epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Не губі сябе, дзяўчына...

Не губі сябе, дзяўчына,

Не йдзі замуж за «саўчына»,

Ох, не йдзі!

 

Ён кахае скрозь кабету

Афіцыйна па дэкрэту,—

Ой, глядзі!

 

І цалуе, небараку,

Толькі ў планавым парадку,

Акурат,

 

Кропка ў кропку па раскладу...

Ну, якую ж дасі раду?

Бюракрат!

 

Не зважае, што ты жонка,

Не душа ў яго — суконка:

Фармаліст:

 

Хочаш лішнюю забаву,

Падавай яму заяву —

Цэлы ліст.

 

І падаўшы, ўсё ж такі ты

Не абойдзеш валакіты

Ўсё адно:

 

Засушыць ён можа справу,—

І цябе й тваю заяву —

Пад сукно.

 

Ён мяркуе так і гэтак,

Што пара ўжо з пару дзетак,

Каб таго...

 

Толькі гляне як начальства

На такое вось «нахальства»

На яго?

 

Як начальства коса гляне,

Дык «саўчын» адразу звяне —

Сам не рад;

 

Задрыжыць, і пал патухне:

Каб не ўзгрэлі, што разбухне

Апарат.

 

Не любі ж, глядзі, «саўчына»

Ды не траць свайго, дзяўчына,

Хараства.

 

Што ж ты зробіш бюракрату?

Што спагоніш за растрату?

Чорта з два.

 

1927


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 119-120
Крыніца: скан