epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Рахітык

(Байка)

На паплаўцы

Каля дарогі

Гулялі часта два хлапцы —

Алесь і Грышка клышаногі,

Вясёлы, жвавы ды румяны

Алесь

Здароўем дыша ўвесь,

Імпэтам нестрыманым,—

Вось чырвань, здэцца, капне з шчок.

А Грышка, хоць старэйшы трошкі,

Але крывыя мае ножкі

Ды галаву з гаршчок.

Але ж удвух яны заўсёды

Жылі-гулялі не без згоды,

Пакуль была гульня адна:

Рыгор за жарабца, Алесь за фурмана.

 

А раз нек выйшла між хлапцамі,

Што захацелі быць абодва жарабцамі:

І шыя ў кожнага дугой,

І землю кожны б'е нагой,

І вочы скошаны пад лоб,—

Пусціліся ўгалоп.

Алесь імчыцца, як на крыллі,

Зямлі нагамі не даткнецца,

А Грышка хліпае ў бяссіллі

Ды з кожным крокам астаецца,—

Хоць ты лажыся памірай.

Нарэшце злосць аж цераз край.

Тут камень ён схапіў з-пад ног,

Прыпаў каленам на траву

І з сілаю, наколькі мог,

Пусціў Алесю ў галаву.—

Бягун прысеў дый застагнаў...

 

Алеся Грышка абагнаў.

Дзе Грышку бачыў я, вы хочаце спытацца?

Сярод работнікаў мастацтва.

 

1929


1929

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 223-224
Крыніца: скан