epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Рак

(Байка)

 

Паважны чалавек адзін

З далёкіх і чужых краін

Прыехаў вандраваць па Беларусі.

Чаго — сказаць я не бяруся:

Ці то яго цікавіў Мінск, ці то Мазыр і Прыпяць,

А толькі ён зайшоў бутэльку піва выпіць.

 

— Што ў вас да піва ёсць? — пытае ён Слугу.

— Што загадаеце, падаць я вам магу,—

Адказвае Слуга.— Ёсць тараны, ёсць ракі.

— А гэта што такія за прысмакі?

Іх не чуваць у нашай старане.

 

Нясі, галубчык, мне якіх штук пяць на спробу.

Падаў Слуга. Паважная Асоба,

Абцерабіўшы раку шыю й клешні

(Не хоча з драбязой займацца ён, канечне),

Давай упісваць рэшту.

 

Ды вось не есца толькі нешта:

Расце, здаецца, ў роце рак.

Аж вочы плюшчыць дзядзька-небарак,

Але, запіўшы півам, лыкнуў.

«Давай яшчэ папробую, а мо й прывыкну

Да гэтых,— думае,— прысмакаў».

Але й з другім не лепей ракам:

Назад, здаецца, з рота ён паўзе.

— Паслухайце,— Асоба кажа тут Слузе,—

Што гэта ў вас за людзі?

І што ў людзей за густ?

Вось я ніяк прывыкнуць не магу

І ракам рот дарэмна запаскудзіў.

Слуга ў адказ: — Які вы, дзядзька, смешны!

Не дзіва мне, што не знайшлі вы смаку

У нашым раку:

У нас ядуць тут шыю і клешні,

А вы — жывот ды бруд усякі.

Калі трапляецца ў жыцці вам рак,

То, каб не каяцца нарэшце,

Уведайце наперад, дзе ў ім смак,

Тады ўжо толькі ешце.

Іначай знойдзеце ў лупіне,

Што кожны, плюнуўшы, адкіне.

 

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 183-184
Крыніца: скан