epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Я шаную

Верш прысвечан газеце «Беларуская вёска», якая адзначала пяцігадовы юбілей

 

Не адзін цябе, «Вёска», палаяў,

Не адзін, можа, лае й цяпер —

Што ты «не сур’ёзная», што ты і «малая»,

Што ў баку ад «высокіх матэрый».

Не адзін пасмяяўся з іроніяй,

Што «гадуеш кароў ды свіней».

А мне ты міла. Тым болей сёння

Я хачу быць з табою цясней.

Хай даруюць — мо гэта і груба,—

Не знайду далікатных я слоў,

Але й сам той — «свіння пад дубам»,

Аб якой гаварыў Крылоў,

Ад цябе хто не бачыць карысці,

Бо ўгару не падыме ён лыча.

Ты паказваеш з цемры выйсце

І да лепшае долі клічаш.

Хай хто лае, а я дык шаную,

Бо адзін я з тваіх жалудоў.

Хай жа «Вёска» шчасліва існуе

Яшчэ сотні гадоў.

 

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 207
Крыніца: скан