epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

А я ўсё чакаю...

Ці ўспамінаеш ты мяне

І дні, калі мы на вайне

Сябрамі вернымі былі,

За шчасце наша бой вялі.

Згадай, як дым клубіўся сіні

Каля зямлянак у бары

І на паляне дуб стары,

Чуць скрыўлены у верхавіне,

Распырскнуў цёплай ноччу зелень...

Пад ім мы, мужныя, сядзелі

І марылі пра мірны дзень,

Пра тое, як вайну закончым,

З зямлянак вернемся дамоў...

Тады,— ты помніш,— апаўночы

Загад на новы бой прыйшоў.

Я развіталася з палянкай,

З табою. І увесь атрад

Мяне праводзіў, партызанку,—

Я йшла ў разведку як салдат.

На ўсходзе забялеў світанак,

Пачаў вітаць нясмела ранак,

А ты не спаў,

Ты хваляваўся, ты чакаў

Мяне...

І — так бывае на вайне —

Не дачакаўся: я з сяла

Тады — ты помніш? — не прыйшла.

Радзімы споўніўшы загад,

Я не прыйшла назад.

Я не магла тады прыйсці:

Быў бой, быў цяжкі бой...

І мы рассталіся ў жыцці,

Рассталіся тады з табой.

Ды вось даўно маўчаць гарматы.

Я ведаю — жывы на свеце ты.

Ды дзе цяпер? І чым заняты?

Чаму не йдуць твае лісты?

Мо адрас мой згубіў? Не веру.

Ты ж сам казаў не раз тады,

Што адрас мой не на паперы,

А ў сэрцы носіш заўсягды.

Дык дзе ты? Дзе, любімы мой?

Прайшла яшчэ адна зіма.

Зямля ізноў вясною дыша,

А я чакаю ўсё пісьма...

Ці дачакаю? Ці напішаш?

1952 г.


1952

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан