epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Калгасны дзед

І з выгляду просты, і проста адзет,

Ды гэта не проста, не так сабе дзед,

 

І шэрая світка зусім ні пры чым,—

У дзеда важнецкі інспектарскі чын.

 

Інспектар па якасці — гэта ж не жарт!

Патрэбны тут веды, і пільнасць, і гарт,

 

І чын яму спаць не дае па начах,—

Мільгаюць у дзеда агрэхі ў вачах.

 

Вясновае сонца вачэй не пратрэ,

А дзеда ўжо клопат, руплівасць бярэ,

 

А чын ужо штурхае дзеда пад бок:

— Таварыш інспектар! Пара, галубок...

 

І птушак дасужых звіняць галасы,

І дзедавы ногі шчымяць ад расы.

 

Ды ногі-то, ўласна, зусім ні пры чым,

І моршчыцца ў дзеда ёсць многа прычын:

 

Вунь шэрае штосьці на чорнай раллі,—

Няўжо бо нядбайнікі зноў падвялі?

 

І грозна і гнеўна глядзіць ён на грэх,—

І ўсыпле ж дзед Сцёпку за гэты агрэх!

 

За тое, што добра дагледзеў вясны,

У прэмію дзеду падносяць штаны.

 

Штаны як штаны... Мо каб крышку вужэй,

Ды гонар для дзеда за ўсё даражэй.

 

Дахаты ён прыйдзе, пакажа старой:

— Ты ўсё мяне лаеш, а я вось герой.

 

Прытуліць старую к сівой барадзе

І горда падарак на стол пакладзе.

 

1936


1936

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 253-254
Крыніца: скан