epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Памагаты

(Байка)

Жыў Кыў }на вёсцы Бацька й Сын,—

Ім жа трэба есці.

Раз хацелі везці ў млын,

Дык на чым жа везці?

Бедняку не першыня Гэтакія рэчы:

Як няма свайго каня,

То бяры на плечы.

Дык і ім не навіна

Разгадаць загадку:

Недалёка ад млына,

Можна цераз кладку.

Мех на плечы ўзяў Юнак,

Што ты ні кажы там:

Сіла сілаю, аднак...

Мех вялікі з жытам.

Да мяшкоў ён, праўда, спец —

Добра ўсё спачатку,

Але вось ужо Хлапец

Узышоў на кладку.

Памаленьку туп ды туп

Па жардзіне гнуткай,

А ўжо Бацька тут як тут

З дапамогай хуткай.

Толькі зменіць Сын нагу,

Кладка так і дыша...

«Я ж яму тут памагу,

Каб чаго не выйшла».

Хлопца трошкі мех хістаў —

Хоць бы даў ён рады!

Вось наш Бацька тут і стаў

Падаваць парады:

— Эх, нясе... курам на смех,

А сабе на шкоду.

Ды папраў ты трохі мех,

Бо зляціць у воду!

Зноў зваліў на правы бок.

Ну, прапала праца!

Ох, як бачу, галубок,

Будзеш ты купацца.

Хоць страляй яму ты ў лоб,

Так як тое дрэва.

Ці ты чуеш, асталоп?!

Пасунь мех улева!

Будзе! Будзе! Стой! Назад!

Вось наўчы уроду!

Ўправа! Ўлева! Ах ты, гад!..

Шабулдых у воду.

З Сына мокрага цячэ,

Мех зусім заліўся,

Ну, а Бацька тут яшчэ

Горай наваліўся:

— Я ж казаў табе даўно:

«Паляціш, зараза».

Мех, Сынок, пайшоў на дно,

Хоць бы й ты з ім разам.

 

Так (няхай ён затане!)

«Памагаты» нейкі

Ледзь надоечы й з мяне

Не зрабіў калекі.

 

Напісаў... Дрыжу як ліст...

Стаў мне свет нямілы:

«Вось дзе,— скажуць,— ухіліст!

Зразу — два ухілы».

Скажуць, гну я не туды,

Супраць кіраўніцтва.

Чым давесці мне тады?

Як абараніцца?

Памагатым у адказ

Я сказаў бы: «Братцы!

Пацярпіце на той час,

Як я йду па кладцы!»

 

1932


1932

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 229-231
Крыніца: скан