epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Заява

(Байка)

Другі, бывае, дабрадзей,

Пашану страціўшы ў людзей,

На тым часамі спаганяе,

Што прозвішча мяняе.

Не помню месяца і дня,

Нядаўна нек адна свіння

Свайму там старшыні ці «заву»

Так накрамзоліла заяву:

 

«Ад грамадзянкі вёскі Свінюхі,

Хляўцоўскае акругі,

Што перанесла здзекі пугі,

Як панаваў пастух Трахім,

Ад аблавухае свінні Каравай

 

Заява

 

Я, прылажыўшы ніжэй капыты,

Заяўляю аб тым,

Што з усёю сваёю раднёю

Не хачу болей звацца Свіннёю.

Бо «свіння» і за лаянку часта ўжываецца,

А мне гэта не падабаецца.

Вось і прашу даць імя мне новае,

Падмацаваўшы яго пастановаю,

Каб не кожны хам

Калоў вочы нам:

І каб спагнаць заўсёды мела права я,

Калі асмеліцца абразіць хто».

І распісалася пярэднім правым капытом:

«Свіння Каравая».

 

А старшыня той розум меў:

— Завіся,— кажа,— ты хоць — леў,

Аднак жа, як свінню ні кліч,

Яе заўсёды выдасць лыч!

 

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 189
Крыніца: скан