epub
 
падключыць
слоўнікі

Кандрат Крапіва

Здань мінулага не ўстане

На 1 Мая 1930 года

 

Зелень з чырванню ў размове:

Май да нас прыйшоў у госці,

Не дарэмна й вы, панове,

Зелянееце ад злосці.

 

Модлы шліце матцы боскай,

Бо трашчыць ланцуг іржавы:

Нашых спеваў адгалоскі

Далятаюць да Варшавы.

 

Наш запал і гарт юнацкі

Вам сягоння сэрца кроіць.

Ці казаў вам пан Бернацкі

Пра тутэйшыя настроі,

 

Што калгаснікі з Бабоўні,

Парабкі яго былыя,

Напісалі ліст «любоўны»,

Ад якога пан той вые?

 

Як пагналі вас мы кіем,

Зажылі рубцы на целе,

Зноў з «найсвентшым» папам Піем

«Ратаваць» вы нас хацелі.

 

Папа Пій, «намеснік бога»,

З генералам ў дружбе цеснай

Мовай маўзера святога

Абяцаў нам рай нябесны.

 

Не малыя ж мы ўжо й самі:

Рай будуем свой без «папы»,

І паслалі папу к... маме —

Прэч ад нас «святыя» лапы!

 

Чорных дзён мы не забылі,

Не вярнуць іх больш сутане:

Кол асінавы забілі —

Здань мінулага не ўстане.

 

1930


1930

Тэкст падаецца паводле выдання: Крапіва К. Збор твораў у пяці тамах. Том І. Вершы, байкі, эпіграмы, паэмы.— Мн., «Маст. літ.», 1974. - с. 130-131
Крыніца: скан