epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Аб каханні маім...

Аб каханні маім заспявала вясна

Ручайком на лагу гаманлівым.

Падхапіла той спеў залатая сасна,

Як дзівоснае нейкае дзіва.

А праз хвілю аб тым зашумеў цёмны бор,

Скалыхнуўшы літыя кароны.

Цёплы ветрык, з-за дальніх злятаючы гор,

Пеў аб тым паміж вязаў і клёнаў.

Аб каханні маім шапацелі кусты,

Рунь аб ім шалясцела за логам...

І адзін толькі ты... Ох, адзін толькі ты

І не чуў і не бачыў нічога.

Быццам птушка, дрыжала рука у мяне

Ў тваёй моцнай, шырокай далоні,

Калі ты падышоў к нам усім на гумне

І паціснуў руку мне сягоння.

Йдзе сявалка. Авёс залаты шалясціць,

Жаўрукі заліваюцца звонам.

Ты зняў кепку, сказаўшы:

— Як хочацца піць!

Я схапіла збаночак зялёны.

А наўкола вясна, і звіняць ручаі,

Пух шаўковы адзеў вербалозы...

І нясу я табе, каб цябе напаіць,

Сок духмяны ад белай бярозы.

П’еш ты прагна, а кроплі на вуснах дрыжаць,

Залаціцца чуб мяккі, шаўковы,

Вочы вогненна-ясным блакітам гараць,

А над імі — арліныя бровы...

Мы з табой удваіх...

Дзень такі залаты!

Неба ўзнята высока над полем...

А я знаю, што ты — і адзін толькі ты —

Мне наладзіш шчаслівую долю.

1956 г.


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.
Крыніца: скан