epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Прамова на з’ездзе настаўнікаў Беларускай ССР

Дарагія таварышы!

Дарагія браты настаўнікі!

Шчырае прывітанне вам і ў вашай асобе ўсёй шматтысячнай арміі працаўнікоў на ніве народнай асветы ад беларускіх пісьменнікаў.

Ваша высакародная праца, якая карыстаецца ўсеагульнай пашанай і павагай, вельмі блізкая нам, пісьменнікам. У нас розныя сродкі, але агульная мэта — выхаванне савецкага чалавека — грамадзяніна і працаўніка камуністычнага грамадства. Калі вы ўпершыню нахіляецеся над партай навічка, мы тут жа, побач з вамі, са сваімі кніжкамі, са сваім мастацкім словам.

У сувязі з перабудовай школы ў вас прыбавіўся яшчэ адзін нялёгкі, але пачэсны абавязак — навучыць давераных вам маладых грамадзян навыкам працы, дапамагчы ім выявіць схільнасць да тае ці іншае прафесіі і, што яшчэ больш важна, выхаваць у іх любоў і павагу да працы і да працоўнага чалавека.

У вялікай справе выхавання савецкага чалавека мы, вашы верныя саюзнікі, заўсёды адчуваем сваю адказнасць перад вамі, перад савецкай школай. З належнай павагай мы адносімся да запатрабаванняў, а часам і папрокаў, якія вы накіроўваеце ў наш адрас. Папрокі гэтыя таксама бываюць справядлівыя, бо не ўсе нашы творы адпавядаюць высокім запатрабаванням.

Вядома, выхаванне савецкага чалавека не канчаецца ў школе або нават у ВНУ. У нашай краіне чалавек выхоўваецца ўсюды. Усе сферы нашага жыцця прасякнуты ідэямі высокай чалавечай маралі, ідэямі камунізма. На ўсе сферы пашыраюцца бацькоўскія клопаты нашай партыі аб савецкім чалавеку, аб яго ідэйным росце. Аднак аснова добрых якасцей чалавека і грамадзяніна закладваецца ў школе. Таму і назваў М. С. Хрушчоў народнага настаўніка галоўнай апорай партыі ў змаганні за ўздым культуры народа, самым блізкім памочнікам партыі ў выхаванні новага чалавека на слаўных рэвалюцыйных традыцыях, у духу высокай камуністычнай свядомасці.

Важнасць задач, якія стаяць перад савецкай літаратурай, мастацтвам, перад усёй савецкай інтэлігенцыяй, нашу з вамі вялікую адказнасць перад народам, перад партыяй за выхаванне маладога пакалення мы асабліва ўсвядомілі ў час нядаўняй сустрэчы кіраўнікоў партыі і ўрада з творчай інтэлігенцыяй, удзельнікам якой і я меў шчасце быць. У яркай прамове Мікіты Сяргеевіча на гэтай сустрэчы, у выступленнях членаў Прэзідыума ЦК КПСС, у выступленнях усіх яе ўдзельнікаў гучала адна галоўная нота: адзінства партыі і народа, адзінства народа і народнай інтэлігенцыі, абавязак якой — дапамагаць народу ажыццяўляць вялікую справу — пабудову камунізма. Мы, пісьменнікі, ганарымся, што наша родная Камуністычная партыя лічыць нас, як і вас, сваімі надзейнымі памочнікамі ў справе выхавання новага чалавека. Але гэта не толькі гонар, а і наш агульны высокі абавязак.

Мы цесна звязаны з вамі агульнымі задачамі, і гэта цесная сувязь літаратуры са школай дае свае плённыя вынікі. Вы ведаеце, што народны паэт Якуб Колас працаваў доўгі час настаўнікам, што ён, будучы пісьменнікам, не парываў са школай, складаў для яе чытанкі і падручнікі па мове. Са школы прыйшлі ў літаратуру Міхась Лынькоў, Янка Маўр, Іван Шамякін, Пімен Панчанка і іншыя нашы пісьменнікі. Я таксама пачынаў сваю працоўную дзейнасць у якасці настаўніка пачатковай школы. І, з другога боку, напэўна, не адзін юнак ці дзяўчына, прачытаўшы цудоўны твор Якуба Коласа «На ростанях», вырашылі аддаць свае сілы і здольнасці высакароднай справе народнай асветы.

Мы з глыбокай зацікаўленасцю сочым за вашай працай і радуемся вашым поспехам, таму што гэта і нашы поспехі. Па той жа прычыне нас засмучаюць недахопы і прыкрыя з’явы, калі яны маюць месца ў вашай працы. Зразумела, што нас асабліва цікавіць тое, як вы падаеце вучням нашы творы, як вы выхоўваеце ў іх любоў да мастацкага слова, да роднай мовы. Пра гэта вельмі хораша гаварыў на Усерасійскім з’ездзе настаўнікаў Аляксандр Твардоўскі. Вы ўсе, напэўна, чыталі яго выступленне, і мне няма патрэбы яго пераказваць. Я толькі скажу, што нам бывае сапраўды прыкра, калі нашы творы прэпарыруюць раней, чым іх прачытаюць. А тым часам не сакрэт, што ў школе часта разбіраюцца па костачках творы, якіх вучні не чыталі, а часам і ў вочы не бачылі. А то, чаго добрага, і сам настаўнік не чытаў іх. Такі выкладчык нагадвае мне дзівака, які замест таго, каб любавацца вобразам каханай дзяўчыны, пачаў бы разбіраць, з чаго яна складаецца. Зразумела, што анатомію чалавека таксама карысна вывучаць, але ні лёгкія, ні селязёнка, якімі б яны дасканалымі ні былі, не могуць выклікаць тае асалоды, якую мы атрымліваем, бачачы хараство жывога чалавека. Элементы мастацкага твора таксама трэба вывучаць, але дайце ж спачатку адчуць хараство жывога твора. Вядома, калі гэтае хараство там ёсць.

Ёсць, на жаль, і такія творы, што як ты яго ні спажывай, у цэлым ці разабраным выглядзе, вялікай асалоды не атрымаеш. Гэта творы, якія трапілі ў школьную праграму па непаразуменню, і не пра іх тут гаворка. Я маю на ўвазе сапраўды мастацкія творы, якія варты таго, каб на іх вучылася маладое пакаленне.

Асобна я хацеў бы спыніцца на пытаннях мовы, да якой мы павінны адносіцца з належнай павагай. І не толькі таму, што гэта вялікі скарб, створаны народам на працягу вякоў гістарычнага развіцця, а яшчэ і таму, што гэта самая важнейшая прылада нашай вытворчасці. Толькі дасканала валодаючы мовай, пісьменнік зможа напісаць сапраўды мастацкі твор з яркімі, паўнакроўнымі вобразамі, з праўдзівым і глыбокім адлюстраваннем рэчаіснасці. Нездарма творы выдатных паэтаў і пісьменнікаў захапляюць нас не толькі глыбокімі ідэямі і яркімі чалавечымі вобразамі, але хараством і багаццем мовы. І наадварот, добры па задуме твор часта выходзіць няўдалым ад таго, што ён напісаны каравай мовай. А настаўнік, які дрэнна валодае мовай,— хіба можа паспяхова перадаць свае веды вучням, запаліць іх пачуцці, выклікаць жывую зацікаўленасць да свайго прадмета?

Каго народ лічыць знаўцай мовы? Настаўніка і пісьменніка. Гэты аўтарытэт заваяваны нашымі папярэднікамі на працягу вякоў, і мы, савецкія пісьменнікі і настаўнікі, павінны ўзняць яго яшчэ вышэй. На жаль, не ўсе гэта разумеюць. А таму ёсць і кнігі, напісаныя каравай мовай, ёсць і настаўнікі, якія нядбайна адносяцца да мовы. Ясна, што такі выкладчык не можа прышчапіць сваім вучням любоў да мастацкага слова, да слова наогул.

Дарагія таварышы! На гэтым з’ездзе гаварылася і аб нашай пісьменніцкай працы. Сур’ёзныя патрабаванні паставілі перад беларускімі пісьменнікамі таварыш Ільюшын і таварыш Максімаў у сваіх дакладах. Мы ганарымся, што нам была ўдзелена такая ўвага. Разам з тым мы адчуваем сваю адказнасць перад школай, перад вучнямі і настаўнікамі. Мы яшчэ мала напісалі кніг, у якіх адлюстроўваюцца велічныя справы нашага народа. Асабліва мала кніг для дзяцей, і якасць іх не заўсёды здавальняючая. Дазвольце запэўніць вас, што беларускія пісьменнікі аднясуцца з поўнай сур’ёзнасцю да вашых справядлівых запатрабаванняў і пастараюцца напісаць больш твораў і лепшых.

Канчаючы сваю прамову, я хачу яшчэ раз пажадаць вам, браты настаўнікі, вялікіх поспехаў у вашай працы, у выхаванні маладога пакалення, якое будзе мець шчасце жыць у камуністычным грамадстве.

1960


1960

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у 6 т. Т. 2. Апавяданні, фельетоны, памфлеты, артыкулы / Прадм., камент. С. Лаўшука. - Мн.: Маст. літ., 1997. - 479 с.
Крыніца: скан