epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«А старасці няма!..»

А старасці няма! Ты ёй не вер,

Калі ў грудзях жывое сэрца б’ецца,

Калі з грудзей свабодна песня льецца,

Сум мой знікае, як драпежны звер,

І неба, і блакіт вачэй смяецца,—

Ты старасці не вер!

 

Ты вер,

ты вер, што старасці няма,

Здзірае восень ліст пажухлы з клёна,

Ля сонца сталі шэрых хмар заслоны,

Ідзе за імі лютая зіма,

З бязмежнай даўжынёй начэй

сцюдзёных..

А ты!..

Ты вер, што старасці няма...

А толькі знай:

за той зімой імглістай

Зноў прыйдзе май

у кропельках іскрыстых

Аб ім ты думай! Ты яго чакай!

Зноў прыйдзе май!

1972 г.


1968; 1972

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан