epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Янка і Карла

Янка і Карла суседзі былі,

Ды розныя сцежкі іх змалку вялі:

Янка вучыўся жыццё будаваць,

Карла вучыўся людзей забіваць;

Янка насіў на руках мазалі,

Ў Карлы яны не ў пашане былі;

Янка асушваў абшары балот,

Карла, як сыч, паглядаў цераз плот;

У Янкі на багне пшаніца расла,

У Карлы ад прагнасці слінка цякла;

У Янкі ад працы дом поўны дабра,

І Карла тут рушыў, сказаўшы: «Пара».

У двор ён да Янкі ідзе напралом,

Зрывае замкі ўсе, ўрываецца ў дом.

Тут Янка насустрач: «Што робіш?! Пастой!»

А Карла адказвае: «Дом гэты мой».

Янка пярэчыць, а Карла сваё:

«І статак, і свіран, і збожжа — маё».

Тут Янка да жонкі: «Мо сплю гэта я?»

А Карла за жонку: «І баба мая».

Янка абураны: «Гэта ж разбой!»

А Карла за Янку: «І сам жа ты мой.

Горы варочаць ты ўмееш гарбом,

Будзеш нядрэнным нямецкім рабом».

А Янка: «Ніколі, ва векі вякоў!»

А Карла як суне у твар кулаком:

«На тое парадак у нас і прымус.

На тое я — немец, а ты — беларус.

За гонар яшчэ палічы для сябе,

Што буду сядзець я ў цябе на гарбе».

Ад слоў гэтых Янку аж кінула ў жар.

Уцёр рукавом ён скрываўлены твар,—

Ад крыўды і гневу нутро ўсё гарыць,

І болей ён з Карлам не стаў гаварыць,—

Як скінуў Янук апранаху з плячэй,

Як спляжыў ён Карлу між прагных вачэй:

«Мяне захацеў ты? Дык на ж вось, бандыт!»

І вылезлі вочы ў фашыста з арбіт,

І бразнуўся Карла, сказаўшы: «Капут!»

Вось гэтак наш Янка пазбыўся пакут.

 

1944


1944?

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 271
Крыніца: скан