epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«А ты прыйдзі ка мне, калі ў цяжкой задуме...»

А ты прыйдзі ка мне, калі ў цяжкой задуме

У трудны час жыцця пачнеш сяброў шукаць.

Павер мне, боль уся у адзіноты суме,

А з другам ў час такі так добра памаўчаць!

Пытацца у цябе я ні аб чым не буду,

І жалем абражаць не стану я, павер!

У дружбу веру я — як гора верыць ў цуды,

Без дружбы не была б жывою я цяпер.

Вось горка стане мне — і белы свет не мілы,

Бо скрыўдзяць людзі так, што невыносна мне.

Каб знесці боль душы — дзе б мне

набрацца сілы

Каб верны, шчыры друг не падтрымаў мяне.

Ён проста гляне ў твар — не скажа ані слова,

І няўлоўны рух лагоднае рукі

Сардэчнага цяпла так адлюструе мову,

Што ў гутарцы няма вымоўных слоў такіх.

І горыч адлягне, і зноў дышаць магу я,

І працаваць магу. І зноў хачу я жыць...

І я так абагрэць магу душу другую,

І я умею так у трудны час дружыць.

1969 г.


1969

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан