-та будзе?.. Што-та будзе?..

У турму яшчэ пасадзяць...

Моцна зганьбяць ды асудзяць

Як грамадскае пазаддзе.

Тут няма куды дзявацца —

Трэ ў пакражы прызнавацца

Без крутні і без маны».

Калі доказы віны

Выняў ён без лішніх слоў,

Хто з Хвядосам толькі ехаў,

Ад нястрыманага смеху

Пакаціліся далоў.

Быццам чэрці казыталі,

Да паўсмерці рагаталі,

Аж да слёз, да хрыпаты,

Падарвалі жываты.

А ў Хвядоса дык ад жалю

Нават губы задрыжалі:

Сорам вельмі, горка ўдвойчы —

Аж слязой набеглі вочы.

Смеючыся, людзі бачаць:

Штось Хвядос пачаў тлумачыць

Ды паказвае на рот.

Дагадаліся нарэшце:

Гэта ж ён так хоча есці.

Супакоіўся народ,

За свой смех аж ім нялоўка,

Паказалі, дзе сталоўка.

 

ЕЖА ВАЛІЦЦА, ЯК З НЕБА

Да сталоўкі Федзя крочыць,

А сумненні яго точаць,

А чарвяк яго грызе:

«Пастаіш тут у чарзе.

Прапаўзеш чаргу жывую,

Дай ім кніжку паявую;

Калі й выдадуць табе,

Чым заплаціш за абед?

Ані грошай, ані кніжкі,

А ўсё граюць марша кішкі...

Хіба мо каб пастараўся,

Накармілі б напавер...»

 

Неаглядная тэраса,

А над ёй яшчэ паверх,

Навакол тае тэрасы

Карунковыя балясы.

Каляровыя кілімы

Разаслаліся за імі,

Іх убор у поўным цвеце,

Іх узор мітусіць вецер.

На тэрасе ў гэтай раме

Крэслы доўгімі шарамі.

Апроч іх... Але што гэта?

Ні народу таго валу,

Ані касы, ні буфета,

Ні сталоў, ні персаналу.

Ціха, чыста ўсё прыбрана,—

Знаць, абедаць яшчэ рана.

Вось Хвядос на крэсла сеў,

Разглядае пакрысе.

Як прывыкла вока трошкі,

Бачыць ён — ля крэслаў дошкі.

На тых дошках кнопкі, кнопкі,

А пад імі літар кропкі.

Што на дошках так прыгожа

Пазалотай ціснена,

Разабраць Хвядос не можа —

Не пры ім напісана.

Ён сядзіць і думку песціць —

Як ўсё ж бы тут пад'есці?

А пакуль ён марыў гэтак

З прыкрай млявасцю у целе,

Штук пятнаццаць авіетак

Да сталоўкі падляцелі.

З іх юнацкі смех пачуўся,

Галасоў вясёлых гама.

Рад Хвядос наш: «Павучуся,

Пагляджу, як будуць шамаць.

Сам сабою тут, хоць трэсні,

Не дастанеш нават крошкі».

Увайшлі, занялі крэслы,

Нахіляюцца да дошкі.

І за столікам тут столік

Апускацца сталі з столі,

На сталах на гэтых страва

Дражніць нос прынадным пахам.

«Ах, дык вось у чым тут справа!

Ну, цяпер мы — адным махам.

Ежа валіцца, як з неба,

А я ўсё сяджу ды кісну.

Нават грошай тут не трэба,—

Зараз кнопку вось націсну.

Ды якую ж толькі выбраць,

Каб таран не трапіў часам?

Добра будзе, калі з рыбай,

Яшчэ лепей, калі з мясам,

Хоць не ганьба й тарану...

Вось я гэту таркану!»

Цісне Федзя кнопку пальцам:

«Ох, каб, здэцца, гуска з шмальцам!»

Зараз (на табе) і стол

Ля Хвядоса стаў на дол,

І пасуда на стале,

Толькі... ежы нестае,

А ў пасудзіне відно,

Мусіць, нейкае віно:

Такі колер ружаваты,

Такі кубак дужаваты,

Можа нават з паўзбана —

Не шкадуюць тут віна.

Як паднёс Хвядос да губак,

Плюнуў зноў назад у кубак,—

Ну які ж бо дурань стане

Піць ваду для паласкання,

Хоць пахучая такая?..

Зноў ён кнопку націскае:

Гэта нейкая ўжо страва —

Не то мяса, не то рыба.

«Ну, а з чаркай як жа справа?..

Падражнілі толькі хіба?

Ператоркаю ўсе кнопкі,

А не выйду я без стопкі

Там якой бы гаркаты хоць».

І пачаў ён кнопкі тыкаць

Пальцам, локцем, кулаком.

Стала ежа тут валіцца,

Сталі стравы тут хваліцца

Маслам, мёдам, малаком.

Але вось на сёмай кнопцы

Прыкрасць зноў чакала хлопца:

Раптам зверху дзве рукі —

Металёвыя крукі

Стол схапілі ды панеслі,

А Хвядос ні з чым на крэсле.

«Эх, дарэмна ежай грэбаў!

Толькі сам сябе караю,

Націскаць спачатку трэба.

Вось пачну з другога краю».

Тройчы кнопкі як парнуў,

Дык і стол назад вярнуў —

Кубак пеннага віна,

Птушка, мёд, садавіна.

Ля пітва і каля ежы

Ўзяўся Федзя як належыць,

Не прасілі яго ласкі —

Еў і піў, аж чуб намок.

А пасля такой папаскі

Любата пусціць дымок

(Каб сюды старыя порткі,

Там было чуток махоркі).

 

СПЯЦЬ ДАЎНО Ў ЗЯМЛІ СЫРОЙ ЛЮДЗІ З ПСІХІКАЙ СТАРОЙ

Ногі йсці не маюць сілы,

Галава — ў бакі на карку:

— Эй!.. Таварыш!.. Слухай, мілы!

Будзь хлапцом, дазволь цыгарку!

Што? Шкадуеш? Эх ты с-сукін!..

Не даеш... мы самі... купім.

Дзе ўзялася зноў дзяўчына:

— Вось хачу я запытацца...

Што, скажы мне, за прычына:

Раптам ты пачаў хістацца,

Глупства ўсякае гаворыш,

А здаецца, і не хворы ж?

— А!.. бабец... загаварыла...

Як цябе?.. Макрына? Клава?

Выпіў я... свіное рыла...

І бужу... І маю права.

— Ты віна піў, праўда, ўволю,

Ды віно ж без алкаголю!..

— Быць не можа!.. Цётка, маніш.

Але ўрэшце... сапраўды!

Хмелю, здэцца, анізвання ж,

Галава ў бакі не водзіць,

Вось і ногі роўна ходзяць —

П’яны, значыць, ад вады?!

Выбачайце за абразу,

Не было ж мне так ні разу.

Гэта, значыць, па прывычцы,

Так сказаць, рэфлекс умоўны:

Я ж кульнуў тры кубкі поўных —

Як тут, думаю, не ўпіцца?

— Я не крыўджуся, дарма,—

У адказ яму дзяўчына,—

Бо цікаўлюся й сама

Кожным гэтакім учынкам.

Выўчыць маю я на мэце

П’яніц прошлага сталецця,

Іх паводзіны і густы.

Пра людзей такога складу

Кніжак я чытала многа,

А цяпер вось вельмі рада

Бачыць п’яніцу жывога,

І тым больш, што беларус ты.

Беларуска й я таксама,

І завуць мяне Мальгрэта.

Прадзед мой, казала мама,

Часта нюхаў зелле гэта,

Хоць не так, як ты, вядома.

Ну дык вось і будзь як дома,

Не саромейся ні крышкі,

Толькі выбач на кілішкі,

Бо нідзе не знойдзеш тут ты

Гэтакай сабе атруты.

На цыгаркі, каб прыйшлося,

Зноў жа прыйдзецца прабачыць.

А цяпер скажы, Хвядосе,

Што б ты ў нас хацеў пабачыць?

— Столькі знойдзецца жаданняў,

Што й здаволіць не бяруся.

Добра б глянуць, як сяляне

Ў нас жывуць на Беларусі,

Пабываць і каля нас там,

Каля роднай, значыць, вёскі —

Ці ліпіць яшчэ калгас там,

Ці распаўся на палоскі;

Мо стаіць яшчэ там хата

Ці мая, ці хоць бы й жонкі;

Можа праўнук майго свата

Ці не цісне самагонкі;

Ці ўрадзіла ў яго збожжа,

Ці мо голыя засекі;

Ці не дасць ён трохі можа

На цыгаркі самасейкі.

Завітаць хацеў бы ў госці

І да вашых пралетараў —

Я ж таксама ў маладосці

Пра камуну часта марыў.

Камунізму вось ці многа,

Ці ўсё ёсць яшчэ ваганні;

Ці не трэба дапамога

Ім у класавым змаганні,—

Дык і я магу пад кіпець

Там якога Чэмберлена.

Перад гэтым толькі выпіць

Дзеля смеласці нядрэнна.

Гэта, скажуць мо, драбніца,

Ды не піўшы як жа біцца?

— Так, нішто з цябе ваяка —

Выдраць лысаму валоссе,

Ды, шкада, вайны ніякай

Для цябе не засталося.

Паміж кім яна й магла быць,

Ты вось толькі раскумекай?

Сам спазніўся троху, мабыць,

Так прыблізна на паўвека,

І калі б працёр ты вочы,

Дык не блытаўся б дарма:

Ні буржуяў, ні рабочых,

Ні дзяржаў даўно няма,

Ані розніцы старое

Паміж горадам і вёскай;

Зніклі бойкі, знікла зброя,

І міліцыя, і войска —

Іх не стрэнеш болей зноў ты.

І дрэдноўты й звышдрэдноўты,

Кулямёты і гарматы,

Агнямёты і гранаты,

Штых, наган і стрэльба з шашкай,

Горы рознай броні цяжкай —

Тон мільярды лепшай сталі

Для машын мы скарысталі.

— Пачакайце... Стойце... Годзе...

Нешта цямлю я пагана...

Ну, а як жа Бэндэ ходзіць?

І няўжо ён без нагана?

Глупства, мабыць, я змарозіў.

Не па той пайшоў дарозе —

Па даўнейшай цаліне;

Пра той факт забыўся просты,

Што ўжо мне сто дваццаць шосты,

Што сябры даўно ў труне.

Ну, без войска мо й нядрэнна

(Я пра нашу зноў гаворку),

А міліцыю — дарэмна,

Без яе не выпадае:

А як брудна ў панадворку,

Хто вас штрафам абкладае?

Каго клікнуць, як дзе ў садзе

Вам у лбе праломяць дзірку?..

Яно й так другога дзядзю

Часам варта ўзяць за шкірку.

— Наварочаў страхаў груды,

Толькі страхі ўсё старыя:

Выратоўвае ад бруду

Нас усіх санітарыя.

Тут здароўе — мера й вера.

У грамадстве нашым новым

І без міліцыянера

Кожны згодзен быць здаровым.

Бачыў ты хоць дзе няўклюду

За ўвесь час тут? Ну ды во як:

Ні аматараў да бруду,

Ні ахвотнікаў да боек —

Спяць даўно ў зямлі сырой

Людзі з псіхікай старой.

Звычак тых маглі б трымацца

Толькі вырадкі ў народзе,

Ды здаровае грамадства

Гэтых вырадкаў не родзіць.

І «угробіць» — рэч старая.

Больш ніколі й не кажы так:

Гэта ўражанне стварае,

Як агідны перажытак

Тых часоў яшчэ агідных,

Калі жонку муж валтузіў,

Калі грызліся па тыдню

За няўшыты ўпору гузік;

Ненавідзелі да скону

І жылі да смерці разам,

Моцна быў так «шлюб законны»

Лахманом супольным звязан.

Над жанчынаю дашчэнту

Рэшткі ўсе апекі сцёрты.

— Хто ж вам плаціць аліменты?

Ці ўсё робіце аборты?

— Ад тваіх, Хвядос, пытанняў

Стогадовай вее цвіллю,

Быццам шлюць мне прывітанне

Твае жонкі з замагілля,

Што калісьці моцна гэтак

Да сябе ты іх прыгортаў,

Што плаціў ты ім на дзетак,

Што памерлі ад абортаў.

Але досыць, сам пабачыш,

Бо ўсяго не растлумачыш.

Ты б хацеў у падарожжа —

Мы нядаўна гаварылі...

З пасажырскім гэта можна,

Ды зручней на аўтакрыллі:

Што захочаш, тут паглядзіш,

Дзе захочаш, там і сядзеш,

Зноў узнімешся ўгару там,

І не прыйдзецца лічыцца

З устаноўленым маршрутам,

Толькі трэ лятаць наўчыцца.

Зараз зоймемся мы гэтым,

Можа й подзе ў нас на лад,

А цяплей каб быць адзетым,

Накіруемся на склад.

 

МАГАЗІН — МІНШВЕЯЎ ДВАЦЦАЦЬ

Магазін — Міншвеяў дваццаць,

Прадаўцоў зусім няма там:

Хто прыходзіць адзявацца,

Мае справу з аўтаматам.

На пляцок абы-хто стаў,

Аўтамат абніме стан,

Як прыяцеля, сустрэне,

Без капрызаў, без скандалаў

Зніме мерку дасканала —

Падбярэ табе адзенне.

З магазіна што забрата,

Ўсё падлічыць рэгістратар.

Ён, вядома, не калежскі,

Ён без гузікаў, без цэшкі,—

Яму чына нестае,

І мундзіра ён не носіць,

Ён і хабару не просіць,

І паперы не псуе,

Да прагулаў непрывычны —

Апарат ён электрычны.

 

Калі ў склад Хвядос з’явіўся,

Аўтамат аж задзівіўся

Ды спыніўся ў задуменні:

Стан то стан, але пытанне,

Што да стану тут прыстане?

Дзе ж узяць яму адзенне?

Колькі ён людзей ні мераў,

Не было такіх размераў.

Падабраць тут цяжкавата.

З дапамогаю Мальгрэты

Быў Хвядос усё ж адзеты.

Праўда, трохі мешкавата,

Ды няма што выдумляць —

Прачакаўся лётны пляц.

 

ТУТ ГЕРОЮ ПРЫВІТАННЕ З ПЕРШАЙ СПРОБАЮ ЛЯТАННЯ

Неўзабаве Федзя ўбачыў

Велізарны пляц дзіцячы.

Апараты, авіеткі,

Аўтакрыллі на пляцы.

Ля машын натоўпам дзеткі —

І дзяўчаткі, і хлапцы.

За чародкаю чародкі,

Быццам восенню шпакі,—

І не снілі іх і продкі

Цацак-забавак такіх.

Тыя ў конікі гулялі,

Асядлаўшы верхам палку,

Смела гэтыя з рулямі

У надхмар’е мкнуцца змалку.

Вось вучобаю заняты

Юных птахаў эскадрыллі,

Быццам тыя птушаняты,

Распраўляюць свае крыллі.

На той бок узорных кратаў

(Цёмнай бронзы з серабром)

Сотні лётных апаратаў

Прытуліў аэрадром,

Разнастайнасцю багатых:

Пасажырскія гіганты,

Цяжкавозы грузавыя,

Даўгалёты прызавыя,

Быстралётныя спартсменкі...

І лупіў бы доўга зрэнкі

Наш Хвядос на ўсё на гэта,

Каб не крыкнула Мальгрэта.

Тут герою прывітанне

З першай спробаю лятання!

 

Падабралі, прышпілілі

Да Хвядоса аўтакрыллі

І яшчэ на кожны бок

Адмысловы паплавок,

Каб лягчэйшым было цела,

Каб не падала, ляцела.

Вось маторык завялі.

Тыя крыллі мах за махам

Ды зрабілі Федзю птахам —

Аддзяліўся ад зямлі,

Ногі служаць за рулі.

Пад апекаю Мальгрэты

Залунаў ён у паветры

Так, як бусел той, але —

Што вышэй, то ўсё бялей.

Не было так з ім ніколі —

Нават нос змяніў свой колер,

Праз дзесятак некі метраў

Стаў прасіцца птах з паветра.

 

Толькі ўспеў Хвядос прыбегчы,

Хочуць зноў яго запрэгчы.

Ён і сам ужо не рад,

Але каб не здацца трусам,

Быць адважным беларусам,

Храбра лезе ў апарат.

Зноў маторык задрыжаў,

Зноў паўзе па целе жах,

Зубы ляскаюць, і птаху

Дрэнна стала зноў ад страху.

Здагадалася Мальгрэта,

У вачах усмешкі іскры:

— Не да густу табе гэта?

Ну, тады на пасажырскім.

Ты лятаць — смяльчак адпеты,

Ды шкада, што смеласць тая,

Яшчэ ўзняцца не паспеў ты,

А яна ўжо й вылятае.

Ну нічога, мы нагонім,

Паляцім яшчэ сягоння.

 

СПАКАЙНЕЙ БЫЛО Б НА КОНЦЫ

Як з узрушаным нутром

Трапіў на аэрадром

Ды наўкола Федзя глянуў,—

Анідзе аэрапланаў,

Толькі проста на зямлі

Караблі — не караблі.

Той вунь мае выгляд лодкі,

Што даўней калісьці продкі,

Як на моры вялі бой,

Пад вадою прэлі ў ёй.

Ды за лодку ён шырэй,

Шмат акон у ім, дзвярэй,

Дах пакаты на два спады,

А на даху тым прылады

(Вось такія ў ветрака

Федзя крыллі сустракаў)

І наперадзе й на задзе

Па адной яшчэ прыладзе.

А на палубу з перона,

Як на прыстані ўсё роўна

Ці на станцыі раней,

Наплываў людскі струмень.

Толькі быў парадак строгі:

Не налазілі на ногі,

На мазоль не наступалі,

Багажом не засыпалі,

З-пад куфэркаў ды пакункаў

Не прасілі паратунку;

У сярдзітым узрушэнні

Не брыкаліся абцасам;

Не залазілі ў кішэні,

Як даўней бывала часам;

Ні мукі тае ў мяшках,

Ні сабак на ланцужках,

Пеўні ў кошыках не пелі,—

Багажу зусім не мелі.

Не было тут даўгакрысых,

Барадатых, сівых, лысых,

І маршчынамі іх твары

Ім гады не дратавалі.

Між натоўпу наш Хвядос

Прытуліўся да Мальгрэты,

Ласкай цёплаю сагрэты,

Да пляча яе прырос —

Ёсць таварыш у бядзе.

А яна яго вядзе,

Як рахманага вала.

Вось на палубу ўзвяла:

— Ну, Хвядос, на гэтым смела,

Без ніякай рызыкі.

А ў Хвядоса шэрхне цела,

Па ўсім целе дрыжыкі.

Самалёт ён вокам змераў:

«Чорт яму тут вельмі й верыў,

Спакайней было б на концы.

Я любіў яе бясконца,

Як была яна раней,

Нават вось і на трамваі

Я — нішто яшчэ трываю,

Ну, а тут яно страшней:

Сапсуецца гэты «млын» —

І расплешчашся на блін,

Будзе «вечны супакой».

І з трывожнай думкай гэтай

Увайшоў ён за Мальгрэтай

Недаверліва ў пакой.

— Зараз будзем узнімацца?

— Смела, можаш не трымацца.

Скінь навалу страху з карку,

Разглядай жывую карту.

Кнопку — торк, і зараз — гоп!

Перад Федзем перыскоп:

Люстра, трубка за падпорку,

Пара нейкіх цыбукоў,

А відаць усё знадворку

І наперадзе й з бакоў.

Але раптам — вось цікава! —

Ад яго зямля ўцякае.

Асядае ўніз зямліца,

Быццам хоча праваліцца.

Лётны пляц, дамы, панелі

Моцна раптам падрабнелі,

Паплылі на поўнач дзесьці,

А Хвядос, як быў, на месцы.

 

СКРОЗЬ ЭЛЕКТРЫКА СЛУГУЕ

Праплывае пад ім горад,

Ён сядзіць і мала гора,

Толькі дзіва Федзю зноў:

Ані дыму табе тога

Непрагляднага, густога,

Ні фабрычных каміноў.

З запытаннем да Мальгрэты:

— Як жа ў вас жывуць паэты?

Ані хмаркі таго дыму,

Дзе ж набрацца ім уздыму?

Мы ж калісьці маладымі

Проста плавалі у дыме;

У другога юнака

Верне з кожнага радка.

І чытач над гэткім вершам

Адчувае, што падвешан

У вянглярні на крукі,

Каб правэндзіць кумпякі.

А без гэтакай прыправы

Дзе ж ты дзенеш верш каравы?

— Ты паслухай, і тады мо

Ўсе сумненні разганю:

Мы жывём не то без дыму,

Нават проста без агню.

Ды і ў вершах строй інакшы:

Не дымяць паэты нашы,

Не палаюць і не цьмеюць,

Ну, зусім «гарэць» не ўмеюць.

Усялякія гарэнні

Зніклі ў электрапраменні,

І пра дым ніхто не марыць,

— А на чым жа есці вараць?

Ды ў час лютае зімы,

Час марозаў завірух,

Ацяпляюць чым дамы?

Што дае машынам рух?

Вось уцяміць не магу я.

— Скрозь электрыка слугуе.

— Дык скажыце ж мне таксама,

Хто ў вас рухае дынама?

Хіба чорт ці святы дух?

— Бач, даўно, з каторых пор мы

Укілзалі злыя штормы,

За сівыя ўзялі грывы

Табуны валоў бурлівых,

І адлівы і прылівы

К нам на службу прывялі.

Сонца яснага праменне

Можам мы сабраць у жменю

Ці рассыпаць па зямлі.

А калі магутны атам

Мы для працы пакарылі,

Стаў народ такім багатым,

Што канца няма той сіле.

— Хай у вас тут санцабуды

Ці яшчэ якія цуды,

Але ж (хіба я сляпы?)

За ўвесь час (хоць і кароткі)

Не заўважыў я праводкі.

Дрот жа дзе ваш ды слупы? —

Вось над чым я ў задуменні.

— Нашы электрапраменні,

Куды хочам, мы без дроту

Пасылаем на работу.

 

ПАМІЖ ГОРАДАМ І ВЁСКАЙ АНІЯКАЙ РОЗНІЦЫ

— Калі цётка тут не маніць,

Шмат цудоўнага на свеце.

Але ж вось вы мне скажэце:

Ці ўсё Мінск яшчэ пад намі,

Ці над вёскай гэта мы?

Не магу я разабрацца.

Тыя ж, здэцца, ўсё дамы —

Велізарныя палацы,

І такая ж вось дарога,

І машын таксама многа,

І на вуліцах людзей;

Стрэх не бачу саламяных,

Азяродаў паламаных...

Хоць паселішчы радзей,

Іх кругом пааблягалі

Цёмнай зелені прагалы:

Ці не поле яравое?

Гэта поле сапраўды.

Вунь штось поўзае жывое

Там далей на полі ворным...

Так як вол, здаецца, чорны

Між авечай чарады...

Аж блішчыць на сонцы спіна...

Пачакайце... То ж машына!

І па полі цягне шмат

Разнастайнейшых прылад

За сабою чорны воле,—

Урабляюць, значыць, поле.

Вунь абшар які заворат!

Значыць, гэта ўжо не горад?

— Я ж казала ўжо, Хвядоска,

Ў нас між горадам і вёскай

Аніякай розніцы.

Ты пакінь сваю прывычку

Ўспамінаць былую «смычку»

Ды былыя «ножніцы».

Ты яшчэ не ўцяміў хіба,

Што ўжо нават тыя словы

«Горад», «вёска» выйшлі з моды,

Ёсць адзінае — «сяліба»,

А ў ёй фабрыкі, заводы

Ды культурныя ўстановы,

Толькі часам іншы выраб...

— Як не будзеце вы лаяць,

Папрасіў я вельмі шчыра б

Растлумачыць мне ясней,

Што ж тут вёскі вырабляюць?

— Вырабляюць тут... свіней.

Тая зелень, што ты бачыш,

Першасортны харч свінячы.

Тут ад Оршы да Гародні

І ад Слуцку да Сянна

Гаспадарка ўсё адна,

Усё з ухілам свінаводным.

Бачыш, колькі тут будынкаў

Для свіней і для падсвінкаў

На абшары велізарным?

Гэта Вязынскі свінарнік.

Іх тут тысяч пяцьдзесят,

Не лічыўшы парасят.

— Помню, звалі яго ў нас

Вязынь-Фаніпаль — саўгас.

Шмат хто ў друку яго крыў,—

Тут заўсёды быў прарыў,

Не залатваўся ніколі:

Альбо згноіць жыта ў полі,

Альбо бульбы не ўбярэ,

Альбо ў трактара прагулы,

Альбо гнедыя й рагулі

Зазімуюць на дварэ;

І было ў яго раней

Болей свінства, як свіней.

А цяпер вунь мясюга там

На відэльцы прэ сама...

Так, закускі ў вас багата,

Ды галоўнага няма.

 

ПРЫГЛЯДАЙСЯ НА СТРАСЕ, РАЗБІРАЙСЯ ПАКРЫСЕ

— А скажыце, не маглі б

Вы яшчэ назваць сяліб,

Што пад намі праплываюць?

— Яны ж надпісы ўсе маюць

Ды дваякай нават мовай —

І агульнай і мясцовай.

З літар кожная ў шэсць метраў,

Па аднэй, па дзве на даху,

Каб відаць была з паветра

Самалёту-аўтаптаху.

Прыглядайся на страсе,

Разбірайся пакрысе.

— Ву... Дзве літары злажыў,

Пачакайце, зараз: Ву-са.

Э! Дык тут жа Глебка жыў!

Хоць не часта піў ён чарку,

Хоць не быў занадта п’яным,

Але выдумаў жа «арку»

Будаваць над акіянам.

Вось Н-і-з-о-к — радзіма Труса.

Жыў такі паэт-юнак,

Быў вясёлы ды здаровы,

Павянчала смерць, аднак,

Юнака вянком лаўровым.

А яшчэ скажыце — вы

Не чыталі Крапівы?

Не здаралася ніколі?

А я знаў яго даволі.

Ён таксама з гэтай вёскі,

Шмат пісаў аб справах боскіх.

Чуць мы з ім не сябравалі ж,

На Падхлюпінскай жылі,

Хоць ён дрэнны быў таварыш —

Наступаў на мазалі.

Вось К-а-п-ы-л-ь. Свінарнік бачу.

Чую музыку свінячу.

Тут, мне помніцца, й даўней

Добрых шмат было свіней,

Жарабцы былі, паэты —

Пладавіты горад гэты.

З Капыля такая шышка,

Як, напрыклад, Гартны Цішка.

Праз нахілы да дыскусій

Ды праз «трэскі», ды праз «хвалі»

Яго ў нас на Беларусі

Нібы лысага ўсе зналі.

Ён то й быў не кучаравы,

Камляваты, невысокі,

Дзеля справы, дзеля славы

Ў выдавецтве ціснуў «сокі».

Ад Капыля за дзве мілі

Кузьму белага чарнілі.

Тут у Цімкавічах, помню,

Ў год вялікі, пераломны,

Як ядро сялянскай масы

Паімкнулася ў калгасы,

Як бядняцкая рука

Гнала ў карак кулака,

Быў адзін галавацяп,

Запісаць як больш хаця б,

Лозунг кінуў ён такі:

«Ці калгас, ці Салаўкі».

І пайшлі, прасіцца сталі

Ўсе з мястэчка да душы:

«Дзядзя, мілы, запішы!»

А пасля, як прачыталі

У газеце пра загібы,

Дык назаўтра ўся сяліба

Разбіраць пайшла скарэй

Абагуленых курэй.

Дзесьці тут была мяжа,

А за ёй, крывёй заліта,

Панства «Жэчы Паспалітай»,

Дзе крывавы гойсаў жах,

Дзе душылі ў турмах поўных

Сотні, тысячы працоўных.

 

НЕ ХЛЯСЦІЦЬ ПАЛЕССЕ ПУСТКАЙ

— Самалёт ляціць на Кіеў.

Ты асвойтаўся ўжо, здэцца.

Можа мы яго пакінем,

Паляцім на авіетцы? —

Запыталася дзяўчына.

— Вунь на той я паспрабую.

— Не баішся? Малайчына!

Выбірай сабе любую.

Неўзабаве пераселі,

І Мальгрэта руль трымае.

Як даўней на каруселі,

У Хвядоса дух займае.

А сялібы злева, справа

І пад імі — штохвіліны.

З імі шэрагам яскравым

Перад Федзем успаміны.

— С-л-у-ц-а-к. Смачныя без меры

Тут раслі калісьці бэры.

Бачу — Л-ю-б-а-н-ь паміж лесу,

А далей — раку Арэсу.

Быў тут Мар’інскі масіў,

Селянін тут гразь мясіў,

Асушаў, машынай чэрпаў.

Тут жа цёрся і Прышчэпаў.

Ён да часу, да пары

Тут насаджваў хутары.

Як яго ж утаймавалі,

Ды калгасы збудавалі,—

На дрыгве ды на трысці

Пачалі яны расці.

І цяпер вось колькі еду,

Як ні мчыць мой конь крылаты,

Ўсё пад ім дыван кашлаты,

Не відаць балота й следу.

Вунь Князь-возера сінее.

Вандраваў і тут даўней я.

Памятаю, гэты «князь»

Паважаў занадта гразь —

Навакол яго было там

Непралазнае балота.

Тут яшчэ вучоны Свербаў

Акалочваў грушы з вербаў.

Кажуць, скончыў быў той дзед

Ерундычны факультэт.

Вунь да Ляскавіч дарога.

Жыў там сябар мой Сярога...

Тут арцель яшчэ жыве мо

(Можа й масла прычакала),

Што малочную праблему

Так развязвала цікава.

Ляскаўчанам стала ясна:

Лепей з маслам, чым без масла,

І яны (ці не ў Капылі)

На завод быка купілі,

Ды не могуць надзівіцца,

Што цялят няма ад швіца.

Скрозь па вёсцы охі й ахі —

Хоць ты здай быка ў манахі.

Потым бачаць ляскаўчаны —

Бык ім трапіўся злягчаны.

— Той арцелі не існуе,

Але добра й без яе мы

І малочную й мясную

Тут развязваем праблемы.

— Бачу. Скрозь дыван зялёны

І паўз Прыпяць і за Прыпяць,

Суха скрозь, як на далоні,

Недзе й чорту хвост задрыпаць.

— Праўда, зніклі ўсе балоты

І людзей больш чорт не зводзіць,

Хоць рагатыя істоты

І сягоння вольна ходзяць

Па абшары тым зялёным,

Пад сабой што бачыш ты:

Тут жывёлаводнай зоны

Скрозь гадуюцца гурты.

Дзе калісь былі выгары

Ды ў багне карчы тарчалі,

Там засеяны абшары

Сакавітымі харчамі.

Не хлясціць Палессе пусткай,

У дрыгве не гіне марна,

Узраслі на глебе тлустай

Маслабойні, сыраварні.

І прарэзваюць разлог

Стужкі чорныя дарог.

 

НАД ПЕЙЗАЖАМ НАД ПРЫГОЖЫМ АСЫПАЮЦЦА ЎСПАМІНЫ

Авіетка шпарка мчыцца,

Бы з віхрамі ўперагонкі,

Цераз Мозыр і Рачыцу

Па шляху былой чыгункі;

Самалёты грузавыя

Абганяе птахам шустрым,

Ажно вецер грозна вые...

Вунь Дняпро мігнуўся люстрам.

Але вось Хвядос збянтэжан,

Аж мароз паўзе па скуры:

Як пасля зімовай буры,

Скрозь пад ім прастор аснежан.

Зрэдку лапінка жывая,

Зноў хаваюць зелень гурбы.

— Што за штука! Здэцца, ў маі

Не павінна снежных бур быць,

А вось тут, відаць, завея:

Снег пад сонцам ружавее.

На губах Мальгрэты смех:

— Гэта, браце мой, не снег.

Чуеш, пах даносіць ветрам —

Гэта з цвету дываны:

Тут на сотні кіламетраў

Лёг раён садавіны.

Можа спусцімся, прысядзем

На хвілінку ў гэтым садзе?

Адпачнуўшы, час нагонім.

— Ой, не трэба лепей, не!

Адчуваю на спіне

Пісагі яшчэ й сягоння;

І дагэтуль яшчэ помню

Смак суседскага агрэсту.

 

Вось і хіб вуграсты Гомлю —

Ў белым лесе звер пярэсты.

Галавой прылёг да Сожа,

Лапы выцягнуў на Іпуць,

Быццам прагне, ды не можа,

Ўсю ваду ён з рэчак выпіць.

Паляцелі па-над Сожам

Ад Дняпра да верхавіны,

Над пейзажам над прыгожым

Асыпаюцца ўспаміны.

Па мінулым, па далёкім

Сум нячутна сэрца сціснуў,

Калі ж раптам кінуў вокам,

Дык пад імі ўжо Амсціслаў

Па-над Вехрай вырас пышна.

Успамінам сэрца рада:

— Вось адгэтуль колісь выйшла

Амсціслаўская плеяда,

З паэтычным гэткім зернем.

Угару адсюль пайшоў

Сам Аркадзій Куляшоў.

Можа, цётачка, павернем

Мы адгэтуль ужо лепей

Цераз Оршу ды на Лепель?

Вунь пад намі Цёмны Лес.

Тут вось некалі ў цішы

Выспявалі «дзве душы»,

Шмат аб ім было гаворкі...

Вось ужо і Горы-Горкі

Пераскочыў конь крылаты.

Калі памяць не здае,—

Шчэ да смерці да мае

Акадэмія была тут,

Здэцца, сельскай гаспадаркі.

Працавала яна дбала,

Але ўсё ж і тут, бывала,

Нам падносілі «падаркі».

Тут жа нехта й вершы плёў.

Пра яго яшчэ трапалі,

Што ён жыў «з чужых палёў»,

А сваё было ў папары.

 

Вось Д-у-б-р-о-ў-н-а. Стойце! Дзе я?

Гэта ж зараз Асінбуд.

На дрыгве ўзнялася тут

Наша лепшая надзея.

З-пад багна спажыву ўздзёршы,

Тут разросся грукат мерны,

І да Віцебска й да Оршы

Па слупах пабеглі нервы;

Дасягнулі й Магілёва,

Не мінулі і Дуброўны,

І ў ударніках сталёвых

Пульс жыцця забіўся роўны,

Па прасторы рыкашэтам

Перадаўся ён паэтам.

— Гэта добра, але слухай —

Што ж рабіў тады Хвядос там?

— О, я выпіў добры куфель,

Прывітаў будоўлю тостам,

І цяпер вось жыў не буду,

Як не ўбачу Асінбуду.

Тут ён быць павінен недзе ж.

— Жыў то будзеш, ды не ўгледзіш.

Ты змыліўся ў часе трошкі:

Торф даўно згарэў да крошкі,

І застылі без спажывы

Драцяныя нервы-жылы.

Не бядуй, аднак, па Оршы,

Там і сёння пульс не горшы.

 

ПРЫЗНАВАЙСЯ — ХТО ТУТ ПРАЎНУК?!

Неспадзеўкі і на дзіва

Зацікаўленай Мальгрэце

Федзя руль схапіў рукамі:

— Пачакайце, прыпынеце!

Вось жа, вось пад намі Камень.

Блізка ж тут мая радзіма.

Вунь і возера направа,

У якім я часта плаваў.

Тут жа быў я ў адпуску,

Тут валяўся на пяску,

Тут жа ўлетку, здзеўшы порткі,

Вудай цёгаў краснапёркі;

На чарвя тут, як ні дзіўна,

Мне шчупак зламаў вудзільна.

Эх, шчупак жа быў які!

Ёсць тут недзе й сваякі,—

Жыў жа тут мой татка з дзядзем,

Дык хутчэй давайце сядзем!

Толькі ўспелі апусціцца,

На двары шырозным селі,

А ўжо там асоб мо з трыццаць

І стаяць, як на вяселлі.

Што пачаць, Хвядос не ведаў,

Памаўчаў хвілінкі дзве:

— Не пазналі,— кажа,— дзеда,

Ліха вашай галаве? —

З авіеткі вылез спраўна:

— Нежаданы, можа, госць?

Прызнавайся — хто тут праўнук?

З Чырваносаў хто тут ёсць?

Дзядзька ў вязанай кашулі,

Што наперадзе стаяў:

— Пра цябе мы,— кажа,— чулі,

І твой праўнук — гэта я.

— Калі ты, дык што ж ты, ўнучку,

Не цалуеш дзеду ў ручку?

Прывітаць як след не можа!

Яшчэ й праўнук! Галава...

— Не такі ты ўжо й прыгожы,

Каб цябе я цалаваў...

Хутка з праўнукам «нягодным»

На машыне Федзя едзе;

Не пазнае вёскі роднай —

Мінскі лад і тут заведзен.

Прамахнулі цераз пляц,

Падкацілі пад палац.

Федзя зноў: — Прызнайся, ўнучку,

Мусіць, маеш грошай кучку?

Гэта твой жа, мусіць, дом,

Да якога мы ідзём?

— Не смяшы, Хвядосе, сціхні:

Дом не мой — агульны, ўсіхні.

— А жывеш ты ў ім жа як тут?

За кватэру плаціш жакту?

— Не, нікому не плачу.—

Федзя ляпнуў па плячу:

— Значыць, нейкім гэткім чынам?..

Чаму не, зусім нядрэнна

Ў такім доме жыць дарэмна.

Ах і праўнук! Малайчына!

З маладых, відаць, ды ранні.

А пакоі ж тут! Убранне!

(Ад здзіўлення аж прысеў.)

Вось палаты дык палаты!

— Так жывём мы тут усе:

Не бярэ ніхто з нас платы

І плаціць у нас няма чым,—

Федзю праўнук растлумачыў.

— Ну, без грошай гэта горш,—

Перабіў нашчадка продак.—

Бач, заўсёды нейкі грош

Трэба мець на абыходак.

Як няма, то што ж рабіць,—

Трэба стаць дый зарабіць.

— Я працую, чаму не.

Вунь і фабрыка ў акне.

Вырабляем там адзенне.

Вось такое, як на мне.

Шмат адзежы, і харошай,

Ды працуем мы без грошай.

— Што ж, адзенне — заглядзенне...

Так, нішто сабе тканіны...

А плаціць то ўсё ж павінны.

— Хто?

— Начальства, хто наймаў.

— Дык яго ж у нас няма.

Што да грошай — дык ізноў жа —

Непатрэбны і няма іх:

Мы працуем, колькі можам,

І, што трэба, заўжды маем.

— Нешта ў вас тут вельмі хітра,

І не ўцяміш без паўлітра.

Годзе, ўнучак. Як і што там,

Гэта ты раскажаш потым,

А цяпер бы мне й Мальгрэтцы

Прапусціць чаго, сагрэцца.

— Што ж дагэтуль не сказалі?

Ў мікрафон шапну я слова,

І прышлюць яду з сталовай;

Знойдзем цёплую мы ў зале.

— Эх, унучак, кінь, нарэшце,

Ты з мяне, старога, кпіць:

Я ж прашу ў цябе не есці,

Мы з Мальгрэтай хочам піць,

А пасля ўжо можна й шамаць.

— Дык і піць прышлюць таксама:

Сок вішнёвы будзе, кава.

— Думаў ты, што я прыйду

Піць тут розную бурду?

Не, брат, гэта нецікава.

Дай ты мне панюхаць корак

Так хоць градусаў на сорак.

— А слабейшага не п’еш?

Ну, то йдзі, Хвядосе, еш,

Бо й на градус не дастанеш.

— Ну, не веру, ўнучак, маніш.

Покуль сеюць людзі жыта,

Дык і «зелле» не звядзецца.

Дык не гніся ж і не лжы ты —

Пэўна, выціснуў з вядзерца...

Ледзь у іх не ўзнікла сваркі...

Раззлаваны і без чаркі

Сеў палуднаваць Хвядос.

Тут над вухам калі гаркне,

Аж ён лыжкі не данёс,

У прыладу ўпяўшы вочы.

— Ах, люцыпарская сіла!

Чуць мяне не аглушыла.

Хто там што яшчэ балбоча?

— Не сапсуй ты з пуду страўнік,—

Супакоіў Федзю праўнук.—

Гэта моўная прылада,

З ёй і радыё-люстэрка.

Пачалася ў нас цяперка

Гаспадарчая нарада.

Падышоў Хвядос, і праўда:

Зала тысячы на тры,

Мармуровая ўнутры,

З крышталю скляпенне ўзнесла.

Як жывыя, людзі ў крэслах,

Нібы тут яны ў пакоі,

Здэцца б вось дастаў рукою.

На агульным гэтым фоне

З іх адзін пры мікрафоне...

Сем мінут гаворыць запар,

І электрадыяграмы

Каляровымі агнямі

Ілюструюць гэты рапарт.

Прыпынілася прамова,

І чырвоныя балоны

Заіскрыліся па зале,

Засвяцілі — паказалі

Тых удзельнікаў імёны,

Што яшчэ хацелі слова.

Вось адзін узняўся з краю...

— Сход твой скончыцца не скора ж,

Дык ідзі, мо пагаворыш,—

Федзя праўнуку параіў.

— Гэта не абавязкова,

Я й адсюль магу ўзяць слова...

Але йдзі, Хвядосе, еш ты,

Бо астыне ўсё да рэшты.

Пасля гэтакіх дзівосаў

Апетыт узрос Хвядосаў,

І апошнімі йшлі цуды,

Як ён вымянціў з пасуды,

Як у роце знік пірог:

Хоць абліўся хлопец потам,

Але ўправіўся за трох.

Аддыхнуўшы, стаў ён потым

Нарыхтоўвацца ў дарогу.

— Адпачнуў бы шчэ... Наогул,—

Кажа праўнук,— кінь збірацца,

Ёсць цікавая ў нас праца.

— Вось каб ты сказаў паўкварты,

А да працы — стараваты,

Праца мне не па плячу.

Як не ўмееш частавацца,

То шчасліва аставацца,—

Я з Мальгрэтай палячу.

 

НА НЯБЕСНЫМ НА ЭКРАНЕ

Каляровымі агнямі

Загарэліся сігналы,

Цемру ночы пранізалі,

Федзю цуды паказалі.

І застыў Хвядос у марах,

Прытуліўся да Мальгрэты,

Разглядаючы на хмарах

Агнявыя «сценгазеты».

Так цікава, смешна бачыць,

Як па небе шаржы скачуць,

Як кульнецца дзе каторы,

Як паўзуць карыкатуры,

Як размахваюць рукамі,

Як хлябешчуць языкамі.

Але раптам калі гляне —

На нябесным на экране

У музеі мёртва-сонны

Сам Хвядос сваёй персонай.

Вось чуць мышы не калечаць,

Вось і доктар яго лечыць,

Вось і слоік, вось і клізмы,

Вось, няскладны ды вялізны,

На дварэ аслупянеў,

Вось бабухнуў на панель.

Вось ён потым на заводзе,

Як расчуліўся ля дзёдзі,

Чуць не трапіў у бекон.

Вось, як кот, ля сала ён

Каўбасу забаўна крадзе.

Вось чырвоны, быццам рак,

Прызнаецца небарак.

Вось галодны ён па садзе

Да сталоўкі шпарка крочыць.

Вось з Хвядоса зноў рагочуць,

Як на крыллях узнімаўся,

Ды ў паветры не ўтрымаўся.

— У пячонку! Ў селязёнку!

(Ён сабою не ўладае.)

Ах, Мальгрэта! Ах, шпіёнка!

Ах, вужака маладая!

Я ж за твой агідны «цуд»,

Як спушчуся, зразу ў суд.

— Не крыўдуй, Хвядос, дарма,—

Супакойвае Мальгрэта.—

Тут не кпіны. Я сама

З навуковай толькі мэтай

Занялася справай гэтай.

Ну, а суду ў нас няма.

Больш рабіць я так не буду,

Дык абыдземся без суду.

Быццам нехта соллю з перцам

Пасыпае Федзю сэрца

Ці гарчыцаю хто мажа,—

З болем дрыжыкі па целе.

Не прыкмеціў, не заўважыў,

Як да Мінска прыляцелі,

Як у дом з Мальгрэтай трапіў.

Ён ачнуўся на канапе,

Лёг у цёплую пасцель,

Шэптам крыўды шалясцеў:

— Ах, Мальгрэта, шэльма злая!..

А дзяўчына спачувае:

— Вінавата,— кажа,— згодна.

Заўтра сэрца супакою:

У стыхіі табе роднай

Зніме сум нібы рукою.

 

СТАРЫ МІНСК

Па-над горадам на захад

З неразлучнай нашай парай

З аўтаптахамі наўзахват

Авіетка зырка шпарыць,

Аж Хвядоса жах ласкоча.

Вось на ўскраіне яны.

Унізе каўпак бліскучы,

Велізаразны, шкляны,

За кілометр не вузей.

Прыпынілі ветраходзік,

Федзя здзіўлены заходзіць

За Мальгрэтаю ў музей.

Перад імі гэтак званы

Мінск стары (стылізаваны).

Федзю здань нібы здаецца,—

Хоць ты вер, а хоць не вер:

Вось рог Энгельса й Савецкай,

Вось стары знаёмы сквер.

На панелях грамадзяне —

Не то людзі, не то здані.

Вось знаёмая галоўка

Мільганула між жанок;

Вось трамвай на Камароўку,—

Разлягаецца званок.

Ці то сон які, ці морак?!

Вось рамізнік № 40:

Мільгацяць на бруку колы,

У руках напяты лейцы,

Звонка цокаюць падковы,

Конь — і з месца не скранецца.

Федзя нават стаў баяцца:

— Што са мной? Ці не вар’яцтва?

Ці кашмарны нейкі сон? —

Запытаў Мальгрэту ён.

— Не, не сон, Хвядосе, гэта,—

Растлумачвае Мальгрэта.—

Ты не спіш, не звар’яцеў,

Бачыш тое, што хацеў:

Мінск паказан тут стары,

Акурат з тае пары,

Калі ты, хапіўшы лішку,

Перагрэў у жылах жыжку.

Ды не радуйся ўжо надта,

Ў летуценнях не мадзей:

Аўтаматы-экспанаты

Тут замест жывых людзей.

Розум іх стварыў дасціпны,

Паказаць каб, чым былі вы:

Рух і гук стэрэатыпны,

Ў кожнай лялькі асаблівы,—

І ад вечара да ранку,

І да вечара ад ранку

Зробіць рух ці скажа слова,

Пачынае зноў нанова

Без упынку, без сціханку.

Што б хацеў ты ўбачыць зараз?

Павільён энтузіязму

Ці на целе брудны нараст —

Перажыткаў розных язву?

Бачыш той вунь павільён —

Стройных шэрагі калон?

Там — напружнай, творчай працы

Шмат пабачыш ілюстрацый.

Там гарачы гучны лозунг

Да вялікай кліча справы,

Там — эпохі вашай розум

І героіка, і слава.

Там на вуснах імя Ленін

Берагуць энтузіясты.

Там вытокі дасягненняў,

Наглядаў якія ў нас ты.

А вось тут — глядзі направа —

Зусім іншая ўжо справа.

Тут — прарывы ды правалы,

З чым вы ўпарта ваявалі.

Тут — як жулік мог злаўчыцца,

Штукі шкоднікаў ды злыдняў,

Тут нядбайства і злачынства —

Вынік спадчыны агіднай.

Тут сустрэнеш ты й нацдэма,

З кім тады вялі змаганне,

Тут і п’янка, і багема,

Бытавое загніванне.

Ну, дык я цябе пытаю —

Ты б на чым хацеў спыніцца?

— Будаўніцтва я вітаю!

Заўжды я за будаўніцтва!

Я люблю працоўны ўздым,

Я люблю і сталь, і дым,

Твар люблю, абліты потам,

Але гэта... можа потым.

Штось туды цяпер не вабіць.

Я вось тут, дык быццам дома;

Па мясцовасці знаёмай

Павандрую трохі, мабыць.

Тут я чуюся нядрэнна,

Мо й сяброў ці не сустрэну.

 

У МУЗЕІ КАРЫКАТУР

Абышлі на тратуары

Нежывы народ яны

І зайшлі хвілін праз пару

Ў магазін гародніны.

Аўтамат-кааператар

Цэлым дзівам быў для Федзькі:

Аж рукою ён пакратаў

Дзве нагі — даўгія рэдзькі.

Заміж чэрава й кішок

З мёрзлай бульбаю мяшок;

Паабапал дзве рукі —

Кармавыя буракі;

На плячах — качан капусты,

А на ім буяе густа

Даўгапёрая цыбуля.

Вочы — яблыкі, нос — дуля,

Кроп расце замест вусоў,

З дулі капае расол.

Навакол паліцы, скрынкі,

А ў тых скрынках — ні цурынкі.

І лапоча ў апраўданне

Замест рота струк бабовы:

«Непасільнае заданне.

Аб’ектыўныя умовы».

Вось знаёмай установы

На рагу будынак новы.

Праз хвіліны дзве ці тры

Апынуліся ўнутры.

Тут народам дом багаты:

Аўтаматы, аўтаматы.

Вось вагою на паўтоны

Скамячыў кулак бетонны

Экспанат — галавацяпа,

І шыпіць праз зубы зяпа,

Слінай пырскае — «Маўч-чаць!!»

Ён кладзе рукою гнюснай

Падначаленым на вусны

Сургучовую пячаць.

Падлізацца рады к дужым,

Падпаўзаюць ззаду вужам

З языкамі да вушэй

Падхалімаў пара рыжых,

Капыты паганцу ліжуць,

Падбіраюцца вышэй.

Далей зноў жа аўтаматы —

Два танклявых, сем таўсматых.

Пратакол таўшчэзны відзен —

Засядаюць трэці тыдзень.

Папяровыя галовы,

Валавяныя зады,

Як каторы возьме слова,

Мухі валяцца з нуды.

Дня парадак іх наступны:

1. За два дні даклад уступны

Зробіць сябра Вадалей.

2. Перакажа ўвесь нанова

Яго зноў Балбатунова.

3. Потым спрэчкі, а далей:

4. Скажа дзядзька Целяпала

І дапоўніць Кругабегаў

Пра ўжыванне для апалу

Пазалеташняга снегу.

5. На канцы парадку дня,

Аб чым хочаш, балбатня.

Там у зале з мяккай ваты

Разгільдзяі-аўтаматы,

Выгляд вялы, нерухавы,

Пазвісалі ўніз рукавы.

І памост пад імі згніў,

Ім і столь рыхтуе згубу,

А яны дык хоць бы хны —

Слінай цыркаюць праз зубы.

Пасля ўражанняў паганых

Выйшла пара зноў на ганак.

Толькі з ганка Федзя злез тут,

Бачыць: седзячы на біле,

Едзе старшы са скуртрэсту

На аблупленай кабыле.

На яго яна з дакорам

Лупіць вочы-ліхтары,

Шэпча: «Як табе не сорам!

Скуру здзёр ты без пары.

Мускулы мае — жалеза,

Ты ж управіўся, зарэзаў».

Ён жа пугай па хвасце:

«Но! Чаго глядзіш панура?

Што за важнасць вельмі скура?

Здзёр — другая нарасце».

Вось, ахоплены ўтрапеннем,

Абмінаюць яго дзядзі.

Ззаду ў іх, нібы прапелер,

Прымацована прыладдзе,

І як толькі сесці хочуць,

Той прапелер як застрочыць,

Засвідруе, ў цела ўесца,

Гоніць з месца ды на месца.

На плячах уздоўж яны

Маюць надпіс: «летуны».

Вось зарые носам, здэцца,

Ходзіць бутля на відэльцах,

Галава — аслізлы корак,

На грудзях наклейка — 40°.

Хто б ні стрэўся з аўтаматам,

Абкладае ўсіх ён матам.

Федзя здзіўлены: — Што ж гэта?

— То адкід працоўнай гушчы,

Выпівака і прагульшчык,—

Растлумачвае Мальгрэта,—

А вось далей прасачы,

Як стараюцца рвачы.

Вось ён бачыць неўзабаве:

Людзі з воўчымі зубамі

І страшным абліччам воўчым

Увіхаюцца ля скуры,

Аж гараць зайдросна вочы

Прагным полымем панурым,

Пачалі зубамі клацаць,

Толькі вынік скрозь аднакі ж:

Хоча вырваць скуры клапаць,

А рване сябе за мякіш.

Экскурсанцкім жвавым маршам

Далей крочыць пара наша.

Вось праз некалькі хвілінак

Увайшлі яны ў будынак

Акадэміі навук.

Не без поту, не без мук,

Не сказаць, што ўвачавідкі,

Тут вучоныя здабыткі

Прымнажаюць пакрысе.

Прымнажаюць, ды не ўсе.

Наш вандроўнік і Мальгрэта

Самі добра бачаць гэта:

Пахаджаюць важна тыпы

З навуковай белай ліпы.

А паважныя! А шмат іх!

Аўтаматы, аўтаматы...

З навуковай мэтай рэдкай

Выварочваюць шкарпэткай

Дактары палешука:

Узяліся пашукаць,

Ці няма ў ім захаванай

Дзе душы рафінаванай,

«Самабытнай», адным словам,

З каўтуном абавязковым.

Каб ад іншых не астацца,

Хударлявы жрэц мастацтва

Туалет наводзіць дзіўны:

Начапляе з срэбра грыўні

І на шыю і на рукі,

Прыступае да навукі.

Аж глядзелкі запацелі,

Вывучае капітэлі,

Прыстаўляе к сценам лескі,

Аскрабае трэскай фрэскі:

Праца плённая такая —

«Самабытны» стыль шукае.

Ў эксцэнтрычным танцы лоўкім

Абняліся Лёсік з Воўкам,

Той — на левай, той — на правай,—

За агульнай скачуць справай,

Разышліся ёт і яць,—

Мяккім знакам не суняць.

А напроці, ў іншай залі,

Ім ужо адгаблявалі

З дубу лоўкую мяшалку —

Будзе Воўку і «маршалку».

Вось ліповы прадстаўнік —

Навуковы працаўнік.

Да яго другі падходзіць —

Ім параіцца не шкодзіць.

Саймаваць пачнуць увосень,

Прасаймуюць да вясны,

Цераз плечы кожны носіць

Абаранкаў тры вяслы,

У кішэнях булкі з макам,

І жуецца смачна жвака.

Па рабоце не сумуюць,

Саймаваннямі жывуць:

Пажуюць ды пасаймуюць

Пасаймуюць, пажуюць,

Пасядзяць, пап’юць гарбатку,

Пачынаюць зноў спачатку,—

І па вынікі той працы іх

Шлюць абоз асенізацыі.

Як з будынка яны выйшлі,

Перад імі колы, дышлі,

І не здзівіцца Хвядос —

Што дае так моцна ў нос?

Што за шум? Што за грук?

Едзе з крытыкай абоз,—

Дрыгаціць, трасецца брук.

Там, наперадзе, ля бочкі

Увіхаецца Глыбоцкі,

А Цвяткоў і Байкоў

Падтрымоўваюць з бакоў.

Спажыўца заўзята, палка

Заклікае зверху Скалка:

«Налятай хутчэй, дурніцы!

Падстаўляй ямчэй дайніцы!

Спажывай крытычны квас!

Самы цымус — гэта ў нас!»

Паспяшайце, крытык Хунт

Адтыкае ў бочцы шпунт.

І з цабэркам Падхаповіч

Далікатна падыходзіць;

Хоча зверыць, параўнаць —

Ці няма што пераняць?

Раптам тут без дай прычыны

Як расставіць Федзя цыркуль,

Як папрэ хадою зыркай

Ад збянтэжанай дзяўчыны!

Што за жвавасць?! Што за спрыт?!

Хутка глянула: «Ага.

Там вунь шыльда: «Цэнтраспірт».

Ля яго стаіць чарга.

Аж загнуўся хвост васьмёркай,

І канца яму няма там.

Дабіваюцца да горкай

Аўтаматы, аўтаматы...

Ногі — цурачкі, а самі,

І старыя й маладыя,

Ўсё з чырвонымі насамі,

Пальцы скручаны худыя

Рукі сінія дрыжаць;

Сталі Федзю абражаць.

Вось адзін заводзіць сварку.

Ззаду мерыцца па карку.

Нездаволены другі.

Ухіліўся Федзя жвава:

— Дайце ўзяць,— крычыць,— паэту,

Што вярнуўся з таго свету!

Без чаргі я маю права!

Маю права без чаргі!

Апынуўся ля дзвярэй,

Да прылаўка йдзе скарэй.

Шчэ хвіліна ці другая,

Ён з паўлітрам выбягае.

Скалупнуў, як бач, пячатку,

Шлёпнуў пляшку па азадку,

Зашчымела аж далонь,

І забулькала спажыва,

І пацёк — пабег па жылах

Хваляй хмельнаю агонь.

Не паспела перашкодзіць

Правадырка той часінай,

І Хвядос праз момант ходзіць

І «прыгожы» і «шчаслівы»;

П’яным чадам вусны дышуць,

Выкрутасы ногі пішуць:

«Есть», «добро», «зело» и «веди»,—

Не турбуй, Мальгрэта, Федзі!

Узяла яна пад руку,

Каб даставіць як назад,

Ногі цягнуцца па бруку,

Пачынаецца буза:

Такі гучны, сочны мат,

Што ніводзін аўтамат

Не паправіць тут, бясспрэчна.

Схамянулася нарэшце:

«Можа нават не канечне

Мне назад Хвядоса весці?

Там не здольны ён да працы,

Калі ж тут яму застацца,—

Паміж п’яных аўтаматаў

Быў бы лепшым экспанатам,

Вунь як ён стараецца!

Трэба ўсё ж параіцца...»

 

Што на той нарадзе недзе

Меркавалася пра Федзю,

Пра яго далейшы лёс —

Вецер весткі не данёс.

Толькі вынікам парады

Ён мо й рад, ды мы не рады:

Наш Хвядос з тае пары

Аздабляе Мінск стары,

Прадстаўляе гніль і язву.

І не трапіў гэтак ён

У найлепшы павільён —

Павільён энтузіязму.

 

1930


1930

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - c. 371-430
Крыніца: скан