Спыталіся ў мяне аднойчы юнакі:
— Нашто людзям лаўровыя вянкі?
Я адказаў з сумленнем чыстым:
— Патрэбы тут бываюць, кажу, дзве:
Адным — насіць на галаве,
Другім жа — крупнік гатаваць
З лаўровым лістам.
— Чаго так гучна б’юць літаўры?
Чын лоб увенчваюць лаўры?
Хто там такі?
— Ці ж ты сляпы?
Літаратурныя слупы.
— Каб прыспяшыць уздым культуры,
Народ на лаўры не скупы:
Тут дзе-нідзе літаратурны,
А рэшта ўсё... сапраўдныя слупы.
Класікай харчуецца,
Толькі не разжоўвае,—
І адразу чуецца
Нешта ў ім маржовае.
Быў я ў Парыжы на кангрэсе,
То ў Загібельцы, браце, лепш:
Грыбоў няма ў Булонскім лесе,
А ў Сене — хоць бы адзін лешч.
Не надзімайся так, пастой:
Не ўсякі тоўсты — Леў Талстой.
Спыталіся ў яго: — Ты ведаеш Іуду?
— Якога? Гэтага паскуду?
Іскарыёта, што прадаў Хрыста?
Гандляр паршывы! Свалата!
Ды я б яго павесіць загадаў:
Такі тавар! І танна так прадаў!
Празаік раманам хваліўся
Старонак на тысячу трыста,
Раман жа з паліцы зваліўся
І забіў раманіста.
Дзеля пары «цалкашоў»
Я нічым не грэбую:
Я ў паэзію пайшоў
За сваёй патрэбаю.
Што з таго, што ты, Марыя,
Ногі выставіш старыя?
Што з тых ног за прыгажосць?
І ў мяне такія ёсць.
Прырост на ферме Петруся —
Ад Муравейкі да Лася.
Расце, буяе пагалоўе...
Няхай гукае на здароўе,
Патрэбен толькі плот жалезны,
Аслы каб часам не залезлі.
Прывык да дыэты, да цёплых галёш,
Да лазні з бярозавым венікам,
Пісаць пачынаю ўсё горш я і горш —
Пара выбіраць акадэмікам.
Максім Танк
Хлопец — проста як кроў з малаком,
А прыкінуўся ж такім бедаком,—
І цяжка дышацца,
І дрэнна пішацца,
Ну так адрахлеў не на жарты,
Што ў акадэмікі й варты.
Скажам яму без палемікі:
Рана яшчэ ў акадэмікі.
Хвалююць паэта праблемы нязвычныя,
На твары — скептычныя рысы...
Не плюй на лысіны акадэмічныя —
Сам будзеш лысы.
1960