epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

К сабачаму раўнапраўю

У ложах Дзяржаўнага тэатра прыходзіцца бачыць сабак, якія карыстаюцца такімі ж правамі, як і грамадзяне

 

Зайшоў у тэатр раз і бачу я —

Нейкая морда сабачая

Сядзіць, выскаляецца ў ложы.

Валачашчая, думаю, можа,

Трэба прагнаць. Падыходжу я бліжай —

Бурчыць мой выжал.

«Ах! каб цябе, кажу, воўк!..»

Але тут жа змоўк,

Бо сядзеў у сабакі ззаду

Чалавек, займаючы вялікую пасаду.

Тады я хутчэй

Уцёк з яго вачэй.

Рабіць, думаю, больш тут няма чаго

(Стала нек страшна мне сябра сабачага).

Але ўсё ж мяне думкі ўзялі:

Што ж гэта робіцца на нашай зямлі!

Дзіўныя бачу справы я:

Мілорд у ложы сядзіць,

А Барбос у шчылінку глядзіць.

А дзе ж раўнапраўе?

Падняць бы пытанне ўжо аб дазволе

Уваходу і іншай жывёле,—

Як сабакам, так коням і козам.

З гэтым згодзіцца кожны, хто мае розум.

А можа, я надта гарачы!

Дык паслухаем, што скажа «сябар сабачы».

 

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 197
Крыніца: скан