epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Вараны

(Байка)

Ў адной камуне ці арцелі,

Дзе трактара яшчэ не мелі,

Каб узараць-засеяць гоні,

Было штук дваццаць коней —

Натуры рознай усе чыста:

Адзін — гуляка, той — гультай, а гэты — наравісты.

Вось толькі быў там Вараны,

Па думцы іншых — «конь дурны»,

Па-мойму ж проста — конь сумленны:

Ён прыказку «Узяўся ты за гуж,

Дык не кажы — не дуж»

Заўсёды памятаў нядрэнна

І прытварацца не хацеў.

А дужы быў які! Аб Варанога сіле

Легенды цэлыя хадзілі.

Затое цэлы дзень ён быў у хамуце.

Як толькі бедны Вараны

Адчэпіцца ад бараны,

Дык тут жа ў плуг яго ці ў воз,

І не на ўме яму ні сена, ні авёс.

Ён за гадоў так восем, штосьці,

Зрабіўся — скура толькі й косці,

Аж рэбры лёсткамі тарчаць.

Другі ж, гуляючы, балуецца аўсом,

Дык у яго і шыя калясом,

І спіна круглая, і на крыжы раўчак.

Не могучы жыцця такога знесці,

Давай прасіцца Вараны нарэшце:

«Не трэба,— кажа,— мне аўса, я буду рад і сену,

А толькі дайце змену

Ці невялічкую якую перадышку,

Ну, хоць накрышку,

Хоць на дзянёк, хоць на другі,

Прашу я вашай ласкі».

Яму адказваюць: «Таварыш дарагі!

Вы забываеце пра вашы абавязкі:

Чамусьці раптам на карысць арцелі

Вы працаваць не захацелі.

Забыліся, таварыш, дысцыпліну...»

І зноў тут Вараны напружыў спіну,

І зноў штодзень яму

Без жалю плечы трэ хамут

(Бо не ў зямлю ж жывому лезці).

Але ён доўга не пажыў:

Не выцерпеў нарэшце

І... капытамі налажыў.

Тады, сабраўшыся ўсе чыста,

Так хораша, так урачыста

Таварышы каняку пахавалі,

Прамовамі, вянкамі

І нават музыкай, здаецца, ўшанавалі.

Але, гаворачы між намі,

Карысці з гэтага для Варанога

Было не надта многа:

Калі ўжо шанаваць, дык трэ было жывога.

 

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 207-209
Крыніца: скан