epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Праборка музе

Лаяў сёння сваю музу я:

«Ах ты,— кажу,— галапузая!

(Ды абазваў яшчэ сякою-такою).

Што ты,— кажу,— не даеш супакою

Мне ні ўдзень, ні ўночы,

Хоць плюй табе ў вочы:

Па вуліцы за мною цягаешся,

Над усімі выскаляешся,

Не зважаеш ні на кога ні крышку,

Часамі зачэпіш і важную шышку.

А ты,— кажу,— муза-дура,

Не касіся на пуза саўбура,

Не сачы падазрона вачамі

За нэпачамі,

Не чапляйся гэтак заўзята

Да бюракрата

Ды згінайся ў пашане ямчэй,—

Ці не будзе мне крышку лягчэй».

 

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 18-19
Крыніца: скан