epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

У папа ды быў сабака

(Байка)

У папа ды быў сабака,

Поп яго любіў.

Ён не краў у баці сала,—

Поп яго не біў.

 

Баця жыў ля школы блізка,

Проста двор у двор,

І наведваў часта Лыска

Школьны калідор.

 

Да пажывы Цюцька ласы

Раз у школу йдзе,

Ён абшнырыў усе класы,

Ды няма нідзе.

 

Хоць у думках невясёлы,

Хоць і посціць пост,

Але выйшаў Лыска з школы —

Абаранкам хвост.

 

Напаткаўся ён Мілорду,

Які тут гуляў;

Прывітаўся морда ў морду,

«Добры дзень!» маўляў.

 

(Мне пяром размову гэту

Цяжка й перадаць.)

— Дзядзька Лыска за асвету

Ўзяўся, як відаць?

 

— Ды прызнацца ўжо не сорам,

Пхнёмся пакрысе:

Сем тут класаў з калідорам...

Я прайшоў усе.

 

І пайшло ад сукі сучцы —

Хто каго ні стрэў,

Што той Лыска у навуцы

Сам сабаку з’еў;

 

Не капціў дарэмна свету,

Жыў ды не драмаў;

Што вышэйшую асвету

Лыска атрымаў;

 

Што ў становішчы сабачым

Гэта ж — о-го-го!

Што мы шмат яшчэ пабачым

Цудаў ад яго.

 

Вось і чын у Лыскі новы

(А ранейшы знік):

Навуковай установы

Лыска працаўнік.

 

У папа ды быў сабака,

Поп яго любіў,

Ды вучоным знакамітым

Чорт яго зрабіў.

 

1928


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 220-222
Крыніца: скан