epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Адчай

Сонная муць мне ахутала вочы,

Мозг апавіла туманамі сну.

Не, не сустрэць мне у полі вясну,

Сэрца ні біцца, ні жыць больш не хоча.

Цяжка падняць мне стамлёныя вейкі,

Цяжка мне рукі угору падняць.

Тут не памогуць ні доктар, ні лекі,

Мукі такой не суняць.

Ты нежывы... Дагарае, як свечка,

Сэрца маё. Шчасця болей няма.

Так замірае бурлівая рэчка,

Калі ёй хвалі сцінае зіма.

Ты нежывы. Сэрца біцца не хоча.

Хай жа і я тут навекі засну.

Ці дачакаю я збаўчага сну?

Хай бы прыйшоў — і заплюшчыў мне вочы.

1937


1937

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан