epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Цёткам навука (З велікодных здарэнняў)

Вось пакута, дык пакута!

Стогне, енчыць цётка Ўлюта,

Ўжо канае вот-вот-вот —

Так схапіў яе жывот,

Аж не знойдзе сабе месца...

Заўжды так, як хто аб’есца,

Вось і Ўлюце надта крута:

Сем нядзель пасціла Ўлюта,

На вялікдзень з галадухі,

Пасля бульбы й саладухі,

Цётка Ўлюта як прысела,

Дык паўшынкі зразу з’ела;

Не дала пасля за мясам

Яна ганьбы і кілбасам;

Гэтаксама й пірагу,

Гэтаксама й тварагу,

Гэтаксама й парасяці...

Ды ўсяму, што было ў хаце,

Яна ганьбы не давала,

Дык затое ж ледзь устала,

А праз нейкі час патом

Стала енчыць жыватом.

Як падверне ёй пад грудзі,

«Гвалт! — крычыць.— Ратуйце, людзі!

Ох, саколік! Ох, Андрэй!

Па Агату йдзі скарэй!»

Пакуль той прывёў шаптуху,

Дык Улюта ўжо й без духу.

От, браткі, была ёй мука!

Гэта, цёткі, вам навука.

 

1924


1924

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 19-20
Крыніца: скан