epub
 
падключыць
слоўнікі

Канстанцыя Буйла

Адказ на «З Богам ідзі!..»

Так, з Богам ідзі, а цярпець так не трэба,

З адвагай ідзі ты дарогай жыцця,

Вядзі ты да шчасця, вядзі ты да неба,

Лучом заясней у цямроці пуцця...

Так, сонцам яснець. А дзе ж сілы узяці?

Дзе ж сілы узяць для змагання з жыццём,

Дзе ж моц, каб дух слабы мой зноўку падняці,

Аж ён заяснее праводным пуцём.

Глянь! Сэрца маё — то ж суцэльныя раны,

Што ныюць, бясконца баляць.

Душа — яе струны усе надарваны —

Акордамі енку дрыжаць.

О! Дайце мне моцы злячыці ўсё гэта

Ды скрыдлы к маім прычапіце плячам,

Тады я дарогу да сонца, да света,

Да шчасця дарогу знайду тады вам.

Сягоння... о, не! Не мне весці вас трэба,

Атросшыся жвава з адвечнай пылі,

Шыбуйце ўсё вышай — да света, да неба,

Нас, хілых, пакіньце сядзець на зямлі...

1913


1913

Тэкст падаецца паводле выдання: Буйла К. ...Коціцца рэха: Вершы, паэма, лісты / Уклад. і прадмова Д.Чаркасавай.- Мн.: Маст. літ., 1993. - 287 с. [4] л. іл.
Крыніца: скан