Кандрат Крапіва

Ганарысты парсюк

Байка

Бывае, праўда вочы коле...

Раз гнаў пастух свіней у поле.

          Адзін вялізарны Парсюк,

          Які абегаў вёску ўсю,

За раніцу абшнырыў завуголле,

Цяпер такі меў выгляд важны,

Што носа не дастаць і сажнем -

Вышэй за ўсіх ён сам сябе лічыў,

          А што ў самога на лычы,

          Не бачыў гэтага, аднак.

          І вось адзін тут Падсвінак,

          Які заўважыў бруд раней,

І кажа: - Дзядзечка, твой лыч у брудзе!

Нязграбна гэта й між свіней,

          А што ж, калі заўважаць людзі?

Парсюк наставіў хіб, Парсюк раз'юшан:

- Цераз цябе я чырванець прымушан!

Такое мне сказаць асмеляцца нямногія,

          Дык гэта ж - дэмагогія! -

Парсюк наш лаецца - не дараваць клянецца:

- І месца мокрага, - крычыць, - не застанецца!

          Ты мой свінячы гонар закрануў! -

          І так ён Падсвінака грызянуў,

          Што той за сажняў пяць адскочыў.

 

          Парсюк не надта быў ахвочы

          Глядзецца праўдзе ў вочы.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com