epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Аб чым ты шуміш, неспакойнае мора...»

Аб чым ты шуміш, неспакойнае мора?

Аб чым ты няспынна гамоніш?

Ці мары аб шчасці, ці скаргі на гора

Да берага нашага гоніш?

 

Чаго мітусішся ў нястрымным парыве

На ложы сваім камяністым,

Аб чым ты грыміш так, зялёнае дзіва,

Грымотамі хвалі празрыстай?

 

Мо гэта — узрывы жахлівае мукі

Усіх паднявольных народаў,

Што к нам прасціраюць мазольныя рукі

Праз сінія-сінія воды?

 

Мо гэта — далёкія брацця па працы

Калышуць пачуццямі мора

У страсным жаданні сіл нашых набрацца,

Каб знішчыць няволю і гора.

 

Спагадныя сэрцы, бадзёрыя думы,

Мы шлём вам, далёкія брацця,—

Скідайце кайданы няволі і глуму,

Змагацца ўставайце за шчасце.

 

Глядзіце на вольныя нашы прасторы —

Жывуць тут свабодныя людзі.

Наш прыклад — як збыцца жахлівага гора

Хай вернай навукай вам будзе.

 

А мора грыміць і кідае на скалы

Зялёныя гнеўныя воды,

Грыміць, нарастае напор небывалы —

Ідуць на змаганне народы.

1962 г.


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан