epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

«Ад скрыні незвычайных чараў...»

І
II


І

Ад скрыні незвычайных чараў

Цудоўны ключык маю я.

І як бы лёс мяне ні ўдарыў,

А скрыня поўная мая.

Там — мар заранкавых світанне,

Там — песні тыя, што прыйдуць,

Там — словы шчырага кахання,

Што сум ад сэрца адвядуць.

 

Там — план жыцця, мая раскладка,

Мае ўсе клопаты і дні.

Калі ж мяне падводзіць згадка,—

Трывогі ўспыхваюць агні.

 

Дадумай, дапрацуй, што трэба,

Папраўкі смелыя ўнясі,

А толькі краявіду неба

Над сваім шляхам не гасі.

 

Няхай заўсёды свеціць сонца

Вялікай мэты над табой;

У ёй праменяцца бясконца

Надзея, шчасце і любоў.

 

II

І за сабой вядуць туды,

Дзе ззяе светлае аблічча

Вялікай праўды, што нас кліча

Да шчасця пракладаць сляды.

 

І не загубіць маладосць

Той ключык ад цудоўнай скрыні,

І сіла думак не загіне,

Бо імпульс творчы ў думках ёсць.

 

Як стая птушак быстракрылых,

Узнімуцца — іх прыйдзе час —

І далятуць яны да вас,

Да вашых хат — гасцінных, мілых.

 

І сэрца шчырага дары —

Натхненне, мары і парывы,

Жаданне страснае тварыць,—

Чым я жыла, чым сёння жыва,

 

Табе, любімы мой народ,

Я прынашу у кніжцы гэтай.

Тут скарб сумленнага паэта,

І гора сум, і шчасця ўзлёт,

 

І хвілі ціхае развагі,

І зорныя шляхі надзей,—

Ўсё, што шаптаў душы маёй

Агонь гарачай творчай смагі.

1963 г.


1963

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйло К. Выбраныя творы. У 2-х т. Т. 2. Вершы, успаміны. - Мн.: Маст. літ., 1981. - 334 с.