epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Грышча

Нешта сёння у Агаты

Лямпа весела гарыць,

А людзей дык поўна хата,—

Так як дзверы зачыніць.

 

У яе, бач, грышча сёння,

Дык сышлася вёска ўся;

Сцёпка ціскае гармонік,

Той пішчыць, як парася.

 

А пад піск той сярод хаты

Дык аж стогнуць, бы аруць,

Скачуць хлопцы і дзяўчаты —

Вобуй бацькаўскі дзяруць;

 

Аж сапуць, абліты потам,

Як улетку ў сенакос;

Як каторы тупне ботам —

Здэцца, зломіцца памост.

 

Як ідзе ж Паўлінін Тодар,

Дык аж дзівяцца ўжо ўсе.

Да работы, здэцца, лодар,

Тут як чорт яго нясе.

 

А вакол стаяць дзяўчаты,

Шмат хлапцоў, мужчын, кабет

Тут сынок, ды тут і тата,

Тут і ўнучак, тут і дзед.

 

Між вялікіх лазяць дзеці,

Так як мышы між снапоў,

Ім вядома ўсё на свеце,

Хто што робіць з дзецюкоў:

 

Дзе дзяўчыну хто абніме,

Пацалуе ці ўшчыкне —

Не схаваешся за імі

Ты ні ў сенцах, ні ў гумне.

 

Гоман, крык стаіць вялікі,

Смех дзяўчат і дзецюкоў,

Часам лаянка і дзікі

Град адборных мацюкоў.

 

Бела-сіні, надта горкі

Лезе ў вочы, есць да слёз,

Душыць горла дым махоркі,

Самагон зрывае нос.

 

Вось — забава для вялікіх,

Вось — навука для малых:

Ў самагонцы, скоках дзікіх,

Ў мацюках заместа кніг.

 

1922


1922

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 47-48
Крыніца: скан